Беларускае мора. казка на беларускай мове

Татьяна Домаренок
Шмат тысячагодзяў таму на абшарах нашай Беларусі не было зялёных лясоў, сініх азёр і рэк. У той час на Зямлі было нашмат халадней, чым цяпер. Бязмежная тундра ўкрывала зямлю, на якой не раслі дрэвы і хмызнякі. Зімы былі вельмі доўгімі і настолькі лютымі, што ніводная птушка і ніводны звер не маглі вытрымаць такі мароз. Толькі завея са свістам ганяла па застылай зямлі снежныя і ледзяныя камякі.
Чараўніца зімы ці, як яе завуць у казках, Снежная Каралева, была гэтаму вельмі радая. Люты Мароз беспярэчна прыслухоўваўся да яе і ўсю доўгую зіму марозіў і марозіў зямлю. Аднак у сярэдзіне года ў тундру прыходзіла кароткае лета, а Снежная Каралева адлятала на адпачынак у свой каралеўскі замак на Крайняй поўначы. Але каб не забыцца пра свае абавязкі, Каралева ўсю зіму збірала самыя халодныя драбкі лёду, а затым захоўвала іх да наступнай зімы ў сваім крыштальным куфэрку, надзяляючы незвычайнай чароўнай сілай. Гэтыя драбкі прыляпляліся адно да аднаго на дне куфэрка і свяціліся  чароўным блакітным святлом.
Дачка Снежнай Каралевы, юная Завіруха, заўсёды жадала зазірнуць у матулін куфэрак, але тая забараніла ёй гэта рабіць.
– Ты абпалішся, – казала яна. – Твой прамяністы позірк можа патухнуць, астыць ці, насупраць, вельмі моцна разагрэцца. Гэта вельмі небяспечна, ты не зможаш бачыць усё вакол сябе.
Завіруха спачатку прыслухоўвалася да слоў матулі, але аднойчы жаданне завалодаць куфэркам перасіліла яе паслухмянства. Неяк у канцы зімы яна выкрала куфэрак і панесла яго на яшчэ не адталыя, ледзяныя абшары нашай беларускай зямлі. Спусціўшыся ўніз, Завіруха знайшла расколіну ў ільдах і паклала туды матулін куфэрак, а затым адчыніла яго. Як толькі яна гэта зрабіла, найзыркае святло чароўных ледзяных драбкоў асляпіла ёй вочы, ды так, што Завіруха ледзь не аслепла! Ад страшнага спалоху непаслухмяная дачка Снежнай Каралевы ўзляцела ў неба і імкліва панеслася дахаты, у каралеўскі замак.
А адчынены куфэрак так і застаўся ляжаць на змёрзлай зямлі і выпраменьваць вакол сябе найярчэйшае святло, асвятляючы ледзяныя глыбы. Але зімовы час ужо падыходзіў да канца. З-за снежных аблокаў усё часцей і часцей выглядвала Сонца. Крок за крокам, яно пачало адаграваць змёрзлую зямлю, імкнучыся зрабіць гэта як мага хутчэй, каб да канца лета зялёная трава змагла вырасці на ёй.
Сонца вельмі старалася. Яно накіроўвала сонечныя прамяні ва ўсе куточкі беларускай зямлі. Вось толькі ў яе паўночнай частцы, там, дзе хаваўся куфэрак з чароўнымі драбкамі лёду, зямля ніяк не жадала адагравацца. Яна ўсё яшчэ была паўкрывана ледзянымі глыбамі, якія свяціліся то блакітным, то сінім святлом.
– Чаму зямля не адтае ў гэтым месцы? – расхвалявалася Сонца.
Яно падляцела бліжэй, каб лепш разгледзець, што ж хаваецца там. А калі Сонца паслала да куфэрка свой самы гарачы Прамень, ён абпаліўся аб найзыркі ледзяной крышталь і нават ускрыкнуў ад болю.
– Што ж там схавана, чаму немагчыма растапіць гэты пякучы лёд? – не разумела Сонца.
І яно вырашыла папрасіць дапамогі ў зорак, таму што святло гэтых нябесных стварэнняў нашмат ярчэйшае і гарачэйшае за сонечных прамянёў.
Цёмнай ноччу зоркі пазбіраліся разам і асвятлілі агнявымі прамянямі куфэрак Снежнай Каралевы. Толькі тады чароўныя ледзяныя крышталі не вытрымалі і ўскінулі ў неба велізарныя фантаны адталай вады. Гэта чароўная вада разлілася на вялікую адлегласць і растапіла ледзяные глыбы. Раніцай на тым месцы Сонца ўбачыла велізарнае бірузовае возера, падобнае на сапраўднае мора. Выказаўшы зоркам сваю падзяку за дапамогу, Сонца яшчэ лепш сагрэла ваду ў возеры і ўсю беларускую зямлю.
З той пары Снежная Каралева ўжо не змагла ўзімку настолькі моцна, як раней, марозіць нашу зямлю. А дапамагло гэтаму вялікае возера, якое ўзімку толькі зверху паўкрывалася лёдам, не прамярзаючы наскрозь. Паступова возера насычыла вільгаццю на вялікую адлегласць усю зямлю вакол сабе. Зямля, калісьці скаваная льдамі, нарэшце, змагла дыхаць. На ёй пачалі расці дрэвы і хмызнякі, а на лясных палянах з'явілася шмат прыгожых духмяных кветак. Яловыя і хваёвыя бары, бярозавыя гаі, ліпы, рабіны, асіны і клёны, яшчэ шмат іншых парод дрэў і хмызнякоў рассялілася там. Птушкі і звяры ўжо не баяліся жыць у лесе, дзе можна ўзімку атуліцца ад марозу ў дуплах дрэў і норках пад кустамі. Звонкія ручайкі, паўнаводныя рэкі і мноства іншых азёр упрыгожылі беларускую зямлю.
З тых часоў прайшло шмат гадоў. Але чароўнае возера Нарач, якое нарадзілася з куфэрка Снежнай Каралевы, аказалася самым вялікім возерам гэтага азёрнага краю. Беларусы часта завуць яго беларускім морам, можа быць, яшчэ за тое, што акрамя рачной рыбы, у ім водзіцца марская рыба – нарачанскі вугор.
Прыгажунь дзяўчын, якія ўлетку, у цёплую купальскую ноч, прыходзяць да возера Нарач, каб пусціць па вадзе на шчасце вянкі з палявых кветак, Сонца кліча нарачаначкамі. Яно цешыцца, гледзячы ў блакітныя вочы дзяўчын, параўноўваючы іх з чарнавокімі дзяўчынамі, чарнаморачкамі, якія жывуць на беразе Чорнага мора. Нарачаначкі сябруюць з чарнаморачкамі. Яны дасылаюць ім прывітанне з гарачымі сонечнымі праменьчыкамі і клічуць да сябе ў госці.

7.04.24