Крыж Жыватворны

Анатоль Кудласевич
Крыж Жыватворны
Колькі тыдняў таму выйшаў на лоджыю ў гадзіны чатыры раніцы, глядзь у бок ТЭЦ-4, а там — на паўнеба Крыж Жыватворны, і маланкі па крыжу гойсаюць. Гляджу, заварожаны відовішчам. Раней бы, адразу пабег будзіць Вераніку, маўляў, глянь, — цуд, няйначай Другое Прышэсце пачалося. Але цяпер я ў цуды не веру і не чакаю ніякіх цудаў, бо кожны новы дзень для мяне, як адкрыццё, — суцэльныя цуды вялікія і малая кожны дзень, і ўсё паказваецца праз жывую рэальнасць, праз жывёл і птушак, праз людзей.
Гляджу я на гэты крыж, што паўнеба заняў, углядаюся, маланкі бегаюць зверху ўніз, знізу ўверх і думаю сам сабе, што ж гэта такое робіцца? І што за знакі мне падаюць з нябёсаў? І потым раптам успамінаю, што ў тым баку ідзе нейкая новабудоўля і колькі месяцаў таму паставілі кран, а маланкі — гэта проста нейкае замыканне здарылася ў правадах і іскры скачуць. Вось такія бываюць Жыватворныя Крыжы. Добра, што Вераніку не разбудзіў, а то было б мне па самую пятніцу да святаго нігды. Яна і так апошнім часам палошча і палошча мае мазгі, то да сцяны на растрэл ставіць, то на каня падсаджвае, а то зусім сваёй жаночай логікай мае мужчынскія мазгі выносіць. Такую яшчэ пашукаць трэба, і на ўсёй Зямлі не знойдзеш.