Верная прыкмета

Раиса Дейкун
   Калi сталася тая бяда – Чарнобыль, людзей з трыццацiкiламетровай зоны перасялялi – каго куды. Для iх пабудавалi цэлыя вулiцы ў гаспадарках iншых абласцей. Пры кожным дамку i добрыя кавалкi зямлi былi нарэзаны – па сотак дзесяць-пятнаццаць. Перасяленцы, ведама, на новых месцах пачалi абжывацца: хаты-катэджы – абсталёўваць, лазнi, гаражы – прыбудоўваць. Звычайна ж, дбаць i пра сад – куды ж без яго?
   Падбаў i Павел Сцяпанавiч – наш добры знаёмы. З пiтомнiка прывёз некалькi саджанцаў груш, яблынь, слiў. А, наведаўшы старое бацькава селiшча, накапаў кустоў малiны, агрэста, парэчак. Яшчэ сяго-таго. Ад бацькавых i матчыных яблынь, груш, слiў нарэзаў прышчэпак, сам папрывiваў. Пахвалiўся майму чалавеку, што адну частку агарода пры хаце ён з жонкай на сямейным савеце вырашылi заняць пад сад, другую – пад грады i бульбу.
    Аднаго ранку, выйшаў чалавек на агарод i лiтаральна знепрытомнеў: яго новага саду як i не бывала. Нi аднаго дрэўца, нi аднаго кусточка малiны, парэчак… На iх месцах зiялi толькi абсыпаныя ямкi. Схапiўшыся за сэрца, на ватных нагах сусед вярнуўся ў хату, ледзь дабрыў да канапы. Пабачыўшы чалавека ў такiм стане, жонка выклiкала «хуткую». Пакуль тая ехала, муж расказаў жонцы, што сталася. Калi нарэшце прыехалi медыкi дык i яе прыйшлося «адкачваць».
  Суседзяў яны яшчэ добра не ведалi: ён – ад цямна да цямна на ферме, бо працаваў заатэхнiкам, яна – ў калгасным дзiцячым садку.
  Праз дзень-другi пасля прыгоды пайшоў Сцяпанавiч да сястры, якая жыла дзесь хат праз дзесяць ад яго на адной вулiцы. Адведаўшы родзiчку, ён выйшаў на ганак i сабраўся iсцi дамоў, ды неяк вока кiнуў у суседнi агарод. Тое, што там пабачыў, увяло яго на нейкi момант у ступар. Спачатку Сцяпанавiч не паверыў сваiм вачам, потым саскочыў з ганку i падбег да сеткi, што аддзяляла агароды. Так i ёсць: у суседзяў сястры за сеткай стаяў-рос яго малады садочак. Пабачанае заставiла яго аж скалануцца ад гневу. Забыўшыся на ўсё на свеце, заатэхнiк бягом пабег на суседнi двор-агарод. Аббегшы яго ўвесь ён знайшоў прапаўшыя свае саджанцы яблыняк i iншых дрэвак, а побач з iмi малiну, парэчкi, агрэст. Зцяўшы зубы, забег у хату i пабачыў, дакладней пачуў, храп з печы – там спала гаспадыня, адна з мясцовых даярак. На вулiцы i на ферме, нягледзячы на даволi сталы век, яе звалi Волька. Чалавек яе працаваў таксама на ферме. У сям’i было пяцера дзяцей рознага ўзросту. Меншыя двое яшчэ хадзiлi ў школу. На вулiцы ўжо ведалi, што Волька i яе муж прыкладалiся да бутэлек з краплёным. У хаце, акрамя хропшай гаспадынi, нiкога не было. Ухапiўшы маладзiцу за нагу, Сцяпанавiч пацягнуў яе з печы. Тая ўскочыла – разпатланая, выпiтая i адразу ў крык:
   – Што такое, што якое, што здарылася, Сцяпанавiч? Яж кароў падаiла i адпачываю. Маю права!
   – А ну, хадзем са мной, – Сцяпанавiч лiтаральна вывалак Вольку на двор i павёў рукою ў яе пад носам:
   – Кажы, даражэнькая, дзе ты саджанцы прыдбала, а дзе агрэст, малiну?
Тая, не маргнуўшы вокам, адразу выпалiла:
   – Ну, як дзе? Дзе ўсе – на базары. А што такое? Хiба нельга? Дык жа i сабе малiнiну якую з’есцi хочацца!
   – Малiнiну, кажаш любiш? Як паглядзець, дык ты i яблыкi з грушамi i слiвамi, i агрэст з парэчкамi любiш. А што ты яшчэ любiш? Я с табой, зладзюжка, разбiрацца не буду, зараз выклiчу мiлiцыю, няхай яна разбiраецца: на якiм такiм базары ты яблынi з малiнаю купiла, хто iх выкапаў на маiм агародзе i туды занёс?
  Сцяпанавiч рашуча павярнуўся iсцi тэлефанаваць да мiлiцыi.
  Пабачыўшы, што будуць ёй зараз пярэлiўкi, Волька тут жа заламала рукi i пачала галасiць:
   – Не губi, Сцяпанавiч! Гэта ж мая Сонька пананосiла ўсяго. А я ж не знала-не-ведала, што ета ваша.
   – А як бы знала, дык што б зрабiла?
   – Як што, у другi сад адправiла б.
   Тым жа днём, дачакаўшыся Соньку са школы, Волька разам з ёю выкапала i перанесла (на вачах суседзяў) ўсе саджанцы i кусты да Сцяпанавiча. Зноў яму разам з жонкай i дзецьмi прыйшлося саджаць-перасаджваць свой сад, хадзiць-абiходзiць кожны кусточак, каб жа прыжыўся ад нялюдскага выкопвання i цягання яго туды-сюды.
Так вулiца пазнаёмiлася з гэтай сямейкай i ўжо як у каго што прападала, дык усе паказвалi пальцам на хату Волькi. А тая i не хавала нi ад кога асаблiвых якасцей сваiх i дзяцей – лiчыла, што гэта дробязь, не вартая ўвагi.
   Так i жылi-пажывалi. 
   Неяк Волька пахвалiлася суседцы, што яе Сонька замуж iдзе.
   – Гэта ж каторая? Меншая, цi серадольшая? Яны ж у цябе падобныя адна на адну, нiбы тыя куры.
   – Ну, што ты, не ведаеш каторая? Ну, тая, што малiну ў Сцяпанавiча пакрала, – нi грама не сумеўшыся растлумачыла Волька.