Масква i Ленiнград

Дарья Значёнок
– Люблю тэатр! Нібы кавалак жывога жыцця падглядваеш. Або ствараеш. А ў шэрай нашай сапраўднасці іграюць усё нешта не тое: прадказальна так, сумна...

– Іграюць?

– Ну, жывуць-жывуць. Ды часцей без накалу, адной экспазіцыяй. Калі дзеянне пачынаецца, але не даходзіць не тое што да кульмінацыі – нават да завязкі канфлікту. А пакуль не ўлезеш у канфлікт, змен не атрымаеш!

– Аднак фронт – гэта хакі.

– А, шэрасць тая самая! Не ва ўсіх, не. Хтосьці загараецца паходняй і ззяе сляпуча, бо для ўсіх... Каб у выніку ледзьве тлець доўгае-доўгае непатрэбнае жыццё пасля. Ці кароткае. Такое ж непатрэбнае. А астатнія крочаць ранейшымі сюжэтнымі лініямі, зададзенымі да ўсялякага фронту, і ад вобразаў не адступаюць. Бачу, спытаеш: гэта блага? Можа, і не... Ды дзе тады развіццё – спробы вырвацца з шэрасці, якая толькі мімікруе пад хакі? Так, час ад часу здараецца смерць, зрэдку яркая, але збольшага – пазасюжэтная. Выпадковая. Не абумоўленая ніякім развіццём. Пасля яе застаецца абрыў, а не штосьці, што мае лагічную завершанасць.

– Неяк... неаптымістычна.

– Я ж і кажу, што жыццё – не твор. Каб іграць яго моцна, мусіш парушаць усе нафталінавыя прынцыпы. Кожным дзеяннем аспрэчваць шэрасць. Кожную іскру распальваць да вогнішча. А калі не рабіць так, то дзеля чаго рабіць? Не разумею.

Паўза.

– То давай пазітыўней. У цябе ж дзень народзінаў хутка? У лютым, так?

– Амаль дваццаць трэцяга. Напярэдадні.

– О, і тут быццам нітачка сюжэту... А ў мяне – у красавіку. То бок месяц з капейкамі нам абодвум будзе па дваццаць чатыры. Смешна?

Паўза.

– Смешна-смешна! Згадка-напамін, што ў нечым я да цябе не дарос. І ці дарасту? Калі быць нелагічнаму абрыву раней за. Выбачаюся за цікавасць – а даўно вы ажаніліся? Стоп, не, лепей я... Калі аднакласнікі, то... гадоў, мусіць, пяць таму?.. Хах, без прыцэлу ў дзясятку! Проста я цябе ведаю, інакш бы даў гады два. А я вось усё беспрытульны сокал. Пры тым, што камандзір можа проста падрыхтаваць загад па авіяпалку. Хоць заўтра! Без пярсцёнкаў, без загса, без шпацыру пад руку па Чырвонай плошчы... Раз – і па-сапраўднаму. Але не, не заўтра. Не ведаю калі. А значыць, наша сумесная гісторыя толкам не пачалася – у той час як ваша завязалася і рушыла ажно тады.

– Магла і мець канец. І яшчэ... можа.

– Ну прарвалі ж блакаду? Прарвалі. Цяпер аб лепшым трэба! Слухай, я, можа быць, павярхоўны і не дайду пачуццямі да ўсведамлення ніколі, але вязнуць у цяжкіх-складаных чаканнях – гэта, як на маё, небяспечна. Крыху як... у братоў Грым. Можа, ведаеш: «Ажэнімся вось, і будзе ў нас калі-небудзь дзіця, і адправім мы яго ў падвал па піва, а гэтая матыка зваліцца яму на галаву ды заб'е да смерці...» М-м-м, даруй, ідыёцкі прыклад. Але я казкай што сказаць-та хацеў: хвіліна, якая зараз, і ёсць самая важная. А далейшае не адбылося. Яго можна «адбыць» усяляк, зусім усяляк – у залежнасці ад таго, як жывеш гэтую хвіліну і кожную наступную пасля яе. А калі не жывеш... ад таго ўсё робіцца даволі расплывіста.

– Гэта ў нечым пра бой.

– Так!! Лёс паветранага бою вырашаецца не хвілінай – секундай, доляй секунды! Недагледзеў, недаціснуў, першы не паспеў – ты труп. Дык я, асабіста я, загадзя лічыць сябе трупам адмаўляюся рашуча. Можа, таму дасюль і жывенькі... А палова нашых спіць і сніць, што я сабе неяк хітра падбіраю машыны. Ну, цябе ў сведкі: усе разам на заводзе мацалі-нюхалі... Так і жонку не абіраюць, як полк – «лавачкі»! А ўсё роўна ў некага – карыта, а ў некага – песня. Шчыра, што там хітрыць: тая ж фанера ва ўсіх, той жа метал ды канструкцыя. А ўдачлівасць – яна ў галаве. Як наладзіш сябе самога, так і паляціш.

Паўза.

– Вось не зважаю я, а каторы раз запар даю прыкладам жанчын. Пацеха! Тыя, хто аб самалёце пляткараць, і тут бы згумарылі: «Донжуан – ён і на фронце донжуан!» Ды міма, рабяткі. Ой, колькі з вас уразіцца, што дзяўчат можна не толькі кахаць, але і любіць! Як гарэзніц па духу і акторак па нараджэнні. Майстрыц пікіравацца фраза за фразай, не маючы мэтай чагосьці большага за прыемныя пікіроўкі. Дзе яшчэ, хто яшчэ будзе такім суразмоўцам? Ці ведаеш, як складана знайсці суразмоўцу? Ты – ведаеш! А калі якая без гарэзнасці, без акторства, без пікіровак – ну хто адаб'е ўсе твае аргументы, адно падняўшы вочы? Усе прыгожыя – далібог, усе! Але праз адну чамусьці шукаюць, дзе ім узяць прыгажосці... Загадкава гэта ўсё. І таму цікава, дужа цікава. Што, калі гэтага я і баюся – што буду належаць адной і страчу ад гэтага... усіх? Хаця сам кажу, што любіць і кахаць – зусім розныя плоскасці.

