Саматканы ручнiк у падарунак маме да дня народзiн

Татьяна Домаренок
Гэтым летам Кацярына прыехала пагасцяваць да бабулі Надзі ў Налібоцкую пушчу. Бабуліна вёска размешчана на беразе ракі Іслач. А вакол – палі, за палямі – густыя боры, дзе растуць стогадовыя елкі і хвоі, дубы і ясені, бярозы і клёны. Дзяўчынка любіць прыязджаць да бабулі на канікулы, таму што тут можна ўдосталь нацешыцца водарамі палявой і лясной травы, пазагараць і пакупацца, схадзіць у лес па ягады ці грыбы. А па суседстве, жывуць яе аднагодкі, сяброўкі – Маша і Вера. У горадзе Кацярына ўвесь час гаворыць па-руску, а прыедзе ў вёску і тут жа пераходзіць на беларускую мову. Ды як жа інакш, бо навокал чутная толькі беларуская гаворка. А дзяўчынцы гэта падабаецца. Каця любіць родную мову, таму што яна прыгожая і пявучая.
Каціна бабуля практычна ўсё жыццё пражыла ў вёсцы і рэдка выязджае куды-небудзь.
– Маё жыццё тут, у вёсцы. І навошта мне кудысьці ехаць, калі я люблю гэтую зямлю і жыць без яе не змагу. Тут мае карані", – кажа яна ўнучцы.
Тое, што яе бабуля карэнная жыхарка Налібоцкага краю, Кацярына ведае. Яшчэ яна ведае і тое, што калісьці даўно тут, у гэтай вёсцы, жыла яе прабабуля Ганна. Гэта яна навучыла бабулю, у той час яшчэ зусім малую дзяўчынку, ткаць на кроснах.
Кросны – старадаўні драўляны ткацкі станок. Ён дастаўся бабулі Надзі ў спадчыну. Цяпер кросны стаяць у куце яе хаты. Бабулі няма часу ткаць, бо летняю парою ў яе заўсёды шмат спраў. Усе сілы адымаюць хатнія клопаты: карова, свінні, куры, гарод, ды і ў лес па ягады і грыбы яна яшчэ ходзіць. "Што назапасіш за лета – то і з'ясі ўзімку", – так баба Надзя кажа ўнучцы. А ўзімку бабуля часта садзіцца за свае старадаўнія кросны. І вось вынік, ён усюды ў яе хаце – гэтыя прыгожыя ручнікі, навалачкі і пакрывала, абрус на стале і сурвэткі. "Вось мне б так навучыцца і саткаць хоць адзін ручнік", – зайздросціць Кацярына ўменню сваёй бабулі.
Не раз і не два дзяўчынка слухала аповяды пра тое, як у даўнія часы людзі ў вёсках займаліся ткацтвам. Спачатку яны расцілі лён. Бо гэта з яго потым шыліся кашулі і сарафаны, спадніцы і хусткі. Каб зрабіць ніткі з лёну, па вясне трэба было пасадзіць у зямлю насенне і выгадаваць каласы. Потым іх пазжынаць, выцерабіць, вымачыць, высушыць, размяць, вытрапаць, расчасаць грэбнем, каб атрымалася мяккая пухнатая льняная кудзеля. Затым гэтую кудзелю насоўвалі на калаўрот і цягнулі з яе тонкую нітку, якую накручвалі на верацяно. Чым больш умелай была майстрыха, тым танчэй у яе атрымлівалася пража, тым потым лепш і акуратней з яе ткалася льняное палатно.
Толькі ўвосень і ўзімку, калі работы ў полі і гародзе станавілася менш, дзяўчыны і маладыя жанчыны садзіліся за ткацкі станок, каб стварыць з гэтай самаробнай льняной пражы свае будучыя даматканыя вырабы. Гаспадыні ставілі кросны у хаце ля акна і доўгімі зімовымі днямі і нават вечарамі пры святле лучыны (гэта свечка з драўлянай сухой шчэпкі) пад ціхія напевы любімых песень ткалі тонкія льняныя палотны, каб потым, па вясне, адбяліць іх і сшыць сабе да лета абноўкі.
На белых ручніках і абрусах у бабуліным пакоі Кацярына бачыць прыгожыя ўзоры. Яна ведае – гэта старадаўні беларускі арнамент. Яго прыдумалі людзі ў тыя далёкія часы, каб засцерагаць хату ад псуты, сурокаў, злых сіл, бед, пазбаўленняў і хвароб. Атрымліваецца, што бабуліны ручнікі і абрус, сурвэткі і пакрывала – засцерагаюць і захоўваюць яе хату!
