Скачок у неба

Дарья Значёнок
Вакол была цішыня, толькі тоненька свістаў вецер. Я вісеў у пустэчы на парашутных стропах і бачыў пад сабой цёмныя масівы лесу, бачыў убаку дахі, макаўкі і шпілі, бачыў выгіны каналаў у рысачках-мастах – нібы дэталёвы макет горада. А роўна ўнізе, невымерна далёка, зелянеў прастакутнічак лётнага поля. Такі маленькі, што здавалася немагчымым у яго пацэліць: вецер, які паўхвіліны таму выдзімаў мяне з задняй кабіны, студзячы скрозь шэры камбінезон вучлёта, абавязкова аднясе немаведама куды.

Аднак гэта, прызнацца, непакоіла менш за ўсё. Нават адчуванне жудаснай вышыні, ад якога толькі што халаднела сэрца і дзервянела цела, а рукі страшыліся выпусціць борт, – нават яно развеялася ў гэтай неабсяжнай пустэчы. Апоры не было, былі неба, зямля і белы купал парашута, а правей і вышэй разварочвалася фанерна-паркалёвая стракозка – аэраклубаўскі У-2, які пілатаваў інструктар.

Зямлю з вышыні я бачыў, і дзясяткі разоў, калі сядзеў у вучэбным самалёце. Але сам-насам з небам не апынаўся ні разу. І ўсё ж мацней ува мне казытаўся самы што ні ёсць зямны неспакой.

Сочыць яна ці не? Прыбегла ці спазняецца?

Я паклікаў яе напярэдадні, на літаратуры. Цягнуў чагосьці да апошняга ўроку, ну а там Мурку акурат падсадзілі да мяне – каб я «паўплываў». Насамрэч, канешне, хутчэй яна ўплывала на мяне. Валасы ў яе цёмна-русыя – растрапанае карэ амаль пад хлопчыка, а яшчэ яна прыгожа ўсміхаецца і знешне выпраменьвае сціпласць, ад чаго нават мая мама шматкроць называла яе станоўчай дзяўчынкай. Праўда, гэта не перашкаджала Мурцы хапаць «нездавальняюча» за спазненні, а па сачыненнях – бясконцыя траякі. Не, літаратуру яна любіла і кніжкі любіла, але не любіла пра іх пісаць. Ёй падабалася гаварыць. Мы і гаварылі, пакуль гадзінамі блукалі па набярэжнай... дакладней, гаварыла яна, мнагаслоўна і натхнёна, а я слухаў. Пра кніжкі, пра яе трэніроўкі па гімнастыцы, пра тое, што мне напэўна надакучыла штодзень чакаць яе ля параднай, і тое, як недарэчы ў маі хочацца на каток, пра сонца, што хоць ненадоўга адужала хмары, каб гуляць нам было весялей, пра мой аэраклуб і пра вышыню, якой яна баіцца да чорцікаў, пра зададзенае сачыненне – яна зноў хоча-хоча папрасіць мяне дапамагчы, то бок напісаць за яе, але ўхваляе, што я трымаюся і ні разу яшчэ не напісаў... Я ішоў з ёю, слухаў і ўсміхаўся таму, як яна па настроі то паскарае крок да подбегу, то пляцецца нага за нагу з апушчаным позіркам, быццам шукае на асфальце манеткі, пасля чаго задзірае галаву і выглядвае чаек, а рачны вецер налятае шкваламі і зблытвае яе валасы.

Дык вось, на той літаратуры я перагарнуў аркуш са сваім сачыненнем, за якое стаяла дзяжурная пяцёрка, і напісаў хутка, роўна і дробна:

       У нас першы скачок з парашутам заўтра. Прыходзь?

Мог бы ўслых, але парта была другая ў цэнтральным шэрагу, а настаўнік катаваў кагосьці па хатнім заданні – неяк не памятаю, каго і па чым, – і балбатні не спусціў бы. Мурцы.

