Уладывасток уладывасток

Мария Мучинская
На дварэ 1986 год. Канец красавiка . Днi, на шчасце, як тады казалася,
выдалiся цёплыя. Дваццаць восьмага красавiка Марта ў адпаведнасцi з
графiкам выйшла на працу ў другую змену. Магчыма, з-за надвор`я цi
па прычыне таго, што штосьцi недагледзелi тэхнiкi, вылiчальная машына
пастаянна выдавала праграмны збой: то прылада для друку прыпынць працу i яе немагчыма парушыць з месца, то не чытаецца тэкст на дысках –  амаль кожныя паўгадзiны прыходзеiлася выклiкаць наладчыкаў. У вынiку рабочая змена зацягнулася да паўночы. Было адчуванне, што нейкiя сiлы, як бы
спецыяльна цягнулi час, каб дзяўчына ў гэты дзень, вяртаючыся з працы,
папала пад дождж. У гэты момант гераiня нашага аповеда не прадбачыла  нiякай небяспекi, яе наадварот усё  забаўляла. На здзiўленне, дождж быў такi цёплы  i лагодны, што Марта нават не стала хавацца пад парасон. Дзяўчыну радавалi дажджынкi, якiя  з`яднаўшыся сцякалi ручайкамi з яе твару. Кропелькi, трошкi затрымаўшыся на вейках, забаўна i казытлiва скакалi на шчокi, а са шчок - на вусны. Быў познi вечар. На вулiцы ў гэты час звычайна пуста, прахожыя – рэдкiя госцi, i яна, забыўшыся пра  ўсё, кружылася разам з дажджынкамi, лавiла iх у далонi, а яны iскрылiся ў прамянях лiхтароў i былi падобныя на зорачкi, якiя то загаралiся, то гаслi, ствараючы загадачныя фiгуркi. Наша гераiня радавалася, смяялася i умывала дожджыкам твар. Дажджынкi-зорачкi часта застывалi на яе вуснах i, здавалася, выдзялялi прыемны водар. Гэты вясеннi дождж быў вяшчуном  хуткага цяпла – летняй пары.
     Праз тры днi – майскiя святкаваннi, прадбачацца  доўгiя выхадныя, i ўciм хацелася правесцi iх незабыўна. Праўда, у многiх у вёсцы былi зямельныя дзялянкi, а май – гэта перыяд пасадкi бульбы, падрыхтоўкi градак для агароднiны. Шкада,  у краiне на ўсё дэфiцыт, таму агарод -  як нiколi, вялiкая падтрымка для сям`i. А яшчэ, працоўны чалавек за зiму так знудзiцца па зямлi, што сутыкненне з ёю рук, дае неверагодную энэргiю i цяпло. Больш таго, як прыемна есцi выгадаваны сваiмi рукамi агурок, ён у сто разоў смачнейшы. А галоўнае -  ты ўпэўнены, што гэта чысты, выгадаваны без хiмiчнай апрацоўкi  прадукт.
      Сягоння на працы Марта з сяброўкамi таксама абмяркоўвала праграму на першамайскiя сваты. Хто выказваўся за паездку за горад, у лес, хто ўжо ведаў, што паедзе ў вёску, а вот iсцi на дэманстрацыю жадаючых было вельмi няшмат. Але, каб канчаткова  акрэслiцца, усе чакалi спiскаў «жадаючых»  урачыста крочыць па вулiцах сталiцы i дружна крычаць  «ура!», часцей за ўсё не слухаючы, каму цi чаму яно прысвечаецца.  Марта ўспамінала як у студэнцкія гады, ідучы калонай у святочным шэсці, жартавалі. Сядзе на праспект варона, яны дружна спыняцца і дадуць магчымасць, важна, збіраючы пясчынкі, перайсці праз дарогу. Самі ў гэты момант скандзiруюць: «Ва-ро-не, у-ра!.."Слова" вароне гублялася, а " ура " падхоплівала ўся калона і з захапленнем выкрыквала. Было, па-юнацку, смешна і, разам з тым, у душы асядала горыч ад адчування, што ты проста часцінка натоўпу. Спiскi састаўлялiся, звычайна, на дабравольна-прымусовай аснове, спрачацца было дарэмна. Кожны марыў, каб яму пашанцавала  распарадзiцца святочнымi днямi паводле свайго меркавання, а яшчэ, каб не пакрыўдзiла надвор`е.  У гэтым пытаннi  сярод усх  была аднагалоснасць, усе жадалi  ў святочныя днi нацешыцца сонейкам. Яно, як заўсёды, было неабходна i тым, хто iшоў на дэманстрацыю, i тым, хто ехаў на працоўныя буднi, i шчаслiўчыкам, якiя выязжалi на возера, альбо рэчку, палiлi вогнiшча i проста адпачывалi пасля зiмовых сумётаў, халодных завiрух i маразоў.
         Першага мая вулiцы горадоў запаўнялi натоўпы народу. Урачыста чаканячы крок, людзi iшлi на дэманстрацыю, i не важна, хто па сваёй волi, хто па прымушэнню, таму што на ўсенародным гуляннi, злiўшыся з натоўпам, акунуўшыся ў агульнае вяселле, яны забывалiся, што ўпарта супрацiўлялiся, шукалi  прычыны, каб застацца дома. Усiх ахоплiвала ўсеагульнае вяселле i, як звычайна, яно заўсёды заканчвалася маёўкай. Пасля дэманстрацыi многiя, асаблiва моладзь, выязжалi за горад, у лес, цешыцца прыродай, арганiзоўваць пiкнiк. Людзi ўдыхалi пяшчотныя парывы цёплага паветра, радавалiся, што вось-вось на парозе лета i, па ўсiх прыкметах народнага каляндара, яно абяцала быць цёплым.  Чулiся песнi, яны злiвалiся з ветрам i разносiлiся агульнай вясёлай мелодыяй па ўсей акрузе, асаблiва ў лесе. За iмi паўтарала рэха, гукi скакалi па галiнках дрэваў i напамiналi цырыканне птушак у лясным гушчары.
