Тэст-драйв для нявесты

Раиса Дейкун
    А цi ведаеце вы, шаноўныя чытачы, што-небудзь пра такi сабе «тэст-драйв»? Што ён азначае i для чаго можа спатрэбiцца? Дзе з iм чалавек можа сутыкнуцца i на iм жа спатыкнуццца?
   Заглянуўшы ў Сецiва, вы знойдзеце такое тлумачэнне:
   «Тэст-драйв асобна ўзятага пiлота на асобна ўзятым касмiчным судне ператварыўся ў неабходную дэталь працаўладкавання. Працэс стаў усё больш падобным на падбор iдэальнай сямейнай пары з праверкай на сумеснасць па дзесяткам параметраў. Памiж сабой пiлоты жартам называюць яго першым спатканнем, працоўны кантракт шлюбным дагаворам, а пастаянную работу на «сваiм» караблi сямейным жыццём».
   I што нам, прастым смяротным, скажаце вы, да таго тэст-драйву? Мы, што, у космас збiраемся ляцець? У экiпаж той падбiрацца нам патрэбна?
   Ды не, даражэнькiя! Куды нам да таго космасу?! Бярыце блiжэй, а галоўнае – нiжэй. Я маю на ўвазе зямлю. Не адрывайцеся ад яе – родненькай!
   А ў тым занадта мудрагелiстым тлумачэннi звярнiце ўвагу на такое сабе параўнанне падбора экiпажа касмiчнага судна «Працэс стаў усё больш падобным на падбор iдэальнай сямейнай пары з праверкай на сумеснасць па дзесяткам параметраў».
   Зразумелi да чаго я вяду? Ну, i добра. А цяпер слухайце, як адзiн мой добры знаёмы напрамую сутыкнуўся, а вярней кажучы – спатыкнуўся аб гэты самы (няхай яму грэц) «тэст-драйв».
   У яго раднi было заведзена, што калi хлопец цi дзеўка вырастуць i стануць, як кажуць «на выданнi», то яны атрымаюць парады старэйшых родзiчаў, па якiм азнакам выбiраць сабе суджаную цi суджанага. У iх на гэты выпадак склаўся такi сабе звод правiл з асабiстых прыкладаў i жыццёвых назiранняў. Дык вось, пад такi звод папаў адiн небарака па iменi Фёдар.
   Адразу пасля заканчэння школы перад самым паступленнем у iнстытут (каб жа не позна было) Фёдару была арганiзавана сутрэча з галоўнай хранiцелькай сямейных непiсаных правiл роднай цёткай па мацеры – Фёклай. Нягледзячы на сваё такое не зусiм прывыклае, але гучнае iмя, цётка была «прадвiнутая», як зараз кажуць. Пагаварыўшы з унучатым пляменнiкам пра сёе-тое, яна, быццам незнарок, перайшла да асноўнага пытання, якое хвалявала бацькоў хлопца i ўсю радню.
   – А нявесту ты сабе яшчэ не падабраў, хлопец? – як бы памiж iншым запытала тая Фёкла.
   – Ды не, цётачка, – нiчога не падазраючы адказаў Фёдар. – Рана яшчэ пра гэта думаць. Вось паступлю, вывучусь, займею жытло тады толькi ажанюся.
   – Малайчына, мой хлопчык! Разумнае дзiця. Адказнае. Сям’ю заiмець гэта табе не поле перайсцi.
   Доўга не думаючы, яна, нявiнна так, прапанавала падабраць нявесту з розумам.
   – А як гэта? – запытаеце вы. Запытаў i хлопец.
   – А так гэта, адказала цётка. – Тэст-драйв ёй арганiзуем, тваёй будучай жонцы на вашу сумеснасць: на што яна годна, адкуль у яе рукi растуць, цi з патрэбнага месца. Ужо потым будзем рашаць – цi патрэбна нам такая сваячка?
   – А з чаго пачнем? – праявiў цiкавасць пляменнiк (лепш бы не рабiў гэтага).
   – А пачнем, даражэнькi мой, з… каровы. Цi здолее яна даiць жывёлiну, i якiм спосабам? – тут жа выдала цётка.
   – А што, спосабы дойкi розныя бываюць?
   – А як жа! Гэта табе не ў кампутары сядзець крыцаю i света белага не бачыць. З каровай абыходжанне патрэбна мець асобае – без яго яна малака табе не дасць. А з iм жа ў цябе на стале будуць розныя прысмакi: i масла са смятанкай i тваражок з сырадойчыкам. А з iмi… чаго толькi гаспадыня не напячэ ды не наварыць! Сам ведаеш – не маленькi.
   – Так, але ж мы ў горадзе збiраемся жыць, – паспрабаваў запярэчыць цётцы Федзя. – А карову куды? На лоджыi размясцiць? Дык жа i каровы ў нас няма нават для таго твайго тэста-драйва?