Яна глянула на аркуш, шалёна акругліла вочы і застрачыла, а я скоса назіраў, ловячы рухі, не словы. Яе перавучылі з левай рукі на правую, таму буйныя літары выскоквалі з-пад пяра то так, то сяк, то накасяк, спатыкаючыся на кляксы.

       У які час??? У мяне трэніроўка.......

Яна ўтаропілася ў мяне з няшчасным выразам твару, і сэрца ўпала: няўжо трэніроўка ёй важнейшая?.. Але гэты боль я чамусьці не выдаў. Не змог. І далей мы схіляліся над аркушам па чарзе, таропка накідваючы адказы.

       У 11 быць, але вылеты пазней крыху.

       Я ПАСПЕЮ, гімнастыка ў 9. Ганяюць з-за спаборніцтваў. Збягу!

       Магу папрасіцца апошнім скочыць.

Яна люта заківала, перш чым я дапісаў, і мне заставалася працягнуць:

       Цябе мо не пусцяць блізка?..

       І што ж, буду здалёк вас лічыць. Або не, я цябе пазнаю. Ты сядзеш раўнюсенька!

Пасля клічніка Мурка схематычна замалявала авіяцыйную вінтакрылую эмблему, ад стараннасці высунуўшы кончык языка, і я ўразіўся, як яна запомніла. Усё ж самалёты займалі не яе думкі, а мае, таму ўсе гэтыя пятлічныя штучкі, па вялікім рахунку, былі ёй без патрэбы.

Мама, дарэчы, дзівілася, чаму мяне цягне ў двух быццам супрацьлеглых кірунках, філалагічным і лётным. Мурка – ніколечкі. На днях яна выпрасіла-такі мой сакрэтны сшытак для ўсялякіх празаічных накідаў, а ў авіяцыі яе захапляла, што нехта жадае забірацца на вышыню ў добрую тысячу метраў, прытым на хісткай «этажэрцы», і ўсё каб здзяйсняць там галаваломныя выкрунтасы дзеля свайго задавальнення. Яшчэ больш яе захапляла, што прадстаўніком аказаўся я. Мы сябравалі з восьмага класа, калі перавяліся сюды абое, і дасюль яна не заўважала за мной ніякіх авантурных памкненняў. Акрамя, можа быць, таго, што адзін я ўмеў збіваць каменьчыкамі з ліпы самалётныя мадэлі – па-снайперску трапна і без пашкоджанняў. Я прапаноўваў Мурцы пакатаць яе ў паветры, ледзьве інструктар дасць дабро, але яна пішчала, што залезці ў кабіну ёй ужо дастаткова высока і што там, уверсе, яна з’едзе з глузду і запатрабуе зараз жа сябе высадзіць.

Я не спрачаўся. Я чакаў, калі цікаўнасць пераможа.

Пасля заняткаў нам перамовіцца не ўдалося, бо Мурка тэрмінова некуды зазбіралася. Ускудлаціла мне чуб на развітанне і абвясціла:

– Тады вырашана: сустракаемся на полі. Усё будзе файна! І сшытак заадно прыхаплю – дачытала!

Імя ў яе амаль як у дачкі Чукоўскага, для якой ён пісаў дзіцячыя вершы, і да разнастайных таямнічых фінтаў я прывык. Але ў тыя хвіліны, калі парашут з неймавернай вышыні паволі зносіў мяне ўніз, ад невядомасці пачалі кусацца думкі адна неспакойней за іншую. Што, калі на аэрадроме яе і цяпер няма? А гэта дужа жыццёвы варыянт. Мо яе доўга не адпускалі з трэніроўкі і яна не паспела на трамвай, а мо горш – так хацела паспець, што, як у вершыку, пад яго трапіла? Аднойчы прыблізна так і сталася, толькі з аўтобусам.

Ці... у глыбіні душы яна паспяваць не хацела?

І таму насамрэч не вельмі спяшалася.

І таму спазнялася заўжды.

