Бабiн забор

Натальянка
Пра сябе Міхаліха вырашыла: 30 дасок у дзень, і да канца лета забор яна адолее. Дзякаваць Богу, жэрдкі ёй Мікола паставіў, дапамог. Ну а з астатнім неяк справіцца.

У вячэрнім жнівеньскім спакоі рэха ад малатка, мусіць, звонка разносілася па наваколлі, але пра гэта яна не думала. Думалася пра іншае.

... Ці ж каму, і ў першаю чаргу самой Анюце, прыйшло б калі ў галаву, што калісьці яна будзе сама забіваць цвікі ды плуг на сабе цягаць?...

Сям'я Масцібродскіх, пэўна, была адна з лепшых ў вёсцы. Заможная гаспадарка: конь, дзве каровы, свінні, гусі, козы і нават авечкі. У гародзе заўсёды прыбрана, нягледзячы што ў хатніх справах прыходзілася ўпраўляцца толькі ўдваіх - маці з Анютай.

А які ў іх быў сад! За парасткамі яблынь прыязджалі пакупнікі ажно з Смаргоні, Воршы ды Слуцку.

Сад, як і ўсю вёску, спалілі ў вайну. Але землякі памяталі. І верылі да сёй пары, што Ганна, як і маці з бацькам, ведае, як з раслінамі трэба. Мо, сапраўды штосьці перадалося і ёй: кветкі ў гародзе, нават гэткім бедным, пасляваеннай пары, у Міхаліхі буялі як ні ў кога. І зёлкі тыя-якія ведае сапраўды, і ад зубнога болю заварыць, і ад жывату, а то, калі надта трэба, і жаночыя болі сцішыць можна. Нават зараз час ад часу хтосьці прыходзіў з просьбай дапамагчы. Сваім Ганна не адмаўляла.

Сям’я Масцібродскіх пачала знікаць раней, чым зруйнавалі сад.

Першую вайну Анюта не памятала. Не здзіўна, колькі ёй у чатырнаццатым, тры гады было.

Малодшая з Масцібродскіх, адзіная дачушка пасля чатырох сыноў, яна толькі амаль дарослай, перад уласным шлюбам даведалася ад маці, што была яшчэ адна сястра - і менавіта ў імперыялістычную дзяўчынка памерла ад хуткага запалення. Не дзіўна: вёска маленькая, на водшыбе, а ў вайну дзе да таго доктара ў горад паедзеш. Ды і каму, на чым везці? Каня рэквізавалі, гаспадар служыць, старэйшыя два сыны - таксама, пры гаспадарцы, акрамя маці, толькі два падлеткі ды дачушкі-немаўляткі. Адной не пашанцавала, дзякаваць Богу, Анютка выжыла.

Таму і песцілі яе ўсе, сапраўды. Больш за ўсё бацька, канечне, хоць і нядоўга. З фронта вярнуўся, кашляючы пасля газавых атак: здароўя яму хапіла раўнютка на тры гады, у дваццаць першым ужо не стала. Ліхаманку - рэвалюцыя, немцы, палякі, зноў рэвалюцыя - пры ім неяк перажылі, але далей маці ўжо сама змагалася.

На першай вайне загінуў старэйшы з братоў, Васіль. Ні жонкі, ні дзяцей, застаўся толькі напаўцьмяны фотаздымак, дзе ён з двума саслужыўцамі старанна - нязвыкла - пазіруе на камеру.

Нешматлікія партрэты, матчыну ікону, колькі срэбных манет, што заставаліся яшчэ з даўніх часоў, а таксама завушніцы, падараныя свякроўкай, на самым пачатку ўжо гэтай, сваёй вайны Ганна закапала ў лесе. Таму і захаваліся. За тыя манеты потым купіла кароўку, карміцельку, адзінае багацце і ратунак. Без каровы б аніяк не вытрымалі, не выжылі б у тыя першыя галодныя зімы.

Астатнія браты жылі дружна, нават калі жаніцца пачалі. Мікола застаўся тут, у вёсцы, Валодзя пайшоў у суседнюю ў прымы да жонкі, Пеця да вайны паехаў вучыцца ў горад. Але ў маці збіраліся ўсе, і дапамагалі, і святы ладзілі. На Анюціна вяселле ў трыццаць трэццім таксама прыехала ўся сям'я.

І хоць сустракаліся, зразумела, і пасля, у яе памяцці браты як агульнае цэлае засталіся менавіта там, у момант яе шлюбу. Сядзяць радком на лаўцы, побач жонкі, усе маладыя, здаровыя, вясёлыя. Шчаслівыя!

Валодзя падарваўся на міне, калі партызаны ладзілі наступленне ў сорак чацвёртым. На першай вайне абмінула, жывы вярнуўся, а на другой галаву склаў... Пеця, дзякаваць Богу, вайну прайшоў - пралятаў - без адзінай царапіны, а пасля Перамогі яшчэ і на Далёкім Усходзе паспеў паслужыць. Там і зараз, нават не бачыліся пасля вайны. І то добра, што жывы застаўся.

Мікола, адзіны, хто побач, вярнуўся з раненнем у нагу. Рукі-то на месцы, але ці шмат наробіш, калі нават стаяць доўга цяжка. А хату падымаць трэба. Ды і ёй, Анюце, дапамагчы калі-нікалі. Хоць і сорамна прасіць лішні раз, але ці ж яна сама б тыя жэрдкі паставіла?..

Амаль уся вёска гуляла на вяселлі Мішы Пракопчыка і Анюты Масцібродскай. Абодва мясцовыя, усе ведалі і яе, і жаніха. Можа, хто і зайздросціў іх маладосці, прыгажосці, узаемнасці, але Анюта на тое не зважала. Яна, пэўна, тады нічога амаль яшчэ ў жыцці сваім не баялася. Не пужалася, як іншыя дзеўкі, што жыць давядзецца са свякроўкай, сама сабе гаспадыняй не будзеш. І сапраўды, свякроў у яе была добрая, за колькі год, што паспелі пражыць разам, ні словам не упікнула.

