Дзяучынка Вяснянка Жавараначак. казка

Татьяна Домаренок
Сёння ў школе Маша сама змайстравала дзіўную ляльку. Такой незвычайнай лялькі ў яе яшчэ ніколі не было. Ганна Іванаўна, настаўніца малодшых класаў, навучыла дзяўчынак майстэрству выраба лялячак-вяснянак. Яна паказвала, як рабіць фігурку лялькі з тканіны, як надзець на ляльку яркую каляровую сукеначку, як заплесці касу і ўплесці ў яе каляровыя стужачкі з пацеркамі. 
Ганна Іванаўна распавяла дзецям шмат цікавага пра тое, як раней сустракалі вясну. Тады ў першыя вясновыя дні людзі выходзілі на вуліцу, спявалі песні і вадзілі карагоды. Дзяўчыны дарылі ўсім на шчасце лялячкі-вяснянкі, якія майстравалі самі. А дзеці свісталі ў гліняныя ці берасцяныя свістулькі і пускалі ў неба цацачных жаўрукоў, тым самым зазываючы сапраўдных птушачак прылятаць хутчэй і прыносіць з сабой вясновае цяпло.
Вось такіх маленькіх птушачак-жавараначкаў з каляровай паперы сёння на ўроку і майстравалі хлапчукі з Машынага класа. Алёшка, яе сусед па парце, таксама зрабіў жаваранка. Ён атрымаўся ў яго вельмі падобным на сапраўдную птушачку.
– А калі мы пойдзем сустракаць вясну? – спыталі дзеці ў настаўніцы.
– У нядзелю, у дзень вясновага раўнадзенства.
– А самаробных лялячак-вяснянак і жаваранкаў возьмем з сабой?
– Вядома! – усміхнулася Ганна Іванаўна. – А ў каго ёсць свістулькі, таксама бярыце іх з сабой.
– У мяне няма, – сказаў Алёшка. – Але я такую свістульку абавязкова зраблю. Мой тата навучыць мяне.
– Вось і добра. Тады да нядзелі, – развіталася з усімі Ганна Іванаўна.
І дзеці разбегліся па хатах.
У нядзелю Маша вельмі рана прачнулася, хутка паела і пайшла збірацца. Сама добра апранулася і сваю ляльку лепей прыбрала, сказаўшы ёй:
– Ты ў мяне сёння будзеш самай прыгожай!
Машына лялька-вяснянка і сапраўды быццам усё чула і разумела. Ёй вельмі хацелася разам з дзяўчынкай пайсці на свята!
А у парку ўжо пазбіраліся дзеці. Яны ўсміхаюцца, смяюцца, вяселяцца. Таму што надвор'е вясновае, сонейка свеціць! У руках дзяўчынак лялячкі, у хлапчукоў – жаўрукі, а Алёшка на свістульцы так класна свішча!
– Ну, што, дзеці, паклічам Вясну? – прапанавала Ганна Іванаўна.
– Так! Паклічам! – нібы вясёлыя птушачкі, зазвінелі дзіцячыя галасы.
Што тут пачалося! Шум, крыкі, жарты! Маша так захапілася ўсеагульнай весялосцю, што нават не заўважыла, як прабег дзень. Усё было настолькі цікава – песні, карагоды, гульні!
І толькі ўвечар дзяўчынка чамусьці не ўбачыла ў сваіх руках лялячкі-вяснянкі. Яе замяніла галінка бярозкі, на якой ўжо распусціліся вясновыя завушніцы. Ды і Алёшка свістаў-свістаў на свістульцы і раптам страціў папяровага жавараначка...
Так куды ж дзеліся лялячка-вяснянка і жаваранак?
Усё гэта ведала толькі чараўніца-Вясна. Дзеці так весела і гучна клікалі яе, што Вясна пачула іх галасы. Але сама прыйшла непрыкметна для ўсіх. Дзяўчына Вясна прывяла з сабой цэлую чараду птушак – сорак жаўрукоў. Адкуль яны прыляцелі? Кажуць, што першыя вясновыя птушачкі прылятаюць да нас прама з Рая. Магчыма, так яно і было. І хто ведае, што стала з той самай прыгожай Машынай лялячкай-вяснянкай, якую яна сама змайстравала на ўроку. Напэўна, гэта лялька так спадабалася Вясне, што яна забрала яе з сабой, ператварыўшы ў сваю памочніцу – дзяўчынку Вяснянку.
А потым адбыўся яшчэ адзін вясновы цуд. Убачыла чароўная дзяўчынка Вяснянка, як Алёшка свішча ў сваю свістульку і зусім забыўся адпусціць у неба самаробнага папяровага жаваранка, і ператварыла птушачку ў чароўнага Жавараначка. Паляцеў ён разам з дзяўчынай Вясной і дзяўчынкай Вяснянкай далей па свеце, каб дарыць усім вясновае цяпло, радасць і любоў.

2016 г