Арэшнiк яго сябры. казка

Татьяна Домаренок
Аднойчы у сярэдзіне зімы Варёрка карміла сваіх ваверчанят, сына і дачушку, ляснымі арэшкамі, прызапашанымі ёю яшчэ восенню ў схованках пад дрэвамі. У дупле старой хвоі малянятам было ўтульна і цёпла на мяккіх пуховых подсцілках. У лесе ж усё застыла ў пухнатых снежных адзеннях. Дрэвы, кусты па калена патаналі ў снезе, а іх кроны атулілі беласнежныя шапкі і футры. Зіма здавалася не такой ужо і лютай, але толькі тады, калі злая завея не залятала ў лес. Бо яна, зладзюжка, любіла ўсіх памарозіць і заўсёды прыводзіла з сабой люты паўночны ветер.
Вось чаму Вавёрка ў такія халодныя дні не дазваляла ваверчанятам нават мыскі высоўваць з дупла.
– Адмарозіце носікі і вушкі! – папярэджвала яна малянят.
– Мама! А дзе ты ўзяла такія смачныя арэшкі? – спытаў яе сынок Гоша. – Раскажы!
– Іх падарыў мне Арэшнік, – усміхнулася Вавёрка. – Позняй восенню я наведвала яго. Ён добры. Усе свае плады раздае гасцям, такім жа, як і мы, аматарам арэхаў. Вавёркі і дзятлы прыходзяць да яго, і, вядома ж, атрымліваюць смачныя арэхавыя гасцінцы.
– Мама! А хто такі Арэшнік? – зацікавілася дачушка, маленькая вавёрачка Кася.
Яна гэтак жа, як і Гоша, уважліва слухала маму, адтапырыўшы вострыя вушкі і падняўшы ўгару пухнаты рыжы хвосцік.
– Арэшнік? Ён расце на ўзлессі. Гэта такі куст, на якім увосень спеюць плады – арэхі.
– Як цікава! – падскочыла Кася. – А ты пазнаёміш нас з ім?
– Вядома. Калі прыйдзе вясна.
Павячэраўшы, вавёрчына сям'я ўляглася ў цёплыя ложачкі і неўзабаве заснула.
Арэшнік на ўзлессі таксама спаў. Ён праспаў ужо палову зімы. Толькі часам яго неасцярожна будзіў сябар, Заяц, які ўстроіў сваю зімовую ляжанку ў ямцы побач з Арэшнікам. Удваіх ім было лягчэй перажыць халодную зіму. Бо Заяц і Арэшнік – сапраўдныя сябры. Яны ніколі не сварацца і ва ўсім дапамагаюць адзін аднаму. Іх сяброўства ўзнікла даўным-даўно, яшчэ ў тыя часы, калі Арэшнік быў зусім маленькім кусцікам...