Не думала загадзя, што муж разлюбіць. Не разлюбіў. Да апошняга дня, што давялося правесці ёй замужняй жонкай, Анюта адчувала - не ведала, менавіта адчувала, - што Міхась любіць яе, як і тады, на самым пачатку.

А хіба ж яна ведала, што чакае наперадзе і чаго трэба баяцца.

...На другі вечар да забору падыйшла Зося. Братавая - Міколіна жонка, кума - дзяцей яшчэ да вайны хрысцілі. Сяброўка: разам у балоце ад немцаў хаваліся, дзве партызанскія жонкі. Праўда, у балоце тады ўся вёска хавалася. Амаль уся і выжыла. Хаты спалілі, а людзі засталіся.

Дачушка Анюціна не выжыла. Мо, захаладала на сакавіцкім стылым ветры, мо, перапужалася аўтаматных стрэлаў і дзікага сабачага лаю, што даносіліся ад вёскі: да дрыгвы, не ведаючы сцежак, немцы блізка ўсё ж не падыходзілі.

Разам з Зосяй яны малую і харанілі. Зося і Ганна, удваіх, амаль моўчкі. Толькі потым, калі Анюта ўчапілася ў холмік зямлі і завыла, нібы тая ваўчыца раненая, Зося гладзіла яе па спіне і мармытала раз за разам, амаль бясконца, здаецца: - Паплач, паплач, Аня.

Гэтак жа моўчкі братавая стала побач, і ўжо два малаткі разносілі па наваколлі рэха ад забітых у забор цвікоў .

Як яна тады выжыла? У пастаянных параўнаннях з мацярынскім лёсам: на той вайне не стала дзяўчынкі, і на гэтай зноў гісторыя паўтараецца. За што, навошта? Чаму і кім для яе было загадзя задумана паўтарыць маміна гора?..

Давалі падтрымку толькі думкі і клопат пра Настачку. Адно дзіця згубіла, але ж адно засталося. Настачка была старэйшая за тую, слабую сястрычку Волечку, і ці то запасу сіл у яе аказалася болей, ці Гасподзь ужо зжаліўся над ёй, Ганнай, вырашыў пакінуць хоць штосьці, кагосьці, хто здолее ўтрымаць тут яе саму, але Настачка выжыла, перажыла вайну. Разам з маці галодная і босая вярнулася на поплішча, у якое ператварылі вёску, адступаючы нарэшце, фашысты. Разам яны адшуквалі закапаныя ў лесе рэшткі былога дабрабыту. І нават калі Ганна сабралася за каровай - а ісці прыйшлося далёка, у суседні не тое што раён, ажно вобласць, у Заходнюю былую Беларусь - і хацела пакінуць дачку на два дні разам з той жа Зосяй і яе малымі, дачка ўчапілася за яе рукавы і са слязьмі сказала:

- Мамачка, калі ласка, я буду слухацца, і ныць не буду, толькі з сабой вазьмі, у мяне хопіць сіл, пойдзем разам!

Пайшлі разам, прывялі кароўку. Неяк перажылі і першае лета, і зіму, і другі год. Вось і трэці ўжо перажывуць неяк. Грэх скардзіцца, калгас Ганне дапамог, і лес выдзеліў на хату, і скласці талакой дапамаглі. Нават зорачку чырвоную пафарбавалі - дом салдацкай удавы. Ну, а забор... што забор, ужо неяк самі справяцца.

Настачка таксама дапамагчы імкнулася, у першы ж вечар узялася за малаток. Але дзе тыя дзявочыя рукі - дванаццаць год дзіцяці -  здолеюць малаток трымаць. То па пальцу сабе ўдарыць нечакана, то міма цвіка прамахнецца - не столькі працы, колькі тлумы. Адправіла Ганна дачку на гарод і сама ўзялася.

Калі б тады, у сорак чацвёртым, калі Волечку пахавала, калі чакала мужа - два месяцы пасля ён не мог вырвацца дадому, наступленне ладзіла брыгада, - калі б тады Ганна ведала, што не канец яшчэ яе жахам і пакутам, што яшчэ наперадзе  - ці знайшла б яна тады сілы?

Можа, сапраўды Гасподзь літасцівы, што не дае даведацца загадзя, што чакае нас наперадзе. Сапраўды...

Пасля вызвалення раёну партызанаў узростам ад васемнаццаці да сарака пяці мабілізавалі ў дзеючую армію. Вызваляць трэба было далей, фронт ішоў на захад. З фронту Ганна атрымала ад мужа два трохкутнічкі. Ці дайшлі да яго лісты, што пад дыктоўку пісала Настачка, яны не даведаліся. Радавы Пракопчык Міхаіл Іванавіч прапаў без вестак у красавіку сорак пятага года. "Верагодна загінуў" - было напісана ў афіцыйнай паперцы, што прынёс у хату старшыня сельсавета. Сам прыносіў, да кожнай ўдавы. Набралася іх на вёску ажно дванаццаць - з дваццаці дзевяці даваенных двароў.

Некалькі дзесяцігоддзяў пазней, калі адчыненыя былі архівы, Настачка - сталая ўжо, амаль пенсіянерка Настасся Міхайлаўна, - знайшла звесткі пра тое, што бацька загінуў пры вызваленні горада з нязвыклай для беларускага вуха назвай Кёнігсберг.

Але Ганна гэтых звестак не дачакалася.

А забор прастаяў гадоў дваццаць. Бабы зрабілі як след.

18.08.2022