Сустрэча творца на радз ме Андрэя Макаёнка

Вера Стасенко
Каб ушанаваць памяць славутага пісьменніка, драматурга, сатырыка, дзяржаўнага дзеяча культуры Андрэя Ягоравіча Макаёнка 19 лістапада адбылася сустрэча творчай інтэлігенцыі Рагачоўшчыны і Магілёўшчыны. Ладзілася сустрэча ў Рагачоўскім цэнтры краязнаўства і турызму ініцыятарамі якой выступілі кіраўнік літаратурна-творчага аб’яднання “Натхненне” Міхаіл Міронаў, дырэктар цэнтра, краязнаўца Генадзь Цітовіч,  літарат і экскурсавод Слаўгарадчыны Вера Стасенка.
Узнёсла гучалі словы падзякі славутаму пісьменніку А.Макаёнку ў празаічных і вершаваных радках. Знаёмства з творчасцю таленавітага земляка праходзіла ў выглядзе падарожжа па матэрыялах, якія захаваліся нашчадкам у спадчыну ў музеі Журавіцкай сярэдняй школы, у творчых конкурсах сярод дзяцей і падлеткаў. Экскурс правялі краязнаўцы Генадзь Цітовіч у музеі “Лёс салдата”, а Аляксандр Рыкуноў - у музеі “Народнай славы” каля экспазіцыі “Пісьменнікі-землякі”, якую некалі сабраў паэт Уладзімір Немізанскі. Журналіст Міхась Ларычкаў правёў цікавую экскурсію па вуліцах любімага горада Рагачова. Напрыканцы сустрэчы агульны фотаздымак зрабілі журналіст і літаратар газеты “Крычаўскае жыццё” Аляксандр Гаўрыленка і малады спецыяліст у журналістыцы Ганна Мальцава. Водгукі аб сустрэчы былі самыя станоўчыя, нават прапанова прагучала аб тым, каб часцей сустракацца на мяжы абласных цэнтраў.
Наступны год вельмі важны для літаратурна-творчага аб’яднання “Натхнення”, бо споўніцца яму 70 год. Першым стваральнікам і кіраўніком аб’яднання “Натхнення” быў Анатоль Вярцінскі. Уявіце сабе колькі цікавых сустрэч ладзілася за гэтыя гады. Апошнім часам бяссменным “праметэем” літаратараў і іх настаўнікам з’яўляецца Нінэль Мікалаеўна Падгурская. З цёплымі словамі ўдзячнасці выступіла Нінэль Мікалаеўна, расказала аб першых кроках свайго самастойнага жыцця і якім чынам і хто надхніў яе на стварэнне і падтрымку творчай суполкі, а гэта Валянцін Дончык. З цяплынёй ў душы ўзгадвае Нінэль Мікалаеўна кожнага, хто прыйшоў у літаратурнае аб’яднанне і звязаў сваю дзейнасць з пісьменніцкай творчасцю. Прывітала землякоў з Магілеўшчыны і перадала слова для выступлення Веры Стасенка, ласкава называючы яе сваёй дачушкай.
Вера Стасенка пачала свой аповяд з творчай біяграфіі Андрэя Макаёнка.  Андрэй Макёнак – выдатны культурны і грамадскі дзеяч. Як член дэлегацыі БССР у 1965 годзе ўдзельнічаў у рабоце ХХ сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Як дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, член Мінскага абласнога камітэта КПБ, член праўлення Саюза пісьменнікаў СССР ён актыўна ўплываў на жыццё краіны і народа.
У абсягу творчай дзейнасці Андрэя Макаёнка, апрача літаратуры і тэатра, былі такія сферы мастацтва, як кіно, радыё, тэлебачанне. Ён аўтар сцэнарыяў мастацкіх фільмаў “Шчасце трэба берагчы” (1958), “Рагаты бастыён” (1964), “Пасля кірмашу” (1974) і інш. За вялікія заслугі ў культурным будаўніцтве і развіцці беларускай савецкай літаратуры Андрэю Макаёнку прысвоена ганаровае званне народнага пісьменніка. Ён быў таксама ўзнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюціі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знак пашаны” і медалямі.