Арэшнік памятае той час, калі ён упершыню ўбачыў блакітнае неба і яркае сонца, зялёную траву, высокія хвоі і елкі. Дрэвы абступілі яго з усіх бакоў, ласкава гладзілі па тонкіх галінках сваімі пухнатымі зялёнымі лапкамі, прыгаворваючы:
– Які цудоўны маленькі кусцік. Ён яшчэ зусім юны. Але хутка заквітнее, і на ім паспеюць першыя арэшкі. Гадуйся, маляня! Мы будзем любіць цябе!
Арэшнік тады яшчэ не разумеў, што ў лес прыйшла вясна. Што на яго галінках неўзабаве з'явяцца маленькія букецікі-кветачкі і доўгія завушніцы. Ён не ведаў, што за яркай чароўнай вясной у лес прыйдзе вясёлае лета, і толькі потым да іх завітае задуменная восень.
Маленькі Арэшнік цешыўся сваім далікатным зялёным уборам. Цёплы ветрык лашчыў яго мяккія лісцікі і завушніцы. Птушачкі прыляталі пабалбатаць і паскакаць на тонкіх галінках зялёнага кусцика. Нават пчолкі і матылькі палюбілі такога прыгажуна. Арэшнік ўсміхаўся ўсім і быў шчаслівы. Бо ў яго з'явілася столькі сяброў!
Кусцік і не заўважыў, як адышла вясна, а цёплае лета змяніла прахалодная восень. Неяк нечакана палілі дажджы. У лесе стала няўтульна і волка. Лісцікі на Арэшніку сталі жоўкнуць і вянуць. Яны счарнелі ад восеньскіх замаразкаў.
– Ой-ой-ой! Мне так холадна і непрыемна! Хвоі і елі! Скажыце! Калі скончыцца дождж, і зноў будзе цёпла? – спытаў ён у пухнатых зялёных прыгажунь. "І чаму яны не пажоўклі, як я?" – падумаў кусцік.
– Яшчэ не скора! – адказвалі дрэвы. – Прыйдзе зіма. І толькі потым наступіць вясна. Ты не хвалюйся, маляня! Усё будзе добра!
"Як жа добра?" – думаў Арэшнік.
Яго лісцікі зусім пабляклі і замерзлі. І вось адзін за адным жоўтае лісце стала адрывацца і ляцець на зямлю. Мокры ад дажджу і холада кусцік задрыжаў і горка заплакаў.
– Не плач! – зазвінела Сінічка. Яна шкадавала Арэшнік і гладзіла яго галінкі сваімі крылцамі. – Паглядзі! Колькі арэшкаў вісіць на тваіх галінках! – супакойвала птушачка маляняці.
Так! Арэшнік зусім нават не заўважыў, калі арэхі выраслі, і са здзіўленнем глядзеў на сваё "багацце".
– Каму ты падорыш іх? – працягвала весяліць Арэшнік Сінічка.
– Калі ласка, Арэшнічак, падары мне некалькі сваіх арэшкаў! – папрасіў Дзяцел. Ён сядзеў на галінцы хвоі недалёка ад свайго дупла. – Гэта будзе мой запас на халодную зіму, каб не памерці з голаду.
– Вядома, частуйцеся! – пралапатаў кусцік. Было прыемна, што ён можа камусьці дапамагчы.
– Дзякую! Я не забудуся на тваю дабрыню, – паабяцаў Дзяцел, паклаў у сумачку некалькі арэхаў і паляцеў.
– Арэшнічак! Будзь такі добры, падары і мне арэшкаў! – папрасіла Вавёрка.
– Бярыце! Колькі захочаце! – кусцік памахаў сваімі галінкамі.
  Вавёрка, набраўшы цэлы звязак арэхаў, уцякла, сказаўшы Арэшніку:
– Вялікі дзякуй табе, дарагі сябар!
– Вось бачыш, колькі ў цябе сяброў! – празвінела Сінічка. – А ты яшчэ плачаш. Заўтра я зноў прылячу да цябе.
Сінічка не падманула. Кожны дзень яна прылятала да Арэшніка, садзілася на яго галінкі і весела  звінела:

Дзинь-дзинь! Дзинь-дзинь!
Наш Арэшнік – малайчына!
Усіх сяброў ён сустракае,
Смачнымі арэшкамі частуе.