   – Не разумнiчай, для такой справы знайдзем мы карову, ды i не адну. Каровячы тэст яна будзе праходзiць у дзядзькi Шуры. Сам ведаеш – у яго iх дзве. Дзядзька яе праэкзаменуе па дойцы сам – ён у гэтай справе прафесар. Па таму, з якога боку каровы твая кандыдатка падыйдзе да кармiцелькi, сядзе пад яе ўпрысядку або пацягне за сабой са спальнi пуфiк, возьме даёнку сухую цi з вадою (каб жа абмыць вымя), возьмецца за саскi адной рукой цi дзвюма, будзе цягнуць iх да зямлi цi проста патрымаецца за iх для таго нялюдскага сэлфi, якой таўшчынi струменчыкi малака пападуць у даёнку або паўз яе… Ну, i так далей – сам чуў, як дзядзька прымае каровячы экзамен… Яго яму яшчэ нiхто (акрамя яго самога) на выдатна не здаў. Нават я! Так што ў хляве паглядзiм тваю нявесту ў справе. Галоўнае, каб жа яна ўмела даiць карову, а то што за жонка такая будзе з яе, што i карову не зможа як след падаiць – бязрукая нейкая.
   Iдзем далей. Цi мае яна ўяву як саджаць-палоць-акучваць-капаць бульбу? Гэта ж куды без яе? Без бульбы? Ды ты i сам дня не працягнеш без яе, родненькай. Дык вось, пачнем з таго, якi загон яна выбера пад барабулю. Потым глянем, як клубнi для пасадкi падрыхтуе, а то возьме ды парасткi паабрывае, недарэка. Глядзець будзеш у два бакi калi кош у рукi возьме з бульбай. Патрэбна, каб жа поўны – гэта к багатаму ўраджаю. А калi пойдзе следам за пахарам, дык каб жа не з вышынi свайго росту кiдала клубнi, а сагнулась крукам i садзiла кожную бульбiну з краю баразны i на аднакавай адлегласцi адна ад адной… Управiўшысь з пасадкай, яна павiнна крутнуцца i граблi ў рукi ўхапiць ды гной угрэбцi ў бульбяную разорку. А як жа – бульба ж без гною будзе малесенькая, нiкудышняя….
   Але, хутка пара прыспее палоць-акучваць бульбачку. Дык глядзi ж, галубок мой, каб жа яна самую бульбу не павырывала, пераблытаўшы калiвы з якой лебядой цi травой-«амерыканкай». А акучваць пачне, паглядзi. як яна на рад стане – з аднаго боку будзе даўбцi-грэбцi зямельку або адразу з двух бакоў калiвы агортваць. Гэта каб два разы зямельку не таптаць. Тут табе адразу ясна стане – з якога боку ў тваёй нявесты рукi растуць.
   А каларады! Ледзь не забылася пра гэтую каросту, даруй Госпадзi… Няхай жа твая дзеўчына зараней падбае пра пасудзiны з закруткамi. Пра апырскванне бульбачкi рознай хiмiяй-гiдотай хай нават i не думае – уручную тое агароднае паскудства будзе збiраць. Дык пра манiкюры-пядзiкюры няхай забудзе, бо тыя паласацiкi ёй яго паабгрызаюць – ненаедныя такiя! Дзе нi пасей дык узойдуць. Вось жа парода ненасытная i крыважэрная – праз мары-акiяны да нас дабралiся i думаюць сабе, што яны тут назаўжды акашавалiся i будуць раяваць? А трасцы са стагнотай iм, а хваробы ўсялякай! – не на тых напалi! Адкуль з’явiлiся туды i адправяцца! А могуць i тут застацца…
   Вой, што гэта я ў палiтыку рынула?
   Рушым далей, мой хлопец. Пры самой копцы бульбы звярнi ўвагу як капаць будзе: наўколенцах поўзаць па той беднай бульбе, або стане як патрэбна – ракам. Пасля яе копкi абавязкова правер, а цi чысценька яна пакапала, цi не пакiнула палавiну ўраджая ў зямлi. Нягоднiца такая! Пустадомка! Адразу вiдна, што не гаспадыня – забыўшыся, што кандыдатка перад ёй не сапраўдная, а вiртуальная, так бы мовiць, уяўная, цётка ў гарачцы пачала яе касцярыць на чым свет стаiць… Потым апамяталась i пайшла павучаць-настаўляць «неразумнае дзiцё» далей.
