Яблынька. казка для младш школь возр

Татьяна Домаренок
Расла на двары ў дзеда маленькая Яблынька. Галінкі ў яе па вясне далікатнымі зялёнымі лісцікамі пакрываліся.
– Прыйдзе вясна. І аднойчы ты расквітнееш, станеш сапраўднай прынцэсай у пышным белым уборы, – казаў дзед, ласкава пагладжваючы тонкі стволік Яблынькі.
А Яблынька слухала яго і ў марах уяўляла сябе ў лёгкай вельмі прыгожай ажурнай сукеначцы. Кожны раз, прачнуўшыся ўвесну ад доўгага зімовага сну, яна чакала, што хтосьці падорыць ёй такі цудоўны ўбор.
Але прыходзіла Вясна, а Яблынька толькі бачыла, як на яе галінках распускаюцца з почак зялёныя лісточкі. Ніхто не дарыў ёй цудоўнай белай сукенкі. Дзед разумеў, што смуткуе яго Яблынька, і імкнуўся падбадзёрыць яе:
– Не журыся, мая дарагая! Ужо хутка, на наступны год, ты надзенеш белую сукенку з духмяных кветак.
Часам у двор да дзеда прыляталі з лесу птушачкі. То сінічка, то верабейка, то каўка, то варона заглядвалі да яго ў госці. Любіў іх дзед. Звонкагалосую сінічку зваў свістухай за яе тоненькі галасок, шустрага вераб'я – гарэзай за вясёлы характар, чорнадзюбую каўку – ваяром за строгі байцоўскі выгляд, шэрую варону – пані, за хітрасць і кемлівасць.
Неяк пасля дажджу ў лужыне каля плота пачаў плёскацца хтосьці. Дзед падышоў бліжэй і ўбачыў, як маленькая жаўтагрудая птушачка, размахваючы доўгім тоненькім хвосцікам, чысціць у вадзе свае пярынкі.
– Добры дзень, Пліска! Як жа ты любіш плёскацца ў вадзе! – сказаў ён птушачцы.
А Пліска, памахаўшы сваім прыгожым хвосцікам, праспявала яму ў адказ:
– Фі-ю, фі-ю, фі-ю! Прывітанне, дзед! Ах, і люблю я купацца, ах і люблю, асабліва ў цёплай дажджавой вадзіцы!
Потым яна выпырхнула з лужыны і на галінку Яблынькі села.
– Дзед! Якое ж прыгожае дрэўца ў цябе пад акном расце! – захапілася птушачка. – Прывітанне, мілая! – сказала яна Яблыньцы.
– Прывітанне! – засаромелася тая.
– Вось і пасябравалі, – усміхнуўся дзед.
З таго дня Пліска кожны дзень прылятала да Яблынькі з лесу. І аднойчы сваю сяброўку, Пеначку-вяснічку, з сабой да дзеда ў двор прывяла.
– А я спяваць умею хораша, вось так:
– Фюіць, фюіць, фюіць, – пахвалілася новая госця сваім далікатным пералівістым галаском.
А потым пырхнула і ўмомант абляцела вакол Яблынькі.
– Ну, і спрытная ты! – здзівіўся дзед, назіраючы за шэранькай птушачкай. – Малайчына! Так хутка ўзлятаеш, як ракета.
– Фюіць, фюіць, фюіць, – падзякавала Пеначка дзядулі за хвалу.
А ўвосень пералётныя птушкі, Пеначка і Пліска, паляцелі зімаваць на поўдзень. Засталася Яблынька без сябровак. Прыціхла і не заўважыла, як заснула.
Усю зіму спала яна і бачыла ў снах маленькіх вясёлых птушачак. Як яны прыбіраюць яе ў цудоўную белую сукеначку, як кажуць ёй ласкавыя словы.
І вось надышла Вясна. У двары дзядулявай хаты пабеглі ручайкі. І потым на адталай ад снега і лёду зямлі траўка зазелянела. Цёплы ветрык дакрануўся да галінак Яблынькі, імкнучыся абудзіць яе ад сну. Але Яблынька не прачнулася. Вось ужо сонейка гарачэй стала. І сінічка звонка спявае. І верабейка скача. І каўка з варонай шукаюць на зямлі чарвячкоў.
Але не прачынаецца Яблынька.
Занепакоіўся дзед. Што здарылася з яго дарагім дрэўцам? Ці не захварэла яно? – Не разумее.
Вось толькі дзяўчыне Вясне ўсё было ясна. Усё яна ведала пра Яблыньку. І тое, што сёлета зацвісці маладзіца павінна.
– Пліска і Пеначка! Калі ласка, злятайце да дзеда і абудзіце Яблыньку! – папрасіла яна птушачак.
А тыя, вярнуўшыся з выраю, зусім забыліся пра дрэўца. Бо ў іх цяпер сваіх клопатаў поўны рот. Толькі што нарадзіліся на белы свет птушаняты. Іх трэба гадаваць і карміць. Але, дазнаўшыся ад Вясны пра тое, што дрэўца ўсё яшчэ не прачнулася, птушачкі імгненна паляцелі з лесу да дзеда ў двор ратаваць сваю сяброўку.
– Фюіць, фюіць, фюіць! – пералівалася Пеначка-вяснічка, пырхаючы вакол Яблынькі.
– Фі-ю, фі-ю, фі-ю! Прачынайся соня, Вясна прыйшла! – свістала Пліска.
– Ой, мае сяброўкі прыляцелі! – схамянулася Яблынька, пачуўшы іх звонкія галасы.
Адкрыла вочкі, пацягнулася са сну і... расцвіла! Так, так! Вясна ўжо накідвала на яе далікатныя галінкі цудоўную ажурную сукеначку, вытканую з духмяных бела-ружовых кветак.
– Якая чароўная прынцэса наша сяброўка, Яблынька! – захапляліся птушачкі.
– Мая дарагая Яблынька! Я так рады, што ты, нарэшце, прачнулася! – цешыўся дзед.
Ён запляскаў у далоні ад шчасця і заспяваў сваю любімую песеньку:
– Мілая, мілая, мілая мая! Цудоўная прыгожая дарагая Яблынька!
Засаромелася дрэўца ад такой любові! І дзед, і птушачкі, і сама Вясна радуюцца за яе, любуюцца яе прыгажосцю.
– Дзякуй вам, мае дарагія, за вашу дабрыню! – прамовіла Яблынька. – Ведаю, што ўвосень я аддзячу вас і падару вам сакавітыя смачныя яблычкі.

2016 г