Алеся з Палесся

Леонид Шур
Чароўны чэрвень! Алеся ў ружовым сарафане басанож ляцела ад сяла па сцежцы. За Дзедам-валуном паляна – падножжа горкі. Справа – возера, злева – лес. За каменем дзяўчо ледзь не збіла карліцу ў бурштынавым капялюшыку.
- Прывітанне, Алеся!
- Дабрыдзень. Мы знаёмы?
- Усіх ведае бабуля Бадзула. Па шляхах блукаю, бадзяцца запрашаю.
- А я паляжу на паляне, пагляджу на аблокі.
- І не палохаешся злых духаў?
- Не. Але купацца не буду, у гушчар не палезу.
- Так, Алесечка. Вадзянік можа ўтапіць, а Лясун – выкрасці.
- А чаму?
- Распавяду. Некалі Вадзянік і Лясун паспрачаліся, каму паляна належыць. Вырашылі паспаборнічаць: хто данясе валун да вяршыні горкі, той і будзе гаспадаром. Вадзянік праз два крокі выпусціў груз. Лясун узяў камень і стаў паднімацца. Вадзянік залямантаваў “Лясун, кінь валун”, а затым падставіў падножку. Лясун спатыкнуўся, валун зваліўся і ўрос у зямлю.
- З той пары яны – ворагі…
- …і сабе і людзям. А жадаеш, Алесечка, ад гэтых чарцей пазбавіцца, каб жыць не заміналі?
- Пытаеце!
-  Дык сунь левую пятку ў вадаём і пакліч "Выходзь, Вадзянік, на красуню паглядзі-ка".
Калі з'явіцца, паведамі, што Лясун марыць зарасціць паляну ялінамі і ператварыць возера ў балота. Потым адыдзі да валуна і глядзі, а нячыстая сіла сама сябе вынішчыць.

Дзяўчынка заўсёды слухала старэйшых. Яшчэ не сустракала нягоднікаў.
Хвілінка – і вось холад вады абпаліў ножку. Алеся адскочыла, бо перш нерухомая роўнядзь па нарастальнай завіравала, з сярэдзіны возера вырасла нешта сіняе, затым наблізілася і ператварылася ў таўстуна з барадой-цінай. Рыбін хвост ды хітрая ўсмешка.
- Навошта клікала? Або пацалаваць, каб я прынцам абгарнуўся?... Маўчыш, як акунь?.. Не палохайся, я слаўны. Але павагі патрабую, бо ўладар вады. Вадзянік вясёлы!
- А я – Алеся. Як ты патрапіў у возера, з неба зваліўся?
- У багавінні нарадзіўся. А ты што тут робіш, Алеся з Палесся?
- На вакацыях.
- Ага, на дачу і лайдачу. Тады адгадай загадку. Без ног бяжыць, без вачэй глядзіць!
- Няўжо вада? Ой, справа ёсць! Тут бабка Бадзула прасіла перадаць, што…
- Ведаю. Лясун запраектаваў на палянцы пабудаваць аграсядзібу, каб запаганіць возера!
- Не… Яна казала…
- Ды якая розніца! Ну, жадаеш убачыць сапраўдную бойку?
- Не... Але… Было б цікава.
- Але, Алеся… Выбірай. Што азначыш, тое і атрымаеш! Закон сусвету!
- Добра, паказвайце!
- Тады адбягай да валуна, пачынаецца вайна!

