У пошуках сонейка

Мария Мучинская
     У ПОШУКАХ СОНЕЙКА

      За акном нешта стукала па зямлi i па шыбах, цок – цок- цок. Наташка прачнулася ад гэтых барабанных гукаў i падбегла да акна. Там было вельмi хмурна i сыра. Неба насупiлася, як быццам пакрыўджанае. Дзяўчынка ўспомнiла, як бегала учора басанож   па двары з катом наперагонкi. Але яна не магла прыпомнiць нiчога, што магло пакрыўдзiць сонейка i неба. Чаму яно зусiм схавалася i не хоча выглянуць, а неба стала вельмi суровым i плача?

Сёння неба стала чорным,
Плачуць хмаркi, стаяць лужы.
Кот учора быў свавольным,
Павярнуць кадушку здужаў.
Ён учора быў гарэза,
Закацiў у бульбу мячык.
Лапку там сабе парэзаў,
Гаспадыню азадачыў.

      Натцы таксама стала самотна без сонечных промняў. Дожджык яе не шкадаваў i балюча хвастаў па спiне. Было мокра i холадна, гуляць зусiм не хацелася. Прыцiх i кот Вась-Васiч, а ўчора да самага вечара свавольнiчаў, нават пасля таго, як паранiў лапку. Спачатку папiшчаў, а потым замурлыкаў i зноў стаў дурэць. Цэлы дзень забаўляўся на двары.
     Наташцы з катом было весела, з iмi жартаваў  праменьчык. То яна нагой, то Вась-Васiч сваёй лапкай наступiць на сонечнага зайчыка, а ён, як гарэза, выскокваў з пад ступнi i ўзлятаў то на дрэва, то на шыбы, адкуль было цяжка дастаць. Нават кот не мог туды далезцi, таму,  пакрыўджаны,  пачынаў ганяць курэй цi птушак, альбо, зарыўшыся ў пясок, грэўся на сонцы.


Кот з Наташкай дружна разам,
Промнi ўчора даганялi;
То шукалi iх за вязам,
То на шыбах промнi ззялi.
Грэўся важна кот на сонцы.
Ён пацягваўся,  мурлыкаў.
А яна яму ў старонцы
Падпявала, як музыку.

     Учора было надта весела, а сягоння ўсе ходзяць сумныя. Вась-Васiч не мурлыкае, дзяўчынка  не падпявае. На вулiцы нiхто не смяецца, вераб`i не цвыркаюць. Толькi дождж барабанiць па даху i па асфалце на вулiцы. Ужо палудзень, а ён без перапынку спявае сваю нудную, манатонную  песню. Хмаркi апускаюцца нiжэй i нiжэй, Натцы стала нават крышачку страшна, i яна пабегла ў хату.

    Мацi таксама была не вясёлая, чамусьцi пацiрала скронi i не размаўляла. Дачушка запыталася, што з ёй здарылася? Матуля коратка адказала: «Хутка будзе добра -  гэта надвор`е, мне проста балiць галава». Наташка не зразумела нiчога пра надвор`е, але ведала, што маме патрэбна цiшыня,  патрэбен адпачынак. А пакуль яна будзе адпачываць, неабходна знайсцi лекi i тады здаровай паскардзiцца на сонейка. Магчыма мама скажа чым дзяўчынка яго пакрыўдзiла.

На тапчан прысела мацi
Ды прыкрыла свае вочы,
Стала цiха зразу ў хаце,
Адпачыць напэўна хоча.
Разгубiлася Наташка,
Дзе знайсцi ёй дапамогу?
Вырашае: «Можа ў пташкi,
Запытаюся  дарогу.
Верабей, напэўна, знае,
Дзе знайсцi для мацi лекi,
Напаю яго я чаем,
Шлях падкажа да аптэкi.»

