Цягнiк з чырвонымi крыжамi

Дарья Значёнок
У вагонныя вокны хвастаў летні начны лівень, мерна стукалі колы, а Леся плакала.

Нават пад стук колаў плакаць можна было толькі бязгучна: вагон спаў. Усе да аднаго падвесныя ложкі, што ў тры ярусы ўзвышаліся абапал цэнтральнага прахода, былі занятыя параненымі – Леся з-за свайго століка дзяжурнай санітаркі бачыла ў змроку галовы на падушках, рукі і ногі ў бінтах або ў гіпсе, адтапыраныя байкавыя коўдры... Ваенна-санітарны цягнік ішоў прэч ад лініі фронту, ішоў поўны, і, па шчырасці, плакаць пра сваё не было калі. Але па шыбах струменілася дажджавая вада, па шчоках ціха збягалі слёзы. Леся выцірала і выцірала іх насоўкай, ды яны цяклі зноў, хаця яна бездапаможна спрабавала дыхаць раўней і глядзець перад сабой – у акно, на сваё адлюстраванне. Ды лепш бы не бачыць... На фоне бялюткай хусткі і халата яе твар быў шэры, спакутаваны, шчуплыя плечы сутуліліся. У нявыгадным святле блізкай лямпы, адзінай на ўвесь вагон уключанай, пад мокрымі бліскучымі вачыма праляглі цені.

Вось яны, два месяцы працы. А гэта ўсяго пачатак...

У яе не выходзіла. Адны хворыя нерваваліся і грубілі, другія, абыякавыя да ўсяго, адмаўляліся есці, у трэціх – хоць і выяўлялі яны цёплую ўдзячнасць – запаляліся раны, адкрываліся крывацёкі, і не радзей, чым у папярэдніх. А яна, разгубленая, збівалася з ног, намагаючыся дагадзіць кожнаму. «Хутчэй, ахайней! Сыдзеш ты з аблокаў?» – сярдзіта напускалася на яе Іна Аркадзеўна, старшая медсястра – эталон спрыту і акуратнасці з рэзкімі рухамі і нязменна вынішчальным тонам. Сёння, напрыклад, ад штуршка цягніка Леся праліла змесціва судна на беласнежную прасціну. Зусім трошачкі, але крыку было...

Да хісткай падлогі Леся прывыкла, ды часам так хацелася трываласці, надзейнасці. Хоць пад нагамі. Прывыкала яна пакрысе і да выгляду калецтваў, да спецыфічных пахаў, да гоману пацыентаў і граду ўказанняў, да пылу-пылу-пылу на ўсіх паверхнях, да таго, што даводзіцца бясконца разносіць конаўкі з вадой, пакуль яе ўласныя вусны склейваюцца ад смагі... А да ўхабін у чалавечых стасунках усё не магла прывыкнуць.

Леся выцерла нос у дзясяты раз, дрыготкімі рукамі склала насоўку і адвярнулася ад расціснутай і няшчаснай Лесі-блізняткі, каб угледзецца ў ярусы ложкаў. Недарэка: забыла працоўныя абавязкі, дазволіла сабе пабыць з сабою...

Угледзелася, памарудзіла.

Вохнула – і ўскочыла з крэсла.

Самы далёкі ложак у ніжнім ярусе пуставаў.

Ад спалоху слёзы ў Лесі скончыліся. Яна шпарка пайшла з канца ў канец, амаль пабегла па вузкім дыванку, ловячы рытм гайданняў вагона, а перад ёю бег цень, доўгі і тоненькі. Вузел дзённай напругі ў грудзях, які ў цішыні аслабеў, пачаў няўхільна зацягвацца, збіваючы дыханне. Згубіць пацыента ў крыгеры – вагоне цяжкапараненых! Хто яшчэ на такое здольны? Жах, няўжо імчаць узнімаць трывогу? Леся жыва ўявіла, як мінае вагон за вагонам, як тузае ўбок дзверы купэ Іны Аркадзеўны...

Тут яна з сорамам усвядоміла, што баіцца не за зніклага, а за сябе, і прыспешыла крок.

Змятая падушка, коўдра ўбаку... Толькі што тут ляжалі. Суседзі мірна пасопваюць... Леся замітусілася ў праходзе, то зазіраючы пад ложкі, то ўскідваючы галаву пад столь, хаця ясна было, што з паўсядзённай рэальнасці, урэгуляванай з медыцынскім педантызмам, выпадае толькі адна дэталь.

