З Новым годам, Лiда!

Дарья Значёнок
Прыдумаць навагодняе жаданне... Здавалася б, што тут складанага, калі свята заспела цябе падчас вайны? Жаданне – тое самае, агульнае для ўсіх – месяц за месяцам не сыходзіць з вуснаў, і менавіта з ім узнімаюцца ўсе келіхі, шклянкі і конаўкі. Але... не загадваць жа тое самае другі год запар?

Новаспечаны лётчык-знішчальнік Ліда Жук загадала, каб вайна не паспела скончыцца без яе.

Ішлі першыя гадзіны новага, тысяча дзевяцьсот сорак трэцяга года. Вучэбна-трэніровачны авіяцыйны полк сустракаў яго ў пашарпанай сталоўцы, цеснай для ўсіх прабывальнікаў тылавога аэрадрома. Удзень на самалётных стаянках не сустрэнеш адно чорта лысага: і нервовыя “жаўтароцікі”, збітыя ў трэцім вылеце, і пілоты грузных транспартнікаў падчас перападрыхтоўкі на баявыя машыны, і мацёрыя ваўкі пасля чарговага ранення, вядомыя па газетных фотаздымках часу паветраных парадаў і рэкордаў...

Полк стракацеў людзьмі розных родаў авіяцыі, розных франтоў і лёсаў, і дзяўчына ў лётнай форме была тут з’явай, можа быць, рэдкай, але не экзатычнай. Больш экзотыкі, бадай, у тым, што ў форме Ліда прыйшла адзначаць Новы год.

Ну, як у форме... Давялося змірыцца з фактам: пакуль малодшы лейтэнант Жук амбітна выгрызала сабе шлях у франтавое неба, яна ўшчэнт абнасілася. Абмундзіраванне, атрыманае ў лётнай школе яшчэ восенню сорак першага, цяпер магло сысці хіба для мыцця падлогі. “І то знявага вайсковаму інтэрнату!” – саркастычна ўкручвала Ліда. А выбіць тут новае было не лягчэй, чым дапрасіцца пераводу ў часць. Эфемерных сукенак-блузак-спаднічак у ейным спартанскім чамаданчыку тым больш не вадзілася, затое быў старэнькі, але прыстойны шарсцяны швэдар, які яна паддзявала пад гімнасцёрку для цяпла. Гранітна-шэры з белымі ўзорамі і з пяцелькамі павыцягнутых з часам нітак, вязаны яшчэ на падлетка, ён і стаў ключавым элементам навагодняга ўбору. Заставалася мімаходам прыгладзіць заліхвацкі чорны чуб – хлапечая, найзручнейшая стрыжка, – і канцы важданіне.

Такім чынам, верхняя палова Ліды выглядала па-грамадзянску, а ніжняя – па-вайсковаму.

Калі ж яна, малая і дзелавітая, пераступіла парог сталовай, запусціўшы рукі ў кішэні галіфэ, ёй захацелася аблаяць сябе: адкуль думка шукаць кампраміс?! У атачэнні летуноў і тэхнароў рознага калібру, перацягнутых рамянямі, з медалямі і без, у ліха насунутых галаўных уборах, у люстрана адпаліраваных кірзавых ботах у гармонік – у атачэнні ўсіх гэтых бадзёрых вайскоўцаў яна рабіла ўражанне выпадковай лыжніцы, якая зазірнула адагрэцца перад далейшым шляхам. Прычым фарсіў мужчынскі пол не столькі формай, таксама далёка не параднай, колькі гуморам і гумарам. А іх у Ліды якраз не назіралася. Таму што і кожная аэрадромная цытра з сувязістак, прыбарыстак, метэаролагаў і чорт ведае каго яшчэ надыбала больш-менш урачыстую сукенку, а дзве траціны ўсіх – туфлі. І дзе яны ўзялі час, каб накруціць валасы на паперкі і арганізаваць фрызуру?

У выніку знешне Ліда не дачынялася ні да адных, ні да другіх.

“Ну й каціцеся! Не хапала дагаджаць густам кожнай хеўры, у якую трапіш! – фыркала яна цяпер, занадта ўколатая, каб перашалець за пару гадзін. Прыстукваючы наском кірзача ў такт патэфоннай “Рыа-Рыце”, яна без захаплення сачыла за фінтамі танцавальных пар. Сякая-такая самадзейнасць і па сумяшчэнні вячэра скончылася, сталы рассунулі, і давялося эвакуіравацца ў зацішак ля сцяны – пад абарону навагодняй яліны. – Прыхарошваюцца яны, скакаць заявіліся цэлым табуном... Ваюем ці балюем?”

Ліда і сама не магла разабрацца, чаму ў ёй атрутна свярбіць прыкрасць. Можа, ні пры чым былі скокі і ўборы, проста яна несвядома чакала ад вечару чагосьці гэткага, незразумела чаго, і злавала, што яно не спраўдзілася. Можа, гэтыя ялінавыя лапкі, абсыпаныя камячкамі прывабнай, як салодкай, ваты, і падвешаныя на нітках сушкі ды цукеркі, і чырвоная пяціканцовая зорка пад столлю выцягвалі на святло ўспаміны з ранейшага жыцця, якія зручна было замыкаць у глыбіні і цемры. Можа, сам ваенны ўхіл свята мусіў застацца ў сорак першым годзе.

Можа, кусалі думкі, што за год Ліда абавязана была зрабіць больш.

А скрозь музыку адусюль даляталі то смех, то воплескі, то ўрыўкі дыялогаў, якія з думкамі гэтымі спалучаліся рэдка.

– Ахвоці які фасон! Мне жалезна трэба такую выкрайку: на Восьмага сакавіка ну нічога. А гэтая сукенка распаўзаецца, я пад пахай дзірачку зашыла... Толькі цс-с-с!

– Так, рашучая жанчына вымагае  б е з у м о ў н а г а  рашучага падыходу. У гэтым, Яша, я з вамі выключна згодны! Чаму нас вучыць знішчальная авіяцыя? Вядзем бой ініцыятыўна і напорыста, любы манеўр пераводзім у атаку... А залог поспеху – у чым? У эфекце нечаканасці!

– Таварышы, прашу ўвагі! Чыя фуражка на жырандолі?

– Я? Я пасля сканчэння ўсёй гэтай катавасіі ў Ваенную акадэмію махну! Школа лётная, фронт – гэта, братачкі, сур’ёзна, але не грунтоўна. У навучанні сістэма патрэбная! Эх, адно што ў дыктоўках я ні вуха ні рыла. Тыя шмуфіксы выпарыліся з канцамі...

– Верыш – колераў хочацца. Ко-ле-раў.

– І ўсё-ткі згадзіцеся: ёсць пэўны алагізм у выразе “піць за Перамогу”. Я яшчэ разумею “біць”...

– О, і ў вас каток залівалі? Дачушка пасля школы, бывала, схопіць калодачкі з лёзамі – і на двор. Назад – у сіняках, мокрая як мыш... Жадала ганяць з першых крокаў. Потым я наконт сапраўдных канькоў расстараўся... Што? Не, яны яшчэ той зімой выехалі! Дзякуй богу. Як Ладага замерзла...

Насупраць Лідзінага твару калыхаўся пад галінай самалёцік, скручаны з дроту. Падобныя хаваліся па ўсёй яліне ў розных варыяцыях – абыходзь і знаходзь. Ёсць жа тут людзі рукастыя... “Ла-5”, – пазнала Ліда і, затаіўшы дыханне, паднесла палец, каб фігурка перастала падрыгваць. Гэты прытуплены нос і шырокія акруглыя плоскасці яна штодзень выглядвала ў прамерзлым небе над аэрадромам, пакуль чакала сваёй чаргі. А калі засынала штоноч, пад павекамі ўсплывала прыборная дошка, вызубраная да найменшай стрэлачкі. І не, Ліда не стамлялася ўсюды насіць у думках вобраз машыны. Дапусцім, кропельку... Але ці не раскоша стамляцца ад сваёй будучыні, якую нарэшце стала можна памацаць? Новай будучыні – новая тэхніка! Гучыць?

Дабіўшыся ад самалёціка нерухомасці, Ліда падміргнула яму, а пасля свавольна пстрыкнула па стабілізатары. І, пакінуўшы фігурку гайдацца, намеціла сабе цукерку галінай вышэй. Будзе чым уціхамірыць страўнік, калі ён па звычцы затужыць сярод ночы, толькі падражнены вячэрай...

– Ч-чорт! Ах ты ж зараза!

Ліда зашыпела ад болю, затрэсла кісцю. Ізноў забыла, што трэснуў вялікі палец! Яны, пальцы, трэскаліся пастаянна: ранкі рабілі выгляд, што зацягваюцца, а самі вычэквалі зручны момант. Напрыклад, калі памкнешся ўзяць відэлец са сталоўскага абруса, ці выняць іголку са шпулькі нітак, ці перагарнуць старонку дапаможніка, пакінуўшы на ёй плямку крыві. А перад Новым годам заўпарціліся гузікі гімнасцёркі. “Ой, дарма я пруся на вечар”, – зморшчылася тады Ліда, сузіраючы пунсовую і на выгляд смачную, як малінавае сочыва, кроплю (ад нядаўняга часу свядомасць жыла вобразамі не толькі авіяцыйнымі, але і гастранамічнымі).

Так, з-за сабачага холаду на лётным полі і стыласці інтэрнацкіх калідораў скура на кончыках пальцаў трэскалася да крыві, а на костачках сохла і лушчылася. Паспрабуй заныкай цукерку, калі ў цябе з дзесяці пальцаў тры непрацоўныя. Вялікі з сярэднім на правай руцэ, указальны на левай – вечна блытаеш, якімі нельга хапацца. У кабіне лягчэй, усё ж тумблеры пераключаеш у таўшчэзных пальчатках...

А яліна быццам знарок натапырыла ігліцу, каб не аддаць. “Дудкі, і не такіх абломвалі!” – настырная Ліда пацягнула пятлю на сябе...

За гэтым заняткам яе і заспелі.

– Аёй, таварыш Лідзія! Як не сорамна абіраць сімвал свята?

Плюнуўшы на акуратнасць, Ліда рыўком падсекла нітку. Пятля знялася, і трафей апынуўся ў кулаку.

– Аёй, таварыш Хваленя! Як не сорамна шкадаваць для мяне цукеркі? – яна з насмешкай утаропілася ў вастраносага палкавога інструктара ў капітанскім званні, які аклікнуў яе з групы лётчыкаў. – А не шкадуйце, на “гаручку” ж я не прэтэндую! – яна рухам галавы паказала на жалезную конаўку ў руцэ капітана.

Адказам ёй паслужыў прыязны рогат яго супольнікаў, якія ацанілі контратаку. Ці то паднаглядныя, ці то калегі – не разбярэш.

Хваленя не пакрыўдзіўся.

– Так-такі не прэтэндуеце? – падкалупнуў ён.

Не трэба, не ідзі!.. Позна: ён аддзяліўся ад групы і з вёрткасцю тхара праслізнуў між танцорамі да Ліды. Ну хоць ветліва пакінуў пару крокаў вольнай прасторы! Ёй заставалася нездаволена выдзьмуць паветра і ўблытацца ў гутарку.

– Вам жа болей. Што, дрэнна? Знарок сачу, каб пасля першага тосту не падлівалі. А яліну хлопцы ўсё адно да апоўдня падчысцяць!

– Займальна... Чаму яны?

– Ці ж дурні – ад дармовых цукерак адмаўляцца? Дый пасій сваіх трэба залагоджваць, – Ліда нядбайна павяла плячом у бок публікі, якая танцавала. – Ну а вы нічога не бачылі. Праўда ж? – яна правакацыйна пашамацела ў кішэні фанцікам.

