Лойма бел

Филмор Плэйс
Даўно справа была, яшчэ калі лес даходзіў ажно да самай вёскі. У тыя часы людзі і лясныя духі жылі дружна, і лясныя насельнікі не-не, ды і заходзілі ў двор. Паходзяць, сляды пакінуць, ды і пойдуць.
На ўскрайку вёскі, на лясным ускрайку жыў дрывасек. Пайшоў ён неяк у лес працаваць, а жонка з малым дзіцём засталіся дома. Парабіла Алена хатнія справы, сядзіць, дзіця ўкалыхвае. Пасля прыгадала, што да суседкі пару дзён таму сваты прыязджалі, падарункі розныя прынеслі. Дай, думае, як засне дзіця, ненадоўга да суседкі збегаю, адным вочкам пацікаўлюся. Вось заснула дзіця, накінула Алёна хустку на галаву і бягом да суседкі.
Пакуль тое сёе, пакуль паразмаўлялi, пакуль падарункі разгарнулі ды з усіх бакоў агледзелі... Глядзіць Алена, ужо і час прыйшоў дзіця карміць. Развіталася і бягом зваротна.
Прыйшла дадому, быццам спіць яшчэ дзіця. Узяла на рукі, бачыць, нешта не так з дзіцем, а што - незразумела. А тое ужо прачнулася, да грудзей цягнецца. Добра, думае, пакармлю, пасля разгляджу як след. Да грудзей прыклала, кінулася тое смактаць, ды так прагна, нібы тры дні галоднае. І адчувае Алена, не яе гэта дзіця, усё чужое. І смокча па-іншаму, і вусны іншыя, і погляд, і твар. Што рабіць? Схапіла дзіця ў бярэмя і пабегла да крыве.
Выслухаў крыве, пасля разгарнуў дзіця і агледзеў з усіх бакоў. Нібыта нічога нязвычайнага. Пачакай, кажа, ёсць адзін сродак. Прынёс набранай на Купалле няпачатай вады і акрапіў дзіця. Пасля пачаў чытаць замову на праўдзівае аблічча.
Глядзяць, па целе дзіцяці пайшла дрыготка, пасля скура яго стала пакрывацца шэрай, як заячы мех, поўсцю. Галава выцягнулася і стала падобнай на ваўчыную морду.
- Э, - кажа крыве, - не тваё гэта дзіця і пакідаць яго ў хаце нельга, інакш ён усіх вас задушыць.
- А дзе ж мой? – пытаецца Алена. - Як яго вярнуць?
Задумаўся крыве. Пасля кажа:
- Старыя людзі казалі, жыве ў лесе дух у абліччы прыгожай дзяўчыны, і клікаць яе Лойма. Яшчэ казалі, дзеці ў Лоймы нараджаюцца няўклюдамі і, калі якая жанчына адцягнецца, Лойма крадзе дзіця, а ўзамен пакідае сваё і замову робіць, каб схаваць яго сапраўднае аблічча. І няма іншага спосабу вярнуць скрадзенае дзіця, акрамя як прымусіць Лойму перажываць за яе няўклюду.
Расказаў крыве Алёне, што рабіць, узяла яна чужое дзіця і пайшла дадому.
Дома маладуха зняла з дзіцяці пялёнкі і стала пляскаць яго па попе далонню. Не тое каб моцна, але і не слаба - да чырвані. Заплакала дзіця, закрычала. Раптам перад Аленай з'явілася высокая жанчына ў белым адзенні, на галаве – белая хустка. Глядзіць у вочы і кажа: «Я твайго лашчыла і даглядала, а ты майго б'еш! На, забірай!..» Працягнула дзіця, узяла свайго няўклюду і знікла.
З таго часу Алена больш ніколі не пакідала сваё дзіця без нагляду і заўсёды была побач.