Урэшце Леся панічна рванула дзверы, ступіла ў тамбур... і абмерла, хапануўшы паветра ротам.

Ён быў тут. У адной бялізне, даволі грузны, ва ўзросце, старэйшы за Лесю больш чым удвая. Па дакументах – сяржант, механік-кіроўца танка. Меркавана, цяпер былы. Бо з ног у яго была толькі правая, і на гэтай правай ён устойліва стаяў, абапіраючыся спінай на сцяну, а левай рукой – на мыліцы. І курыў.

Леся сцяміла, што некалькі секунд не дыхае, і выпусціла паветра. Пасля чаго машынальна зачыніла за сабой дзверы – ціха, без стуку, каб не пабудзіць вагон.

Калі б не левая калашына кальсонаў, падгорнутая да калена, яна вырашыла б, што з перапуду паблытала дыягназ.

– Але... як?.. Маркаў, вам жа  а б с а л ю т н а  забаронена ўставаць! Тым больш аднаму. Тым больш...

Яе чуйны нос санітаркі западозрыў дзесьці тут яшчэ і фляжку – неймаверна! – з далёка не нявінным напоем. Але заікнуцца аб тым яна не пасмела.

– Як вы маглі надумаць такое?.. В-вяртайцеся ў ложак, зараз жа! – Лесін голас надломваўся і ніяк не рабіўся строгім.

Выбліснула далёкая маланка – падсвяціла шкло ў дзвярах, зацярушанае кроплямі, акрэсліла плячысты, мядзведжы сілуэт. Палёгка ад знаходкі перааформілася ў збянтэжанасць: наўрад ці яна, кволая, зрушыць яго з месца, калі ён не захоча. Нават з улікам таго, што абедзве нагі пры ёй, а рост у іх амаль супадае.

Маркаў павярнуў галаву на мажнай шыі, і ў святле новай маланкі ў Лесю ўтаропіўся непрыязны позірк з-пад бінтоў на нізкім ілбе. Бінтоў, якія яна змяніла ўласнаручна колькі гадзін таму.

– Не з-за кавалера слёзы ліеш? – хмурна спытаў ён. – Іншую знайшоў, пакуль на цягніку катаешся?

Яна аслупянела ў другі раз, цяпер ад непрыхаванай бесцырымоннасці.

– Што... І зусім не! Ён лётае. Ён знішчальнік і... Не важна... – яна хуценька выцерла шчокі, наіўна спрабуючы ператварыць сябе з заплаканай дзяўчынкі ў суровую супрацоўніцу. – Паслухайце мяне, таварыш Маркаў! Ваша задача – ляжаць і хварэць, а мая – сачыць, каб вам станавілася лепш, а не горш. Нашто гэткія выбрыкі, калі... Ну хіба незразумела?

Камандны голас у яе ўпарта не выходзіў, у дадатак колы грукаталі тут ва ўсю моц і палову перакрывалі. Затое пацыенту было не займаць маналітнай цвёрдасці.

– Пайду не раней, чым дакуру. От так, – прагудзеў ён раўнадушна і адвярнуўся да шкла, па якім сцякалі струмені вады. – Шмат вас наўкол шнырыць, ні хвіліны самоты...

Ад руху цягніка Лесю матлянула, і яна разгублена ўперлася далонню ў сцяну. І што далей? Галоўнае, сама была вінаватая: так яе засмактала дурная, злачынная слабасць, што хворы збег нават без нагі! Чаго чакаць, калі прыставяць да лёгкапараненых?

– Я адсюль не сыду, пакуль не заганю вас у крыгер, – не вельмі ўпэўнена паабяцала яна, паглядаючы з апаскай на дзверы ў сумежны тамбур, які таксама пагойдваўся ўверх-уніз. Хоць бы не прынесла сярод ночы каго з кіраўніцтва... – Указанні тут раздаю я. І я вам кажу: будзьце паслухмяным, ідзіце ў ложак!

Нуль увагі. Зацяжка папяросай. Маўчанне.

– Усё адно не сыду! І самоты не атрымаеце. А калі пагодзіцеся – я дапамагу, я дужая, не глядзіце на канстытуцыю... – часціла Леся, пераскокваючы з пятага на дзясятае і з загаднага тону на просьбітны. – Нельга, нельга тут быць! Ноч халодная, вас у бялізне яшчэ і прадзьме!