Можа, пацвельваць Хваленю было неабачліва, але разняволены тон ён прымаў і пераймаў, а часцей задаваў – усё нязмушана, не развязваючы субардынацыйныя спрэчкі. І справа была не ў дабрыні душэўнай, а ў занадта яўных намерах. Калі б нешта ў лесе здохла, Ліда з нацяжкай запісала б яго ў ніштаватыя, вось толькі быў ён задужа ліпучым (пры тым, што нават не быў ейным інструктарам), а яшчэ зачэсваў назад невыразна-русыя валасы, маскіруючы, што на макушцы іх ужо дэфіцыт. Меў ён гадоў дваццаць восем, можна лічыць – нямала: усё-ткі асобныя дваццацігадовыя вадзілі ў бой эскадрыллі і рыхтавалі дзірачку ў гімнасцёрцы пад Залатую Зорку. На нос Хвалені Зорка не перапала, затое перапала пры невысокім росце крэпкая і сухая, бы юнацкая падцягнутасць, якую падкрэсліваў тугі рамень. Калі паспрыяе род заняткаў, гэтая выгадная рыса захаваецца назусім.

– Падаецца мне, роля пасіі вас не натхняе? – спрытаў Хваленя з усё той жа няпэўнай усмешачкай.

Ліду не натхніў і гэты выгін размовы, пададзены ў свецкіх інтанацыях. Прыхарошаную няшчырасць яна адчувала нутром і на дух не пераносіла. Што не выказаць простымі словамі, у таго мэта запудрыць мазгі.

– Дзіўна вы пытанне ставіце, таварыш капітан! Калі б меціла я ў пасіі... Э, дзеля гэтага можна не асвойваць знішчальнік. Сыдзе й пасада машыністкі – тую ж Любаню ўзяць!

Ліда кінула паблажлівы позірк паўзверх яго пляча: згаданая машыністка, скрыжаваўшы на грудзях зграбныя паўнаватыя рукі, мулялася ля супрацьлеглай сцяны і відавочна мерзла ў паркалёвай сукенцы з кароткім рукавом. Чырвонай у белы гарошак – як памідорка ў пырсках смятаны. Мусіць, машыністка мела адносна капітана свой інтарэс, бо, сустрэўшыся вачыма з Лідай, гнеўна адвярнула бландзіністую фрызуру. Ліда ў сваім цёплым практычным швэдры толькі злацешна чмыхнула.

Хваленя бегла азірнуўся, але кудзеркі Любы, высветленыя перакісам да колеру а-ля ейная цёзка Любоў Арлова, не адцягнулі яго ўвагу. На жаль. Тым не менш і мёртвую зону вакол Ліды ён не парушаў, хаця мінакі ў цеснаце чаплялі яго локцямі.

– Па-вашаму, ролі знішчальніка і... скажам так, сімпатыі не сумясціць? – ён з прыхільным скепсісам пабарабаніў пальцамі па конаўцы.

– Па-мойму, вайскоўцам наогул карысна засяродзіцца на працы. Вайскоўцам абодвух палоў, – удакладніла Ліда, – але жаночага – найперш. Не хапала, каб службе настаў гамон з-за якой дурной нечаканкі.

– Напрыклад?

– З-за дзіцёнка, каго яшчэ! – яна паціснула плячыма з дзёрзкім азартам рызыканткі, якой няма чаго саромецца старшага па званні.

– То бок служба для вас – нешта вышэйшае за чалавечыя зносіны? – Хваленя пасмейваўся, нячутна ў святочнай гамане. Краем вока ён пільнаваў новыя штуршкі, але позірк яго вяртаўся і зноў прымагнічваўся да Ліды. – А што, калі я выкажу адну думку... Небяспечную! Фармальна дзяўчыне не заганна абмежавацца зносінамі, а да службы, фронту не мець дачынення. Падыдзем рацыянальна, як вы любіце: тут “до смерти четыре шага”. А дзяўчына, можа, хацела б аднавіць у краіне жыцці, якія вайна аднімае. Не стане яе – не стане жыццяў. Ці не так?

Цяпер пацвельваў ён, прычым тапорна, і Ліда гэта ведала. Але клюнула. Не проста так прагучала цытата з песні! Хоць і была Ліда аматаркай бравых маршаў, а “Зямлянка” Лідзіі Русланавай (і тут цёзка) незаўважна прапіхнулася ў выключэнні. Толькі гэты матыў з усёй навагодняй самадзейнасці змусіў яе адарвацца ад банкі бясцэннай тушонкі і асцярожна, каб не бразнуць лыжкай, адставіць на стол. Павольна, ціхутка разжоўвала Ліда мясныя валокны, ад смаку якіх цякла сліна і соладка сціскаўся страўнік, і ў пералівах гармоні ёй чулася, як трашчаць-страляюць у буржуйцы дровы, бачылася, як гайдаецца цьмянае жоўтае святло газнічкі, адчувалася, як у рукавы забіраюцца зябкія мурашкі. А сэрца сагравалася ад удзячнасці: ні радка, ні слова няма аб тым, што адрасатка бессаромна адседжваецца ў бяспецы. Магчыма, песня напаткае яе ў такой жа сырой зямлянцы ці на прадзьмутым вятрамі аэрадроме, у нехлямяжай ватоўцы, з парэпанымі пальцамі...

У пытанні жаноцкасці часоў вайны Ліда была катэгарычнай: дбаеш адно аб знешнасці і камфорце – курыца. Іншы назваў бы такі падыход празмерным, але яна адстойвала яго ікламі і кіпцюрамі. Спусціць Хваленю кпіны было нельга.

– Па-першае, таварыш капітан, “тут” у нас не фронт, а паскудны тыл. З якога яшчэ выкараскайся, – адсекла яна з металам у голасе. – Па-другое, мужчынскі пол вайна выкошвае памацней, чым жаночы, і для краіны гэта не навіна. Калі сумленне тыповай дамашняй Кацюшы дазваляе ёй ліць слёзы замілавання над салдацкімі трохкутнікамі... і выціраць шчокі сіняй хустачкай...

– Мушу зазначыць: у перапынку між заводскімі зменамі ды палявымі работамі, – неназойліва паправіў Хваленя, якому не дазвалялі вольнасцей партыйныя кайданы.

– А хоць бы і так! Не цярплю, калі вырабляюць з сябе паненак слабага полу, у ручках якіх самая грозная зброя – кухонныя прылады. Не цярплю і сама не вырабляю. Ну а па-трэцяе – мэты паміраць у мяне няма! – пераканана падсумавала Ліда.

На апошніх словах патэфон захрыпеў і з камічнай трыумфальнасцю завёў танга. Хваленя вагаўся ад сілы дзве секунды, пасля чаго апусціў конаўку на стол і па-джэнтльменску працягнуў руку Лідзе.

Схіліўшы галаву, яна паглядзела на яго праз адтуліну ялінавай сушкі, як праз прыцэл. Крытычна і не без стомы. Але аргументаў на карысць службы ў яе было яшчэ поўна, а абражаныя пачуцці шкрабаліся ў грудзях, як хрушчы ў слоіку, і гнеўна гулі.

Паглядзела. Узвяла вочы да растрэсканай столі ў гірляндах чырвоных, сініх, жоўтых сцяжкоў. І нехаця падала руку.

Што стала першай яе памылкай за ноч.

– Толькі я не па гэтай часці, – адразу адхрысцілася яна, ледзьве другая яе рука нязручна легла на плячо Хвалені, а ягоная – упэўнена – ёй на стан. – Тым больш пад “Стомленае сонца”. Нудзяціна!

– Не любіце танцаваць? – спытаў ён для парадку. Яны тым часам уліліся ў разбіты на пары натоўп, такі непрывабны для Ліды.

– Ні ў якую! Выглядае жудасна ганебна, калі казаць пра войска. Ён, значыць, гэткі паважны, пры ордэнах, сёе-тое... А ёй належыць выпраменьваць прыгажосць і вытанчанасць. Убор як далікатней, абцасы! Манернае лыпанне вейкамі! Фіфа-шалахвостка, а не баец. Гэта прыніжае, гэта... робіць слабай. Залежнай! Хаця насамрэч у яе, можа, і званне што трэба, і прафесійнасць, і...

Ліда ўражана асэнсавала, што ад нядоўгай гарачай тырады паспела запыхацца, і была вымушана з увагай вымяраць крокі. Залішняя блізкасць узнервавала яе, сказы пасыпаліся спешна і дробна, быццам ад таго сітуацыя магла перастаць бянтэжыць. Будзь Хваленя вышэйшы, ну хоць татавага росту, яны б не апынуліся так бязглузда твар у твар! Ажно дыханне змешвалася. Прытым кавалер сапраўды паскудна франціў выпраўкай, капітанскімі пятліцамі, двума ордэнамі (цю, бачылі і салідней), а Ліда ў сваім кампрамісным швэдры і без рамяня пачувалася аголенай.

– Карацей, быць вядзёнай я згодная ў палёце, але не ў танцы! – гаўкнула яна, сярдуючы на сябе і на Хваленю заадно. Варожа падцягнулася, наструніла спіну, каб ён адчуваў пад рукой яе ўласную строгую выпраўку.

– Бязлітасная вы, таварыш Лідзія! Маўляў, калі не баец, то і дзяўчынай звацца забаронена, – паўшчуваў ён. Было непрыкметна, каб змена раскладу аказалася яму ў цяжар. Наадварот, у найлепшых традыцыях сваёй патрабавальнай прафесіі ён паспяваў і весці дыялог, і пазбягаць сутыкнення з іншымі парамі, і захоўваць на фізіяноміі памяркоўны піжонскі выраз. – То бок залежаць ад кагосьці вам не даспадобы... Між тым пакора і танцавальнага партнёра, і вядзёнага вынікаюць з адной і той жа патрэбы. У еднасці. Дзеля сумеснага плёну.

– Не памятаю, каб давала згоду яднацца.

– Я ўсяго аб тым, што адно і другое – залежнасць. Раз пад вядучага непрыемна падладжвацца на паркеце, наўрад ці выйдзе інакш у небе... усюды. У блізкіх стасунках таксама.

“Чыстая праўда!” – мсціва падумала Ліда.

– А чаму ж, вы думаеце, я абрала знішчальнік, а не бамбардзіроўшчык? Каб не дзяліць кабіну ні з кім!

– Абралі вы? Ці вам  д а з в о л і л і  абраць? І тузаюць, тузаюць за нітачкі ў залежнасці ад настрою. У полк баявы? У полк вучэбны? У супрацьпаветраную абарону?.. – ён засмяяўся, калі Ліда парывіста самкнула пальцы і вылаялася скрозь зубы, бо патрывожыла ранкі ўсе да адной. І нягледзячы на квяцістыя фразы Хвалені, па якіх можна было палічыць яго бяскрыўдным фарсуном, ля рота праступілі і зніклі жорсткія складкі. – Абкружылі ўсе, га? У клешчы заціснулі? Гэта і мне знаёма, самога ў сорак першым паматляла. Полк быў знішчальны, часта перафарміроўваўся: то людзі скончацца, то тэхніка. Людзей новых нахапаць з вучылішчаў, ламачча памяняць на штосьці цэлае, але гэткае ж састарэлае... Не надта прадукцыйна, між намі (хаця б з пункту гледжання матчасткі), ды мусіш лётаць на тым, што даюць. Цяпер прастора для манеўру ёсць, дзякуй авіяканструктарам, але заўважце: можна паставіць сябе па-вашаму і дабівацца свайго атакай лоб у лоб. А можна... так бы мовіць, падысці гнутка. Наладзіць сувязі. Займець чыюсьці падтрымку. Гэта ж, падаецца, якраз жаночая тактыка?

