Частка 2. Квецень у агнi. 26-03-2023

Дарья Значёнок
“Не па сілах мне цябе зразумець. Не па сілах... З якога боку ні падступлюся – непакора, насцярожанасць. І спробы злавіць мяне на ўвільванні ці няшчырасці. Але ж я маю на ўвазе тое, што і кажу: хіба можна распыляцца на дробязі, калі так патрэбны людзі з вопытам? Людзі надзейныя, якія без усялякага кантролю ведаюць, дзе быць важней... Гатовыя падставіць плячо, не чакаючы падказкі. Абапрэшся і раздзеліш цяжар на ўсіх – у кожнага свая часцінка абавязкаў, кожны на сваім месцы.

Неразуменне горш за ўсё. Гэта няпроста – знайсці шчылінку, пачуць думкі, усвядоміць, што па-за імпульсамі-эмоцыямі ёсць пачуцці... Ты ўпэўненая, што абараняць цябе не трэба, – і кожным учынкам кажаш адваротнае. Пераконваеш, нібы моцная, – і выдаеш слабасць. Можа, я сапраўды не майстар разгадваць жаночае мысленне, але вось што ведаю дакладна: пакінуць чалавека без падтрымкі непрымальна. Бывае цяжар, які для аднаго нязносны. Які раструшчыць, калі не прыйдзе дапамога.

Але яна прыйдзе. Нават калі... асабліва калі сам чалавек яе не жадае”.