       Натка ведала з кнiжак, што вераб`i дужа разумныя пташкi, у iх добрая памяць. Таму была ўпэўнена, што верабейка па мянушцы Чыр-Чырык падкажа ёй дарогу да доктара. Яна не памылiлася. Птушцы вельмi спадабалася, што сяброўка звярнулася менавiта да яе. Птах стаў з задавальненнем дапамагаць. Ён ляцеў наперадзе аж да самай аптэкi, а Наташка спяшалася за iм каб не адстаць. Яны ўдваiх cпасалi маму.
     Дзяўчынка пра ўсё паведала доктару: i пра тое, што сонца з ёй сёння не гуляе, i пра тое, што неба плача, i пра тое, што ў мацi балiць галава, нават не цiкавiцца чаму яна не гуляе на вулiцы. Але Натка  не крыўдзiцца на маму, разумее, што ёй патрэбна паспаць.

У халаце доктар хмуры
Распытаўся ўсё пра мамку,
I сказаў ёй: « Без мiкстуры
Дачакайся сонца ўранку».
- Значыць сонейка прычына,
Што матулi вельмi горка.
Яго выкралi, магчыма,
Там у лесе, за пагоркам.

     Наташка сур`ёзна задумалася дзе схавалася сонейка. Магчыма яго хтосцi ўкраў i  патрэбна дапамога? Без яго цяпла захварэла мама, яе неабходна вылечыць, бо як маленькай жыць без мацi? Дзяўчынка ўспомнiла, што ўчора вечарам яно хавалася ў лесе, але  не заўважыла куды  знiкла. Патрэбна знайсцi i вызвалiць, бо яго, напэўна, зачынiлi на замок?
    Яна цiхенька зайшла ў пакой, дзе спала мацi, i пастаралася каб  не разбудзiць. Узяла свой наплечнiк i пачала збiрацца ў дарогу. Было страшнавата, бо нiколi адна далёка не хадзiла. Хаця, Натка была ўпэўнена, што сябры  не адпусцяць адну, таму спяшалася ўзяць многа яды. Шлях няблiзкi. Усiм захочацца падсiлкавацца. Наташка хутка збiрала ў дарогу прадукты i назiрала за мацi. Вельмi баялася, што яна не дазволiць iсцi за сонцам i застанецца хворай.


Цiха ў хаце, мацi спала,
Галаву пакрыўшы бiнтам.
Натка ў сумку памяшчала
Хлеб з пячэннем i напiткам.
Кот, як сябра, з ёй згадзiўся,
Што за сонцам пойдуць разам,
Рыбку з`еў, вады напiўся -
Ды ў дарогу добрым часам.

         У пакой да дзяўчынкi прашмыгнуў на лапках Вась-Васiч. Ён адразу здагадаўся, што яна збiраецца ў дарогу, i даў згоду  адправiцца  разам. Перад дарогай смачна паеў, а потым у дваiх прыселi на зэдлiк -  так заўжды рабiлi бацькi перад тым, як адправiцца ў далёкi шлях. Пасля, дружна рушылi шукаць сонейка, лячыць маму. Iм дваiм было не страшна, бо яны спадзявалiся, што да iх далучацца. I не памылiлiся.
       Першым заўважыў Натку з катом  верабей Чыр-Чырык. Ён Вась-Васiча не надта баяўся, таму што гаспадарскi кот быў лагодны. Толькi, як чаго крыўдзiўся, напускаў на сябе суровы выгляд, але калi лавiў, то адразу адпускаў на волю. Страшнай была суседская кошка, яна, як пантэра, на вочы ёй лепш не пападацца, магла загрысцi. Чыр-Чырык баяўся яе, але дзеля дзяўчынкi мог пайсцi на рызыку.

Верабейка цвыркаў гучна,
Ён катоў баяўся трошкi.
Жыў з дзяўчынкай вельмi дружна,
Уцякаў ад чорнай кошкi.
Мог схавацца ён у садзе,
Толькi плакала Наташка,
Ды прасiла аб парадзе
У яго, маленькай пташкi.