Ах ты тхарына, вось адкуль падкрадваешся!

– Не ведаю, не ведаю... Пакуль што ўсе імкнуцца наладзіць сувязь са мной! – Ліда нецярпліва хітнула галавой, змахваючы ліслівае павуцінне.

За яліну яна зашылася не ад недахопу мужчынскай увагі, а ад перабору. Мёдам ля яе намазана, ці што? Хіба мала партнёрак, упакаваных у святочнае? Вунь Люба агрэсіўна заправіла за вуха кудзерку, у паставе ці то агіда, ці то фанабэрыя: “На танцы – у штанах?! Дзікунка!” Але тое, што не ўкладвалася ў межы прыстойнасці Любы, чамусьці не адштурхвала хахаляў. Пасля добрага паўтузіна запрашэнняў Ліда перастала забіваць сабе галаву тым, як адмовіцца культурна, і далей дэманстратыўна адварочвалася. Які там гнуткі падыход! Надта прадказальна круцяцца шасцярэнькі ў гэтых галовах. Асобных кадраў, абцяжараных пачэснымі вырабамі з металу, яна і так абыходзіла па шырокай траекторыі. У навагоднюю ноч з яе напоямі тым больш.

Вось калі б танцаваць паклікаў хто з чацвёркі душэўных рабят з палка начных бамбардзіроўшчыкаў, Ліда была б не супраць. Яны пазнаёміліся ў цягніку па дарозе ў трэніровачны полк і сышліся на тым, што перавучвацца на знішчальнік Ла-5 і штурмавік Іл-2 аднолькава годна. Трымаць сябе з імі можна было з таварыскай лёгкасцю, ведаючы, што не прыйдзецца ні адстрэльваць на падлёце хцівыя заляцанкі, ні накрываць далонню конаўку перад рыльцам бутэлькі. Што праўда, з прычыны душэўнасці расхопліваюць такіх рабят хутка. Ліда вылавіла сям-там знаёмыя чупрыны, паланёныя кудзеркамі, і пахмурна адзначыла: ёй свеціць толькі кампанія Хвалені.

Рука ж на стане няўзнак пачала ціснуць настойлівей, для першага танцу аж занадта. Ліда здушыла гырканне і загадала сабе выдыхнуць. Халера, ну хоць сёння не кідайся на чалавека. Падумаеш, дала прыабняць раз на год у Новы год. Гэты фрукт яшчэ не горшы варыянт!

– А швэдар у вас прыгожы. Зазвычай адзін каўнер відаць... І не колецца – амаль.

Выбітная змена тэмы.

– Мдэ?

– Так, так! Калі ў ім зручней, арганічней... то няма чаго і знемагаць у вобразе, гм, шалахвосткі.

– І на тым дзякуй. Што дазволілі. Яму, дарэчы, сёлета... хвілінку... роўна дзевяць гадоў стукне.

– Ды кіньце!

– Баба Наста вязала. Усім аднолькавы ўзор – тату, мне, маме... І пару шкарпэтак кожнаму.

– Ці не да Новага года, часам?

– Блізка, але не. Дата была – пятнаццаць гадоў з вяселля... Бацькоўскага, ясна. У студзені, – неахвотна патлумачыла Ліда, хаваючыся ў кароткіх каструбаватых сказах.

Абмяркоўваць сямейныя справы з Хваленем было гэтак жа не да месца, як распісваць нелюбімай настаўніцы англійскай свае поспехі ў асаавіяхімаўскай стральбе. З другога боку, разважыла яна, гэтаму штучнаму абмену фразамі любы кірунак пасаваў больш, чым бачныя з-пад жаночай гімнасцёркі дэталі гардэроба.

– Мой швэдар спярша ляжаў: я хацела бардовы. Бо ў шэрым задужа ціхмяная і пушыстая. Ды і баба Наста абачлівая была: парупілася, каб на выраст...

Па шчырасці, Ліда прытамілася пікіравацца. Павольны танец і цягамотная скрыгатлівая песня (ці не паставіў хто пласцінку нанова?) укалыхалі яе – павекі пацяжэлі, мышцы занылі напамінам, што за спінай страшна доўгі трэніровачны дзень, а заўтра... ужо сёння чакаецца наступны. Млявы позірк не ўспрымаў сталовую цалкам, выхопліваў драбніцы: форменны рукаў паўзверх персікавай сукенкі ў завітушкі, палатно святломаскіроўкі з папяровымі ялінкамі і белымі мядзведзямі, лысаватая герань, пустая шклянка на абвязанай кручком сурвэтцы, сляпучы водбліск у вянцы каштанавых кос, растрапаных ад руху...

Ліда прыплюшчыла вочы і ўбачыла прыборную дошку, а над ёй – пераплёт кабіны, а за ім – чароўную сінь, распаленую жніўнем. І стомленае сонца, што развітваецца з морам... морам аблокаў, сярод якіх чарнее сілуэт “хейнкеля”. Яго можна зрэзаць раней, чым бомбы пачнуць сеяцца на наземны аб’ект. Трэба выбраць удалы ракурс, прычакаць дыстанцыі – і...

– Ірынка-а, агу! За наш стол хадзі!

– Ну што, ну як? Не прыставаў? Тушаваўся ці жартамі сыпаў?

– Уф, дайце аддыхацца... Утамілася – страх.

– Як не ўтаміцца: пяты танец запар! Я лічыла. Усё, галубка, прапаў старлей! Вяжы цёпленькім!

– Цьфу на вас, нічога яно не значыць. А можа, і закахаюся... Зрэшты, ён курыць. Усё-ткі гэта неяк...

– Ды хто цяпер не курыць? Смешная!

– Ой, дзевачкі, а я чула – тады цалавацца горка.

– Ну-у-у, я вам скажу так: пакуль не заслалі чалавека на кудыкіну гару...

– Яшчэ і лепш – пацалункі лістамі адпраўляць!

Выбух смеху канчаткова перакрэсліў авіяцыйную мрою, і Ліда прымусіла сябе вярнуцца, адчуць хваравітымі падушачкамі пальцаў сукно чужой гімнасцёркі і чужую далонь. Звычайную, у прынцыпе, далонь. Нічога такога, чаго б нельга было патрываць.

– Да д’ябла святы... Да д’ябла. У самалёт – і дзяўбаць фрыцаў! – прамармытала яна ў прастору.

– Што вы сказалі?

– Што хачу драпануць адсюль як хутчэй. У сэнсе, з палка. На фронт.

– А, вось аб чым вашы мары адносна сорак трэцяга?

Позірк Ліды слізгануў па твары Хвалені – без цікавасці, з доляй недаўмення. Бітую гадзіну гнеш сваё, губляеш энергію на непатрэбныя стасункі, а назола хоць і падлашчваецца як мага, ды не цяміць. Рашуча нічога.

Хваленя чуйна ўнюхаў перамену стаўлення і збіўся з музычнага такту – упершыню. Уражлівае, мабыць, відовішча – Ліда, якая не злуецца і не жартуе.

– А гэта досыць... радыкальна. Адмяняць і жаноцкасць, і святы... – ён няўклюдна перавёў размову ў іншую плоскасць. – Я чуў, прыяцелі вашы чакаюць адпраўкі з дня на дзень. Сваю праграму адлёталі. Чым жа кепска адсунуць пакуль франтавое і... і пажыць ноч звычайнымі інтарэсамі, перад тым як...

– Гэй-гэй, там!..

Ён не быў гатовы і ўрэзаўся ў кагосьці плячом – ледзь не атрымаў ілбом Ліды па вострым носе. Яна аказалася спрытнейшай і нават не адтаптала яму бот (шкада, прафукала магчымасць!).

– Цішэй, Яш, не разганяйся, – пачуўся гулкі глыбокі голас, і рослы падпалкоўнік Паўлаў, начальнік штаба, зычліва прытрымаў Хваленю за локаць. Узмахам паказаў, што не пацярпеў, і абвёў вачыма залу: – Аэрадром у нас зайздросны, няма нараканняў. А вось у сталовай асабовы склад мітусіцца, як у мурашніку...

– Так точна, павярнуцца няма дзе – адно ля аднаго тромся! Колькі зносіць? – бойка пагадзілася Ліда, якая скарыстала замінку і стрэсла руку Хвалені, перш чым выцягнуцца перад начальствам.

– А,  н а й м е н ш ы  лейтэнант Жук! – Паўлаў узвышаўся над Лідай, як дзядзя Сцёпа, нават з улікам пругкіх завіткоў яе чуба, і не абышоў памяркоўную мянушку. – Святкуеце? Прыемна бачыць у вашым лётным графіку адпачынак. Значыцца, справа ідзе. Дык, кажаце... калі? Калі вы адбываеце ў полк? – спытаў ён як пра штосьці вырашанае, задумліва паціраючы падбародак.

Ліда разумела, аб чым песенька. Але скасіла вочы на Хваленю, які надта неўраўнаважаным жэстам зачасаў валасы назад, і прыкінулася валёнкам.

– Злітуйцеся, таварыш падпалкоўнік! Мяне бяруць? Праўда? А звечара было глуха, я дастаткова цвярозая, каб памятаць!

Паўлаў пагразіў ёй пальцам – статны, фактурны, з няспешнымі рухамі і намечанымі залысінамі на скронях. Калі Хваленя наводзіў на думку аб перацягнутай у поясе літары Х, то ў Паўлаве бачыўся інстытуцкі выкладчык, што падчас размеранага чытання лекцыі рассеяна сочыць за паветранымі практыкаваннямі стрыжоў. Ён падабаўся Лідзе куды больш, чым каламутны Хваленя, хоць было не вельмі ясна, за яе ён ці супраць. Ледзь не пры кожнай сустрэчы ў іх вялася адна і тая ж гульня: Паўлаў двухсэнсоўна цікавіўся яе планамі на будучыню, а яна ўдавала, што ў намёках не кеміць.

Калі б іх планы былі аднолькавыя, кінула б чортавы інтрыгі даўным-даўно.

– Крыўдзіце, Ліда! Хто ж выпраўляе найменшых лейтэнантаў у белы свет? – Паўлаў адмераў вышыню яе макаўкі, пасля чаго развярнуў вялікую далонь да цэнтру сталовай: – А вунь колькі малойчыкаў дарасло!

– Ізноў жа, Ла-5 паступае нядаўна, – уклініўся Хваленя, – палкоў перавучана – з камарыную дзюбу... Так, Георгіч?

“Забі зяпу, я начштаба мігам забалбачу!”

– А я не з фарфору, мне полк рыцараў не трэба. Сыдзе звычайны! – ветліва агрызнулася Ліда. – Мяркую, літры і літры бензіну... якія ўзнікаюць аднекуль для маіх вучэбных вылетаў... прызначаны для таго, каб дадаць мне шанцаў.

Хваленя ўзняў бровы:

– Каб так і не дайшло да бензіну франтавога?

– Каб ніводны птах, ці высокага, ці нізкага палёту, – націснула яна небяспечным тонам, – не параўноўваў мяне ні з кім!

– Што ж вы гарачыцеся? – прымірэнча прагудзеў Паўлаў. – Як на маё, гэта неацэнна – калі кіраўніцтва праяўляе клопат, здаровую асцярогу...

Нешта спагадліва кранулася яе левай рукі ніжэй пляча – яна ўздрыгнула ўсім целам, як ад успышкі болю. І тут жа перавяла дух, і абмякла, і зазлавала на памятлівыя мышцы, якія выдалі спазму ў адказ на дотык.

