Ганаровая пенсiя Барсiка бел

Филмор Плэйс
Вёска памірала. Хаты старэлі, кінутыя агароды зарасталі чарнабыльнікам. Абрываючы нітачкі, што звязвалi з мінулым, то адну, то другую хату выстаўлялі на продаж: дзеці вырасталі і перабіраліся ў горад. Што ж да старых... Хтосьці кідаў гаспадарку і з'яжджаў да дзяцей, іншыя перабіраліся ў дом састарэлых, трэція - на могілкі. Цяжка ў вёсцы, старым тут не месца.
Старыя сыходзілі. Закрэсленых імёнаў у запісной кніжцы Яна станавілася ўсё больш. Калі жонка памерла, і ён застаўся адзін у раптоўна прыціхлым, падтрахлым доме, дзеці загаварылі аб пераездзе. Дом, маўляў, прадасі, грошы падзеліш паміж намі, а жыць будзеш па чарзе: месяц у старэйшага сына, месяц у малодшага. Хоць ад працы адпачнеш, і Барсік пажыве на пенсіі…
- Якой пенсіі? – не зразумеў Ян.
- Ганаровай, - засмяяўся малодшы сын, Мікіта.
Следам за бацькам засмяяўся і ўнук Яна, хлопчык чатырох гадоў, малы Ян.
- Ды не, - адмахнуўся сарык, - куды мне ехаць? Тут магілы, мае карані. А дзе карані, там і дрэва... І пасля, каму я ў тым горадзе патрэбен? Ні кала, ні двара... А тут, на сваім падворку, і сабака - пан.
Увогуле пераязджаць у горад стары Ян наадрэз адмовіўся. Маўляў, пажыву пакуль у нашым доме, а там паглядзім. Як кажуць, будзе дождж, будуць і грыбы.
Барсік стаяў побач з будкай і пераводзіў позірк з аднаго размаўлялага на iншага, нібы разумеў, пра што ідзе гаворка. Пасля салодка пазяхнуў і раптам пачухаўся, грымаючы старым ланцугом. Усё жыццё ён правёў на ланцугу, пільнаваў дом, заліваючыся брэхам на ўсіх, акрамя старога Яна і яго памерлай жонкі, зімой і летам сядзеў у сваёй будцы, выскокваючы на кожны шоргат. У старасці сабака патаўсцеў, і ўваходны праём будкі стаў яму вузкі. Барсік ужо не мог, як раней куляй выскокваць з будкі, але з цяжкасцю праціскваў сваё чэрава вонкі. Ян усміхаўся, гледзячы на сабаку, але пашыраць адтуліну не стаў - «а то зусім разлайдакуе». Карміў таксама ўдосталь.
Неяк ён папрасіў нявестку, жонку Мікіты, пакласці Барсіку ежы. Малы Ян увязаўся з мамай. Дашлі да будкі, напоўнілі сабачую міску і сталі паглядзець у старонцы. Не паспеў сабака праціснуцца з будкі і нахіліць пысу да міскі, як малы раптам працягнуў руку, каб пагладзіць калматую галаву. Барсік імгненна цапнуў яго, і, не спыняючыся, працягнуў есці. Малы нават не зразумеў, што адбылося, толькі адчуў боль і заплакаў.
Пачалі глядзець - у локця сляды ўкусу. Вядома, тут жа пабеглі заліваць раны ёдам, а малому строга забаранілі падыходзіць да сабакі. Ды ён і сам цяпер баяўся. Караць Барсіка не сталі, справа жыццёвая: сабаку падчас ежы нельга чапаць.
А як Барсік цешыўся, калі гаспадар спускаў яго з ланцуга! У захапленні насіўся па двары, заліваюся шчаслівым брэхам і збіваючы з ног курэй. Тым часам дзеці Яна нават імкнуліся ня выходзіць з хаты, каб не патрапіць пад сабачы ўраган… Пасля Барсіка зноў саджалі на ланцуг, і яго служба працягвалася.
– Нічога, – суцяшаў таго Ян. - Вось перабярэмся ў горад і выйдзеш на пенсію. Тады і зажывем…
Што ж, прыйшоў і час старога Яна. Усё часцей стала балець сэрца, на стале з'явіліся бутэлечкі з лекамі, і лекаў рабілася ўсё больш. Дзеці зноў завялі размову аб пераездзе. Старэйшы, Арцём, і малодшы, Мікіта, то адзін, то другі распісвалі любаты гарадскога жыцця: і вада ў хаце, і дровы не патрэбныя, і ў агародзе працаваць не трэба. А галоўнае, лекары побач, і хуткая заўсёды пад рукой. А ў вёску хуткая дапамога не ездзіць. Увогуле, угаварылі.
Пакупнікоў знайшлі хутка. Сыны дапамаглі перавезці рэчы: спачатку да старэйшага, Арцёму. У хаце засталася толькі старая мэбля і адзенне памерлай жонкі, ды і тое ўсякая старызна. Усё, што можна было насіць, забралі суседкі. А выкінуць у Яна рука не паднімалася.