        Птах узляцеў з дрэва i сеў Наташцы на плячо, гэта значыла, што ён з ёй у агонь i ваду, на ўсё згодны, каб толькi дапамагчы сяброўцы. Яна ад шчасця нават закружылася. Як неверагодна мець адданых сяброў, якiя заўжды прыходзяць на падмогу, нават страх iм не перашкода, як, напрыклад, верабейка.
      Уся прамокшая вылеза на шум з будкi Жучка i адразу зразумела, што надыходзяць незвычайныя падзеi. Яна прыслухалася i пачула: гурт адпраўляецца на пошукi сонца. Ёй яно таксама было патрэбна, каб прасушыць сваё футра, але, галоўнае, што яна не магла адпусцiць Натку з катом i вераб`ём у лес адных. Павiнна была абараняць iх. У лесе дужа  многа чаго можа здарыцца, яе дапамога там абавязковая.

Шум пачула ў садзе Жучка,
Сабiраюцца ў дарогу.
Я ж з Наташкай неразлучна,
Паспяшаю на падмогу.
Надаела жыць без сонца,
Мокра, сыра мне i зябка,
Застудзiлася так моцна,
Трэба сонца - пагрэць лапкi.
 
       Гурт расшырыўся да чатырох асоб, эмоцыi перапаўнялi, але нельга было гучна iх праяўляць, каб не разбудзiць мацi. Таму  старалiся размаўляць шэптам. У гэты момант нават не звярталi увагi, што вельмi мокра i зябка. Усе разам рушылi ў напрамку лесу мiма хлева.

     Прамокшыя куры сядзелi на курасаднi, яны дрыжэлi i не ведалi што рабiць. Адпачываць днём непрывычна, а каменьчыкi сабiраць для працы страўнiка i ракушачнiк ды вапняк для шкарлупы немагчыма, бо ўвесь двор i вулiца пакрыты дажджавымi ручайкамi. Дробненькiя каменьчыкi вельмi патрэбны каб курачкi маглi перацiраць ежу ў страўнiку. А яшчэ самi промнi сонца  аказваюць уплыў на якасць яек. Траўку таксама не надта прыемна шчыпаць, яна ўся мокрая, з яе лiецца вада. Куры, схаваўшыся ў куратнiку, сумавалi па ўчарашнiм цёплым днi.

Пахавалiся ўсе куры,
Ручаём цячэ вадзiца.
Трэба курачкам мiкстуры,
Яны могуць прастудзiцца.
Не клююць яны каменьчык,
I вапняк схаваўся ў лужы,
Шкарлупу сваiм  яечкам
Збудаваць яны не здужаць.
Без яйка будзе сняданне,
А бялок патрэбен росту.
Таму сонейка з жаданнем
Адшукаем, хоць не проста.

    Певень Пiт-Пятровiч, пачуўшы куды сабралася iсцi Наташка з сябрамi, адразу саскочыў з перакладзiны i далучыўся да iх. Яму было шкада сваiх курачак, ён хваляваўся, каб яны не захварэлi. А яшчэ дужа дрэнна, што гаспадыня хварэла без сонейка. Абавязкова патрэбна  яе ратаваць. Яна была  добрая, шанавала iх, любiла, i яны яе таксама любiлi.
     Дзяўчынка, ВасьВасiч, верабей Чыр-Чырык, Жучка i певень Пiт-Пятровiч адправiлiся дружна ў напрамку лесу шукаць сонейка, таму што бачылi яго апошнi раз над лесам. Яно вiсела доўга, а потым раптам знiкла i сёння не вярнулася на неба. Дзе яно магло дзецца нiхто не ведаў, а без яго было вельмi складана. Таму патрэбна  знайсцi  i вярнуць. Шлях да лесу быў доўгi, i Наташка крыху прытамiлася, яна на хвiлiнку прыпынiлася i пачула на абочыне, як гудзела пчолка Лiма,  жалiлася, што кветачкi нахiлiлi галоўкi да долу i не частуюць яе нектарам, дожджык яго вымывае, таму не зможа выпрацаваць мёд.

