Гiсторыя з тытунём

Марина Прокоп
                ***      


     Вось так заўсёды: калі нешта спатрэбіцца, дык ніколі не знойдзеш! А яно будзе ляжаць пад нагамі і смяяцца з цябе! Так і ў нашай гісторыі.
 
     Пасеяў неяк Тарас тытунь. У пачатку дзевяностых тытунёвыя вырабы раптоўна зніклі з прылаўкаў крам. І Раман, Тарасаў сябар, адразу прапанаваў тому пасадзіць у агародзе тытунь. Дзень і ноч назіраў Тарас за пасевам.

     Ужо ў чэрвені тытунь вырас на зайдрасць многім вясковым курыльшчыкам. Аўдоцця, жонка Тараса, хадзіла паліваць агуркі з памідорамі, палоць бульбу, а Тарас вачэй не зводзіў з тытунёвых усходаў. Аўдоцця жукоў збірала ды зелле палола, а Тарас толькі тытунь паліваў. Уся мужыцкая палова вёскі зайздросціла Тарасу, а той толькі ўсміхаўся.
 
     У жніўні Тарас пачаў сушыць тытунёвыя лісцікі і рабіць першыя самакруткі. Напачатку ён самазадаволена частаваў сваіх сябрукоў. Тытуню, здавалася, хопіць на цэлы год…

     Але потым нехта панадзіўся лазіць у агарод і красці багацце гаспадара. І як злавіць злодзея, калі на вёсцы курылі ўсе мужчыны?! Аўдоцця як толькі не сварылася за курава, але зараз ёй было шкада Тараса, і яна прапанавала цікаваць злодзея разам, па чарзе.

     Ноччу муж і жонка павінны былі сядзець у засадзе і наглядаць за тытунём. І ўнукі наглядалі за сямейным скарбам, калі не хацелі спаць. Так прайшло тры тыдні. Тытунь як знікаў, так і працягваў знікаць: нехта ўвесь час абдзіраў тытунёвае лісце. У плоце — ніводнай дзіркі, ніводнай шчыліны. Ну, як магчыма сцібрыць хоць лісточак?! Вырашылі плюнуць на сваю задумку Стрыкачы. Няхай будзе як ёсць! І ўвогуле, можа, усё гэта ім здалося і ніхто нічога не крадзе?!

     Аднойчы Аўдоцця прыйшла дадому з ранішняй дойкі (яна працавала на ферме, дзе даіла кароў). Ігар, унук, ужо каторы дзень ляжаў у ложку з тэмпературай.
— Як справы? — запыталася бабуля. — Табе ўжо лепей?
— Як тут будзе лепей, калі старая Мікалаіха ўвесь час у наш агарод бегае курэй сваіх выганяць?! Толькі і чуваць пад акном: «Ігарок, унучок, зноў мае хахлатыя да вас неяк заляцелі, пайду павыганяю. А ты ляжы, не ўставай, здаравей будзеш!». Ды і Светка наша колькі разоў дазваляла суседцы выгнаць сваіх курэй.
    
     Бабуля здзіўлена паглядзела на ўнука:

— І што ж, кожны дзень прыбягае?
— Амаль што кожны божы дзень! Скажы дзеду, каб дзіркі залатаў.
Аўдоцця ўсміхнулася пра сябе: іх штыкетнік вышынёю з яблыню ніводная курыца не адолее! Нешта тут не так… Жанчына хуценька апранула чыстую хусціну і пайшла да суседкі.

     Мікалаіху ў жыцці звалі Настассяй Рыдлёўкінай. Жыла яна ўвесь час адна, без дзяцей і мужа, працавала ў пасялковай бібліятэцы. І вось ужо гадоў дзесяць як была на пенсіі.

     Аўдоцця, не пастукаўшы ў дзверы, зайшла ў сенцы. Як зайшла — адразу ж і села: на газетнай паперы, раўнюсенька раскладзены, сушыўся тытунь! Адразу скрыпнуў ложак: відаць, гаспадыня прачнулася і накіравалася да дзвярэй.
— Ты? — спалохана і няўпэўнена запыталася Мікалаіха.
— Я, Насця, я! — адказала Аўдоцця, а пра сябе ўсміхнулася: «Здаецца, злодзей знойдзены! І чаго не папрасіла? Хіба б я пашкадавала той атруты?!» Уголас жа здзіўлена спытала:
— І даўно ты, так сказаць, маеш дурную звычку?

     Мікалаіха, апусціўшы вочы, расказала сваю сумную гісторыю.

     У пачатку саракавых Насця Рыдлёўкіна паступіла ў Ленінградскі бібліятэчны тэхнікум. У Ленінградзе і заставалася да канца блакады. Што толькі не давялося рабіць, каб пазбавіцца ад голаду, які звёў у магілу столькіх людзей! Вось тады Насці і параілі курыць папяросы. Яна выжыла, але звычка засталася назаўсёды.

     Пасля вайны праблем не было: папярос хапала ва ўсіх крамах. Але ў мясцовым сельмагу жанчына іх купляць саромелася: мужыка ж у хаце не было. Ездзіла раз у месяц у райцэнтр. Але ў дзевяностых тытунь амаль што знік з продажу. Вось і прыдумала Настасся, зазірнуўшы ў суседні агарод, як прыдбаць курава…

     Аўдоцця ніколі не курыла, але ёй стала шкада Настассю. Яна паабяцала нікому не расказваць пра пачутае і, збегаўшы дадому, не шкадуючы насыпала той тытунёвага насення. Хто ведае, што б рабіла яна сама, апынуўшыся ў блакадным Ленінградзе?..
 
— Толькі Тарасу не кажы, бо мне дужа сорамна будзе. Мужык, які курыць, чамусьці не здольны зразумець жанчыну, калі яна робіць тое ж самае, — папрасіла Мікалаіха суседку.

     Пакінуўшы Настассін двор, Аўдоцця пайшла дадому. Унук ляжаў у ложку і глядзеў тэлевізар.
— Ведаеш, Ігарок, дзірка ў плоце была велізарная. І як толькі мы яе не заўважылі! Я сама загарадзіла шчыліны, так што дзеду нічога казаць не будзем. А калі і ўляціць якое-небудзь куранё, то нічога страшнага — нашы таксама недзе грабуцца. Мікалаіха, ты ж ведаеш, чалавек самотны, вось і шукае, з кім пагутарыць.

     Вечарам, калі ўсе разам сядзелі за сталом, Аўдоцця прапанавала болей не пільнаваць тытунь.
— Ведаеш, Тарасік, не хацела табе скардзіцца, але мае астры таксама нехта цягае, асабліва перад першым верасня. Можа, і іх будзем пільнаваць?! — нібы пажартавала Аўдоцця.
— Ой, я і сам хацеў тое ж прапанаваць. Надакучыла сядзець ноччу на саломе. Ды не ведаў, як табе данесці. Калі ў нас крадуць, пэўна, мы не бедныя. А гэта ўжо нядрэнна.
— Згодна, — радасна дадала жонка.
— І ўвогуле, меней ведаеш — лепей спіш, — пад канец удакладніў унук Ігар, які пачаў адчуваць сябе значна лепш.