– Я вас папрашу не чапаць тут! – дрогкім ад раздражнення голасам адчаканіла яна, гледзячы міма Паўлава. І хоць ёй да жудасці хацелася пераплесці рукі на грудзях, як для абароны, пры старшых па званні яна мусіла ўтрымацца.

Падпалкоўнік, якога Ліда перабіла, адсачыў гэтыя целарухі з запозненым разуменнем. Прыбраўшы руку, ён дыпламатычна працягнуў:

– Канешне ж, за адведзены час можна выхаваць толькі натхнёную мішэнь, не лётчыка. І яшчэ ўлічым ваш... не скажу “пол”, скажу “выпадак”. Таму – калі ласка, асвойвайце тэхніку. Мы знойдзем для вас гаручае, гадзіны... Усё-ткі нават па цяперашнім часе крок неардынарны. Вы ж падумайце: дзяўчына – і каб мужчынская часць, знішчальная авіяцыя! Нонсэнс?

– А ні кропелькі! Запрашаю на поле – падлічыць, колькі разоў самалёт выкаціцца з паласы ў моцнай паловы. Мяне ж вучылі сядаць адзін у адзін, на дыбачках... А сярод нашых Ла-5, між іншым, ніводнай двухмеснай мадэлі – вунь таварыш капітан ведае. Але, калі маеш імпэт, інструктар пад бокам без патрэбы!

Паўлаў слухаў з няяснай усмешкай, падціснуўшы вусны, і ўбок ківаў кожнаму, хто вітаўся ці віншаваў. Ліда ж упівалася пазногцямі ў рукавы швэдра і намагалася ўгадаць магчымыя віражы размовы.

Прысутны інструктар выразна адкашляўся:

– Калі будзе дазволена... Фронт – гэта трошкі больш, чым тэхніка пілатавання!

– Менавіта, – схіліў галаву Паўлаў. – І з гэтай нагоды – узважце, Ліда. У вас ёсць адтэрміноўка, пакуль тая вучоба. А далейшых шляхоў нямала – нават для дзяўчыны, – і, можа быць, пад канец трэніровак...

“Давай, скажы гэта! Без туману скажы!”

– ...вы прымеце рашэнне, у якім больш рацыі і менш рызыкі. Ці абяцаеце падумаць?

– Ёсць падумаць! – адрапартавала Ліда і з той жа інтанацыяй выпаліла супрацьлеглае: – Але ў жаночы полк я не вярнуся!

Прамая фраза ўпала між імі, і ўпала ў цішыні: якраз мянялі пласцінку. Хто ведае, што было б далей, калі б Ліду не адцясніла крутым сцягном “памідорка” Люба.

– З Новым годам вас, таварышы камандзіры, з новым шчасцейкам! – прашчабятала яна трапяткім перарывістым голасам, які бывае, калі непакоішся, або палаеш нянавісцю, або ніяк не сунімеш дрыжыкі ад холаду. Разам з ёю прыляцеў водар “Чырвонай Масквы”. – Якаў Фаміч, вы танцуеце? – з ненатуральным ажыўленнем пацікавілася яна, хаця бачыла, што танцуе. Позірк яе матыльнуўся між плячом Паўлава, ордэнскім камплектам Хвалені і чамусьці Лідзіным тварам.

Хваленя не выявіў ніякай ахвоты, але нацягнута ўсміхнуўся і дазволіў Любе ўхапіць сябе за локаць. У іншых абставінах нахабная аэрадромная абслуга атрымала б ад Ліды па мазгах, цяпер жа заставалася хмыкнуць: “Ды на здароўе. Патрэбны ён мне як ластаўцы плаўнік!”

І вось яе збавіцелька буксіруе кавалера прэч і прыязна сакоча, папраўляючы каўнерык, абвязаны карункамі. Усе да адной сталоўскія сурвэткі абвязала яна – з пчаліным энтузіязмам, глуха незразумелым для Ліды.

– Доўга загойвалася?

Ліда не адразу разабрала, што пытаюцца ў яе. Паўлаў злавіў яе няўцямны позірк і паказаў вачыма на руку.

– Ну... – яна няпэўна ўзняла плечы, спрабуючы выразіць рухамі тое, што не выражалася словамі. Здалася: – Ну, доўга.

– Складанае раненне?

– Я не задумвалася. Ды не, здаецца... Асколачнае. Рука не хацела назад у полк, і ўсё!

– Няўжо... дагэтуль? А згодна з вашай асабовай справай...

– Не, прайшло! Даўно прайшло. А гэта – так, кшталту нерваў. Тузаюся без дай прычыны... Лухта, таварыш падпалкоўнік!

– А што ж полк? Жаночы. Знішчальны. Чаму рука туды не хацела?

– Таму што полк не мой. Не пад мяне, – Ліда з выклікам задрала падбародак да Паўлава. – Калі б не падвярнулася раненне, я б адтуль збегла.

– Смелая заява пры начальніку штаба! – зазначыў ён, пасмейваючыся. – І што вы плануеце знайсці ў мужчынскім палку, чаго не было ў жаночым?

– Я... Сябе. Які яшчэ адказ? – прабурчала яна. – Вы зірніце вакол, Пётр Георгіч! Ну дзе тут я? Дзе мне месца сярод краляў? Ды я ў жыцці з дзяўчатамі не сябравала!

– Краляў? А мне, прызнацца, уяўляўся гэткі полк валькірый. Вашага гатунку. Згадаем беспасадачны пералёт першых нашых Гераінь на Далёкі Усход... Слаўную пілатажную пяцёрку на парадах у Тушыне... – важка пералічваў Паўлаў, не хаваючы ўсмешкі. Пры яго асаблівым тэмбры гучала гэта як бясспрэчнае прызнанне ўсёй жаночай авіяцыі.

Калі ён збіраўся пацешыць Лідзіна самалюбства, то выйшла наадварот.

– Ды ёсць там лётчыцы з пяцёркі! І заснаваць прыдумала Гераіня... Але што з таго, калі яны жанчыны ўсё роўна? – Ліда не стрымалася і адпіхнула кірзачом зэдлік. Той небяспечна гайдануўся на дзвюх ножках і грукнуўся назад на чатыры. – Бо чалавек жа... ён хоць у форме, хоць без – аднолькавы. Калі надзець на мяне шаўковую сукенку ў падлогу, ува мне не прачнуцца манеры князёўны. А ў знішчальным палку да халеры жаноцкасці – хаця фарміравалі, здавалася б, з паплечніц!

– Але ж вы туды пайшлі? Пайшлі самі?

– Таварыш падпалкоўнік, давайце шчыра: каму я здалася ў звычайных часцях? Мяне там ні ў якую не чакаюць... зрэшты, і пасля перавучвання чакаць не будуць. А жаночы полк... Гэта была адзіная шчылінка! І ўсведамляеце вы, які адбор трэ было прайсці?

– Выглядае, што невыпадковы, – мякка вымавіў Паўлаў.

У Ліды сярдзіта ўздрыгнулі ноздры, скура на пераноссі зморшчылася, як у кошкі, гатовай зашыпець.

– Я ведаю, аб чым вы думаеце! Прадказальнасць, цягавітасць, ніякай лішняй адказнасці – колькі выгодаў, калі на службе адны хлопцы! – яна ўсклікнула гэта занадта гучна, і сям-там у іх бок павярнуліся пазабаўленыя галовы. – Бачце – глядзяць! Я і іх думкі ведаю: заманулася дзеўцы пагуляць у Чкалава – уперад і з песняй, а мы пасочым. Але я не гуляю, ясна? Мне ў гэтым жыць. Я прабілася ўсяго туды, куды здолела, і толькі ў шпіталі зразумела, чаму мне было так... невыносна!

Паўлаў у роздуме пазіраў на яе зверху ўніз, быццам чакаў працягу. А яна, узрушаная, заблукала ў эмоцыях і згубіла ніць.

– Дапусцім... Але вы і цяпер у мужчынскім палку, Ліда. Ці не так?

Яна моўчкі збянтэжана торгнула бровамі.

– Вы ўжо трапілі ў полк з мужчынскім лётным саставам. За дробнымі выключэннямі сярод інструктараў. Ці падабаецца вам... тое, што вы адчуваеце?

“Адчуваю што?” – хацелася крыкнуць ёй, аднак вельмі ж ціснулі ў грудзях абурэнне, крыўда, скрэблася знявага ад колішняй нежаданай рукі вакол стану...

Ды ўсё слушна сказаў Хваленя! У іх безліч будняў, афарбаваных у хакі, – аднымі святамі і расквеціш. Праблема ў Лідзе. І яна не знайшла б ні слоў, ні падстаў, каб яму растлумачыць, якой чужой,  і н ш а й  адчувае сябе ў гэтай супольнасці. А іншасць скажае любое свята і гоніць туды, дзе станеш сваёй.

Але аб гэтым Паўлаў ведаць не будзе.

– Нават найменшы лейтэнант можа вырашыць сам, – суха адсекла Ліда, перамахнуўшы цераз некалькі гіпатэтычных пустых рэплік. – А вы, Пётр Георгіч, на сваёй пасадзе цалкам можаце пайсці супраць. Калі атрымаецца!

– Воля ваша, – Паўлаў нязмушана заклаў рукі за спіну і расправіў плечы, дадаўшы дзядзі-Сцёпаваму росту сантыметр-другі. Што адчувае ён, расшыфраваць было немагчыма, і ад таго арэол літаратурнага героя безнадзейна блякнуў. – Усё, усё, досыць баталій! Не будзем псаваць ноч. На вальс не запрашаю, бо збяжыце... дый ад папярэдняга партнёра вас толькі вызвалілі. А трымацца абранага курсу ён... умее.

Паўлаў кіўнуў на развітанне і нетаропка рушыў узбоч танцавальнай пляцоўкі, прамы і прыкметны ў натоўпе, як вартавы.

Апошнюю фразу Ліда палічыла нагодай скрыцца з вачэй. Да таго ж у зале было душна, а ёй пасля цьмяных утомных размоў хацелася на паветра.

Прабраўшыся да дзвярэй, Ліда штурхнула створку рэбрам далоні, дзе ранак не было... і аслупянела: убачыла сябе. Малую, ладна складзеную, па-хлапечы пастрыжаную на патыліцы і баявіта-чубатую.

Секунда спатрэбілася ёй, каб усвядоміць атрамантавы, неасветлены інтэрнацкі калідор, а насупраць – шыбу з адлюстраваннем сталовай, заклееную палосамі паперы крыж-накрыж. Сцены залы, госці, яліна – усё злівалася ў гнілавата-жоўты фон, а на першым плане шарэла постаць Ліды.

І тут яна ўлавіла з раптоўнай мастацкай яснасцю, не характэрнай для яе, але часам уласцівай чалавеку зморанаму (калі няма энергіі хлусіць сабе): на вечары агіднай была колеравая гама.

“Лепш не бардовы швэдар. Пунсовы. Яркі макава-пунсовы!” – безапеляцыйна вырашыла Ліда.

Са знешнасцю ёй пашчасціла. І з манерамі. Была б яна краляй – ні ў якой там мужчынскай супольнасці не відаць ёй ні свецкіх дыспутаў, ні “вы”.

Яна пераступіла парог і выспяткам зачыніла жоўць у сталовай.

У тую хвіліну калідорная цемра здалася суцэльнай, насамрэч жа праз вялікія вокны сеялася дастаткова зімовай белаты (паверх быў першы). Але і да таго, як прывыклі вочы, нос падказаў, што паветра свежае толькі фармальна: тут дымілі. Ля аднаго з падаконняў прыладзілася тройца смяшлівых, прыемных нечым хлопцаў; Ліда на слых прымерыла ім лейтэнанцкія званні. Адзін шырока, зухавата жэстыкуляваў, імітуючы атакі самалётаў пад неймавернымі вугламі, другія паміралі ад рогату – чорныя сілуэты на фоне акна. Зоркамі ўспыхвалі і гаслі агеньчыкі папярос.