Але вось ужо ўсе арэшкі з галінак кусціка кімсьці сарваны. Ды і ўсе яго лісцікі абляцелі. Стаіць наш "гаротнік" мокры, халодны, голенькія галінкі на ветры дрыжаць.
– А ты не плач! Трывай! Прыйдзе зіма, атуліць цябе снегам, Ён як пух – цёплы, – шаптала яму Сонейка. Часам яно выглядала з-за хмар і сагравала халодныя галінкі кусціка.
– Нічога! Я патрываю! – трымаўся Арэшнік. Ён ужо трохі прывык да такога надвор'я. Напэўна, проста загартаваўся.
– Не бойся, маляня! – казалі яму хвоі і елкі. – Мы паспрабуем захіліць цябе з усіх бакоў. Мы ж высокія!
І сапраўды, трохі цяплей стала Арэшніку. А тут яшчэ адна радасць да яго прыйшла. Бо не ўсё ж яму ў гаротніках хадзіць. У жыцці так заўсёды – дрэннае заканчваецца, і настае светлая паласа.
Неяк прабягаў па лесе Зайчык. Шэранькі такі, малады, з карымі вачамі, даўгавухі.
– Прывітанне! – крыкнуў ён Арэшніку і лапу падае. Вітаецца!
– Прывітанне! – і Арэшнік працягнуў яму сваю тонкую галінку.
– Ты тут даўно стаіш? – спытаў даўгавухі.
– З вясны.
– Давай сябраваць. Хутка прыйдзе халодная зіма. А ў мяне няма сябра. Я да цябе прыхінуся. Тут, побач з табой, буду жыць. Разам весялей і цяплей! Як ты на гэта глядзіш?
– Я? Гляджу? Нават вельмі добра! – узрадаваўся Арэшнік. – Жыві тут. Нам на дваіх месца хопіць...

Непрыкметна прыйшла вясна. Снег пачаў раставаць, таму што сонца асвятліла ўвесь лес і сагрэла зямлю. Прачнуліся хвоі і елкі. Атрэслі галінкі ад снега, распушылі іголкі. Арэшнік нават не зразумеў, чаму на яго галінках спачатку павіслі далікатныя завушніцы, і толькі потым распусціліся зялёныя лісцікі. Цяпер кожны дзень каля кусціка збіраліся ўсе яго сябры: Вавёрка, Дзяцел, Заяц, Сінічка, матылькі і пчолкі, лясныя птушачкі-невялічкі, нават Салавей аднойчы прыляцеў.
Зазвінеў лес шчаслівымі галасамі. Абкружылі Арэшнік хвоі і елкі, пагладзілі яго маладыя галінкі сваімі мяккімі пухнатымі лапачкамі і песеньку заспявалі:

Хай расце ў нашым лесе
Добры сябар, Арэшнік.
Галінкі зялёныя, доўгія завушніцы.
Не шкадуе нікому ён смачныя арэшкі.
Будзем мы яго любіць, бараніць ад холаду.
Белку, Дзятла ён ратуе ад зімовага голаду.

З тых часоў так і жыве Арэшнік у лесе сярод сваіх сяброў. Ён ужо вырас, адужэў, але сябраваць з Зайцам не перастае. Даўгавухі кожны год позняй восенню робіць сабе "ляжанку" пад кустом Арэшніка. А калі выпадае снег, Заяц становіцца белым. Яго шэранькая скурка змяняецца на цяплейшую, белую. Вось ён і трэцца ёю аб куст, тым самым саграваючы яго. А пухнаты снег накрывае іх разам, нібы пуховай коўдрай. Так і спяць Заяц з Арэшнікам усю зіму побач. Толькі часам даўгавухі прачынаецца і ўцякае, каб адкапаць з-пад снега карэньчыкі ці капусту і здаволіць голад.
І хоць Заяц нічога ніколі не просіць у Арэшніка, гэта не перашкаджае ім быць самымі сапраўднымі сябрамі. Бо ў іх вельмі моцнае  сяброўства – з дзяцінства і на ўсё жыццё.

Такі ён, гэты добры куст – лясны Арэшнік. Часам яго яшчэ завуць Ляшчынай, Таму што лісцікі яго падобныя на рыбу Ляшча. Усе дзеці ведаюць смак шакаладак з фундукам і цукерак "Вавёрачка". У гэтыя ласункі дадаюць тыя самыя арэшкі. Які ж шчодры наш Арэшнік! Ён любіць частаваць сваімі арэшкамі ўсіх, а дзяцей – асабліва!

2016 г