Загудзелi трошкi ногi,
Прыпынiлася дзяўчынка
На абочыне дарогi
Захiсталася травiнка.
Гуд пачуўся там пчалiны:
«Пахавалi кветкi твары» -
Расказала безупынна -
«Засталася без нектару».
Кветкi змоклi, быццам чаплi,
Iм бы  сонейка, пагрэцца,
Бо нектару -  анi каплi,
Дом без мёду застанецца.

           А мёд  - гэта надта добрыя лекi ад прастуды, асаблiва калi пачынае балець горлачка i кашаль. Пчолка разгубiлася, што не зможа лячыць, не зможа дапамагаць нi дарослым, нi маленькiм. Акрамя гэтага, мёд яшчэ i смачны ласунак. Выслухаўшы ўсе пчалiныя скаргi Натка зразумела, што ёй таксама патрэбна сонейка, i прапанавала далучыцца. Лiма з задавальненнем прыняла прапанову.
        Вясёлым гуртам яны рушылi наперад, абмяркоўвалi, як будуць вызваляць сонца, выказвалi дагадкi куды маглi яго ўзяць у палон, i не маглi вырашыць, хто такое мог здзейснiць, прынесцi столькi многа бяды. Дзяўчынка яшчэ больш змарылася,  нылi ножкi, паспяшалася да  каменя Усяведа, дзе заўжды адпачывала з мамай. Але, падышоўшы да яго, зразумела, што там сягоння нельга садзiцца. Ён быў халодны i мокры.

Увесь мокры i халодны
Пад дажджом стаяў убогi.
Адпачынак меў тут кожны,
А сягоння адзiнокi.
I мурашкi, i жучочкi
Камень цiха абпаўзалi,
У траве схаваўшы шчочкi,
Дружна сонейка чакалi.

          Усявед прывык, што ён патрэбны ўсiм хто стамiўся. Амаль кожны, хто праходзiў побач, меў тут адпачынак, грэўся i пакiдаў сваё цяпло. Таму ён адчуваў сябе важным, што можа дапамагчы: i сагрэць, i падарыць адпачынак нагам. А сёння ўсе яго абыходзiлi, таму было  крыўдна. Нiхто за гэты дзень не расказаў нiводнай гiсторыi, а камень умее берагчы тайны, ён iх ведае дужа шмат. Збiраў стагоддзямi.
         Думкi Наташкi парушыла песня конiка Прыг-Прыгунчыка. Яна нахiлiлася i заўважыла зялёнае i дрыжачае ад холаду насякомае. Прыг-Прыгунчык не мае свайго жытла, ён заўжды жыве сярод траў, кустоў i дрэў, калi наступаюць халады, ён замярзае i памiрае. Натцы стала вельмi шкада гэтага, так цiкава стракочушчага, маленькага Прыгунчыка, захацелася падарыць яму цяпло. Конiкi, крыху шкоднiкi, але яны таксама прыносяць пользу: паядюць насякомых, якiя сiлкуюцца толькi раслiнамi, таму без iх мы не змаглi бы выгадаваць ураджай на палях i агародах. Яна аб усiм гэтым чытала i таму паабяцала, што здабудзе сонейка, i паклiкала ў дарогу.


У траве стракоча конiк,
Ён з сцябла звалiўся, мокры.
Уцякае ад пагонi,
Жук iмчыцца за iм чорны.
Сцёблы, слiзкiя, як льдзiны
Утрымацца немагчыма.
Абляпiла павуцiнай,
Плача, хлопае вачыма.

         Зялёны сябра з радасцю згадзiуся. Ён адчуваў сябе ў бяспецы разам з такой дружнай кампанiяй, ад радасцi ўсю дарогу весялiў сваiмi песнямi. Прыг-Прыгунчык разумеў, што яго абаронiць толькi цяпло, дапаможа дажыць да маразоў, таму спадзяваўся, што знойдуць хутка зладзея i вернуць сонца на неба.
        То певень заспявае, то кот замявукае, то конiк застракоча, то пачне брахаць Жучка -  у вынiку  атрымаўся цэлы ансамбль. Пад вясёлыя гукi ўсе, павесялеўшыя,  крочылi наперад. Яны з кожнай гадзiнай усё больш i больш упэўнiвалiся, што робяць надта добрую справу. Сонейка патрэбна было многiм. Дружны спеў следапытаў перабiў стогн. Дзяўчынка стала шукаць адкуль ён iдзе i зразумела, што з-пад зямлi. Яна нахiлiлася i пачула плач зярняткi. Дождык напаiў яго вадзiцай, але, каб узысцi, патрэбна сагрэцца. Наташка пашкадавала i паабяцала, што дапаможа.