– ...Джгаю ад яго ва ўсе лапаткі, матор “ястрабка” надрываецца – карціна! “Худы” як дасць чаргу... Гэтак вось прайшла, цюцелька ў цюцельку!

– Ну?!

– Так! Я аж змакрэў. Калі б не ўціснуў педаль...

– Дык а маёр што?

– Маёр глотку рве: “Куды цябе чэрці нясуць?! Пад нашы кулямёты яго падводзь!” – “Не магу, – апраўдваюся, – муха ў кабіне. Мітусіцца, як шалёная, – свету белага не бачу!” Ён – у лаянку...

– Сказаў мо ліхтар адкрыць?

– Не, ты слухай! “Адставіць неўроз, – крычыць, – унутраныя ворагі – не мая епархія! Пры мне каб знешніх лупцаваў!”

– Ха-ха-ха!..

Ліда, незаўважаная, слухала і адольвала імпульс напрасіцца чацвёртай. А будучыя штурмавікі штурмуюць, насупілася яна – сталовая прыглушана гаманіла з-за дзвярэй. Ну, так, чаго яшчэ ім рабіць, калі звыклі да начной працы?

Хваляй накаціла знясіленасць, распасцерла па сцяне. Зашмат Ліда сёння злавалася. Цягам апошняга месяца энергія ў яе заканчвалася хутка, і яна не хавала, што на навагодні вечар прыйшла паесці. З кармленнем у тылавым палку было адчайна туга: нават святочны пачастунак складаўся з паўпустога супу, нязменнай прасяной кашы і гарэлкі. Абед падалі замест вячэры, хаця пераменаю месцаў складаемых арганізм не падманеш (усяго радасці, што плюс кісель). Забеспячэнцы разводзілі рукамі: хочаце франтавую норму – кіруйце на фронт! Нядзіўна, што пры такім харчаванні ў Ліды трэскаліся пальцы.

Па шчасці, прадпрыемлівыя штурмавікі дасталі колькі банак тушонкі, каб дапоўніць “паляну” і заадно адзначыць ад’езд. Яўна не абышлося без віншавальнай пасылкі, якую ім уручылі разам з ордэнамі. Яны цямнілі і аджартоўваліся – можа, каб не дзяліцца з усімі, – хаця разжыліся тытунём і дакладна займелі па насоўцы.

Не тое каб Лідзе было зайздросна... Але мама пад свята магла б даслаць хоць што-небудзь. Замест катэгарычнага ліста з натацыямі наконт ранення!

Ліда хмурна падняла да вачэй наручны гадзіннік – нелагічна ў змроку. На цыферблаце фосфарна свяціліся стрэлкі. Ліха ведае што: ці то завальвайся ў ложак, выкрадваючы рэшту начных гадзін, ці то з тлумнай галавой чакай світання.

– А што, калі паспеем усё ж? Перафарміруемся...

– Найноўшыя машыны атрымаем...

– Не-е, братачкі, у Сталінград не паспець! Рабяты гансаў раскатаюць. А калі не, тыя самі памерзнуць. Шчыра – не шкада. Сам бы ўсыпаў па акопах за ўсё добрае...

– І я. Нам ізноў дабіраць дзве эскадрыллі.

– Уліплі ж мы ў гэтае перавучванне...

– Без панікі, мон амі! Бадай, не апошняя заварушка. Чуе маё сэрца: нешта ды будзе, можа нават вясной-летам. І я збіраюся быць у абойме!

Кулак з рашучым стукам упёрся ў раму, і ў цішыні стала чуваць з-за павароту на лесвіцу здушанае хіхіканне і гукі пацалункаў.

Ліда, якая затаіла была дыханне, з прыкрасцю засапла. Вяртацца ў сталовую расхацелася.

“А можа, на бакавую?” – спытала яна сябе. І пазяхнула.

Хрумстаў пад ботамі рассохлы паркет, аб сукно кішэні лёгка шамацеў фанцік. Плямы аконнага святла чаргаваліся з палосамі змроку. Інтэрнат лётнага саставу займаў будынак школы, і цяпер Ліда плялася, мінаючы дзверы класаў, у бок сіметрычнай, “сваёй” лесвіцы, па якой трэ было дапаўзці да чацвёртага паверха. З тыдзень таму яе перасмыкнула б ад думкі, што яна можа ісці так марудна і няцвёрда, але на звычайную хаду, па-страявому бравую, якой Ліда так ганарылася, больш не ставала сіл. Дагэтуль арганізм трываў па звычцы, ашчадна падбіраючы крыхі моцы, як хлебам падбіраюць з талеркі ежу – рэдкую радасць. Аднак на сёння з Ліды было досыць, ногі згаджаліся данесці яе не далей чым да халоднай каморкі з наветранага боку інтэрната. А там яна, не распранаючыся, калодай паваліцца на ложак, неслухмянымі рукамі закруціцца ў коўдру з шынялём паўзверх... і мёртва адключыцца да світання.

“Мала табе, ненажэра? А як жа тушонка? – напусцілася на сябе Ліда. – А ў кабіне ты мне што ўтворыш?”

Зрэшты... Пакуль ніхто не бачыць, ёй можна не быць моцнай.

Яна млява дазволіла сабе брысці як брыдзецца, расслабіла спіну і зябка схавалася да носа ў каўнер, а рукавы нацягнула да палушчаных костачак. У калідорах было ніколечкі не цяплей, чым у каморцы, але швэдар выручаў, хоць за гады пааблез і стаў у плячах цеснаваты. Ён памятаў шмат. Як Ліда, пасварыўшыся з мамай, адмовілася святкаваць з ёй Новы год і ганяла з хлопцамі на лыжах пад Мінскам. Як у чыталцы МАІ ўмінала над канспектамі пернікі бабы Насты (маміна мама мудра нагатоўвала іх горамі, усцешаная, што наравістая ўнучка не супраць яе кампаніі). Як год таму на занятках па аэрадынаміцы суседнія парты ўсчалі азартнае абмеркаванне схем і формул: прычоскі пад хлопчыка, у нагрудных кішэнях аднолькавыя чырвонаармейскія кніжкі з запісам “пілот”, але ўсе да адной – дзяўчаты, дзяўчаты... Форма мусіла ўраўнаваць іх з Лідай, ды толькі падкрэсліла розніцу.

Ясна адно: назад у дзявочае атачэнне яна не сунецца і за пернікі. А тыя сышлі разам з летам сорак першага і бабай Настай, сэрца якой не дачакалася Ліду з падмаскоўных акопаў.

Асцярога, заклапочанасць... Годзе! Колькі гадоў трэба мужыкам, каб зразумець: правільней змагацца сумесна, без падзелу на моцных і слабых!

Цьфу, “Стомленае сонца” заела. Ну магла ж сысці на “Рыа-Рыце”! Спрабуючы перабіць, Ліда настойліва замурлыкала матыў “Зямлянкі” – хаця, па ўласнай заяве, у плане музыкі не мела ні голасу, ні слыху, ні нюху. Хіба не была супраць падцягваць без слоў. Ну а матыў ёй гэтым вечарам нагадалі!

З “Зямлянкай” наогул выйшаў казус: пакуль рассаджваліся гледачы, неспадзявана выявілі адсутнасць выканаўцы. Ранкам ён тэрмінова адбыў на месца службы з палком “пешак”, а спевака на замену не знайшлося, як і пласцінкі (яе ліквідавалі яшчэ летам, бо ў тэксце былі падлічаны праславутыя крокі да смерці). Застаўся, уласна, уладальнік гармоні – здаравенны дзяцюк-механік, якога Ліда памятала па голасе... а дакладней, па крэпкіх слоўцах, што разносіліся над стаянкамі часцей за цэнзурныя. Яго і выпхнулі з інструментам у цэнтральны праход – хаця б сыграць, ратуючы нумар. Ператварэнне з акампаніятара ў саліста ўвагнала яго ў такую збянтэжанасць, што ён фальшывіў, не трапляючы па кнопках, а схілены да гармоні твар наліваўся бурачнай чырванню. І ўсё ж атрымалася пачуццёва: на першым жа бясслоўным куплеце смяшкі ўлегліся, стук прыбораў сціх, а неўзабаве столік дзяўчат супольна зашмыгаў носам і пусціў слязу (Ліда, якая ў свяшчэнным бязмоўі дажоўвала тушонку, раздражнёна клацнула зубамі).

Тым часам адшукалася багата тых, хто ведаў тэкст. У розных кутках залы пакрысе нарадзілася сама песня – уразлад, зусім нягучна, але чым далей, тым больш важка і шчымліва. Моц яе была ў іншым. У розніцы між імі ўсімі. У тым, як шмат розных стварае адно, плюнуўшы на забабоны партработнікаў. У тым, што без аніякай змовы галасы былі мужчынскія – а мужчынскай была і песня. Здалося істотным і правільным, што спевака няма (мо і не па збегу абставін?), а яны з’яднаны ёю, пакуль не надышоў новы дзень і не паразносіў іх сняжынкамі ва ўсе бакі. Ліда і замерла ў тонкім усведамленні гэтай істотнасці, каб не спудзіць яе, не вярнуць будзённае-пошлае, у чым не знаходзіла сябе.

А ў яднанні – знаходзіла. Яно не выключала яе з усіх. Яно дазваляла ўспомніць, як гэта – калі ў гурце хлопцаў ты  с в а я.

Калідор адчуваўся ў цемры бясконцым, ды ўрэшце выступіла лесвіца, скоса лёг на сцяну частакол-цень парэнчаў. Наваліўшыся на іх з палёгкай (“толькі ноччу, толькі дзеля бяспекі!”), Ліда пачала пакутны шлях наверх. Шчыра кажучы, менавіта ад унутранай пустэчы ёй прыходзілася цяжэй за ўсё. Размеркаваўшы асабовы склад у залежнасці ад полу, кіраўніцтва лёгкім рухам зрабіла яе белай варонай сярод чырвоных сокалаў. І халера ведае, як змяніць пер’е.

Аднак з песняй, што так накладвалася на яе пачуцці, было звязана і тое галоўнае, глыбіннае, у чым Ліда не прызналася нават сабе. Калі б умела яна складваць словы ў вершы, то адзін-адзінюткі мужчынскі радок перапісала б. І ператварыла песню ў жаночую.

Калі ж змоўклі апошнія гукі гармоні, яднанне сталовай пратрымалася ўсяго некалькі секунд цішыні – да першых воплескаў...

– Чакайце, таварыш Лідзія!

Яна ачомалася ад разваг на другім паверсе, калі намацала нагой прыступку чарговага лесвічнага марша.

– Ды ладна! – яна хмурна вызірнула ў пралёт.

Так, яе даганяў чорны, але пазнавальны сілуэт капітана Хвалені, які на хаду насоўваў фуражку. І якога ёй менш за ўсё хацелася бачыць ізноў.

– Чым абавязана? Туфлік я не губляла, і поўнач даўно мінула... – Ліда занадта стамілася, каб гуляць у прыязнасць.

Шаснуць бы ў цёмны кут, але на гэта яна не назапасіла высілкаў. Прыйдзецца вастрыць язык. Ну чаму нават чортаў асколак, злоўлены рукою, не навучыў яе захоўваць баяздольнасць і на падлёце да бяспекі?