        Толькi недзе ў сярэдзiне мая пачала прасочвацца непрыемная вестка: майскiя дожджыкi i сонейка былi не бяскрыўднымi. Рэзананс ад весткi шырыўся i з кожным днём усё мацней i мацней прымаў праўдзiвы абарот. Хутка ўсе даведалiся, што ў канцы красавiка здарылася аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыi. Людзей ахапiў страх, кожны ўспамiнаў свае прагулкi пад дажджом, свае прыгоды на майскiя святы, i ад думак, якiя множылiся ад недахопа iнфармацыi, народ  разгубiўся, не бачыў выхаду i не разумеў, што рабiць. У адзiн момант знiкла ўпэўненасць, што на родных, узараных  у маi агародах, яны вырасцяць чыстую без радыяцыi  агароднiну. Людзi пачалi баяцца збiраць у лесе ягады i грыбы, бо гэта  самыя прывабныя месцы для асядання радыяцыйных ападкаў. Час як быццам падзялiўся на дзве часткi: на час да аварыi на Чарнобыльскай АЭС i на час пасля яе. Яго размежавала нейкая бездань, якая пастаянна шырылася i расла ўглыб.  Было адчуванне, што ты падаеш i спрабуеш за нешта ўхапiцца, каб прыпынiць рух, але побач толькi ценi. Калi хапаешся за iх, яны адразу разыходзяцца i знiкаюць на вачах, i ты разумееш, што гэта пустата, проста падман зроку. У гэты момант, як нiколi, адчуваеш адзiноцтва, не ўпэўненасць i страх перад будучым i сучасным. Iнтэрнэта,  з якiм Матра змагла бы дыскуцiраваць аб сваiх праблемах -  шукаць падобныя выпадкi, задаваць пытаннi i адшукваць адказы, дзялiцца вопытам, у той час не было. Настаў момант, калi кожны разумеў, што кiнуты на волю лёсу, што ад кожнага кроку, ад кожнага ўдыху залежыць яго будучыня. Душыла крыўда, што ўсе звесткi даводзiлася дазнавацца не з афiцыйных крынiц, а з замежжа. «Слуга народа», камунiстычная партыя, настырна, да апошняга моманта, утойвала ад народа праўду, пакуль суседнiя дзяржавы не пачалi абурацца  забруджваннем iх тэрыторый з боку Савецкага саюза. Дзяўчыне было балюча ўсвядомiць i зразумець, у чыiх руках знаходзiцца яе лёс i лёс усей краiны, а, галоўнае, што яна, як i ўсе, для iх настолькi нязначная, што не узнiкае i думкi не толькi ратаваць, але нават сказаць, што патрэбна ратавацца. Прамовы, якiя лiлiся з экранаў тэлебачання пра клопат партыi аб народзе, ператварылiся  ў смаляны, непрыстойны паток, якi прылiпаў да рук.  Ад яго немагчыма было адмыцца, i ты адчуваў сябе  брудным i нiкому непатрэбным. Усё гэта ўзмацнiла трывогу, ахапiла жаданнем  паехаць далёка, схавацца хаця бы на першы час, а потым, лiчылi ўсе, жыццё ўпарадкуецца i пойдзе ранейшай сваёй чарадой. Хутчэй, усе жадалi так думаць, але сэрцам кожны разумеў, што гэта самаашуканства. Хiба можна пасля ўсяго верыць палымяным трыбунам, збiваць рукi ад воплескаў правiцелям,  для якiх ты проста працоўны рэсурс. Усе разумелi, што радыяцыя – гэта новая з`ява для ўсiх, i як з ёй змагацца на самой справе нiхто не ведаў. А галоўнае, што будуць змагацца не звяртаючы ўвагi на небяспечныя вынiкi для простага чалавека. Праўда, знайходзiлiся i тыя, хто не разумеў перапалоху, бо радыяцыя нi пахам, нi чымсцi iншым не праяўляла сябе. Людзi не адчувалi болю, таму ў сiлу сваёй неадукаванасцi, не верылi слухам i лiчылi, што гэта iнтрыгi iмперыялiстаў з-за зайздрасцi да нашага «шчаслiвага» жыцця. Пра Захад яны ведалi з савецкiх газет i часопiсаў, а ў iх, вядома, малявалi так, як было выгадна «роднай партыi».  Роўным лiкам, i аб сваiм шчаслiвым жыццi савецкi народ даведваўся з прэсы. Усё гэта ўнушалася пры дапамозе радыёперадач па сто раз на дзень. У вынiку шматразовага  паўтарэння чалавек станавiўся ўпэўненым у сваiм дабрабыце i ў шчаслiвай будучынi.  Чарнобыль стаў штуршком i сiгналам задумацца: а цi ёсць у iх гэта, так званае, шчасце? Задумацца аб сваёй ролi ў жыццi. Ён паглыбiў размежаванне людзей на два лагеры: на тых, хто пад нацiскам прапаганды ператварыўся ў безаблiчны натоўп, бо забыўся , што мае галаву, якая павiнна думаць, рабiць вынiкi, а не ўбiраць у сябе, як губка, усё, што пiшуць газеты i трубяць з ранiцы да вечара па радыё; i на тых, хто ўсё ставiў пад сумненне, шукаў, супастаўляў i рабiў высновы, а не слепа iшоў па дарозе, на якую яго нацэльвала камунiстычнае выхаванне, у любых умовах стараўся заставацца думаючым чалавекам. Гэта катэгорыя грамадства пападала ў разрад нядобранадзейных. У сiлу ўсяго гэтага, людзi раздзялiлiся на тых, хто не разумеў панiкi, упэўненых, што нiчога не здарылася, калi нельга дакрануцца да радыяцыi, то азначае, што яна не iснуе; i на тых, хто шукаў выйсця, пытаўся хаця бы на першы момант куды-небудзь  выехаць.
        Марта адносiлася, хутчэй, да другой катэгорыi  людзей, яе таксама бударажыла жаданне ўзяць пуцёўку i, няважна куды, паехаць, прывесцi свае думкi ў парадак. Яна выдатна разумела, што ад гэтага нiкуды не схаваешся, але марыла хаця бы на першы момант папасцi ў другiя абставiны, абстрагавацца, дачакацца калi прачнуцца правiцелi i будуць вымушаны даць больш iнфармацыi, унесцi хаця бы якую яснасць. Ёй патрэбен быў адпачынак i ад хлуснi, i ад працы. За год яна даволi стамiлася: працоўны график – двухзменны, а iншы раз i трэцяя навiсала над галавой, быццам хмара. Вылiчальныя машыны, велiчэзныя шафы, вельмi часта капрызнiчалi, выходзiлi са строю, i тады другая змена плаўна  перацякала ў начную, а там – зноў другая, на адпачынак памiж iмi часу амаль не заставалася. Дзяўчына была ўпэўнена, што паехаць патрэбна абавязкова. Але як? Куды? Пуцёўкi заўсёды былi ў дэфiцыце. Каб паехаць куды-небудь адпачыць,  народ карыстаўся цi службовым становiшчам, цi уменнем зводзiць блат. 
       «Важнымi людзьмi» былi загадчык складам, загадчык магазiнам… Менавiта яны вырашалi, што i ў якой колькасцi пападзе на прылаўкi. Па большай частцы ажыятаж  ствараўся штучна. Людзi, якiя мелi доступ да тавару цi паслугi, мянялiся памiж сабой, працвiтаў сваеасабовы бартэрны абмен. Былi i такiя мудрацы , каторыя, не маючы нiчога за душой, спасцiгалi менеджмент, станавiлiся пасрэднiкамi. Якiмсьцi чуццём улоўлiвалi, хто ў чым мае патрэбу, и, не зводзячы асабiста ўёдзельнiкаў ланцужка, бралi ў аднаго рэчы, перадавалi другому, мянялiся з iм на нешта новае i так далей… Марце ўсё гэта было непрыемна, яна шкадавала часу, была згодна лепш хадзiць у старых ботах, чым так бяздарна i ўнiжальна марнаваць жыццё.  Але многiм гэта падабалася, яны адчувалi сябе патрэбнымi людзьмi. Iменна яны маглi пастаянна ездзiць на адпачынак, насiць iмпартныя рэчы, бо наша вытворчасць вырабляла прадукцыю, якая падыходзiла  толькi для пудзiл у агародзе,  што адпужвалi птушак.