Лепшыя творы беларускага драматурга ўвайшлі ў залаты фонд савецкай літаратуры. У Макаёнкавых тыпах навечна заклеймавана грамадскае ліха, з якім так актыўна змагаўся пісьменнік, і сцверджаны самыя светлыя, запаветныя ідэалы нашага сучасніка.
Андрэй Ягоравіч Макаёнак нарадзіўся 12 лістапада 1920 года ў вёсцы Борхаў Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці. Тут прайшло яго маленства, тыповае для сялянскіх дзяцей 20-х – 30-х гадоў. Навакольны свет здзіўляў яго сваімі таямніцамі, прырода зачароўвала хараством, паланілі і вабілі душу народныя паданні, казкі, песні, звычаі, традыцыі.
Рана абудзілася ў будучага пісьменніка цяга да ведаў, да вучобы, да пазнання свету. Пісьменнік успамінае:
“У 1927 годзе ў нашай вёсцы адкрылася пачатковая школа – падзея больш значная для вёскі, чым адкрыццё ў Гомелі ўніверсітэта.
Дружбакі пайшлі ў школу, а мяне не прынялі: не хапала месяцаў – замалады. Сядзеў пад вокнамі ўсю восень. А калі пачаліся замаразкі, настаўніца зжалілася – пусціла ў клас. І я прыжыўся там. Так і вучыўся, стараўся, каб не прагналі ад дружбакоў.
У пяты клас хадзіць было далекавата – за восем кіламетраў. І калі праз год адкрылася сямігодка ў вёсцы Шапчыцы – бліжэй на 5 кіламетраў, бацкі вырашылі: лепш два гады хадзіць ў пяты клас, але бліжэй… На лапцях эканомія”.
І вось ужо Андрэю васемнаццаць. Ён – камсамолец, выпускнік Журавічскай сярэдняй школы. Дарослы. Задумваецца над выбарам прафесіі.
Яшчэ з дзяцінства А.Макаёнак вынес захапленне ад хараства прыроды і ўсяго таго, што створана таленавітымі рукамі народа. Яго вабілі і зачароўвалі помнікі будаўнічага мастацтва, скульптурныя постаці, паланілі фантазію творы жывапісу… і тады ён сам спрабаваў штосці намаляваць, вылепіць із гліны, выразаць з дрэва. Гэта схільнасць да жывапісу, да разьбы па дрэву захавалася  на працягу ўсяго жыцця. Нават стаўшы вядомым пісьменнікам-драматургам, Андрэй Макаёнак ніколі не раставаўся са сваім даўнім “хобі” – маляваннем, лепкай, разьбой па дрэву. Ён пісаў партрэты блізкіх людзей, сяброў і знаёмых, якіх паважаў, любіў, да якіх ставіўся з прыхільнасцю і пашанай.
Пісьменнік нам пакінуў і свой аўтапартрэт (разьба па дрэву). Было яшчэ адно захапленне – мастацкая самадзейнасць, тэатр, кіно. Падчас навучання ў школе выявіліся яго артыстычныя здольнасці: бадай ніхто з таварышаў-аднагодкаў не мог так выразна чытаць, дэкламаваць байкі, гумарыстычныя вершы, імправізаваць забаўныя сцэнкі, як гэта рабіў Андрэй. А тут якраз работа “падвярнулася” па густу – пачаў працаваць масавіком раённага Дома культуры.
Неўзабаве, а менавіта ў кастрычніку 1939 года, Андрэя Макаёнка прызываюць у армію. Праз шмат гадоў ён раскажа: “Прывезлі мяне на Каўказ, у Грузію. Чаму я быў вельмі рады. Пасля борхаўскіх палёў і лугоў Каўказ з яго гарамі, цяснінамі, скаламі здаваўся казачнай краінай. Напачатку. А вось паходы з поўнай баявой выкладкай хутка вытруцілі гэта захапленне гарамі. Дамашняя раўніна снілася не раз і здавалася далёкім раем”.