– І абедзве патрэбны, каб ляцець.

Паўза.

– Я, можа быць, рады, што не падняўся тады ў паветра. Падчас налёту. Вас яшчэ не было, вы прыляцелі з вучылішча толькі праз два месяцы. І майго «трынаццатага» не было. У нейкім сэнсе. Гэты знішчальнік тэхнары сабралі пасля, калі знялі запчасткі з усіх пабітых «ішакоў» і прыкінулі, што хопіць на цэлы. Гэткае страшыдла Франкенштэйна, давяраць якому большасць пабаіцца, таму ахвотна перасядзе на заводскі. Яго ўзяў я і на ім застаўся. Мне пачало шанцаваць. Ці то чортаў тузін спрацаваў навыварат, ці то сума запчастак дала суму асоб ранейшых уладальнікаў... Але-але ў асноўным таму, што падчас налёту я, паўтаруся, у паветра не падняўся. Я выбраў уратаваць не самалёт, а чалавека.

– Яе.

– Так, гісторыя вядомая. Пераказваюць бы легенду: вунь як склалася наша найлепшая пара. Але ж нічога, па вялікім рахунку, тады не склалася. Мы не ў кінематографе, не на падмостках! Калі афіцыянтка – першая красуня, а народ пераважна не ўмее ні любіць, ні кахаць, то з яе боку міжволі ідзе ў ход аднолькавая службовая ветлівасць, каб адсунуць усіх на бяспечную адлегласць. Хоць бы і мясцовага ўлюбёнца фартуны, аматара спартыўна палялякаць з дзяўчатамі (мяне то бок), які выцягнуў з вогненнай палаткі сталовай. Ліха яго ведае – нашто выцягнуў, якія сэнсы ўклаў? Ці запатрабуе жэсту падзякі?.. Не свет, а паскудства. Свет, дзе людзі навучыліся атрымліваць карысць з учынкаў спрадвечна бескарыслівых, якія і спрабаваць тлумачыць – дурасць. Дапамагчы выбрацца, таму што... Захаваць жыццё, каб... Гэта ўсё настолькі спрахла, што дзівішся, як яно яшчэ існуе! Чаму тлумачыць трэба станоўчае, а ненармальнасць дзеецца без пытанняў і заўваг? Чаму прыгажосць вымагае ахвяравання, а не проста ёсць, каб быць? Чаму... не ведаю... мы змушаны правяраць незнаёмцаў асцярогай і часам, пакуль не знойдуцца пераканаўчыя доказы бяспекі?

– Чаму бяспеку трэба здабываць ва ўласным доме і горадзе...

– ...не кажучы нават пра бяспеку казаць услых. Усё так. Слаўная мы баявая пара – Масква і Ленінград.

Паўза.

– Я таксама шэрасць? Калі ўвязаю ў цяжкім.

– Што?.. Ну ты, брат!.. Не-е-е, не-не-не! Жыць без уяўлення, што можна змяняцца, і не мець сіл на гэтыя змены – ды тут розніцы больш, чым з маімі любовямі! Кшталту... стаіш ты вось пад гарой. І бачыш увесь-увесь шлях да вяршыні. Толькі самой вяршыні не бачыш, бо яна ў тумане. А кожны склон, кожная стромая сцежка – яны дэталёвыя, адолець іх складана і на выгляд. Ці зробіш першы крок да ўзыходжання, ці не зробіш, раз невыносная сама перспектыва... Гэта залежыць ад таго, колькі сіл і як хутка яны папаўняюцца.

– А шэрасць?

– Шэрасць – гэта калі туман пачынаецца ад падножжа.

Паўза.

– І заўваж: мая галоўная крыніца сіл побач і ў парадку. Твая – за чорт ведае колькі гадзін лёту і ў стане канкрэтнай такой невядомасці. Параўноўваць нашу з табой жыццяздольнасць я б не наважыўся. Параўнанне непараўнальнага ў стылі гладкага з яркім – гэта наогул... хрэнь. Тым больш незразумела, ці не ты насамрэч іх крыніца.

Паўза.

– Хм...

Доўгая паўза.

– Я падумаў... Кожны сам стварае законы развіцця свайго сюжэту.

– Ты ў пачатак? Дай вярнуся. М-м-м, стварае... законы развіцця... Вона як. Гэта значыць, я займаўся якраз параўнаннем? І мераў іншых сабою? От жа падлавіў! Анягож, скуль мне бачыць чужы шлях ад кропкі да кропкі, ад вяршыні да вяршыні, калі я рушу сваім, непадобным? Або... наадварот. Чакай... Наадварот: я з нейкай халеры ацэньваю чужы, а сам знутры не адчуваю, што і мой сюжэт  с т а т ы ч н ы. Захрас. Перастаў рухацца да змен. Буксуе ў невідавочным...

Паўза.

– Мда. Тады і асуджаць кагосьці – снабізм, ці што. Погляд звысоку, калі стаіш на той жа прыступцы. А то і ніжэйшай... Ну казаў жа: не дарос!

Вельмі доўгая паўза.

– Ладна. Ладна. Трэба адсыпацца, а я тут развёў... філасофію агульначалавечага маштабу. Аратар! Усё, больш не займаю эфір.

Паўза.

– А ў тэатр – хочацца.


18–20.10.2023