Не ведаю, чаму гэта раптам здалося мне такім праўдападобным. Магчыма, вінаваты быў нядаўні боль. Магчыма, я быў у паветры  з а н а д т а  а д з і н. Яна б ні за што не згадзілася апынуцца тут са мной, і гэта было самым важкім з усіх тлумачэнняў, хоць і не было аб’ектыўным.

Думкі кусалі, кусала крыўда, а зямля набягала хутчэй, хутчэй і не пакідала для іх месца. Я застаўся адзін і мусіў адзін спраўляцца. Так, скачок быў першы, але я трохі разумеў, як працуюць стропы, і на вока выправіў кірунак. Ударыла ў ступні зямля, я пракаціўся і таропка ўзяўся гасіць купал, як настаўлялі, пасля чаго сяк-так выблытаўся з падвеснай сістэмы. Глупства: перажываў болей з-за старонняга і, лічы, усё прапусціў! Лепш бы вышыні пужаўся, чым так.

Хлопцы з маёй групы, якія адстраляліся раней, дапамаглі мне згарнуць парашут, як я дапамагаў ім. Калі я выпрастаўся, у грудзях шчымліва заняло: нехта стрымгалоў імчаў па полі і весела мне махаў. Зводдаль ясна бялела Мурчына матроска, а правая панчоха была на каленцы зялёная ад травы.

Задыханая, разгарачаная, Мурка з размаху наляцела на мяне, павісла на шыі – я ледзь устаяў і машынальна абхапіў яе аберуч.

– Віншую-віншую! Фу-ух... Думала: гамон мне! Вылет першы самастойны прагуляла... а тут – парашут! Бачылі доўбню? Аж не-е, дудкі!..

Я абдымаў яе і баяўся зварухнуцца; адчуваў, як апантана калоціцца ў яе сэрца, і сцішана дыхаў у валасы, і паміраў ад сораму. Зусім не яна доўбня, а я: з якога перапуду вырашыў, што ёй усё роўна? Яна якраз паводзілася шчыра, ва ўсім!

– А было там страшна? Мне тут было! Але ў той час і не, бо ад пачатку вядома, што добра скончыцца. Я вунь з пагорка сачыла, агляд – зайздрасць!.. Гэй, ты там жывы, не самлеў?

Яна заклапочана адхіснулася зазірнуць мне ў твар. А я, замест таго каб расціснуць рукі, з чагосьці нахіліўся і пацалаваў яе. У вусны. Не ведаю з чаго. І на вачах ва ўсіх, нават у інструктара, які выбіраўся з кабіны. Ён ні ў якую не разумеў, нашто мне абавязкова ісці апошнім, калі можна першым. І вось прыбегла яна, прычына.

Мурка, здаецца, не дыхала, пакуль я не адхіліўся. А тады – апрытомнела, абурана палымнула вачыма, адскочыла на колькі крокаў.

– Дурань! Такі дзень сапсаваў!

І прыпусціла назад па полі.

Я сапраўды ўсміхаўся як дурань, пазіраючы ўслед збянтэжана і вінавата, а вакол дружалюбна смяяліся. Тут мяне бачылі з дзяўчынай упершыню і адразу так. Але звышрызыкоўны скачок быццам выключыў нешта ў галаве, гэта перастала быць надта важным: бачылі, не бачылі... Свядомасцю я дзіўна застаўся ўверсе – ціша і вольны прасцяг.

Мурка чакала мяне на лавачцы, нацягнуўшы спадніцу на запэцканае калена, і з узмоцненай увагай пазірала ў сшытак. У ім я пазнаў свой. Калі я сеў побач, першую хвіліну яна актыўна мяне не заўважала.

– Ты зрабіў непрыгожа! І паламаў увесь мой план, – заявіла яна ўрэшце непрыступным тонам і тыцнула сшытак мне ў рукі. – На, забірай! Раз ты такі, я буду пакрыўджанай і нічога аб ім не скажу. – Падумала крыху. – Сёння! А заўтра паглядзім па паводзінах. Ат, не хочацца мне з табой размаўляць, але я ж не гадаўка – псаваць дзень і далей! Тым больш я рыхтавалася.