        Прамысловасць стаяла на мейсцы, так як галоўным было выканаць даведзены план па вырабу. Асарцiмент не мяняўся дзесяцiгоддзямi, нiкога не цiкавiла, што прадпрыемствы вырабляюць незапатрабаваную прадукцыю, iх узнагароджвалi граматамi, мядалямi за выкананне плану, ушаноўвалi як перадавiкоў. Бяздарнасцi прызвычаiлiся жыць па прынцыпу «ты мне, я табе», хутка раслi па службовай лесвiцы. Сустрэць начальнiка, якi знаходзiўся на сваiм мейсцы, было вялiкiм шчасцем. Так  дзень за днём, год за годам працвiтаў дэфiцыт, а разам з iм пашыраўся блат. Абурыцца, што мы пускаем на вецер рэсурсы, як людскiя, так i грашовыя, было падобна смерцi. Чалавек пападаў у разрад нядобранадзейных. Ён жа адважыўся крытыкаваць рашэннi партыi i ўраду, даваць iм указаннi.  На кiраўнiчых пасадах былi заўсёды  члены КПСС, i ставiць iх рашэннi пад сумненне азначала шкодзiць дзяржаўнай палiтыцы. Так i працягвалi вырабляць абутак i адзенне, якiя немагчыма было  насiць. Калi паступала штосьцi  iмпартнае, людзi з вечара даведвалiся праз сарафаннае радыё i займалi чаргу яшчэ задоўга да адкрыцця крамы. На руках пiсалi нумары,  наладжвалi дзяжурства да пачатку працы гандлёвай кропкi. Можна было згубiць дзень i ў вынiку нiчога не купiць, таму што большая частка рэчаў распаўсюджвалася  знаёмым, сябрам,  сваякам,  за кошт чаго спраўныя  прадаўцы, загадчыкi складоў  умудралiся папоўнiць свой бюджет. Дэфiцытам было ўсё, не былi выключэннем i пуцёўкi на адпачынак.
        А калi прыняць паду вагу падзеi, якiя адбылiся напярэдаднi,  то ў гэты год пуцёўкi сталi яшчэ больш запатрабаванымi. Можна было, вядома, паехаць «дзiкаром», але дзяўчыне такi адпачынак зусiм не падыходзiў. Па-першае, не было у яе такой кампанii, каб разам махнуць куды вочы глядзяць, па-другое, ей хацелася акунуцца ў новыя абставiны, Дзе б не было пастаянных размоў пра радыяцыю, пра Чарнобыль.
        Марта выдатна разумела, што атрымаць пуцёўку на Поўдзень немагчыма, для гэтага трэба было паступіцца сваімі прынцыпамі, сваім сумленнем. Больш таго, дадзены кірунак ужо даўно быў размеркаваны, уступаць у спрэчкi, з кімсьці канкурыраваць было не ў яе характары і нават зневажальна. Добра ведаючы ўсю "кухню", яна ніколі не падавала заяву ў прафкам і ніколі не звяртала ўвагі на спіс прапанаваных прафсаюзам пуцёвак. Ёй было некалькі смешна і крыўдна за калег, калі з боку назірала за звадамі паміж імі ў барацьбе за дэфіцыт. Але Чарнобыль прымусіў Марту шукаць паўнавартасны адпачынак. Гэты год для яе, як і для ўсіх, стаў незвычайным. Вядома, яна ні з кім не збіралася ўступаць у бойку, у яе не было патэнцыялу выйграць. Усё гэта яна разумела, але разам з тым
нейкая ўнутраная сіла прымушала шукаць выйсце, шукаць магчымасць. Менавіта яна яе і спыніла ля інфармацыйнага стэнда. Дзяўчына з такой цікавасцю чытала кожнае слова, быццам гэта быў новы дэтэктыўны раман. Погляд прыкавалі тры радкі: запрашаем на адпачынак ва Уладзівасток,
на Амурскі заліў, пансіянат «Прыморскі». Далей Марта нічога не бачыла: літары зліваліся, гулялі вясёлкай у яе вачах. Думка аб тым, што праедзе праз усю краіну, убачыць тайгу, уральскія тунэлі, возера Байкал і, нарэшце, сам акіян, яе закружыла і, нібы на крылах, панесла ў прафкам. Дзяўчына не ішла, а бегла з падскокам, у галаве стукала: толькі б не было жадаючых, бо канкурэнцыі яна не вытрымае, хітрасць і выкрутлівасць ёй не дадзены з нараджэння. Якое было шчасце, калі даведалася, што яна адзіная!
        Вестка аб тым, што Марта едзе адпачываць ва Уладзівасток, вокамгненна разнеслася ў Будаўнічым банку, дзе працавала дзяўчына. Супрацоўнікі перашэптваліся, скоса пазіралі на яе і не маглі зразумець такога рашэння: усе імкнуцца на Поўдзень, а гэта чагосьці ў такую далеч. Было б нічога, каб насустрач сонцу, цяплу, а то зусім наадварот. Больш таго, там, калі прыязджаюць працаваць, і плацяць больш, і стаж па-іншаму лічаць, а гэта значыць, што жыццё ў тых краях не цукар. Пра які адпачынак тады можа ісці гаворка?  Хтосьці лічыў яе неразумнай, хтосьці ніяк не мог растлумачыць, але ў душы адчуваў, што ёсць нейкая таямніца і спрабаваў яе разгадаць. Усе шушукаліся, будавалі здагадкі, адной Марце было не толькі ўсё роўна, што гавораць, але і на руку. Яна не звяртала ўвагі,  нават радавалася такой рэакцыі. Засмуцiла нашу гераіню толькі тое, што тэрмін пуцёўкі пачынаўся праз пяць дзён. Трэба было тэрмінова вылятаць самалётам, цягніком ніяк не паспець да пачатку адпачынку. Гэта разбурала яе планы, бо ў думках яна ўжо імчалася па прасторах тайгі, а на самай справе час  не даваў ёй такой магчымасці. Ён як бы краў у яе выдатныя мары, але цешыла тое, што на зваротным шляху дзяўчына зможа папоўніць усе страты, перасекчы неабсяжную далеч краіны цягніком, удыхнуць паветра Сібіры, як у люстэрка, паглядзець у глыбінную бездань Байкала.
         Не губляючы ні хвіліны, Марта тэрмінова сабрала чамадан,  патэлефанавала брату, каб сям'я не хвалявалася, што яна дастаткова доўга не будзе прыязджаць, але праўду ўтаіла, сказала, што едзе адпачываць па пуцёўцы недалёка, баялася хваляваць бацькоў. Яе маці і бацька жылі ў вёсцы, далей за якую самастойна не выязджалі. Толькі за прадуктамі ў пасёлак, дзе працаваў бацька. Уладзівасток для іх успрымаўся як канец свету. Дзяўчына баялася, што яны, пачуўшы пра гэта, не будуць спаць начамі, будуць лічыць дні да прыезду і думаць: ці не загрызлі яе мядзведзі, ці ваўкі, ці не пагрузілі хвалі на дно акіяна? Гэта зараз ёсць тэлефонная сувязь, існуе інтэрнэт, а ў той час людзі, асабліва ў вёсцы, не былі распешчаныя такімі дасягненнямі тэхнікі. Рашэнне дзяўчынай было прынята адназначна: утаіць праўду, зберагчы ад хваляванняў.
         Падрыхтаваўшы ўсё да паездкі, яна паспяшалася на цягнік Мiнск - Масква. Па дарозе ў сталіцу ўсю ноч малявала ў сваіх думках карцінкі падарожжа, уяўляла акіян, тайгу. Усё гэта адцягнула ад чорных думак быцця, і ўспаміны пра Чарнобыль на час сцерліся з памяці, бо яе вабіла невядомасць. Адно - чытаць у кнігах, уяўляць, і зусім іншае - убачыць усё на свае вочы. У гэты момант яна лічыла сябе самай шчаслівай на планеце, ды што на планеце - ва ўсім Сусвеце! Велізарная радасць - убачыць неабсяжныя прасторы і адчуць сябе іх часцінкай. Хіба можа быць што-небудзь больш глабальным ў жыцці чалавека? Няўжо гэта можа пакінуць кагосьці абыякавым? Не  страшна, што ляціць самалётам, бо можна ўсё ўбачыць з вышыні. Цяпер яе думкі былі накіраваны толькі на тое, каб хутчэй заняць сваё месца і, галоўнае, каб яно аказалася каля акна. Яна чытала малітвы, у якіх прасіла Усявышняга дапамагчы вырашыць гэту праблему.