Інерцыя раптам адкінула яе на крок, сучляненні цягніка заскрыгаталі на павароце. Маркава небяспечна павяло, і Леся, схаладнелая, мышкай шмыгнула да яго, з натугай падперла плечыкам, зажмурылася...

– Стаю-стаю. Адбой, – прапыхкаў ён, узнаўляючы раўнавагу.

Яна перарывіста выдыхнула і няверным рухам заправіла пасму пад хустку. А ў думках горача падзякавала мыліцам за тое, што не заслізгалі.

У шчыліну задзімаў сцюдзёны вецер, уплятаючы пах дажджу ў пах цягніка. У той пах, які прабраўся ў адзенне, валасы, саму існасць і перастаў быць заўважным. А сцяна дзяліла са спінай дрыготку-вібрацыю – яднала шараговую санітарку, неабазнаную ў чыгуначных справах, з механізмамі, якія скіроўвалі скрозь ноч гэтага драўляна-металічнага сегментнага вусеня з чэравам, поўным людзей.

Рух, вечны і мерны рух. Калі яго супыняюць, нагам робіцца дзіўна.

– Ну хадзем, калі ласка... Вам жа цяжка! – умольна мармытнула Леся, працягваючы трымаць Маркава за локаць. І ў няёмкасці высветліла праз дотык, што яму ў ніжняй кашулі відавочна цяплей, чым ёй у халаце паўзверх гімнасцёркі.

Памарудзіўшы, яна прызналася з нечага, з адчаю ці чаго:

– Вы да майго таты падобны...

Ён чмыхнуў – ці паблажліва, ці пазабаўлена. Але не злосна. І – самае важнае – усё-ткі пайшоў на кантакт.

– Да таты! Што, гэткі ж упёрты?

– Не. Фактурай увогуле, нешта такое... Толькі ён старэйшы.

Маркаў варухнуў бровамі, не закрытымі слаямі бінту.

– Дома?

– У эвакуацыі. Авіязавод.

– Ат, і тут самалёты, каб іх... – буркатліва паскардзіўся ён з прафесійнай крыўдай, аднак у роздуме змерыў яе позіркам ад хусткі да ботаў. Яна паспадзявалася, што прыцемак дастаткова глыбокі, каб схаваць пыл на кірзавых насах. Для штодзённай барацьбы з ім не хапала ні часу, ні сіл. – Ага! Вось, значыць, хто абдымаўся з лётчыкам на платформе. Сам я не бачыў, ложак з іншага боку... А ці не маленькая шчэ раманы круціць?

– Я не абдымалася, – шчыра сказала Леся, ружавеючы. – Абнялі мяне.

Наконт узросту яна не магла спрачацца. Васямнаццаты дзень народзінаў праскочыў у вэрхале прыёмкі і размеркавання параненых, так што адчуць сябе дарослай яна не паспела.

Успамін пра колішнія клопаты не дазволіў сплысці ў рамантычную мрою, прыглушыў яе загадам засяродзіцца на абавязках. А яна была б не супраць, ніяк не супраць стаяць зараз у цемры тамбура не з пацыентам, а... з ім.

– Можа, пойдзем усё-ткі? Ціхенька. А? – у яе, нібы знарок, вывалілася з галавы, як Маркава зваць па імені і па бацьку, а пытацца было сорамна. – Я ж па-простаму прашу... Іна Аркадзеўна зноў насварыцца начальніку цягніка, і мяне прагоняць, і... Жахліва, я такая... бескарысная! – дрогкасць у голасе выдала, што слёзы скончыліся не ўсе.

– Мегера ваша Аркадзеўна! Люцыпар у спадніцы, – нядбайна заявіў Маркаў. Ён, падаецца, змірыўся з нежаданай кампаніяй, раз не спрабаваў нават адхіліцца. – Перад такой выдыгаць – сілы марнаваць, во.

Адважна! Леся слаба, недаверліва заўсміхалася і ўпершыню зірнула не на бінт на яго лбе, а ў вочы. Адчуць падтрымку было прыемна.

– Вы не думайце, я не ўшчэнт зялёная, – запэўніла яна на ўсякі выпадак. – Да цягніка яшчэ ў шпіталі падпрацоўвала. Але там было... неяк не так.

