Новая душа Каркуша

Анатоль Кудласевич
Калі прачнуўся 22 чэрвеня, а перад тым Каркушу прынёс дахаты, прадзёр вочы, і так мутарна на душы было, быццам абплявалі яе... Такая туга страшэнная. Думаю, прыдурак я лагерны, (так мяне іншы раз Вераніка называе), яшчэ нейкую варону прыцягнуў у кватэру. І што цяпер з ёй рабіць? Засрала ўсю спальню... Жонка сказала: "Ты б яшчэ кракадзіла прыцягнуў...", размаўляць са мною перастала. Адным словам мутарна на душы. Заварыў кавы, выйшаў на лоджыю папаліць у прысёрбку... Брыдка на душы, што я такі нягеглы. І тут Найда, котка мая прыбегла на лоджыю, і з такой жывой цікаўнасцю зазірае з лоджыю ў спальню праз шыбіну акна, як там, маўляў, наша новая душа? І столькі жывасці і інтарэсу было ў яе поглядзе, што адразу і адагрэла маю душу... Усё правільна, ніякі я не прыдурак, проста жывы чалавек. А чалавек заўсёды вучыўся ў жывога, і жыў праз жывое. Гасподзь, калі і размаўляе з чалавекам, дык толькі праз жывую прыроду, птушкамі гаворыць, коткамі і сабачкамі... Спрабуе дасуткацца да нашай душы, калі яна яшчэ жывая. Ну, праз людзей іншы раз вядзе з намі дыялог. Але ж людзі не заўсёды жывыя, ходзяць біяробаты, быццам бы і людзі, а замест душы - запісаныя праграмы.
А вось сабачка, ці котка, ці птушка - яны напрамую зносяцца з Богам. Яны не ўмеюць ні хлусіць, ні падманваць, яны проста жывуць і радуюцца, і нас таму вучаць.
Дарэчы, котка Найда была дадзена мне таксама ў вельмі тужлівы момант маёй душы, проста жыць не хацелася, ехаў дахаты ў 2017-тым, дождж ліў, у пераходзе мятро Каменная Горка дзяўчо нейкае стаяла, коціка ў добры рукі прапаноўвала. Я ўзяў, паглядзеў і забіраць стаў. Ужо запазуху паклаў. А потым ляпнуў языком, што ў мяне сабачка, Ольва. Дык тое дзяўчо хацела котку назад забраць, маўляў, сабачка яго раздзярэ... Мой тэлефон запісала, каб праверыць потым. Ольва (французская бульдожка) старэнька была, гадоў 12 узростам, я прынёс кацянятка, яна спала... кацянятка бегала па кватэры, гуляла. А потым прачнулася Ольва. Выйшла і ўбачыла. З хвіліны дзьве стаяла, як укапаная, не ведала, што рабіць. Потым шэрсць дыбам і як кінулася на кацянятка... Яно на шафу шусь. Я Ольве растлумачыў, што нельга так. Што гэтая душа ў нас цяпер будзе жыць, і Ольва адразу ж усё зразумела. Цікава было назіраць, як маленькая Найда потым наладжвала адносіны з Ольвай. Паціху, пакрыху, набліжалася, загульвалася... А потым... Адным словам, скрасіла апошні год нашай сабачцы, не так ёй сумна было, калі мы пакідалі кватэру. Ёсць жа недзе тэлефон тае дзяўчынкі, у якой я ўзяў Найду, сказаў дзякуй, і нават капейкі ніякай не даў за котку, я потым гэта зразумеў... Што трэба было хоць сімвалічна выкупіць. Трэба будзе пазваніць і падзякаваць, бо я думаў, што яна сама прыедзе і паглядзіць, ці добра нашай котцы ў новым доме. Добра. І котка вельмі разумная. А яшчэ ў нашай Найды - рыцарскі крыж на спіне, як адзнака таго, што сам Гасподзь даў яе  ў цяжкі час маёй душы, каб душа сілы набралася ў жывога, і сама ажыла. І таму будзе жыць Беларусь. І яна - жыве.
Жыве Беларусь!