   – Ледзь не забыла пра вельмi важнае! Падбiрай будучую жонку паблiзу. Каб жа яна жыла не толькi непадалёку, але i родам з мясцiн не вельмi далёкiх. А то ухайдакаешся спачатку праваджаць яе дамоў пасля свiданак, а потым ужо ездзiць-наведваць разам з ёю яе родных з iхнiмi радзiнамi-iмянiнамi i ўсялякiмi сямейнымi датамi. Гэта ж прыкiнь – дарога туды i назад, падарункi не абы якiя. А як яны пачнуць ездзiць «у госцi да донькi» – да цябе значыць… Задыхаешся прымаць-гадзiць цешчы з цесцем…
   А прыкiнь такую сiтуацыю: да вас яны дабяруцца самi i за свае кошты, а назад жоначка падлезе-падыльсцiцца да цябе, дурня, i адправiць да касы, а яшчэ горш – да авiа-касы – за бiлетамi. I грошыкаў госцейкi не дадуць – зробяць выгляд, што ў iх такiх, якiя ў нашай краiне ходзяць, не водзяцца. Прыкiнуў? Дык отож. Табе цётка дурнога не парадзiць…
   А яшчэ ж, галубок мой, глядзi ва ўсе бакi, каб жа тая галубiца цябе не акучыла, як тую бульбу. Ты яе ў кiно-кафе-тэатры будзеш вадзiць, кветкi-падарункi дарыць, а яна возьме – круць-верць носам i тым месцам, на якiм сядзяць, i памаша табе ручкай…
   У тваёй мацеры, дарэчы, быў да твайго бацькi ўхажор. Дык ён перад тым, як пачаць за ёй ухаджваць допыт ёй арганiзаваў дабрэнны: маўляў, як ты сабе думаеш, гуляць-нявесцiцца са мной абы пашвендаць-пакрасавацца перад сваiмi сяброўкамi за мой кошт, цi па-сур’ёзнаму да мяне адносiшся? А то ён, бачыш, разкашэльваўся на адну, а яна хвастом вiльнула i шукай-свiшчы цяпер ветра ў полi яго падарункi з кветкамi…Так што, маўляў, я цяпер вучаны – давай мне распiску, пра тое, што калi што не так, дык ты мне павернеш усё, што я на цябе патрачу – яшчэ i маральныя мае затраты кампенсуеш...
   Тая цётка Фёдару наўздагон яшчэ адны папярэджаннi выдала.
   Якiя яшчэ – здзiвiцеся вы. Тут i ад гэтых галава кругам пойдзе – ад iх жа ачамярэць можна. Ну i цётка – помарак нейкi!
   Не кажыце, мае галубцы i галубiцы. Дык слухайце далей пра цётчын тэст-драйв. Яна таму беднаму хлопцу ўслед переказала, што яго нявеста мала таго што пападзецца «бязрукая», дык жа прыйдзе да яго на ўсё гатовае.  А ёй што – яна дзеўка-расадка, якой патрэбна перасадка. Ён жа вучобу адолее, жытло заiмее. Дык жа хiба яна ацэнiць усё гэта? Яна ж, цаца такая, яшчэ i нос задзярэ – глядзi. маўляў, як я цябе ашчаслiвiла! А пры першай жа сварцы на кухнi (хлопец жа прывык дома добра есцi, а тая няўмека не ведае з якога боку да плiты падступiцца) тут жа заявiць свае правы на палавiну яго кватэры. Ну, i як яму такая перспектыўка? А кватэра ж бацькоўская, вярней бацькава халасцяцкая. А ён жа, прастак такi, узяў ды прапiсаў тую нячысцiцу. Ну, i ўсё – прыехалi. Яе ж цяпер i трактарам «Беларусь» не выцягнеш з яго законных квадратных метраў. Яна ж жонка! Мае права! Яна ж ашчаслiвiла яго – дурня!
   Ад цёткi Фёклы Фёдар выйшаў у змрочным настроi. Мусiць жа задумаўся пра наступствы жанiцьбы.
   А што вы запытаеце сённi з тым Федзям сталася? Цi ж падабраў хлопец сабе нявесту «з рукамi?».
   Ды не, мае дарагiя. Спачатку яму стукнула дваццаць, потым дваццаць пяць, трыцаць i тут родзiчы захвалявалiся не на жарт: аднагодкi пажанiлiся, дзяцей нарадзiлi, а гэты халасцякуе. Нi табе нявесткi. нi ўнукаў. У чым справа? Хлопец на выгляд нiўроку сабе, вучобу адолеў на бюджэце ў тэхнiчным вузе, з кватэрай бацькi дапамаглi.
   А справа была ўсяго ў тэст-драйве цётачкi Фёклы (няхай ёй грэц). Дык хто ж яго ў яе пройдзе? Хiба што спецназавец якi кручаны? I то – наўрад цi. Я асабiста сумняваюся ў гэтым. А вы, шаноўныя?
   P.S. Пра тэст-драйв Фёклы для жанiха другiм разам раскажу.