Алесю ўгаворваць не трэба, адразу схавалася. Такім чынам, –  шэптам пракаментавала зачыншчыца, – Зноў змаганне з-за мяне! У сінім куце рынга – вірлавокі Вадзянік. Хто ў зялёным?
Вадзянік стаў чэрпаць ваду рукамі, пальцы якіх злучалі перапонкі, і кідаць угару. Бруі злучаліся ў хмары, тыя адчалілі да лесу. Чарноцце апанавала высь, і абрынуўся лівень на дрэвы. А паветра прабіў заклік Вадзяніка, – Прыходзь, Лясун, ствары трасун!
Каля валуна была суха. А ў цемры скрозь фантаны ззяла небяспечная ўсмешка Вадзяніка.
Лес зароў, дрэвы сталі пампавацца у бок возера, ствараючы вецер. Насоўвалася бура, але падбухторвальніца ўжо не магла адарвацца ад гледзішча. Храбусцячы галінкамі, з гушчару павольна, але няўмольна выплюнуўся доўгі, як хвоя, зомбі. Бязлітасны Лясун. Зялены кажух навыварат. Правы лапаць на левую нагу, левы на правую. Вусы і ручышчы накіраваныя наперад. Ваявода жудасна свістаў ды пляскаў у ладкі.
Пачуўшы Лясуна, Вадзянік удвая гучней загаласіў, – Вынырайце, вадзяніцы, мае статкі прывадзіце! Клічу я маіх кароў - карпаў і ляшчоў! Дзе мой сом –"чортаў конь"? Дзе рапушкі баявыя? Дзе ракі маладыя? Утопім, адкусім, нап'емся, закусім! Не баімся кабаноў, пчол, абцугоў, нават соў!
Алеся на імгненне ўявіла сябе гледачом на рок-канцэрце двух розных па стылю груп. Такія музычныя хуліганы здольныя не толькі гітары разбіць, але і чэрапы імі праламаць!
Лясун паклікаў усіх насельнікаў лесу! Вецер падхапіў дробную жыўнасць, і паскорыў хаду буйнам звярам. Як сталі яны выць ды раўці, выдаваючы гукі, якія зліваліся ва “УРА”! Вецер у возеры падняў такі ураган, што вакол закружыліся рыбы. А Вадзянік усё чэрпаў вільгаць, ствараючы дождж. Баламутні заляглі на беразе возера ў абарону, вышчарыліся шчупакі. Хутка сыдуцца лясная ды водная гвардыі!
- Яны ж пазабіваюцца! Што я нарабіла! –  Алеся заплюшчыла вочы і заціхла. Нейкі час вэрхал працягваўся, але затым нечакана усё спынілася.
А калі ачуняла, падумала, што ашалела, а ўслых прамовіла, – Алеся у краіне цудаў!
Ні дажджынкі, ні ветрыку. І лес і возера зноў былі ціхамірнымі. На беразе на ўсю забаўлялася з азёрнай лясная братва. Мядзведзі пілі з крыніцы з гарэзлівымі азярнiцамі, ліскі купаліся з расамахамі, птушачкі танчылі з рыбкамі, вавёркі бегалі за ракамі, зайчыкі і жабы скакалі ў вышыню, алені заляцаліся да русалак.
А галоўныя былыя ворагі стаялі ў абдымку, паляпваючы адзін аднаго па плячах і прыгаворваючы басамі:
- Ішоў, знайшоў рыбнага пастуха! Не ціхоня, а вірнік!
- А што ты так расшумеўся, дзікун? Не кастрычнік, ранавата лютаваць-жартаваць.
- Выдатную спартакіяду гадаванцам мы ўладкавалі! Я цябе праветрыў ня горш, чым ты мяне абмыў, Барада!
- А я смуткаваў па браціку Сіфону, ды і ўрок патрабаваўся аднаму чалавечку. Нельга адразу думаць дрэннае пра іншых. Дарэчы, – усміхнуўся Вадзянік, –  Бадзула – дачка Бабы Ягі. Не вядзьмарыць, а толькі шкодзіць.
- Зайздросціць нашаму сяброўству! А яго ні ветрам не раздуць, ні вадой не разліць!

Алеся схіліла галаву і прамармытала, – Прабачце мяне! Што я ледзь не нарабіла! Магла нашкодзіць лесу і возеру! Вы захавальнікі прыроды! Абяцаю – пайду ў “Грынпіс”!
- Ты хоць не пэцкай, напэцкала – прыбяры, - уздыхнуўшы, прамовіў Вадзянік.
- Мы не сярдуем, – дадаў Лясун, – прымі лепш на памяць арэхі, грыбы ды ягады.
- І рыбак з ракамі ў хату знясі.
- Не, дзякуй. Я не магу ўзяць.
Алеся так засаромелася, што з усіх сіл зажмурыла вочкі, жадая апынуцца ў іншым месцы.
Праз нейкі час вейкі адкрыліся, і дзяўчо зразумела, што задрамала на палянцы. Сонейка развітвалася, а Алеся і не здагадвалася, што ў Дзеда-валуна яе чакаюць кошыкі. Адзін - з азернымі, а другі - з ляснымі дарункамі.