Яшчэ ў горадзе, рыхтуючыся да паездкі, Кацярынка вырашыла, што ўгаворыць бабулю паказаць ёй, як работаюць кросны. Дзяўчынка была ўпэўнена, што навучыцца ткаць і да ад'езду сатчэ ручнік з арнаментам у падарунак маме да дня нараджэння. "Вядома, прыйдзецца папрацаваць і дапамагаць бабулі хутчэй спраўляцца з хатнімі клопатамі, каб на маё навучанне ў яе заставаўся час", – разумела ўнучка. У Кацюшыным сэрцы затаілася такое велізарнае жаданне здзівіць і ўзрадаваць нечаканым падарункам маму, што яна згаджалася на ўсе цяжкасці дзеля ажыццяўлення сваёй задумкі. "Я дапамагу бабулі ў гародзе, дапамагу і ў хаце. Я ўмею – ежу свару, падлогу падмяту і памыю, курэй і парасят пакармлю, нават змагу падаіць карову", – думала дзяўчынка.
Прыехаўшы ў вёску, яна тут жа прынялася за работу. І бабуля, гледзячы на старанне ўнучкі, неўзабаве пагадзілася на яе ўгаворванні. Неяк раз яна сказала, гледзячы ў гарашчыя вочы Кацюшы:
– Ну, сядай за кросны, раз так не трываецца. Буду цябе вучыць!
А ўнучка ўжо не раз і не два падыходзіла да старадаўняга драўлянага ткацкага станка, мацала нацягнутыя ніткі, разглядала рамку, бліскучы, па-майстэрску вытачаны з дрэва чаўнок, падобны на мініяцюрную лодачку. І вось пачалася вучоба.
– Глядзі! Усярэдзіне чаўнака наматана нітка. І зараз яго трэба адправіць у плаванне папярок нацягнутых нітак. Гэтыя ніткі, нібы ручайкі, упадаюць у вялікую раку, па-нашаму, уплятаюцца ў гладкае палатно твайго ручніка.
Слухаючы бабуліны парады, Кацярынка і не заўважыла, як асвоілася. І вось ужо яна самастойна тчэ свой першы ў жыцці ручнік! Крок за крокам, шэраг за шэрагам стваралася белае льняное палатно. І неяк зусім непрыметна, але, вядома ж, пад кіраўніцтвам бабулі, на палатне з'явіўся арнамент з макаў з чырвонымі пялёсткамі і чорнымі сярэдзінкамі.
Праз некалькі дзён Кацярына даткала свой першы ручнік. Узяла яго ў рукі. Паднесла да твару. А ён мяккі, пухнаты, пахне полем, лесам, кветкамі і такі прыгожы!  Дзяўчынка падняла ручнік угару і ад радасці, што яе запаветнае жаданне спраўдзілася, закруцілася ў вальсе!
– Ла! Ла-ла, ла-ла, ла-ла! – спявала яе захопленая душа. І ўсе ў хаце цешыліся разам з ёю.
Старадаўнія ходзікі на сцяне пастуквалі ў такт:
– Тук! Тук-тук, тук-тук, тук-тук!
Кошка на акенцы варкатала:
– Мур, мур, мур-мур, мур-мур!
Ну, а бабуля глядзела на сваю дарагую дзяўчынку і ўсміхалася. У гэты момант здавалася, што ў змярканні сыходзячага дня па яе старой добрай хаце лётае зусім не ручнік, а чароўная белакрылая птушка!
– Я падару яго маме на дзень нараджэння! – весялілася дзяўчынка. – А сабе сатку яшчэ адзін!
– Абавязкова сатчэш, яшчэ лепш, яшчэ прыгажэй ён у цябе атрымаецца, вось убачыш!
Бабулі было прыемна, што Каця сама захацела навучыцца работаць на старадаўніх кроснах. Яна ўспамінала, як быўшы такой жа дзяўчынкай, таксама саткала свой першы ў жыцці выраб, белы абрус з яркім кветкавым арнаментам, у падарунак маме, Кацюшынай прабабулі!
"Вельмі добра, – думала бабуля Надзя, – што мая дзяўчынка навучылася ткаць. Зараз яна не забудзецца на гэта старадаўняе рамяство і калі-небудзь вернецца да яго зноў. А вытканыя ўручную рэчы – ручнікі, абрусы, сурвэткі – усё, што зробіш сам, будуць абараняць хату, стануць абярэгам ад бед і няшчасцяў, бо ў іх жыве святло і цеплыня тваёй душы".

2016 г