Стогне штосцi цiха ў полi,
Нахiлiлася дзяўчынка.
- Я зярнятка, хачу волi,
Я замёрзла ў адпачынку.
Напiлася тут вадзiцы,
Хачу даць свае праросткi,
Толькi выйсцi як з цямнiцы?
Мне без сонейка непроста.
Дапамога трэба жвава,
Каб зямля не змарнавала.
Ураджай дам вам на славу,
Толькi б сонца падтрымала.

       Не будзе праросткаў – не будзе ўраджаю. Натка добра разумела, што тады народ застанецца без агароднiны, без хлеба. Можа наступiць галодны год. Гэта вельмi напалохала яе, i заставiла рупiцца хутчэй шукаць сонейка.

        Дружная, вясёлая грамада направiлася далей на пошукi. Яны па-добраму спрачалiся, прапаноўвалi да каго патрэбна звярнуцца, хто можа ведаць дзе шукаць. Кожны выказваў сваю думку, яны былi розныя. Толькi мэта  ў iх была адна: хутчэй адшукаць цяпло.

Жучка, певень,  кот з галiнкай,
Верабей i конiк ззаду,
Таратораць безупынку:
«Дзе шукаць? Вядуць параду».
Загудзела пчолка зверху,
Вельмi добра, што мы дружна,
Для сяброўства, як праверка,
Смела мы iдзём па лужах.
Абаронiм сваё сонца,
Не дадзiм яго мы ўкрасцi.
Не гудзi ты, вецер, злосна
I не щлi на нас напасцi.

    Наперадзе ўсiх чакала невядомасць. Адной дзяўчынцы, напэўна, было б цяжка справiцца. Надта добра, калi ёсць сябры-аднадумцы, гатовыя ў любую хвiлiну прыйсцi на дапамогу. Наташка гэта разумела i яшчэ больш любiла кожнага з iх. Яна ў думках планавала, як выкажа iм сваю ўдзячнасць. Ёй было дужа прыемна, што  ўсе хвалююцца за маму.
     Усю дарогу не перапыняўся дожджык. Ён то мацнеў, то слабеў. Але следапытам было весела, перад  iмi стаяла задача, i яны упэўнена iшлi наперад. Дожджык падштурхнуў на гульнi. Каб не замерзнуць, яны штурхалiся, бегалi, слiзгалiся, дурэлi.

За каўнер дажджынкi скачуць,
Але весела з сябрамi.
То ў гразi яны завязнуць,
То па лужах, як цунамi.
Лiха коўзаюць па лузе,
Як па льдзiнах у час зiмнi,
Важна кот, як карапуза,
На хвасце канька паднiме.
Жартаўлiва крочаць гуртам,
Маюць добрую надзею.
Трэба скончыцца пакутам,
Адшукаць хутчэй зладзея.

       Нiхто  не на хвiлiнку не забываўся пра тое, куды i чаго яны  iдуць, не ўзяў пад сумненне свой намер. Наадварот, чым далей iшлi, тым станавiлiся больш упэўненымi ў сваiх задумках.
       У забавах яны  нават не заўважылi як дайшлi да лесу. Спачатку крыху разгубiлiся: задумалiся куды направiцца, да каго звярнуцца? Тым больш, што iх  сустракалi непрыветлiва. Натка ведала, што ў лесе вельмi лёгка заблужзiцца i трошкi спалохалася.