         Як ні дзіўна, але дзяўчыне пашанцавала, яна сапраўды прымасцілася каля ілюмінатара і згарала ад нецярпення ў чаканні ўзлёту самалёта, заплюшчвала вочы, уяўляла, малявала карцінкі, спрачалася сама з сабой аб тым, як усё будзе выглядаць. Яе мары перапыніў голас сцюардэсы, якая
папрасіла прышпіліць рамяні і не глядзець уніз падчас узлёту самалёта. Апошняя просьба Марту расхвалявала, але яна спадзявалася, што хоць скоса, неўзаметку зможа зазірнуць у кругленькае акенца, бо яно за сабой хавала шмат таямнічага і цікавага, прынамсі для яе.
         Зароў матор, Іл-62 пачаў разганяцца, потым стаў узлятаць і плаўна набіраць вышыню. У вушах як быццам нешта ціснула, дзяўчына нічога не чула і, шчыра кажучы, яе ахапіў страх, яна забылася аб прыгажосцях за акном. Хутка авіялайнер набраў вышыню, рух выраўнаваўся ў адной плоскасці, паступова стаў вяртацца слых, і Марта адважылася зазірнуць у ілюмінатар, але ўбачыць нешта за бортам лайнера было немагчыма - вакол рассцілаліся белыя аблокі. Яны нагадвалі заснежаныя палі і гурбы. Самалёт патануў у іх і толькі бурчаў. Усё гэта было падобна, як быццам бы ён заграз у пухнатым снезе. Наша гераіня пацярпела першае фіяска на самым пачатковым этапе падарожжа, але не губляла надзеі, што ўсё выправіцца і ёй удасца атрымаць шмат новай інфармацыі, убачыць  дастаткова месцаў, аб якіх яна толькі чытала і спрабавала ўявіць у вобразах. Сітуацыя з самалётам нагадала дзяўчыне выпадак, калі аўтамабіль старшыні калгаса заехаў у гурбу і буксаваў, людзі спрабавалі яго выштурхнуць, слалі пад колы нейкія галінкі, адкопвалі рыдлёўкамі, але ён не паддаваўся. У гэты момант ёй таксама захацелася выбегчы і паспрабаваць штурхнуць самалёт, таму што ён ляжаў у аблоках і зусім не рухаўся, а толькі гудзеў. Чамусьці ў гэты дзень хмара ўяўляла вялікую бясконцую гурбу без адценняў, нібы ком ваты, дзякуючы чаму заўважыць рух самалёта было практычна немагчыма. Гэтая аднастайная карцінка за акном пачынала раздражняць, наша гераіня не магла зразумець: яны ляцяць або проста павіслі ў паветры ў адной кропцы. Ад безвыходнасці яе ахінула думка, што нездарма душа супраціўлялася ляцець, напэўна, адчувала, а можа, пакуль Марта перад дарогай блажэнна песцiлася ў ложку, яна, як птушка райская, пераадолела ўвесь гэты шлях і прыйшла да высновы, што яе гаспадыня будзе расчараваная такім падарожжам. Але, на жаль, абставіны былі такія, што іншага варыянту не існавала, і душа вымушана была змірыцца і разам з дзяўчынай адправіцца ў шлях на лайнеры, каб ахоўваць і клапаціцца аб сваёй гаспадыні.
       Марта спрабавала задрамаць, але гудзенне не закалыхвала, а раздражняла. Пашанцавала, што ў дарогу яна ўзяла кнігу Уладзіміра Арсеньева " па Усурыйскім краі. Дерсу Узала», – паглыбіўшыся ў чытанне, забылася аб палёце, у сваiх фантазiях малявала карцiнкі-пейзажы Далёкага Усходу, абарыгенаў, у думках распытвала іх пра далёкаўсходнія таямніцы. Як хацелася ёй распытаць пра ўсё прыроду - дрэвы, травы, камяні, бо яны захоўваюць у сабе вельмі шмат таямніц! Як шкада, што не ўмеюць гаварыць. А магчыма, наадварот – гэта мы не ўмеем іх чытаць, слухаць. Бо калі прыціснуцца вухам да дрэва або каменя, можна пачуць таямнічыя гукі, якія закранаюць сэрца. Шкада, што ў нас няма вопыту, каб іх расшыфраваць. Цалкам верагодна, што мы б рабілі ў жыцці менш памылак, бо яны ўвабралі шматвяковыя веды, якіх нам так часта не хапае. Паглыбіўшыся ў свае філасофстваваннi, парадніўшысяся са сваім  уяўленнем і чытаннем кнігі, ужыўшыся  ў ролю першапраходца па таежным сцежках, Марта  не заўважыла, як прабег час палёту. Яе філасофскія развагі і тайговыя фантастычныя прыгоды зноў перапыніў голас сцюардэсы, які папрасіў прышпіліць рамяні і прыгатавацца да пасадкі. На гэты раз яна не праігнаравала савет стройнай прыгажуні ў сінім касцюме і шчыльна заціснула галаву рукамі, каб не страціць слых, хоць і часова, не адчуць боль у вушах. Нарэшце Марта змяніла Іл-62 на аўтобус і з ветрыкам імчалася ва Уладзівасток. За акном мільгалі краявіды, яны зачароўвалі яе, нібы мітуслівыя кадры цікавага фільма ў кінатэатры. Для дзяўчыны ўсё было новым: прырода, не падобная на тую, якая дома, не было звыклых для яе сёлаў, вёсак, проста раскінуліся прасторы, дарога стужачкай вілася сярод лясных масіваў. Дабраўшыся да горада, яна перасела на электрацягнік у напрамку свайго прафілакторыя. На тэрыторыі нашу гераіню сустрэлі ветлівыя хвоі, з галінак якіх яе зацікаўлена разглядалi вавёрачкі. Яны таямніча глядзелі і, здавалася, як і калегі па працы, зусім не разумелі, навошта яна прывалачылася ў такую далеч. Маленькія пухнатыя звяркі не палохаліся, не ўцякалі. Ды і зразумела, бо яны ў сябе дома, яны гаспадары ўсёй гэтай прыморскай прыгажосці, а яна толькі госця, гэта
ёй трэба думаць і вырашаць, ці прымаць ці не прымаць іх ўмовы, заставацца ці ехаць. Ап'янёная свежым паветрам і сваімі развагамі Марта падышла да акенца рэгістратуры і падала дакументы на афармленне. Не паспела дзяўчына зарэгістравацца, як вестка пра тое, што да іх прыляцела на адпачынак беларуска, абляцела не толькі родны «Прыморскі», але і суседнія дамы адпачынку. Усе яе разглядалі і дзівіліся. Амаль кожны з іх марыў аб Чорным моры, а яна з Чорнага прыехала да іх. Ім чамусьці здавалася, што ўсё, што за Уралам, зусім блізка да Чорнага мора. Хоць, магчыма, у чымсьці яны маюць рацыю: калі параўноўваць адлегласць да іх і да Чорнага, то і вымалёўваецца такая карціна. Збянтэжаны хтосьці нават адкрыта са здзіўленнем сказаў: "Ну, быў у нас яшчэ такі два гады таму, праўда, ён з Ленінграда".