Скончыўшы са справамі, вырашыў схадзіць на могілкі, развітацца. Пераапрануўся ў прыбранае, ужо падышоў да брамкі, як погляд упаў на хворы куст ружы, што сажала старая. Трэба было глянуць. Пайшоў у адрыну за апырсквальнікам і інструментам, ды так паўдня і правэшкаўся. Апамятаўся, калі сонца пачало хіліцца да захаду. Усё кінуў, пайшоў. Па дарозе адламаў пару буйных гронак каліны, беражліва загарнуў у насоўку, паклаў у кішэню.
На могілках было ціха. Стары прайшоў між агароджаў да магілы жонкі. Дастаў з кішэні скрутак, і, разгарнуўшы, паклаў у падгалоўе чырвоныя ялкавыя гронкі: няхай паласуецца. Трохі пастаяў, гледзячы на магільны ўзгорак у раннім восеньскім змроку. Пасля уздыхнуў і павярнуў назад.
Ён ішоў, пустым, непрыкаяным восеньскім лугам, перакочваючы ў роце словы развітання. Думаў пра тое, як неўзаметку падкралася восень, думаў пра лёгкія, амаль бязважкія павуцінкі чалавечых жыццяў, якія ляцяць на ветры невядома куды…
Каля брамкі спыніўся. «Што ж, - кіўнуў ён сваім думкам, - будзь што будзе. Раку ўсё роўна, у якім чыгуне яго вараць».
Дома паставіў кіпяціцца імбрычак. З аблупленага, пацямнелага ад часу буфета з адарванай дзверцай дастаў размаляваны кубак з пары. І хоць яго кубак быў надколаты, ён не чапаў кубак старой, піў з надколатага.
Закіпела вада. Стары Ян проста ў кубцы заварыў гарбату (па-польску, як казала жонка-нябожчыца) і паставіў настойвацца. Трэба было нешта рабіць з Барсікам, але што?.. Забраць у горад? Куды? Да сына на кватэру?.. Ці зможа ланцужны сабака жыць у хаце з дзецьмі?.. Не зможа, нельга яго ў кватэру… Аддаць камусьці з суседзяў? Ды хто ж яго возьме, каму патрэбны чужы сабака? Усё жыццё на адным месцы, а там другі падворак, іншыя норавы... Сабачы прытулак?.. Лепей ужо адразу смерць...
Ён доўга сядзеў на ложку з кубкам у руках, усё думаў, перабіраў гэта і тое, і ніяк не мог дапіць астылую гарбату.
Калі Ян выйшаў на падворак, ўжо было цёмна. У вячэрняй цішы суседка гучна клікала ўнука дадому. Прайшоў да садовай бочкі з плаваючай лістотай, зачэрпнуў коўшыкам вады, павярнуў да будкі. Пагладзіў Барсіка па галаве, падліў у міску вады. Сабака лашчыўся, віляў хвастом і наравіў лізнуць рукі. Стары апусціўся побач з сабакам і крыху пасядзеў, моўчкі гледзячы ў восеньскія прыцемкі з пахам дыму. Пасля абняў Барсіка, дастаў з-за халявы нож і перарэзаў сабаку горла. Бо так трэба, так будзе лепей…
Калі ўсё скончылася, і сабака заціх у руках гаспадара, Ян выпусціў з рук калматую галаву і падняўся. На ватных, нягнуткіх нагах павольна пайшоў назад. Ён прайшоў у хату, раптам адчуваючы старасць ды сваю непатрэбнасць, і, ня распранаючыся, лёг на ложак без адной меднай шышачкі. Сон не ішоў. Ян ляжаў, хутаючыся ў сцёрты да дзірак плед, і перабіраў у галаве падзеі жыцця. Дзяцінства, цяжкую працу, знаёмства з будучай жонкай, нараджэнне дзяцей…
Прачнуўся ад таго, што захацеў піць, на двары толькі-толькі пачало святлець. Стары падняўся з ложка і набраў кружкай вады з вядра. Папіў, пасля узяў са стала ключы і пайшоў у адрыну.
З рыдлёўкай і кавалкам брызента ў руках Ян прыйшоў да мёртвага сабакі. Загарнуў Барсіка ў брызент і адправіўся ў лес. Недалёка ад узлеску спыніўся. Хай ляжыць недалёка ад хаты, гэтак яму будзе лягчэй. Выкапаў яму. Пасля вырашыў яшчэ паглыбіцца, каб iншыя сабакі не раскапалі... Калі яма была глыбінёй паўметра, стары беражліва паклаў туды Барсіка: проста ў брызенце. Пасля засынаў зямлёй. Хацеў пакінуць узгорак, але раздумаўся: ня варта прыцягваць увагу. Усё зараўнаваў і засынаў ігліцай і апаўшым лісцем.
У нейкім атупеньні падняў рыдлёўку і паплёўся назад. І толькі адчыніўшы брамку на падворак, які здаваўся цяпер пустым, ён уздыхнуў па сабаку: «Вось табе і пенсія, Барсік... Харошы быў сабака...» Каля будкі стаяла міска з рэшткамі вады. Нагнуўся, выплюхнуў ваду. Падумаў, можа, трэба было б пакласці на магілу, пасля махнуў рукой: у гэтым ужо не было сэнсу. Ні ў чым зараз не было сэнсу.