Лес вiтае гурт панура,
Вецер гне, трасе бясконца.
- Хто сягоння тут дзяжурыць,
Хто хавае наша сонца?
Цар звяроў, выходзь насустрач,
Мы прыйшлi з вялiкай просьбай.
Няхай сонейка адпусцяць,
Мы з дабром, а не са злобай.
Адшукаць нам сонца трэба,
Бо зярнятка не ўзыходзiць,
Не збяром у восень хлеба,
Зацяжным дажджом пашкодзiць.

           Гудзеў вецер Свiстун, хiсталiся дрэвы. Усе звяры пахавалiся ад дажджу. Здавалася, што ў лесе нiкога няма. Нават птушкi не спявалi, толькi далёка-далёка стукаў па дрэвах дзяцел Тук-Тукiч. Грамада спачатку падумала, што гэта яна напалохала, але потым ўсе здагадалiся, - гэта дожджык заставiў лясных жыхароў шукаць прытулак.
          Першым на клiч  гасцей адгукнуўся Мядзведзь Мiх-Мiхiч. Ён нязграбна выпаўз з гушчару i пацiкавiўся, хто тут што шукае? Дзяўчынка пачала расказваць пра сваё гора, пачала прасiць аддаць сонца. Мiх-Мiхiч развесялiўся, ён таксама пакутаваў без цяпла. Дождж не даваў магчымасцi прылегчы i адпачыць.

Мiшка выйшаў iз гушчару,
Трошкi там прылёг на лапках.
- Хто па лесе маiм шнарыць?
Я не бачыў сонца ранкам.
Яго ўчора хтосцi ў лесе
Вечарком схаваў у травах.
Можа хоча сонца звесцi
Для лiхiх якiх забаваў.

            Касалапы паскардзiўся, што яшчэ не снедаў, бо ўсе жыхары пахавалiся ад дажджу, таму таксама чакае цёплых прамянькоў. Наташка разумела, што мядзведзь не хлусiць, у яго многа спраў, а дождж - перашкода. Мiх-Мiхiч павiнен рэгуляваць колькасць другiх звяроў, паядаць грызуноў, а яшчэ i мёртвых жывёлiн. Буры -  вялiкi санiтар лесу. Натка  задаволiлася, калi ён, не раздумваючы, павёў каманду на пошукi сонейка.
         Падслухаўшы гутарку, воўк Шчоўк-Шчоўк таксама высунаўся са свайго прыстанiшча i ўлiўся ў кола следапытаў. Ён жа ведаў тут усе сцяжынкi, усе патаемныя мейсцы. Каму калi не яму пад сiлу адшукаць зладзея?

Шэры воўк з-пад ёлкi выпаўз:
«Я падслухаў тут размову.
Вы прабачце, ваша мiласць,
I паверце майму слову.
Правяду па тайных сцежках,
Адшукаем, сонца вернем».
Асвяцiла твары ўсмешка,
Заспявалi ўсе за пеўнем.

          Воўк, як i мядзведзь, з`яўляецца санiтарам леса, дапамагае кантраляваць колькасць баброў. Ваўкi жывуць звычайна зграямi, але дажджом ён адбiўся ад усiх i з задавальненнем  зацiкавiўся пошукамi.
        Натоўп дружна з песнямi рушыў за сонцам. Нiкога з Наташчыных сяброў у гэты момант не пужаў лес. Яны iшлi пад вельмi моцнай аховай. Дзяўчынка немагла падумаць, што паявiцца столькi новых сяброў. Яна лiчыла, што адна пакутуе без цяпла, а аказваецца яго чакаюць многiя. У момант яе роздуму з-за куста вынырнуў заяц Скок-Пераскок, ён нешта перажоўваў. Русак любiць паядаць розныя раслiны, але сам з`яўляецца кормам для звяроў. У прыродзе кожная жывая iстота з`яўляецца кормам для нейкай жывёлiны, у вынiку замыкаецца кола, прырода так рэгулюе колькасць звяроў на зямлi. Скок-Пераскок жвава падскочыў i папрасiўся пайсцi разам.