      Аб трагедыі на Чарнобылі тут усе былі паiнфармаваныя і, улічваючы невялікі рост госці, дружна сталі называць "маленькай радыяцыяй". У пакой яе засялілі з дзяўчынай прыкладна аднаго ўзросту. Але, самае галоўнае, нягледзячы на тое, што яны выхоўваліся ў розных культурах, жылі ў цалкам розных умовах, шыротах, у іх аказаліся роднасныя душы. Венера, так звалі суседку, была родам з Казахстана, працавала важатай у "Артэку", там і пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Малады чалавек, аматар мораў і акіянаў, не пазбаўлены авантурызму і ахвотнiк за прыгодамі, захапiў дзяўчыну неверагоднымі гісторыямі і марамі і прывёз ва Уладзівасток. Дзякуючы гэтаму сяброўкам пашанцавала сустрэцца. Час, праведзены разам, быў цудоўным для абодвух, так як наша гераіня таксама працавала раней у беларускім «Артэку» – «Зубраня». З першай сустрэчы ў іх выявiлася шмат агульных тэм. За плячыма ў кожнай важацкае жыццё: вогнішчы, паходы, досвiткi... У першы дзень, стамiўшыся з дарогі, дзяўчаты паспрабавалі заснуць, але Венера раптам парушыла цішыню чытаннем вершаў свайго казахскага паэта Абая Кунанбаева. У яе быў вельмі меладычны голас, гукі, нібы музыка, запаўнялі пакой, усялялі ў яго цяпло і ветлівасць. Сон як рукой зняло, Марта падхапіла эстафету і стала чытаць Ясеніна. Але так атрымалася, што яе суседка таксама ведала і любіла і Сяргея Ясеніна, i Аляксандра Блока. Яны падтаквалі па-сяброўску, дарылі адна адной сваё душэўнае цяпло. Праз гадзіну здавалася, што знаёмыя вечнасць. Столькі агульных тэм часам не бывае ў людзей, якія пражылі побач дзясяткі гадоў. Іх аднолькава цікавіла педагогіка, псіхалогія… Яны па-добраму спрачаліся, адстойвалі сваё меркаванне, дзяліліся думкамі і разам раслі духоўна, узбагачаліся ведамі. Так ўмацоўвалася душэўная ўпэўненасць у сабе, у правільнасці сваіх пазіцый, меркаванняў. Назаўтра раніцай яны разам блукалі па лясных масівах, збіралі лімоннік і іншыя лячэбныя травы. Беларусцы пашанцавала, бо Венера ведала аб тутэйшых травах вельмі шмат, цікавілася імі, сваімі ведамі разам з травой "частавала" нашу гераіню. Потым яны пайшлі ў парк, дзе, на здзіўленне Марты, вавёрачкі не баяліся браць арэшкі з рук. Шчаслівыя дзяўчаты, захопленыя сваімі разважаннямі, атрымлівалі асалоду ад чыстага, свежага паветра, кармілі з рук вавёрачак і дэкламавалі вершы.
          У сілу таго, што на Далёкім Усходзе людзі ў зносінах больш простыя, адкрытыя, як кажуць, «без каменя за пазухай», у іх няма звароту на «вы» (напэўна, гэта ўплыў Японіі), яны лёгка сыходзяцца. Дзякуючы гэтай асаблівасці, ужо да вечара ўсе перазнаёміліся. З боку не было прыкметна, што людзі бачацца ўпершыню, усе паводзілі сябе як шчырыя сябры, якія разам зьелі не адзін пуд солі. Знаёмства хутка завязваліся, шырыліся, памнажаліся, і ўжо на трэці дзень усёй вялікай кампаніяй яны накіраваліся ва Уладзівасток. Суразмоўніцам не цярпелася паказаць свой горад, асабліва ўсе ганарыліся сваёй славутасцю - спяваючым фантанам. У мелодыі гукаў і танцы вадзяных струменяў адчувалася няўзгодненасць. Фантан, як быццам бы яму на вуха наступіў мядзведзь, часам не прыслухоўваючыся, або выскокваў, ці, наадварот, спазняўся, затрымліваўся. У Марты не хапіла духу пакрыўдзіць такіх чыстых, адкрытых людзей, таму яна скрывіла душой і разам з усімі моўчкі атрымлівала асалоду ад водных танцаў пад прыемную мелодыю. Правільна гэта ці не, складана сказаць, але, на думку дзяўчыны, яна не мела права, прыехаўшы ў чужы дом, адымаць у гаспадароў іх светлыя пачуцці да яго і гонар за свой Уладзівасток, прыніжаць у іх вачах яго прыгажосць. Больш  таго, хто сказаў, што яна мела рацыю ў сваіх меркаваннях? Магчыма, яе адзнака была фальшывай. Галоўнае, што людзі ўсім сэрцам любяць свой горад і ганарацца ім. Марта не магла дазволіць сабе разбурыць іх шчырыя пачуцці. Дзяўчыну зачаравалі скалістыя ўздымы і спускі да вады на набярэжнай, вулiцы горада, якія губляюцца і выгінаюцца сярод скал. Уладзівасток быў зусім не падобны на гарады, у якіх беларусцы даводзілася бываць раней, яе чаравала бязмежная водная роўнядзь. Асабліва падабаліся госці моманты, калі акіян пачынаў абурацца, біцца хвалямі аб набярэжную, як быццам з кім-небудзь ці з чымсьці ўступаў у спрэчку, даказваў сваю правату. Нашу падарожніцу паланіў порт, бязмежныя блакітныя прасторы. Бо там, дзе яна нарадзілася, не было ні мора, ні нават вялікай, шумнай ракі, а вада яе чамусьці вабіла і зачароўвала. Праўда, потым дзяўчына тры гады жыла на беразе возера Нарач, але гэта, вядома, непараўнальна…
        Нашу гераіню здзівіла вельмі важная для таго часу асаблівасць горада, якую яна не магла не заўважыць, - гэта не такі востры дэфіцыт. З размоў з сяброўкамі яна зразумела, што тут ёсць недахоп малочнай прадукцыі, але яе саму гэта не турбавала, і таму да дадзенай інфармацыі яна паставілася раўнадушна. Аднак Марту ў першы ж дзень ўразіла, што на чырвоную рыбу, ікру дэфіцыту няма. На вуліцах стаялі велізарныя кантэйнеры з сушанымі кальмарамі, а яна іх раней ніколі не спрабавала. У сябе на радзіме дзяўчыне не даводзілася нават бачыць такі дэлікатэс, таму вырашыла выпрабаваць навінку без старонніх вачэй, бо не ведала, як яе арганізм паставіцца да невядомага  ёй прадукта. Вада "Баржомі", якую ў Беларусі куплялі з вельмі вялікім блатам, спакойна стаяла на прылаўках. За імпартнымі таварамі не было вар'яцкiх  чэргаў. Ды і наогул за месяц дзяўчына не сустрэла ў чарзе  больш дзесяці-пятнаццаці чалавек. Усё ўбачанае адначасова і здзіўляла, і цешыла, і разагравала крыўду за свае родныя мясціны. Хацелася зразумець прычыну дэфіцыту ў роднай Беларусі, ліквідаваць яе, але ў той жа момант Марта добра разумела, што кампартыя гэта ацэніць па-свойму і не на яе карысць. Экскурсію па горадзе, знаёмства з выдатнымі мясцінамі перапыніла выглянуўшы з-за хмар сонейка, усе заспяшаліся дадому. Вяртаючыся з прагулкі, сяброўкі сталі шкадаваць, што губляюць такі выдатны дзень для загару. Паверыць у шчырасць іх слоў беларуска была не ў сілах. Усе ішлі шчыльна апранутыя, у цёплых куртках, Марта вырашыла, што яе адназначна разыгрываюць. Па прыездзе, прыйшоўшы ў пакой, Венера стала хутка пераапранацца, але ўбранне яе падыходзіла хутчэй для лыжнай прагулкі, а не для загару. Яно было вельмі дзіўнае для пляжу ў разуменні нашай гераіні. Дзяўчына надзела купальнік, на яго нацягнула вязаны спартыўны касцюм, на ногі - ваўняныя шкарпэткі, а зверху накінула цёплую куртку. Каб абаранiць сябе ад кпiнаў, Марта сінхронна паўтарала кожны рух Венеры, нацягнула на сябе такое ж самае ўбранне і, узяўшы ручнік, адправілася разам з астатнімі на пляж.