– Даруйце, не стану затрымліваць! – сціпла запэўніў Хваленя, узбягаючы на пляцоўку, спрытны і падцягнуты, як заўжды. Амаль не запыхаўся, паскуднік. – Размова наша перарвалася... Хацеў давесці да лагічнага заканчэння. Ёсць у мяне пара грунтоўных думак, якія няблага развіць сёння ж, па гарачых слядах. Ці згадзіцеся выслухаць?

І так неяк падступна будаваў ён фразы, што асаблівай назойлівасці ў іх не было, але адмову яны не прадугледжвалі. Хіба метадамі сілавымі ці адкрыта нахабнымі.

– Валяйце, – кісла дазволіла Ліда, са шкадаваннем прыбіраючы нагу з прыступкі.

І памылілася ў другі раз за ноч.

Супярэчачы свайму ж абяцанню не затрымліваць, Хваленя закурыў. Агеньчык ускінуўся, асвятліў яго твар, злавесна паглыбляючы цені, і перасеў на кончык папяросы.

– Не курыце, так? Я запомніў.

– Як можна! За мной яшчэ... як там? Пачэснае аднаўленне колькасці савецкіх грамадзян?

Яна абыякава пацягнула носам дым. Курыва яе сапраўды так і не завабіла, нягледзячы на хлапечыя замашкі. Ну й да лепшага: давялося б выкалупліваць з карабка запалку, з пачка – папяросу... Бр-р-р! Хворыя кончыкі пальцаў загадзя запульсавалі болем.

Хваленя хмыкнуў.

– За што цаню нашы з вамі размовы, дык гэта за непрадказальнасць. З двух варыянтаў адказу вы абіраеце трэці. Таму я рады прапанаваць трэці варыянт вашай будучыні ў прыдачу да супярэчлівых наяўных. А ён існуе!

– Анягож. Але вось што: у інстытуце я аднаўлюся не раней, чым апошнія фрыцаўскія часці выпруцца за нашы межы. А да таго часу...

– Эге! Добра ж вы пра мяне думаеце! Каб інструктар – і справадзіў амаль перавучанага лётчыка як далей ад самалётаў. Наадварот, уяўляецца мэтазгодным...

 “Маміна слова”, – машынальна адзначыла Ліда.

– ...каб ведамі карысталіся з найбольшым эфектам. – Ён карцінна развёў рукамі: – То бок перадавалі іншым.

Ліда зразумела – і чмыхнула, пазабаўленая абсурднай версіяй сябе. Яна імпульсіўна завярнула ў калідор другога паверха і падступіла да акна, за якім распасціралася ўтрамбаванае заснежанае лётнае поле. Капітан, прыставучы, як дзядоўнік, упершыню за ноч шчыра яе развесяліў.

– Не, вы ўдумайцеся! – ён, натхнёны рэакцыяй, дзелавіта прытупаў следам. – Забудзем нават пра такі плюс, як бяспечнасць. Інструктарская праца – з’ява для дзяўчат натуральная, а значыць, і зразумелая як род заняткаў. У выніку маем той жа мужчынскі полк, тыя самыя знішчальнікі... Але – увага! – нікому з мужчын і ў галаву не прыходзіць, што малодшы лейтэнант жаночага полу... а з часам лейтэнант, несумненна... можа быць тут не да месца.

Ліда, пырснуўшы, круціла галавой:

– Не, ну я... Ха, я, канешне, гадок пастроіла аэраклубаўскіх зялёных пацаноў, як сама спасцігла сёе-тое... Інакш па гадзінах налёту мне б не пакратаць знішчальнік і за плоскасць. А ўсё-ткі – інструктарка з мяне!..

– Згаджа-а-айцеся, па ўсім жа відаць, што вас цягне быць вядучай. У шырокім сэнсе. Не-не, я цалкам сур’ёзна! Адкуль тады ўвесь ваш выключны, не пабаюся гэтага слова, індывідуалізм? – агеньчык папяросы, што мігцеў у заклеенай шыбе, знічкай пераляцеў з вышэйшага сектара ў ніжэйшы, калі Хваленя, зацягнуўшыся, апусціў руку. – І потым, ці здолееце вы месяцамі хадзіць хвастом за якім-небудзь напышлівым асам і страляць хіба што вачыма? А меней чым да аса не прыставяць: ніякіх гарантый выжывання. Атрымліваем поўную адсутнасць прасторы для ініцыятывы і змарнаваны час. Калі ж застацца гаспадыняй самой сабе, раздзяліць веды з маладым пакаленнем...

А фізічную абалонку – з чыёй персонай?

– Дык я больш не маладое пакаленне? Пясок сыплецца? – без інтарэсу пацікавілася Ліда, каб пацягнуць хвілінку і замацаваць вобраз непрадказальнай суразмоўцы.

– Ні ў якім разе! Гэта ж у вас нядаўна быў дзень народзінаў? Дваццатага?

– Ат, усё вы ведаеце...

– Дваццатага снежня дваццатага года. Проста! – ён нязмушана абапёрся на сцяну ля акна. На яго абмундзіраванні, што злівалася са змрокам, у рассеяным вонкавым святле адблісквала эмаль пятліц і ордэнаў, латунь гузікаў і раменнай спражкі. Паўсонную Ліду гульня блікаў патроху закалыхвала. – Што ж, я ў вашым веку разрываўся між працай і аэраклубам. Дадому хіба начаваць прыходзіў. А ў вас – бачце: і навык ужо, і званне, і некаторы вопыт баявы, хай у супрацьпаветранай абароне. Чым не інструктар?

Ліда безуважным позіркам натрапіла на шальмавата-пільны, дапытлівы позірк Хвалені з-пад казырка фуражкі. І сумелася ад нечага ў ім. І, нездаволеная сабою, парывіста ўскудлаціла чуб.

– Ды ну, лухта! Не бачу я сябе пры кагале разнашэрсных франтавікоў. Хто звышвопытны, хто ўганараваны, хто знаёмствы водзіць... Той жа каленкор, толькі наадварот. Нікому, верабейка, слова не скажы: заловяць – вылеціш!

Яна адштурхнулася ад падаконня, і Хваленя зрабіў крок следам, пасміхаючыся:

– Няўжо ж нікому? Са мной вы не выбіраеце выразы.

Ліда зморшчылася.

– Каб кожны дзень па добрай ахвоце пікіравацца, патрэбны  а с а б л і в ы  сэнс, – прабурчала яна.

І вось неяк само атрымалася: яны паволі ідуць па калідоры разам, толькі цяпер Ліда не мае ўяўлення куды. Прынамсі, падалей ад лесвіцы, што выводзіць акурат да дзвярэй яе пакоя, – вавёрка гэтаксама адцягвае куніцу ад гнязда з ваверчанятамі. Лесвіцу Ліда выбрала знарок, адужала такі доўгі абнадзейлівы шлях... а цяпер была змушана аддаляцца з унутраным стогнам. Адвязацца ад Хвалені было не прасцей, чым ад няпрошанай мелодыі.

Што за дурасць яна ўтварыла! Насуперак усім прынцыпам тактыкі прыняла бой, навязаны мацнейшым праціўнікам!

Ну, хаця б на хаду можна глядзець пад ногі, а не ў вочы.

Хваленя ўлавіў, што яе настрой амплітудна скокнуў уніз, і выраўняў тон.

– Зразумела, не будзе лёгка ні там, ні тут... Я ўсяго перабіраю варыянты. Трэніровачны полк аптымальны, калі браць крытэрый рэалізаванасці. Тут вам свеціць больш, чым на любых франтах, вось і ўсё. Яшчэ і развівацца ёсць у чым – хоць любы бамбардзіроўшчык асядлаць, хоць штурмавік... Нават штурмавік! Што ўнікальна само па сабе. Хіба не ўласцівая вам цяга да пераадолення?

– Гэтак і служба ў папярэднім маім палку падасца няпыльнай... Ай, зар-р-раза! – Ліда спатыкнулася на ўчастку, дзе паркеціна была выбітая, і ледзь не ўляцела ў падаконне. Ногі яна перастаўляла больш па інерцыі. – А што, многія мараць: і ціха, і на забеспячэнні, і ў газетах напішуць – бо часць, бачце, нетыповая! Толькі якая ў гэтым сапраўднасць – калі ты абраны матылёк, агорнуты клопатам? І калі не можаш выдаць свой максімум, бо яго не было ў задуме, – яна пагардліва тузанула плячом. – А я ненавіджу ўсё дзяжурна-прытворнае, ненавіджу, калі мяркуюць, што гэтага досыць для жыцця. Ды нават бульба ў мундзіры! У палявым, не ў парадным. А я не заслугоўваю?

– Гэта як – заслужыць месца на перадавой? – Хваленя ўхмыльнуўся, і Лідзе дзіка захацелася стукнуць яго між лапатак, каб аж фуражка зляцела. – Прасцей туды трапіць, чым прарвацца назад. І добра, калі трапіш навучаны!

Ізноў падлога азывалася сухім гучным трэскам на кожны крок, ізноў клаліся на сцяну проці вокнаў святлейшыя прастакутнікі. Засталіся ззаду дзверы з аблупленай таблічкай “7 Б”, за якімі нехта прыглушана хроп. У пустыннай чарнаце дзіўна было ўяўляць, што якія-небудзь два гады таму – Ліда думала аб гэтым неўразумела-адчужана – шыбы гэтага калідора падрыгвалі ад гаманы і віскату. І што належаў калідор камусьці, хто цікавіўся тысячамі нюансаў: узростам, з якога дазваляюць скакаць з парашутам, сямейным палажэннем маладога настаўніка, колькасцю плітачак у шакаладцы штурмана Марыны Расковай, з якой яна ішла праз глухі лес, дыпламатычнымі прыёмамі суседніх краін, дваровай радаслоўнай агромністага барбоса, якога выгульвала кнопка-дачка школьнай прыбіральшчыцы, адсоткавымі суадносінамі выдатнікаў, харашыстаў і адстаючых у паралельным класе, авантурай змайстрачыць на ёлку карнавальны касцюм мушкецёра, а не сняжынкі... І ўсё гэта замест пытання, як трапіць на фронт.

– А самаўпэўненасць пры нашай прафесіі... Гэта, калі дазволіце, неразумна! – пераконваў Хваленя не без паблажлівасці, не забываючы жэстыкуляваць. – Я сам баявы лётчык, Лідзія, і вось што скажу: аднаго ведання матчасткі – мала. Недастаткова перавучыцца з “яка” на “лавачкін”, каб увайсці ў строй. Так, гэта база, але і толькі! Трэба яшчэ адпрацаваць узаемадзеянне ў складзе звяна і эскадрыллі, навучыцца прымяняць зброю, манеўраваць пад стрэламі, весці тактычна граматны бой... Гэта далёка не патруляванне ў пустым небе ля горада! А значыць... значыць, у палку заняткі працягнуцца.

Ліда падазрона звузіла вочы: словы Хвалені выглядалі падобнымі да праўды. Урэшце, яна не магла адмаўляць ні яго досвед знішчальніка, ні лётнае майстэрства, як бы ні пагарджала асобай. За год, праведзены тут, ён педантычна асвоіў усе тыпы самалётаў у распараджэнні трэніровачнага палка і, па водгуках падапечных, выпускаў з прыстойнымі ўменнямі. А Лідзе, вычапленай колькі разоў на аэрадроме і ў сталовай, прыйшлося выслухаць не адзін яго аповед з практыкі, і з большым задавальненнем, чым адцягненыя філасофскія развагі. Як лётчыка яна сяк-так пераварвала яго. У тым ліку цяпер, калі падчас годнай франтавой размовы цемра вывела на першы план не выраз твару і рухі, а голас.

“Ёсць кантакт!” – мог бы падумаць Хваленя.

Аднак ад стомы Лідзе пачало падціскаць патыліцу, і на сур’ёзных рэчах яна вырашыла не закліноўвацца.

Ведаць бы, як ён успрымае іх начны праменад. Як спатканне?

Яна злавіла сябе на гэтай бязглуздай думцы і прыслухалася да адчуванняў. Не, нідзе нішто не варушылася: у гэтую хвіліну яна жадала толькі спаць. Наогул калі ў страўніку штодзень боўтаюцца адно суп ды каша, утрэскаецца толькі невылечны рамантык... або назола зацыклены.

Усім ты ўдаўся, Яша: і паставай, і мазгамі. А да героя ейнай песні табе ўсё роўна лёту як да Месяца на У-2. Хаця гледзячы якой песні...

Не, Хваленя не хваляваў – ні калі выхваляўся, ні калі нахвальваў.

Пасмакаваўшы нечаканую сентэнцыю, Ліда насмешліва спытала:

– Вердыкт баявога лётчыка – не варта і брацца?

– Спроба не хвароба, як кажуць. Ды слушна тут навыварат: хвароба – ад спробы, – павучальна вывеў ён. – Вы ж акурат мелі раненне?

– Мела...

– І я меў. МіГ-3 – знішчальнік вышынны. Ніжэй за пяць тысяч метраў прас прасам, ды яшчэ матор глухне з зайздросным пастаянствам. Мой і заглух раз за лініяй фронту, калі штурмавікоў суправаджалі. Пры пусцяковым пападанні, ды і не дужа тыя зеніткі палілі! Або ў лес падай разам з ім, або выкідвайся. Абраў разумнейшае, як водзіцца... Ды дзе ты што ўгадаеш! На парашуце знесла да чорта на рогі, нагу зламаў... Словам, пераплёт! І канец лістапада на дварэ! – Хваленя прыкра выдыхнуў дым, яўна больш нервова, чым чакаў. Сказы ў яго цяпер абсякаліся, інтанацыя саслізнула ў штосьці нетрывала-саркастычнае. – А ўчастак той, прашу заўважыць, пераходзіў з рук у рукі – галаву не высунуць. Зрэшты, снегу па калена было... А высоўвацца ўсё адно няма як. Адлежвайся, саколік, пакуль тэрыторыю не адаб’юць свае!

Ён нядбайным рухам затушыў папяросу ў выпадковай бляшанцы на акне і схаваў рукі ў кішэні.

Ну-с, ідучы плячом да пляча, у чым толькі не прызнаешся. Ёсць такое насланнё. І ўсё-ткі...

– А фарбы не згушчаеце? – бухнула Ліда, не падумаўшы. – Ну, ведаеце, жыццё збольшага – адна нудота, а так гісторыі займальней выходзяць.

– Рызыкуеце! А я папярэдзіць спрабую! – Хваленя зірнуў на яе хутка і ўчэпіста, і на гэты раз яна пашкадавала, што рысаў не разгледзець. – Абірайце развязку на свой густ: абмарозіцца, скалечыцца... трапіць па той бок калючага дроту... калі з кірункам ветру пашчасціць яшчэ меней за маё. А дзёрзкасць не сыдзе там за зброю! Дый у кіраўніцтва любога палка ў пашане воінская дысцыпліна, а не вальнадумства. Кропка!

– Пытальнік! Чаму развязкі адны паршывыя? – аспрэчыла Ліда. Патрэба ў сне заціскала ёй галаву ўсё пакутлівей, і ў яе зрывала разьбу, глушачы адчуванне межаў. – Я, здаецца, сказала, што намеры ў мяне самыя сур’ёзныя. Гэта значыць: лётаць, а не разбівацца! Дайце дарогу – і мне не трэба будзе парушаць правілы... Шчыра, я стамілася ўсім тлумачыць! Ці не ўсё роўна, што са мной стане?

Яна адсачыла ў сябе пару з рота і ў немалым здзіўленні ўсвядоміла, што паднімаецца па прыступках выстуджанай скразняком лесвіцы, ізноў налягаючы на парэнчы. Лесвіцы, якая была бліжэйшай да сталовай. Калі яны павярнулі? Ці прыкмеціў ён бессэнсоўнасць шляху з аднаго канца калідора ў другі? Прытармазіць бы, а то...

– Кіраўнікі для таго, каб кіраваць. А не выпытваць у падначаленых, што ім даспадобы! – рэзкавата заявіў Хваленя, ігнаруючы першую палову яе тырады. – Яны ўпаўнаважаныя вырашыць ваш лёс без вас. І так, як прасцей ім. Таму ўдала будзе закінуць прапанову, пакуль яны не нарадзілі сваю... Карацей! Я гатовы пасадзейнічаць, каб вас пакінулі тут, – рашуча адсек ён, падводзячы рысу.

Ліда, якая ступіла за ім на пляцоўку трэцяга паверха, пры гэтых словах спынілася. Парэнчы не выпусціла: далей ні кроку. У думках маячылі нарыхтоўкі пытанняў, адкуль шчодрасць і што каму выгадна, але яна іх не задала. Увагу забіраў гулкі стук сэрца – няўцямны, трывожны. Інстынкт самазахавання шаптаў: ненатуральна, што за ўвесь час бадзяння па інтэрнаце, поўным людзей, яна не пачула амаль ніякіх чалавечых гукаў. Быццам жыццё было паланёнае сталовай далёка ўнізе.

Акрамя таго, пакінуўшы гімнасцёрку і рамень у сваёй каморцы, Ліда засталася без кабуры з ТТ.

Іх раздзялялі два крокі. Хваленя чакаў. І яна, пазіраючы ва ўпор на асветленую частку яго твару, зрабіла ход.

– А Пётр Георгіч мяне возьме сам. Без пратэкцыі. Ледзь толькі папрашу. На што я здатная, ён ведае... Адной маёй згоды чакае ды ўсё наразае колы. Але згоды не будзе! І гэта ён прыме таксама. Адсюль дадатковыя гадзіны, адсюль бензін... Мой бензін. Хай не камандзір палка, але начштаба за мяне. Таму што бачыць ува мне знішчальніка – не дзяўчыну!

Так, яна інтуітыўна блефавала, скарыстаўшыся фактам размовы з Паўлавым, якой Хваленя не мусіў чуць. І не чуў – калі меркаваць па яго дзіўнай нерухомасці пры халаднаватым бляску вачэй. Ён так і не выняў рукі з кішэняў, закрыўся, і гэта не вязалася з вобразам. Нібы падсвяцілася нешта незнаёмае, сапраўднае, што жыло ў ценях – і ў ценях жа атрымлівала волю.

Ён і загаварыў інакш. Скорагаворкай. Напаўголасу. Ці то з выклікам, ці то з прыхаванай звераватасцю.

– Ты разумееш, што цябе саб’юць? Не ў першым вылеце, дык у пятым, сёмым. Знішчальнік! Немцы табе хлопчыкі, ці што? Малалетнія абармоты з суседняга двара? Асаў, асаў ловяць на дробязях, а тут!.. дзіцячы сад на прагулянцы! З ідэяй, што бессмяротны. Прыхамаць, рысоўка!

Цяпер тон быў непадроблены. Будзь у ім хоць кропля занепакоенасці, рэпліка гучала б станоўча, але выветрылася нават колішняя паблажлівая спагада. Затое мацнела прамалінейная жорсткая нотка.

– Бачу, да смерці не гатовая. А да жыцця? Жыццё толькі часткова там, – Хваленя парывіста хітнуў галавой угару. Верагодна, да неба, а фактычна да столі, дзе на пабелцы чарнелі вычварныя плямы ад запалак эксперыментатараў-школьнікаў. – Ведаеш, якая штука: астатні час прынята хадзіць па зямлі і ўжывацца з тымі, хто вакол. Або не ўжывацца – і зарабляць праблемы. А яшчэ – парадокс – гэтае вось жыццё больш важнае за першае! Таму яно і не заканчваецца разам з мірным часам. Вайна, не вайна... Зносіны ёсць! Ці скажаш: адключыла дзеля службы?

“Ну ёсць і ёсць! Не прычына ўвязвацца ў непатрэбныя!” – хацела агрызнуцца Ліда. Скрозь галаўны боль яна з прамаруджаннем супастаўляла, што пра выбар сяброў-хлопчыкаў гаварыла не з ім... І не ўлавіла, што новы голас нясе небяспеку.

Гэта стала трэцяй і апошняй памылкай, выпраўляць якую было позна.

Штосьці быццам шарганула на ніжніх паверхах, і Ліда міжволі кінула напружаны позірк за парэнчы. Для лётчыка страчаная секунда – замнога: яе груба прыцягнулі да сябе і ўпіліся ў вусны прагным доўгім пацалункам. Яна задыхнулася, мыкнула ўражана і гнеўна, не адразу здолела ўспомніць, што акрамя вуснаў у яе ёсць рукі, – а тады крэпка штурхнула ў грудзі, раздзіраючы абдымкі.

– М-мярзотнік! Прэч!..

Вольная, яна хіснулася назад, але не паспела ні рукі адсунуць, ні глынуць паветра: яе перахапілі за правае запясце і ўмомант уціснулі ў шурпатую сцяну патыліцай, лапаткамі, а ў рабрыну ўціснулася спражка рамяня. Блізка, распусна блізка!

– Я ж цябе зламлю, ваярка, – выдых над вухам. – Ціха, не тузайся дарма...

Яна рванулася, памкнулася адштурхнуць яго свабоднай рукой – упіраючыся наўгад, ранячы хворыя пальцы аб металічныя гузікі, спрабуючы ўхіліцца ад уладарных настырных губ. Не, не ліслівец, якому можна адвешваць знявагі, – чужародная безназоўная пачвара, па-мужчынску мацнейшая. А ў целе няма сіл адапхнуць...

Клятае паўгалоднае існаванне! Як яна пасмела саслабець!..

Сэрца калацілася ў горле, падступала паніка, ад бессістэмнага змагання хутка сыходзілі рэшткі моцы. Яе рука – вядучая рука! – торгалася як у цісках, не вызваліш. Другая ж не магла напоўніцу ні біць, ні штурхаць, пацярпеўшы ад асколка, і раз за разам прайгравала бесцырымоннай варожай руцэ. “Вораг? Свой? Вораг, што свой, ды чужы...” – усплыла блытаная думка і размазалася ў вобразах: драцяны самалёцік з яліны – у нізкім хмарным небе, і яму ў бок усаджвае пушачную чаргу сусед па страі.

Ёй не ставала дыхання, прасторы, свядомасці, пачало размывацца асэнсаванне, што ўсё па праўдзе. Яна яшчэ намагалася матляць галавой, і губы траплялі ў падбародак, скулу, шыю...

І што ж – так?

Цвярозае пытанне змусіла яе апрытомнець, і праз швэдар яна адчула руку на грудзях.

Х р э с ь!

Ліда так і не разабрала, што асаблівае зрабіла: ярка плёснула злосць, і далей дзейнічаў інстынкт, а не розум. Хруснуў нос, па якім яна шалёна гвазданула лбом, невытлумачальна адваяваўшы месца на размах. Цяпер у вока – з правай! Рэзка і трапна, як у дзяцінстве, калі лупіла па выстаўленых татавых далонях. Дзякуй тату, дзякуй інстынкту, дзякуй прэсу, трэніраванаму авіяперагрузкамі...

І гэта было галоўнае, што Ліда зрабіла несумненна правільна.

– Пайшоў прэч ад мяне! – прахрыпела яна з адлегласці, ледзь аддыхваючыся ад дзікай лютасці і прыніжэння; у халодным паветры клубілася пара з рота. – Давай, чашы рыссю да Любані, там хоць патрымацца ёсць за што!