– Рэч вядомая, персаналу як блох. А я вось не люблю, калі столькі народу. Калі распыляюць працу на ўсіх. На ўсіх – гэта як бы ні на каго. А сам робіш – сам адказны, гэта па мне... Як у экіпажы.

– Але і шпітальны персанал – па-свойму экіпаж, – падумаўшы, сказала Леся. – І каманда цягніка...

Маркаў паморшчыўся, крутнуў галавой. Яму балела, і ён не меў ахвоты заглыбляцца – так падказваў Лесін унутраны эмпатычны барометр.

– Адзін чорт людзей да халеры! Ёсць у каго прасіць дапамогі. Баяцца ёсць каго. Вось ты, пташка... Ты добра робіш таму, што медсястру старшую баішся, ці таму, што справу ведаеш?

«Нічога я не раблю добра», – уздыхнула сама сабе Леся, але адценні ўлавіла. І здзівілася ім.

– Што, розніца? Вас, санітарачак, аж цэлая чарада тутака. А была б адна на ўсё пра ўсё – ну, як? Знішчальнік твой, бадай, адзінюсенькі ў сваім апараце. І рашэнні прымае без чужых выспяткаў. – Маркаў, раздумваючы, пажаваў папяросу і дадаў: – Але і ў адзіночку я не ваяр і ніхто не ваяр. Чацвёра, прыкладам, – акурат сюды-туды...

Дадаў ды змоўк, і наступны ўдых выйшаў у яго працяглы, свісцячы. Цягнік якраз гулка зашумеў-зашапацеў на мосце, і ён вызірнуў вонкі, як вызіраў, калі Леся яго знайшла. Хаця скрозь шыбу, залітую дажджом і запацелую, мала што было бачна. А пасля, калі праляцелі мост і калі колы з палёгкай загрукаталі па-звычайнаму, – скупа зазначыў (нібыта без сувязі, але і з ёю):

– Жонка галасіць будзе. А што працоўныя рукі са мной – не заўважыць.

– Можам напісаць ёй разам, – рызыкнула прапанаваць Леся. – Я так з некаторымі пішу – просяць...

Ён няпэўна тузануў правым, вольным, плячом – маўляў, там будзе відаць. І неспадзявана адсек:

– Ладна, Ляксандра, годзе языком малоць! Выпраўляемся, ці як?

Леся ўздрыгнула, замітусілася:

– Ой, па праўдзе? Добра, я... Дайце падхаплю...

– Цыц, малая! Сам. Ламаны, умею... Лепей дзверы патрымай, – Маркаў сунуў мыліцы пад пахі. – Не, не твая ўзяла. Папяроса дагарэла! – патлумачыў ён непрыступна.

Яна з нацягнутай усмешкай прапусціла яго ў крыгер, усхвалявана матыляючыся між дзвюма думкамі: ён падміргнуў насамрэч? ці здалося?..

Пакуль Леся ўвішна падтыкала Маркаву коўдру, з другога яруса папрасілі піць. Яна схадзіла па конаўку, вярнулася з вадой, ізноў рушыла ўздоўж ложкаў, а Маркаў усё крактаў і нездаволена варочаўся за сеткай, як мядзведзь, што ладкуецца на зімоўку ў бярлозе. Не ў аднамеснай – яшчэ на пару дзясяткаў мядзведзяў...

Леся паціху ішла па сваім вагоне, трымаючыся за металічныя часткі ложкаў, і з новай увагай слухала дыханне хворых, папраўляла коўдры, падушкі... Адсочвала любыя ненатуральнасці, якія парушалі заведзены парадак. А праверыўшы ўсіх, апусцілася на сваё крэсла і павольна-павольна выдыхнула, выпускаючы з сябе рэшткі напругі. Не абмякла, не абаперлася – так і замерла з прамой спінай, бо не асмелілася прызнацца сабе, які ўнутры спакой. Зірнула ў іншы канец вагона, дзе Маркаў суняўся з закінутай за галаву рукой і, падобна, утаропленымі ў вышэйшую паліцу вачыма; коўдра выпіналася, дзе была нага, і ляжала роўна, дзе нагі не было. А з шыбы ў святле адзінай лямпы глядзелі на Лесю агромністыя вочы – бліскучыя, але не мокрыя.

Закалыхваючы, мерна стукалі колы, і хвастаў у вагонныя вокны лівень.


21–23.11.2022
(рэд. 25.07.2023)