Творчыя здольнасц маля н чых вобразах

Вера Стасенко
Амаль з першага году існавання Дзяржаўнай установы культуры “Слаўгарадскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей” распачалася работа па пазіцыяніраванню гісторыі малой радзімы праз культурна-адукацыйную дзейнасць, выставы, экскурсіі, аб якіх неаднаразова паведамлялася ў друку.
Днямі ў музеі адкрылася выстава “Гонар Слаўгарадскай зямлі”, прысвечаная жыццю і творчасці знакамітых людзей з ХІХ стагоддзя па сёняшні час. На выставе прадстаўлены адбіткі карцін Фёдара Тулава, Уладзіміра Баравікоўскага і іншых творцаў ХІХ стагоддзя, якія працавалі на Слаўгарадскай зямлі. Выстаўлена плэнэрная работа 2016 года вядомага мастака-земляка Леаніда Гоманава “Родные просторы”. Дапаўняюць выставу фотаздымкі Івана Самусенка, якія перадаюць прыгажосць беларускай зямлі ў розную пару года.
Упершыню былі прадстаўлены мастацкія творы Таццяны Аляксеенка, навучэнкі 9 класа ДУА “Сярэдняя школа № 1, г. Слаўгарада”. Таня Аляксеенка прыйшла навучацца ў клас “Выяўленчага  мастацтва” Дзіцячай школы мастацтваў да Алены Аляксандраўны Громавай з 2015 года, куды прывяла яе бабуля. На выставе дэбют Таццяны прыйшоўся да творчага густу жыхароў Слаўгарадскага раёна. Шмат цёплых водгукаў і пажаданняў прагучала з вуснаў  раённага кіраўніцтва, якія таксама з задавальненнем разглядалі творчыя работы юнай мастачкі.
Таццяна Аляксеенка шукае сябе, як творца, у розных накірунках жывапісу і графікі, нават паспрабавала сябе ў скульптурнай мініацюре. Мініацюры, памерам з кіпцік на пальцы, здзіўляюць сваёй дакладнасцю да рэалістычных выяў, сярод якіх шмат кулінарных ласункаў, а таксама ёсць гародніна, грыбы; цікавыя жывёлы марскога і жывёльнага свету.
Таццяна распавядае: “Прыйшла на “рысавалку” і мне Алена Аляксандраўна прапнавала намаляваць нацюрморт збан і яблык. Але настрой быў не зусім творчы і, я пайшла шукаць натхненне - маляваць з натуры прыродныя з’явы, так атрымаўся графічны малюнак “Разгалістае дрэва”. Больш за ўсё мне падабаецца маляваць дрэвы – працягвае гаворку юная мастачка, - Дрэвы падобныя на людзей: ёсць сярод іх магутныя, а ёсць і кволыя… У кожнага дрэва асабісты лёс, як і ў людзей”.
Пажадаем поспехаў Таццяне Аляксеенка на асабістым жыццёвым шляху. Нахай усе мары здзяйсняюцца і прыносяць у жыцці толькі добры настрой і натхненне.
Вера Стасенка, старшы навуковы супрацоўнік музея
05.03.2020