– Нарвешся, Жучка! – гыркнуў Хваленя. Ад апошняга ўдару ён сышоў адной нагой на дзве прыступкі і, прыгорблены, таксама пераводзіў дух. Без галаўнога ўбору, з рукой ля твару і куды меней фасоністы – нават з улікам цемры.

– Развітайся, мора, з сонейкам, надта яно высока! – выплюнула Ліда. – І на “мігу” не дастанеш!

Ён з пагрозай выпрастаўся, ды яна сама небяспечна падалася насустрач, зашыпеўшы:

– Яшчэ толькі рух...  а д з і н  р у х!  Апошняя карэспандэнцкая навалач будзе ведаць!..

На лесвіцы ніжэй за Хваленю хтосьці раптам выразна прачысціў горла.

– Яша, – з намёкам паклікаў ён.

Хваленя імкліва азірнуўся туды і адразу назад, падціраючы, відавочна, цурок з носа. Рукі яго ад шалу сціснуліся ў кулакі. А на фоне акна прастакутнікам вымалёўваўся сілуэт Паўлава.

– Яш, ты нічога не запамятаваў? – начальнік штаба, спакойны і вытрыманы, узняўся на некалькі прыступак і спыніўся поруч са збітай фуражкай.

Спадылба гледзячы ў сцяну, Хваленя працадзіў:

– Я думаў, у начальства дастаткова абавязкаў, каб яшчэ лезці ў асабістае!

– Усяго іду да сябе. Дазволіш? – суха запытаўся Паўлаў. Яго значны голас гулка абляцеў усю прастору, і тэмпература паветра, здаецца, апусцілася яшчэ на колькі градусаў.

Хваленя нехаця падабраў фуражку, сяк-так абтрос. Надзеўшы, казырнуў, здзекліва пазіраючы ў бок Ліды, і подбегам скіраваўся па прыступках уніз.

Не саромячыся Паўлава, Ліда падскочыла да парэнчаў, перавесілася:

– Цябе збілі, а мяне не саб’юць! Усек?!

Сярдзіты крык рэхам раскаціўся па лесвіцы. Сціхалі спрытныя крокі.

– Вы... хм... як? – Паўлаў узышоў яшчэ вышэй, і яго твар апынуўся прыблізна на ўзроўні Лідзінага. Дзівацкае адчуванне.

– Швэдар падраў... крэцін... – яна цяжка дыхала ад нянавісці. Петлі пачалі распускацца дарожкай уніз ад ключыцы, месцамі неахайна тырчалі ніткі – мусіць, у барацьбе зачапіліся за ордэны... Яна дрыготкімі, нявернымі пальцамі паспрабавала замацаваць верхнюю пяцельку, але тая саскочыла і вызваліла яшчэ некалькі.

– Разумею вашы пачуцці. Што ж, ён... мужык неблагі. І для інструктарскай працы кадр удалы. Але тут бывае цеснавата, калі хто з баёў...

Ліда не шкадавала, што Паўлаў бачыў, нават наадварот, але двухсэнсоўнасць яго маўлення раздражняла як ніколі. Вы за ахвяру ці за крыўдзіцеля? А, падпалкоўнік?!

– А яшчэ – боязна яму, няшчаснаму! Збівалі яго! – з агідай выкрыкнула яна. – Аж клопат праявіў, сабака, – паклікаў у калегі. Ды ён бесіцца, што я не баюся фронту, і ўсё!

Яе штарміла, не было куды падзець лютасць, і тая дзявятым валам пераплюхвала цераз край, незнарок перападаючы Паўлаву. А той, мабыць, бачыў, што ў такім расхрыстаным стане праблемны найменшы лейтэнант можа нагаварыць і страшнейшыя рэчы. Таму тактоўна заплюшчваў вочы на гарачнасць.

– Але ж у тым ёсць слушнае зерне, – заўважыў ён. – Застацца ў нашым палку, вучыць... Гэта стабільней, чым што заўгодна.

– Застацца? Як  г э т ы?.. Ну як жа ніводны з вас не разумее! – усклікнула Ліда з адчайнай жарсцю. – Я хачу рабіць шмат, хачу быць патрэбнай і важнай! Хачу, каб ад мяне штосьці залежала, а не я залежала ад усіх!

Перш чым адказаць, Паўлаў паволі ўзняўся на пляцоўку, ад чаго столь здалася ніжэйшай, і без асаблівай мэты абвёў позіркам месца змагання. Урэшце нягучна і проста прагаварыў:

– Дык вы мяркуеце, што на пярэднім краі... полу не існуе?

Ліда бездапаможна адчула, што губляе апору пад нагамі, і выпаліла, учапіўшыся за сваю перакананасць:

– Там няма калі! Там справа! Ніхто не ўтворыць несусветнае глупства, калі сам не ведае, хто дажыве да заўтра!

Ён глядзеў ды маўчаў, як сумны ветлівы прафесар, што слухае памылковы адказ студэнткі і не наважваецца перарваць. Ліда нават запозненым непрыкметным рухам праверыла, ці ўсюды адзенне сядзіць прыстойна.

– Я ж бачу, усё бачу! – парывіста гнула яна. – Колькі пашкуматаных палкоў прылятае сюды па людзей! І хто цьфу – пустышка, а каму пакінь лусту хлеба – ні крошачкі не адшчыпне галодны. Апошніх процьма! І нічога вы мне не дакажаце!

– У баявых часцях шмат залежыць ад камандзіраў, – сказаў Паўлаў рассеяна – быццам і ёй, і не ёй. – Шмат. А можа быць, усё...

Пасля гэтых слоў ён, здаецца, асэнсаваў, што сам на каманднай пасадзе. Ніякавата тузануў каўнер, адвярнуўся ў цень.

– Ну ды не сённяшняя гэта размова... Адпачывайце. У парадку выключэння ўсім спаць да абеду, а пасля пачынаем. Што да вашага няпростага пытання, то на самы крайні выпадак... так, можна  п а с п р а б а в а ц ь  падабраць полк. Але пакуль што загад – вучыцца. Астатняе абмазгуем ізноў, гэта магу абяцаць... Ну, дабранач, Ліда. З Новым годам!

Паўлаў прыўзняў руку, нібы каб крануць яе, натапыраную, за плячо, але згадаў той раз і не стаў. А пасля знік у дзвярным праёме трэцяга паверха, дзе камандаванне сапраўды займала пакоі. Знік так ціха, што было чутно: у яго кішэні, як і ў Лідзінай, легкадумна шамаціць фанцік.

Ліда не ўзрадавалася ні фанціку, ні таму, што ўгадала пазіцыю Паўлава наконт сябе, – так яе трэсла і такой ліхаманкавай гарачынёй палалі шчокі. Яна знялася з месца і на адрэналіне ўзбегла цераз прыступку на адзін лесвічны марш – на пляцоўку між трэцім і чацвёртым паверхамі. Вось адкуль дзьмула: двайныя рамы прыадчыненага акна злёгку гайдаліся ад руху паветра. Ліда рванула іх на сябе, заграбла з бляшанага адліву снег і, не адчуваючы холаду, расцерла па твары. Сутаргава заглынула – ільдзінкі хрупнулі на зубах. Сківіцы часта пастуквалі, падушачкі пальцаў гідка пульсавалі, а па ўсіх костачках правай кісці разліваўся новы цягучы боль. Так і ёсць: палушчаная скура трэснула на згінах – мусіць, яшчэ калі яна сціснула кулак – і ўсюды блішчалі пацеркі крыві, чорныя ў месячным святле і сям-там размытыя талым снегам.

Ліда тупа пазірала на кроў, і ў грудзях калаціўся бяссільны гнеў, а вочы па-здрадніцку вільгатнелі. Гэты боль, параўнальна пусцяковы, але такі несправядлівы, дабіў яе. Што за сэнс прыкідвацца моцнай, калі падводзяць рукі, нават рукі?! А кісць яшчэ дзіўна знямела, і яўна не з-за снегу – Ліда, шморгаючы носам, таропка сагнула і разагнула пальцы, пачала расціраць. Не хапала, каб дачапіліся ваенныя медыкі... А ўсё ад шквалаў жаху, злосці, зачыненых у целе!

Яна ў імгненне раз’ятрылася, як тыгрыца, і лупанула кулаком па падаконні – р-раз! другі! трэці!..

Брыдота! Падлюка! Навагоднюю ноч спаскудзіў, сволач тылавая!..

І ў жудаснай знямозе ўперлася аберуч, дробна скаланаючыся ад плачу. З твару крапала, рэдкія сняжынкі мітусіліся вакол, асядалі на валасах і ацалелых вязаных узорах.

Чаму прытупілася пільнасць? Ну як можна было не зрэагаваць на яўныя званочкі? А яна ж знарок амаль не піла! Яна ведала, што немагчыма адшукаць стратэгію абароны ад кожнага паасобку, даводзіцца агулам... Напагатове кулак, замест спадніц-сукенак – галіфэ, а ў каморцы – кручок і пятля, надзейна ўбітыя ў дзверы.

Смяротная крыўда, нязмыўная ганьба – усё жыццё быць пацанкай, а зрабіцца мішэнню. Варта было зняць адзін слой адзежы, як з яе сабраліся здзерці астатнія!

Б е з у м о ў н ы  рашучы падыход... Яна так і не ўспомніла, дзе і ад каго гэта пачула. Ну й да халеры... А Хваленю – да д’ябла, у дупу яго парады профі. Знайшла каго слухаць! Ліда, натура цэльная, больш не жадала раздзяляць бакі асобы. Яе хіба грэла мсцівая думка, што пад вокам гэтага вылюдка сёння ж з’явіцца фірменны ліхтар – усім на пацеху.

Трэ было ляснуць у сталовай, пры ўсіх. Не чапаў бы!

Важна, важна ад’есціся, калі сабралася яшчэ і ваяваць. Здавалася б, зусім нядаўна яна адным локцем засвяціла каму належыць у сонечнае спляценне і зменшыла пыл. А цяпер...

Ліда прыслухалася і нервова засмяялася: аднекуль даносіўся бадзёры, ледзь не жыццесцвярджальны матыў “Зямлянкі”. Мусіць, у сталовай таксама прыадчынілі акно. І адлавілі-такі гарманіста, павесялелага пад уплывам “гаручкі”...

Можа, са швэдрам не так усё кепска? А раптам выйдзе вярнуць на месца петлі? Што горш, трэба кланяцца Любе з ейнымі ведамі ў вязанні...

Невядома, што было вырашальным: швэдар, слёзы, музыка? – аднак Ліда ўрэшце адчула, як скуру пячэ мароз, а плечы зводзіць ад дрыжыкаў. Паяснелымі вачыма глядзела яна скрозь такое ж яснае паветра нованароджанага студзеня. На белы-белы аэрадром, на шэрагі зачахлёных самалётаў, якія драмалі, адкідваючы сінія цені, і на тоненькі ветах, што ў разрыве аблокаў мнагазначна выстаўляў вострыя рожкі.

Месяц старэе, хутка з’явіцца новы і патанчэе таксама – трываць нядоўга! Новы месяц, новая тэхніка, новы полк. І год будзе не такі, які мінуў.

“Між іншым, я пачала год з таго, што перамагла, – скеміла Ліда і выцерла шчокі рукавом. – Гэй, чуеш, год? Ты мусіш стаць для мяне страшна важным!”


01.01–06.11.2022

Значонак, Д. З Новым годам, Ліда! / Д. Значонак // Дзеяслоў. – 2023. – № 3 (124). – С. 92–115.