Са сваёй спартыўнай торбы Мурка выцягнула нататнік у пераплёце і сунула мне.

– Вось, самы тоўсты, які знайшла. Гэта ад мяне. За парашут і за той вылет – ну, першы. І... вось! – між старонкамі аказалася паштоўка з выявай Зімняга палаца. – Я думала «Меднага вершніка» або «Аўрору», але так нават лепш. Проста... далей ты паступіш у лётную школу, з’едзеш. Цябе прымуць. І гэта занадта хутка... Я тут напісала сёе-тое, каб было, ды нешта скажу і так. Ведаеш такога пісьменніка новага – Экзюперы? Я не чытала, я не настолькі цямлю па-французску, ды і дзе ўзяць? Але яшчэ ён лётчык. То бок табе можна не выбіраць, быць тым ці гэтым. Можна адначасова і знішчальнікам, і... ну, кім захочацца.

Мяне душыў сорам. Я патрымаў паштоўку, бязмежна крануты такой руплівасцю, і хацеў перавярнуць, але Мурка не дазволіла:

– Не-не, потым! Сам з сабой.

Вышмаргнула, схавала ў прыклеены на форзацы канверт (відавочна, таксама яе работа) і, закрыўшы нататнік, для надзейнасці прыціснула левай, мацнейшай, далонню.

Я беражліва паклаў сваю паўзверх:

– Дзякуй.

І хоць гэтае слова было адзіным, што я сказаў за ўсю размову, Мурка зразумела. І, прыцягнуўшы мяне за шыю вольнай рукой, пацалавала ў шчаку.

– Вось так! – павучальна сказала яна.


***

Нататнік доўга заставаўся чысты. Не тое каб мне не было чаго пісаць – спачатку я пазбягаў разводзіць на некранутых старонках крамзолі, а пасля любая нагода пачаць здавалася недастаткова сапраўднай. Бо на знішчальніка я паступіў усё-ткі не адразу. Бо не адважыўся з’ехаць. Бо выбіраў не між дзвюма прафесіямі, як лічыла Мурка, а між «далёка» і «побач».

Часам я думаю: калі б я паспеў давучыцца да вайны, нешта пайшло б інакш.

У нататніку я пішу вось гэтыя радкі. Калі я знішчальнік і не знішчальнік. Калі я тут, а яны – у Ленінградзе. І Аліса хварэе. Хварэла тры месяцы таму, калі папярэдні ліст дайшоў праз кальцо. Мурка адмовілася эвакуіравацца, калі ўзімку перастала ўставаць мая мама, і я баюся пытацца ў сябе, каго абраў бы сам. А мы з рабятамі ўвесь жнівень сядзім на аэрадроме, пакуль на нашых «ішаках» вылятаюць у бой старшыя, і ўсё гэта абяссільвае, усё выглядае неяк зусім без сэнсу. Быццам я аж дагэтуль некуды не даскочыў, хаця ў небе жыў месяцамі.

Верагодна, мне трэ было паступіць раней. Або я хаця б мог дабіцца, каб лётаць не тут, а там, над Ладагай. Напэўна мог...

Не ведаю, чым скончыць твор. Ён мусіць нечым скончыцца, але нічога не прыходзіць у галаву. Проста няхай Аліса не хварэе. І Мурка не хварэе. Тады я штосьці прыдумаю – Мурка кажа, у мяне атрымліваецца. Хаця па праўдзе яна выдумляе больш.

Я даўно не даставаў паштоўку, каб не расклеіўся канверт. Даставаць і не трэба – я памятаю даслоўна, што там за надпіс, вялікімі няроўнымі літарамі:

       Мне падабаецца твой голас, Саша. Хачу пачуць, як ты чытаеш.


07–09.01.2023
(рэд. 10.04.2024)

#райтчэлендж