Куст затросся, расхiнуўся,
Выпаўзае шэры заяц:
«Я таксама далучуся,
Сонца спрытна адшукаем».
Ды нiхто пакуль не бачыў,
Яно ўчора так свяцiла,
А сягоння  ўсё iначай,
Стала зябка ўсiм надзiва.
Змоклi ўсе, як тыя куры,
Трэба сонейка - пагрэцца.
Нават лес стаiць пануры,
Нахiляе вецер дрэўцы.

          Натка зблыталася лiчыць сваiх аднадумцаў, а яны ўсё далучалiся i далучалiся. Iм  не хапала ўжо мейсца на сцяжынцы.  Па ўсiм лесе разносiўся шум, жыхары лесу спяшалiся паспець улiцца ў пошукавы атрад.
          Не магла застацца ў баку i лiса Хiт-Хiтруня. Яна выбегла насустрач. Яе прыгожы хвост быў брудны, рыжая, нават, засаромелася. Футра лiсы надта прыгожае для шубы, а яшчэ лiса дапамагае ў знiшчэннi грызуноў. Гэта хiтры звярок. Але з Наташчынымi сябрамi яна не хiтрыла, бо, як i ўсе, хацела вызвалiць сонейка. А вось у час, калi  знойдуць зладзея, магчыма спатрэбiцца яе мудрасць.

Падмятае лiска сцежкi,
Хвост прыгожы распушыла.
Брудны стаў ён i пацешны,
Для хваста патрэбна мыла.
Гонар збiўся у лiсiцы,
Футра мокрае, прылiпла,
Не прылегчы на зямлiцы,
Нават горла чуць ахрыпла.
Далучылася адразу:
«Сонца бачыла я ўчора,
Там на ўзгорку, каля вязу,
Павiсала надвячоркам».

        Хiт-Хiтруня, праўда,  не ведала дзе дзелася сонца, яна, як усе бачыла яго ўчора, а потым не зразумела куды прапала, ды толькi дала мудрую параду: дзяцел i вавёрка сядзяць высока, яны абавязкова штосьцi бачылi.

       Чарада рушыла шукаць дзятла. Знайсцi было давольна проста па яго груку. Ад холаду мошкi, гусенiцы, жучкi  пахавалiся пад кару дрэў. Тук-Тукiч ратаваў дрэўцы, ён лекар зялёных жыхароў лесу. Увесь прамок пад дажджом, але прадаўжаў сваю працу. Чакаў сонейка, каб адпачыць i прасушыць сваё апярэнне. Шкада, што таксама нiчога не бачыў.

Дзяцел стукаў вельмi гучна,
Ён лячыў ад мошак з тлёю,
Што схавалiся так дружна
На ствалах, аж пад карою.
Мокры дзень жучкоў заставiў,
Адшукаць  на дрэве хаты.
Пад кару жук ход дыравiў,
Ну а дзяцел iх за лапы.
Прыйдзе сонейка, разгоне
Машкару, чарвей з жукамi.
Будзе снеданне вароне,
Лес iх лiча дактарамi.

            Непадалёку ад дзятла кружылi вароны, чакалi свайго снедання. Птушкам патрэбна было сонейка, каб уся машкара выпаўзла на волю.  Гэта для iх смачны ласунак. Дзяўчынку здзiўляла, што яна нават не дагадвалася якое вялiкае значэнне мае сонца для кожнага, хто жыве на зямлi.
           З дупла выглядвала  пакрыўджаная вавёрка Рыжуха. На зiму рыхтавала грыбы, але злы вецер з дажджом раскiдаў iх па лесе. Тыя, што засталiся, таксама не сохлi, а пакрывалiся непрыгожым колерам. Бядняжка баялася застацца  без харчавання.


У дупле вавёрка ў смутку,
Разарвалiся манiсты.
- Тут павесiла ў закутку
Я грыбы на сук iглiсты.
Стаў ён мокры, здула ветрам,
Раскiдала ўсе грыбочкi.
Паскакала з iмi следам,
Пагубляла цёмнай ночкай.
Зачакалася таксама
У дупле маiм халодным.
Я пайду сягоння з вамi,
Будзе сонейка свабодным.