       Працэс загарання беларускую гераіню вельмі здзівіў. Усе вызвалялі і падстаўлялі сонечным прамяням спачатку якую-небудзь адну частку цела:
або ніжэй пояса, або вышэй, потым пераварочваліся ад таго, што ад зямлі цягнула  холадам, і грэліся на сонейку. Так, паслядоўна, кожны ўчастачак атрымліваў «сонечны пацалунак». На працягу ўсяго працэсу загарання шкарпэткі звычайна не здымалі, калі толькі на кароткі момант, таму
што ногі вельмі хутка мерзлі. На наступны дзень Марта ўжо не баялася, што стане пасмешышчам. Яна смела збіралася на пляж і прыскорвала  Венеру, хацела ўхапіць як мага больш сонечных прамянёў. Так, менавіта, ухапіць, таму што папесціцца на сонейку не было магчымасці. Холад адчуваўся мацней чым цяпло. Як ні дзіўна, але загар клаўся роўны і вельмі прыгожага колеру. Сонечныя працэдуры сталі для дзяўчыны абавязковымі кожны дзень і, шчыра кажучы, вельмі падабаліся і больш не здаваліся смешнымі. Вечарамі Венера і Марта, затаіўшыся на ўзбярэжжы Амурскага заліва, любаваліся Уладзівастокам. Ён, размешчаны на сопках, вечарамі нагадваў навагоднюю ялінку, на якой Дзядуля Мароз запаліў агні. Агеньчыкі прабівалі начное змярканне і вясёлкай іскрыліся на паветраным палатне. Дзесьці гаслі, дзесьці запальваліся новыя і зачароўвалі погляды сябровак. Паветра п'яніла і натхняла дзяўчат на чытанне вершаў. Яны звонка дэкламавалі, не баючыся, што іх нехта пачуе. Іх галасы разносіліся па вадзе і адгукалiся рэхам. Часам падымаўся вецер і дапаўняў  чытанне рэальнымі гукамі, як быццам акампаніятар iграў на басах, запамятаваўшы, што ў інструмента ёсць левая панэль. Усё гучала вельмі пацешна, веяла рамантыкай і зачароўвала. Чыстае, свежае марское паветра трошкі п'яніла і кружыла галовы. Гераіні хацелася як мага больш даведацца аб краі, пазнаёміцца з цудоўнай прыродай, адчуць яе каларыт і зазірнуць у водныя глыбіні.
         Праз тыдзень свайго адпачынку сяброўкі паехалі, дакладней сказаць паплылі, на пароме на востраў Папова, дзе размешчаны музей «Прырода мора і яе ахова». Паглядзець на жыхароў водных глыбінь, хоць бы ў акварыумах, было вялікім шчасцем для дзяўчыны з Беларусі, якая вырасла ў сухапутных краях, дзе не было магчымасці нават убачыць жывых прадстаўнікоў рачных вод. А тут пашчасціла паблізу разглядаць істоты акіяна. Вядома, свет воднага царства пакінуў у сэрцы вельмі шмат уражанняў. Больш за тое, яны ўбачылі там Кіргіляхскага маманта, няхай гэта быў макет, але ён быў дакладнай копіяй знойдзенага ў льдах, які цалкам захаваўся,  маманцёнка. Вандроўка пакінула незабыўныя ўражанні: бо яны стаялі на пятачку зямлі, а вакол распасціраліся бясконцыя водныя прасторы. Яны гарэзнiчалі, бегалі, як наіўныя дзеці, збіралі ракавінкі, крычалі ўдалячынь прывітаннi, а вада разносіла па сваёй роўнядзі і дзесьці далёка-далёка хавала іх галасы ў глыбінях. Марта ўпершыню тады плыла на пароме, ды што там плыла - бачыла яго. Да гэтага толькі ў кнігах чытала пра пераправы на пароме, і ў яе свядомасці яны былі збітыя з бярвення, як паказвалі ў старых кінафільмах, таму перад паездкай здорава спалохалася: не магла ўявіць, як будзе плыць на пароме, але пасаромелася прызнацца. Убачыўшы ў порце велізарны карабель, наша гераіня зайшлася ад смеху над сабой і была вельмі рада, што не паказала свайго спалоху. Увесь шлях да выспы і назад паром суправаджалі касаткі, яны гулялі ў грабеньчыках  пены, скакалі і весялілі дзяўчат. Сяброўкі пагардліва, як гаспадыні, заахвочвалі іх, кідалі скарыначкі хлеба, касаткі, быццам бы ў адказ, дарылі свае танцы,
працягвалі выконваць трукі: то апускаліся ў ваду, то вынырвалі, то кружылі, пераварочваючыся на хвалях.
         Кожны дзень быў насычаны новымі падзеямі, пачуццямі, уражаннямі, а час няўмольна бег наперад. Непрыкметна праходзіў дзень за днём. Наша гераіня была акружана ўвагай, усе хацелі зрабіць ёй што-небудзь прыемнае: хтосьці спрабаваў пачаставаць бутэрбродам з ікрой або чырвонай рыбай, бо ўсе выдатна ведалі, што на мацерыку (чамусьці так тут называлі Еўрапейскую частку) гэта ўсё ў дэфіцыце; хтосьцi спяшаўся расказаць аб сваім краі… Аднойчы падышоў саракагадовы мужчына са сваёй жонкай і прапанаваў паказаць Шамору. Гэта невялікая бухта Усурыйскага заліва, а самае галоўнае, гэта адкрыты выхад у акіян. Той пах, той глыток марскога паветра, які ўдыхнула ў гэтай паездцы, Марта пранясе ў памяці ўсё сваё жыццё. Яно непаўторнае, гэта цудоўнае злучэнне свежасці шумных хваль са смаліста-хваёвым пахам соснаў, што схілiлi галаву над вадой. Водар вельмі салодка лашчыў сэрца вандроўніцы і даваў зразумець, што выкінуць яго з памяці нават з гадамі будзе немагчыма. А колькі асалоды атрымала яна, калі з гонарам прайшлася па дзікіх сцежках тайгі! Наша гераіня прытулялася да векавых дрэваў, прыслухоўвалася да іх гукаў, яе п'яніў пах смалы. Яна хацела пачуць, разгадаць таямніцы, якія яны стагоддзямі збіралі і захоўвалі ў сабе. Зразумела, што знаўцы Сібіры і тайгі будуць смяяцца, прачытаўшы слова "дзікім", але Мартай гэта ўспрымалася менавіта так,  яе цешыла
думка, што дома ўсе пазайздросцяць, а гэта азначала, што яна самая шчаслівая на гэтым свеце, па меншай меры, ў тыя хвіліны.
