Бацькоускi слоунiк. успамiны

Татьяна Домаренок
У маёй сям'і заўсёды вельмі паважліва ставіліся да адукацыі. Бацька, 1912 года нараджэння, з’явіўся на свет у беднай сялянскай сям'і (вёска Вялікі Вязок, Мінскай вобл.). Дзяцей у яго маці было пяцёра, мой бацька – старэйшы. Ён не часта распавядаў нам, сваім дзецям, пра сваё дзяцінства, юнацкасць, пра страшныя ваенныя гады і пра жыццё ў першыя цяжкія пасляваенныя гады. Пра гэта нам распавядала мама. Ёй жа не давялося скончыць нават чатыры класы пачатковай школы. А бацька скончыў у вёсцы сямігодку, потым пасля службы ў арміі – школу міліцыі і нават нейкі час вучыўся на курсах у Маскве. Пісаў бацька вельмі пісьменна. Яго за гэта цанілі на працы. І почырк у яго быў прыгожы. Мама часта казала нам, сваім траім дзецям, пра гэта, ставіла тату ў прыклад.
Можа быць, гледзячы на маўклівага, але строгага і акуратнага, працавітага і вельмі сумленнага бацьку, мы, дзеці, прывыклі працаваць без ляноты, добра вучыліся ў школе, атрымалі вышэйшую адукацыю. А потым, уладкаваўшыся на працу па размеркаванні,  добрасумленна працавалі да пенсіі, імкнуліся ўнесці свой унёсак у дабрабыт краіны.
Нашы бацькі былі для нас прыкладам, годным павагі і гонару. У бацькі працоўны стаж 45 гадоў, медалі і ордэны за заслугі на вайне і ў працоўным жыцці. У мамы працоўны стаж меншы. Але яна выхоўвала траіх дзяцей у цяжкі пасляваенны час, калі жылі ў беднаце, умовы для жыцця былі дрэнныя. Яе жыццё з самага ранняга дзяцінства было напоўнена горам, голадам і непасільнай працай на зямлі. У яе сям'і, дзе адзін за адным паміралі ад сухот дзеці, бацька аслеп, маці хварэла на сухоты, яна, падлетак, была адзінай, хто мог штосьці вырошчваць на зямлі і карміць сваіх старых. Дзе ж там было вучыцца! А потым кароткае шчасце ў Мінску – тры гады перад вайной, калі яна пайшла ў вячэрнюю школу ўжо, быўшы замужам за маім бацькам. Ён так жадаў, каб яна вучылася! Сам дапамагаў ёй у вучобе.
У вайну мама вярнулася да сваіх хворых бацькоў у вёску (д. Хількавічы, Магілёўская вобл.). І ўжо ўвосень здарылася няшчасце – немцы спалілі вёску, забралі весь скот. Мама вырыла зямлянку і жыла ў ёй ў голадзе і холадзе са сваімі старымі да вызвалення.
Пасля вайны ў Мінску ў мамы ўсю яе энергію аднімалі хатнія клопаты аб траіх малалетніх дзецях. Тата з раніцы да ночы працаваў, а ўмовы для жыцця ў маленькім пакоі ў нашай сям'і былі незайздросныя, бо жылі мы па сутнасці без выгод. На зіму трэба было нарыхтоўваць дровы, ваду насілі з калонкі. Мне споўнілася пяць гадоў, калі мама вырашыла ісці на працу. У садок мы, дзеці, не хадзілі. Вядома, яе зарплата дворнічыхі была маленькай. Але, усё-такі, дапамога да татавых грошай. Траіх дзяцей трэба было карміць, апранаць, купляць школьнае прыладдзе. Праца дворнічыхі на вуліцы ў той час была вельмі цяжкай. Снегапрыбіральных машын не было, як і не было машын для падмятання вуліц. Я памятаю, як мы, дзеці, хадзілі ўзімку дапамагаць маме калоць лёд на тратуарах. Мы разумелі, наколькі гэта праца была цяжкай. Мама вельмі старалася, і яе ўчастак заўсёды быў чыстым. Тады за гэтым сачылі і каралі рублём. Але, калі б мая мама была пісьменнай, хіба б яна працавала шмат гадоў на цяжкай фізічнай працы на вуліцы, а потым пасудамыйкай у кафэ, дзе трэба было мыць непад'ёмныя катлы. Яна псавала сваё здароўе, потым у старасці ёй спатрэбілася рабіць шэраг аперацый...
Нядаўна я знайшла на сваіх кніжных паліцах кніжачку майго бацькі – арфаграфічны слоўнік пад рэдакцыяй праф. Д.Н.Ушакова, 1936 года выдання. Слоўнічак патрапаны, патрабуе рамонту, але лісцікі цэлыя. Мабыць, бацька з ім добра абыходзіўся і бярог. Вось дзе цяга да пісьменнасці! Дзе ж ён яго набыў? Напэўна, у Мінску, калі вучыўся ў вучылішчы. Але пранёс ён кніжачку праз усё жыццё. Яна была з ім на вайне. На галоўнай старонцы падпісана яго почыркам: "С книг Домарёнок И.П., 20.II. 42 г. г. Москва". У гэты час ён служыў у Чырвоным Войску і ўдзельнічаў у абароне Масквы.
Вось такая бацькаўская памяць захавалася ў нашай сям'і. Слоўнік нагадаў мне з сынам пра бацьку і дзеда, адкрыў незнаёмую старонку яго жыцця. Няхай ціха, ненадакучліва, але вельмі ясна слоўнічак даў зразумець: "Мяне, г.зн. гэту кнігу, трэба зберагчы!"

p.s.  На фото мае родныя – маці, бацька, сястра з мужам, мае пляменнікі – на адкрыцці помніка - Стэлы ў Мінску 9.05.1985 года. Я ў гэты дзень прынесла дамоў з радзільнага дома сыночка. Фатаграфаваў мой брат Мікалай.

19.03.24