            Вёрткая прыгажуня лесу адразу згадзiлася разам шукаць сонца, бо яно ёй было надта неабходна. Яна ўглядвалася ўверх, толькi на цёмным небе  было немагчыма штосцi ўбачыць. Хмаркi густа, густа яго зацягнулi i лiлi свае слёзы.
        Магчыма, патрэбна iх запытаць, дзе хаваюць зладзеi сонейка? Аблокi, напэўна,  таксама плачуць ад таго, што не маюць сiлы вярнуць цяпло? Натка абрадавалася, бо калi яны ведаюць дзе, то яна з сябрамi дапаможа вызвалiць.

- Падкажыце, хмаркi, бедным,
Як знайсцi нам наша сонца?
Калi сёння мы не вернем
Захварэе мацi моцна.
Мiшка будзе наш без мёду,
Бо аса нектар не знойдзе,
Хто падорыць нам пагоду,
Чым сагрэемся ў дарозе?
Паднялiся ўверх аблокi,
Дапамога немагчыма.
Паплылi яны высока,
Плаўна, цiха прад вачыма.

              Але хмары толькi пасмяялiся над скаргамi дзяўчынкi i павольна паплылi ў вышынi.  Яны ведалi дзе адпачывае сонца, але яшчэ не ўсе выплакалi слёзкi, таму паспяшалiся ўперад, далей ад натоўпу.
           У гэты момант да гурту падляцеў вецер Вый-Вей, завiхрыўся трошкi i паабяцаў дапамагчы. Сонейка нiхто не краў, яно проста прытамiлася i схавалася за аблокамi. Мне таксама  не прыемна наганяць на ўсiх холад. Ад мяне ўсе хаваюцца i крыўдзяцца.

Тут узняўся моцны вецер,
Разарваў густыя хмары.
Сонца выглянула, свецiць,
Сталi радаснымi твары.
Закружылi, заспявалi,
Зацырыкаў верабейчык,
Разышлiся хмары ў далi,
Паплылi у край далечы.
Паспяшым да хаты з сонцам,
Хай сагрэе ўсё жывое,
Дапаможа няхай пчолцы.
Агарне наш край настроем.

         Вый-Вей закружыў увышыню i стаў разрываць хмары. Яны пачалi разлятацца ва ўсе бакi i знiкаць. Выглянула даўгачаканае сонца. Кветачкi сталi цягнуцца ўвысь, прабiлiся праз корку зямлi парасткi. Руплiвая пчолка паляцела за нектарам, прасох камень i клiкаў адпачыць. Усё наваколле ажыло i смачна запахла водарам кветак i траў у паветры. Сябры спявалi ад шчасця, што знайшлi лекi для Наташчынай мамы.
         Сонейка весела ўсмiхнулася i папрасiла не крыўдзiцца на хмаркi. Яны выконвалi сваю працу. Калi праменьчыкi грэюць, яны сабiраюць вiльгаць – гэта сок зямлi. Вада с парай паднiмаецца ў паветра i там сабiраецца ў хмаркi, а яны з дожджыкам вяртаюць вадзiцу на палi, лясы, лугi, папаўняюць азёры, рэкi.

Не крыўдуйце на аблокi,
Дождж i сонца ў дружбе, з вамi.
Сонца парай з зямлi сокi
Сабiрае прамянькамi.
Забiраюць вiльгаць хмаркi,
Льюць дажджом, бягуць за ветрам,
Па лясах, лугах i парках,
Дораць воды нашым  рэкам.
Дождж i сонца – гэта сёстры,
Поле з iмi каласiцца,
Ураджай мы маем добры,
Кукурузы i пшанiцы.

         Якая мудрая прырода, падумала дзяўчынка, яна збiрае вiльгаць там, дзе яе многа, а потым хмаркi разам з ветрам пояць вадой усiх, хто хоча вельмi пiць. Так адбываецца кругазварот вады ў прыродзе.

      ********