Цяжкая салдацкая служба мела і свае станоўчыя вынікі: яна ўмацоўвала волю, гартавала характар, рыхтавала да неімаверна складаных выпрабаванняў ваеннага часу…
Вялікая Айчынная вайна застала Андрэя Макаёнка ў войску, на пасадзе палітработніка. Вайсковая часць, у шэрагах якой служыў будучы пісьменнік, рвалася ў бой з ненавісным ворагам, што таптаў родную зямлю. Аднак летам 1941 года яна была накіравана да іранскай граніцы, якая тады знаходзілася на значнай адлегласці ад фронту. Байцы і камандзіры пакутавалі ад гэтай, як ім здавалася, непатрэбнай і бязмэтнай перадыслакацыі, ад шматкіламетровага пешага пераходу, ад гарачыні, пылу, поту, смагі.
Аднак неўзабаве пасля таго як гітлераўцам удалося на пэўны час блакіраваць Крым, Андрэй Макаёнак у складзе гераічнага крымскага дэсанта накіроўваецца ў раён Феадосіі, дзе мужна, самааддана змагаецца з ворагам. Не зважаючы на шквальны мінамётны і кулямётны агонь, пагарджаючы смерцю, ён уласным прыкладам натхняе байцоў на баявыя подзвігі.
Адзін за адным падаюць мёртвымі салдаты. Стогнуць, абліваючыся крывёю, раненыя. У адной з такіх жахлівых атак быў цяжка паранены і Андрэй Макаёнак: шматлікімі асколкамі яму патрушчыла, пашчапала абедзве нагі, і ўзнікла сур’ёзная пагроза іх ампутацыі. Праз шмат год, ужо стаўшы вядомым пісьменнікам, Андрэй Макаёнак скажа пра драматычны перыяд у сваім жыцці вельмі вельмі акрэслена і лаканічна: “Прысуд урачоў – ампутацыя абедзвух ног. Хлопец я быў гарачы – не згадзіўся”. Пасля шпіталя ў Краснадары Андрэя ваяваць не ўзялі. Давялося выкладаць ваенную справу ў Акаурцкай школе Грузінскай ССР, дзе жыў да 1943 года. Калі фашысцкіх захопнікаў выгналі з Беларусі, вярнуўся ў родныя мясціны. Маці не магла стрымаць слёз радасці ад сустрэчы з сынам, якога ўжо не спадзявалася ўбачыць жывым: адзін былы дэсантнік паведаміў ёй, што быццам на яго вачах Андрэй загінуў ад разрыву міны…
Паля вайны Андрэй Ягоравіч Макаёнак жыве і працуе спярша на роднай Гомельшчыне ваенруком у школе і сакратаром Журавіцкага райкома камсамола, затым у Гродна – сакратаром гаркома камсамола і ў Магілёве – загадчыкам парткабінета, памочнікам сакратара райкома партыі. Адчуваючы неабходнасць папаўнення ведаў, будучы драматург едзе на вучобу ў Мінск. У 1949 годзе ён заканчвае партыйную школу пры ЦК КПБ і прызначаецца загадчыкам аддзела прозы часопіса “Вожык”.
Шмат карыснага прынесла А. Макаёнку праца ў гэтым сатырычным выданні, для якога нямала пісаў і сам.