         Уладзівасток кружыў галаву, кожны дзень быў напоўнены цяплом. Дзяўчына адзначыла, што тут, удалечыні ад цэнтра краіны, людзі больш добрыя, спагадлівыя і больш лагодныя, іх сэрцы нясуць шмат цяпла і святла. Дні прабягалі вельмі хутка, яны быццам бы спяшаліся кудысьці, пакідаючы пасля сябе мноства уражанняў. Адпачынак падыходзіў да канца. Падарожніца стала пакаваць чамадан, а людзі прыносілі ёй нейкія дэфіцытныя кансервы, сушаныя морапрадукты і проста добрыя словы, дарылі святло сваіх душ. Было цяжка развітвацца, асабліва з Венерай, бо ўсе выдатна разумелі, што лёс больш не звядзе, застанецца толькі цяпло, якое падарылі адзін аднаму. Развітаўшыся, Марта зайшла ў цягнік і з сумам стала чакаць адпраўлення. Было вельмі балюча расставацца з упадабанымі шыротамі, з акіянам, з касаткамi, прыязнымі і мілымі вавёрачкі, з сябрамі, з прыморскіх краем. Пагрузіўшыся ў свае роздумы, яна не заўважыла, як у купэ зайшоў пажылы чалавек габрэйскай нацыянальнасці. Яму было дзесьці за семдзесят. Ужо з парога ён стаў наводзіць свае парадкі: не спадабалася, што дзяўчына паставіла свой чамадан пад яго сядзенне, не там стаяла, не там павесіла сваю куртку і наогул было відаць, што яго раздражняе абсалютна ўсё. Наша гераіня прыціхла і глядзела ў акно, таму што не хацелася азмрочваць выдатныя ўспаміны нейкімі спрэчкамі. Хвілін праз дзесяць зайшлі яшчэ два спадарожнікі - гэта маладыя хлопцы, якія вярталіся са службы: адзін у Падмаскоўе, другi ва Украіну. Настрой у іх быў анічуць не лепшы, чым у першага пасажыра, дзяўчыне прыйшлося заціснуцца ў куточку, каб нікому не трапіцца пад гарачую руку. Яна са страхам ўяўляла , што чакае яе ў наступныя сем сутак дарогі. У гэты момант Марта не магла адказаць на пытанне, што лепш: вісець на воблаку ў самалёце або ў скандальнай абстаноўцы ехаць цэлы тыдзень? Ці будуць бальзамам для сэрца тайговыя прасторы?
         Цягнік крануўся, усе разабралі свае пасцелi, у вагоне патушылі святло, за акном паліў праліўны дождж. А можа быць, гэта былі слёзы развітання дзяўчыны, якая перагарнула яшчэ адну выдатную старонку ў сваім жыцці. Яна не адзін раз будзе яе перачытваць, у думках блукаць па сопках, падоўгу стаяць у порце і любавацца водным бязмежным прасторам, напоўненым таямнічай чароўнасцю. У гэты момант, магчыма, ад роспачы, магчыма, у адплату крыўднікам, а можа, таму, што надвор'е за акном адпавядала стану яе душы, а яна з усіх сіл спрабавала прыглушыць ўнутраную буру, углядаючыся ўдалячынь, міжвольна стала чытаць: "Люблю грозу в начале мая...». Пажылы пасажыр падхапіў і працягнуў яе чытанне. Напэўна, яго ўнутраны стан быў таксама падобны да надвор'я на вуліцы. Так яны разам паўшэптам дачыталі да канца ўвесь верш. Маладыя людзі слухалі ціха, потым адзін з іх спытаў: «А вы, можа, нам казку на сон раскажаце, а то не спіцца?"Наша гераіня ведала шмат гісторый, яна ж у лагеры была важатай у старшакласнікаў і, каб іх захапіць, вышуквала цікавыя здарэнні, іх апісанні, сама складала, часам з некалькіх, па-майстэрску злучаючы, разбаўляючы выпадкамі з рэальнага жыцця, складвала зусім новыя апавяданні. Трошкі паднапружылася, каб выбраць найбольш адпавядаючую дадзенай сітуацыі і псіхалагічнаму партрэту пасажыраў аповесць і ціхім таямнічым голасам павяла апавяданне. Дзесьці падыходзячы да канца падання, пачула лёгкае похрапванне. Паступова, зніжаючы голас, Марта скончыла свой аповяд і таксама заснула салодкім сном. Раніцай ва ўсіх быў зусім іншы настрой. За ноч пасажыры як бы перарадзіліся. Усе стараліся дапамагчы адзін аднаму, дзяліліся ўражаннямі, накрылі сумесна стол. Пасля сняданку ўспаміналі розныя кур'ёзныя выпадкі, адгадвалі загадкі на кемлівасць, гулялі ў фанцікі. Запас забаў і гульняў у дзяўчыны быў вялікі, таму цікава і змястоўна праходзіў час на працягу ўсяго шляху да Масквы. Наш пажылы спадарожнік з бурклівага дзядулі ператварыўся ў лагоднага суседа, дзяліўся сваім вопытам, а ён у яго быў вельмі вялікі і шматгранны. Пажылы чалавек шмат дзе пабываў, шмат бачыў, умеў шанаваць жыццё. Ён нагадваў вялікую пасудзiну з вузкім горлачкам, якая маленькімі порцыямі ліла ваду, каб ажыўляць і паіць зямлю, усё яшчэ жывую, але моцна зраненую. Так і пажылы пасажыр ненадакучліва дзяліўся сваім жыццёвым вопытам. Вельмі хутка ў хлопцаў адтала сэрца, яны
паступова змірыліся з тым, што давялося ехаць цягніком, бо не было квіткоў на самалёт. Да іх у купэ далучылася дзятва з усяго вагона, там усім знайшлося месца і ўвага. Іх дружнай, хоць вельмі разнашэрснай кампаніі было весела і пацешна. Яны разам любаваліся неабсяжнымі шыротамі Сібіры, яе лугамі і лясамі і разумелі, што тут нага чалавека ступае вельмі рэдка. Дзядуля, як аказалася, ехаў у Маскву на аперацыю. Вядома, сваякі хваляваліся, сустракалі на станцыях, імкнуліся пачаставаць сібірскімі стравамі. Радня пажылога спадарожніка была раскідана па ўсёй неабсяжнай краіне. На станцыі ў Бірабіджане яго з трывогай сустракала сястра. Пасля стаянкі ён запрасіў усіх за стол і падзяліўся фаршмакам, што ў перакладзе з нямецкага азначае «прадчуванне». Гэтая халодная закуска ўяўляе сабой паштэт з селядзечнага фаршу, прыгатаваны без цеплавой апрацоўкі. Потым пажылога сваяка сустракалі ў Магдагачы, у Омску - так яны паспрабавалі вельмі шмат сібірскіх страў. Гэта камбала па-амурску, мясныя рулецікi па-амурску, хушур, шаньгi... так шмат назваў, што галава кружылася, запамінаючы іх. А смак! Бо ва ўсiх гэтых стравах, як асноўныя інгрэдыенты, былі ўкладзены дабрыня і любоў. Марта ўпершыню паспрабавала омуля. У яе перасохла ў роце ад смачных, незвычайных страў, ад панаванай ў купэ атмасферы, ад прыгажосцяў, якія яны праязджалі. Вядома, дзяўчыне і не снілася, што калісьці яна перасячэ такія гіганцкія рэкі, як Іртыш, Амур, Кама, Волга, а таксама Уральскія тунэлі, убачыць, як на заходзе купаецца ў Енісеі сонца. А якое шчасце праехаць па самым беразе Байкала, зазірнуць з вагона ў чыстую бездань возера! Цягнік уздоўж ўзбярэжжа (гэта выпадкова ці звычайна) рухаўся павольна. Правадніцы адчынілі хлопцам дзверы, і тыя сабралі цэлы букет палявых кветак, прынеслі ў купэ. Казачны водар запоўніў увесь вагон. Неверагоднай прыгажосці мільгалі за вокнамі цягніка пейзажы і напаўнялі сэрца радасцю і гонарам. Цягніка на пероне сустракалі пажылыя кабеты. Яны прапаноўвалі аладкі, малако, чабурэкі. Марта засумавала па малочных стравах і з вялікім задавальненнем купіла літровую бутэльку малака, але як толькі яна паспрабавала, ёй перехацелася яго піць. Было незразумела, чаго там больш: вады, малака ці солі? Гераіня на сабе адчула малочны дэфіцыт  на Далёкім Усходзе і задумалася: чаму так? На велізарных прасторах лугоў з сакавітай травой, не параўнаць з Беларуссю, каровы –
рэдкасць. Дзяўчыне ўспомнілася, як яна ў дзяцінстве з бацькамі вялікімі вязанкамі выносіла з балота сена, пасмамі, ахапкамі збірала траву на зімовы корм жывёлам. Бацька абкошваў усе канавы на балоце, і, бо ў тых месцах не пройдзе ні кань, ні тым больш аўтамабіль,  выносілі траву на сухое месца на сваіх руках. Нашай гераіні было складана зразумець, як можна не трымаць у такіх месцах кароў? На яе малой радзіме, у вёсцы, у кожнага гаспадара была карова, а ў некаторых па дзве і нават па тры. І гэта ўсё пры тым, што сенажаць была ў дэфіцыце. Знайсці адказ на свае пытанні Марта так і не змагла…
        Цягнік імчаў наперад,  карцінкі, якiя змянялiся  за акном, і сяброўскія размовы ў купэ захаплялі дзяўчыну і ставілі перад ёй новыя пытанні, на якія яна спрабавала шукаць адказы. Было ўсё не знаёма, займальна і цікава. Толькі шкада, што засмуціла паездку здароўе дзядулі, ён так і не даехаў да Масквы, у Екацярынбургу яго знялі з цягніка. Моцна хваляваўся, папрасіў спадарожнікаў перадаць сваякам акіянскія дары, якія вёз…
       Непрыкметна праляцела амаль сем сутак. Калі пад'ехалі да Масквы, маладыя людзі з сумам усклікнулі: "Як шкада, што ўжо прыехалі, і якое шчасце, што не было квіткоў на самалёт!"  На пероне кампанію сустрэлі сваякі пажылога пасажыра, Марта з сябрамі-спадарожнікамі перадалі падарункі і пачулі радасную вестку - аперацыя прайшла ўдала, ён ідзе на папраўку. Ад шчасця ў нашай гераіні на шчацэ застыла сляза. А сэрца ціхенька прашаптала: "Цяпер ты пераканалася, што ў дабрыні і дружбы няма нацыянальнасці. Яны заўсёды там, дзе іх чакаюць і дзе гатовы запальваць любоў у сэрцах акружаючых".
        Вярнуўшыся дадому, гераіня паспяшалася наведаць сваіх блізкіх. На родным парозе яе сустрэла мацi і ласкава запытала: "Ну, расказвай, куды ездзіла?"  Дзяўчына моцна здзівілася, бо ніхто нічога не ведаў, хто мог расказаць? А мацi з цеплынёй у голасе дадала: "Не гадай, гэта маё сэрца мне распавяло. Яно не магло паверыць, што ў такой абстаноўцы будзеш сядзець на месцы. Я вельмі рада, што ты паглядзела свет, жыццё занадта далікатнае, не ведаеш, калі абарвецца". Марта атрымала яшчэ адзін урок: сэрца маці падмануць нельга, ад яго немагчыма нічога  ўтаіць. Яна дапамагла  ўправіцца з гаспадаркай, разам накрылі на стол, павячэралі і уладкаваліся ля каміна для доўгагай размовы. Бацькам, асабліва маці, было цікава ўсё. Яна ж за сваё жыццё так нідзе і не была далей раённага цэнтра. Бацька, праўда, падчас вайны падлеткам быў вывезены ў Германію і вандраваў па ўсёй Заходняй Еўропе, а ёй, як яна казала, убачыць свет не прыйшлося. Сям'я вельмі радавалася, што дачка хоць бы першыя часiны была далей ад радыёактыўнай Беларусі.  За месяц нічога не праяснілася, дзе небяспечныя месцы, а дзе не - ніхто не ведаў, людзі толькі дадумвалі. У партыі быў толькі лёзунг «Партия – ум, честь и совесть нашей эпохи!». У рэчаіснасці трэба было доўга шукаць і “честь”, і “совесть”, і, галоўнае, не было ўпэўненасці, што іх можна было знайсці. Цалкам верагодна, што партыя і народ проста жылі ў розных эпохах, і для простага чалавека ўжо не хапала ні гонару, ні сумлення.
… На наступны год дзяўчына зноў трызніла марай здзейсніць падарожжа на Далёкі Усход. Але, на жаль, жадаючых было столькі, што на яе пытанне аб пуцёўцы прагучаў рашучы адказ: "дык вы ўжо былі ..." расчараваная Марта ў роздуме доўга гуляла па горадзе. Па начах ёй сніліся касаткі, штармавыя хвалі, як наяве, яна адчувала і ўдыхала той незабыўны пах акіяна. Уладзівасток клікаў дзяўчыну да сябе. Гераіня часта ў сне карміла вавёрачак, прасіла ў іх парады, як перахітрыць сябе і зноў сустрэцца на Далёкай Усходняй зямлі, але, на жаль, адказ быў выразны і адназначны: "Пуцёвак больш няма!" Дзяўчыну доўга не адпускала гэта няўдача, але потым змірылася і прыняла прапанову паехаць старэйшай важатай у піянерскі лагер на ўзбярэжжы Чорнага мора, у горад Анапа. У рэшце рэшт, там таксама вада, пляж. І больш за тое, там не загараюць у ваўняных шкарпэтках і цёплых касцюмах. Толькі, праўда, пах мора зусім іншы, ён толькі аддалена нагадвае водар акіяна, а яшчэ там не было такой мітусні. Праўда, калі заехалі дзеці, Марце было не да загару, яна з галавой акунулася ў працу, хацелася зрабіць дзецям незабыўны адпачынак, акрамя таго, на ёй ляжала вялікая адказнасць. Яна ж адказвала не толькі за адпачынак, але і за жыццё кожнага дзіцяці. Вядома, у кожным атрадзе было двое важатых, але гэта ж студэнты, яны самі яшчэ як дзеці, за імі патрэбна было прыглядваць…