Схільнасць да гумару і сатыры, уменне прыкмячаць смешнае ў жыцці і надаваць яму ўласнае мастацкае асэнсаванне заўважаюцца ўжо ў гумарэсках “Вясёлая прытча” (1949), “Нячыстая сіла” (1949), у фельетонах-пісьмах, што змяшчаліся ў “Вожыку” пад рубрыкай “Выбачайце, калі ласка!” (1950), у фельетонах “Бес ублытаў” (1951), “Карасёва Адысея” (1952) і іншых. У цэнтры ўвагі аўтара – розныя негатыўныя, заганныя з’явы грамадскага жыцця: пьянства, гультайства, бюракратызм, прыпіскі і іншыя махінацыі несумленных людзей, безадзказныя адносіны да дзяржаўных спраў,  раскрадванне народнага дабра і інш. Аб’ектам сатырычнага выкрыцця становяцца радавыя абывацелі і кіруючыя работнікі дзяржаўных устаноў – старшыні калгасаў, райспажыўсаюзаў, загадчыкі аддзелаў райвыканкомаў і нават міністры.
“… Смех – не самамэта, а выхаваўчы сродак”, - скажа пазней А.Макаёнак.
З цягам часу драматургічнае майстэрства Андрэя Макаёнка расце і мацнее. П’еса “На досвітку” мела для творчага росту драматурга вялікае значэнне. Творчым скачком для Андрэя Макаёнка стала сатырычная камедыя “Выбачайце, калі ласка!”
Вучоба Андрэя Макаёнка ў Кандрата Крапівы станоўча адбілася на творчым таленце драматурга У п’есе “Выбачайце, калі ласка!” прынцыпы сатырычнай тыпізацыі, прыёмы выкрыцця адмоўнага,  сродкі гумарыстычнай характарыстыкі асобных персанажаў шмат у чым агульныя, вызначаюцца пэўным падабествам.
Андрэй Макёнак належыць да кагорты тых выдатных майстроў слова, што ніколі не спыняюцца на дасягнутых поспехах. Ён шукае і знаходзіць новыя тэмы і ідэі, новыя характары, канфлікты і калізіі, новыя спробы і сродкі падачы жыццёвага матэрыялу, новыя жанравыя формы.
Праблемнасць – адна з істотных асаблівасцей творчасці драматурга, які прыцягвае ўвагу грамадскасці да сацыяльных з’яў сучаснага жыцця і імкнецца паўплываць на іх развіццё ў патрэбным кірунку. Найярчэйшае пацвярджэнне гэтай думкі – камедыі, што ўбачылі святло рампы ў 70-80-я гады ХХ стагоддзя. Гэта “Таблетку пад язык” (1973), “Кашмар” (1974), “Верачка” (1976), “Пагарэльцы” (1980).
“Дыхайце эканомна” – апошняя сатырычная камедыя Андрэя Макаёнка, над якой драматуг працаваў шмат гадоў і да канца жыцця.
16 лістапада 1982 года Андрэй Макаёнак заўчасна ў росквіце творчых сіл памёр. Цяжкую страту панесла ўся савецкая літаратура. Драматургія Андрэя Макаёнка грунтуецца на нацыянальных класічных вытоках, і сама яна будзе добрай традыцыяй для нашчадкаў.
Пасля выступлення ў кожнага была магчымасць падзяліцца сваёй творчасцю. Ніна Шпадарук, жонка Уладзіміра Шпадарука, прачытала вершы свайго мужа і сябра Сяргея Філіпчанка. Вікторыя Сотнікава, якая стала маці, адкрыла для сябе новы пісьменніцкі жанр – казкі, але працягвае пісаць вершы. Чыталі вершы навічкі літаратурнага аб’яднання Надзея Ліс, Данута Галомзік. Нажаль, але літаратурнае аб’яднанне не маладзее, і, гэта заўважылі ўсе. Мяркую, што конкурсы, якія праводзяць у цэнтры краязнаўства і турызма будуць не аднаразовымі, а пастаяннымі і міжрэгіянальнымі. На сустрэчы прысутнічалі краязнаўцы – лаурэаты Іолшынскай прэміі Нікалаенка Міхась, Рыкуноў Аляксандр, Міронаў Міхаіл, Альха Міхась.
Матэрыял падрыхтавала старшы навуковы супрацоўнік Слўгарадскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея Вера Стасенка
28.11.2017