Буслiк. Ярмарка

Анатоль Кудласевич
Буслік. Ярмарка.
Перад Усімі Святымі купіў на ярмарцы Тадэушу драўлянага бусліка. За колькі дзён да ад’езду ў Дзяртнікі дамовіліся сустрэцца на аўтобусным прыпынку, ён мне перфаратар перадасць і лобзік, каб было чым заняцца на зіму, а я — сюрпрыз, бусліка. За дзесяць хвілін выйшаў у бушлаціку, у “крапавым” берэціку (Аля Вераніка), стаю. Бусліка за галаву трымаю. А ён жа бел-чырвона-белы, такіх буслікаў робіць Аляксандр Навіцкі, прозвішча якога нават у космасе пабывала: Клімук, Кавалёнак і Навіцкі. Калі я спытаўся ў Аляксандра, як яго імя, ён адказаў: “У мяне вельмі рэдкае імя…— я падумаў, што зараз назаве сябе якім-небудзь Арнольдам, ці Язэпам, ці… а ён усміхнауў, — адразу і не запомніце. Аляксандр!”.
Стаю, чакаю швагра. Я зусім не разбіраюся ў марках машын і не запаміною, у каго якая аўто. Хвілін пятнаццаць стаю. Хвалююся, бо раптам Тадэуш не з таго боку будзе ехаць. Таму адсочваў ў двух напрамках машыны і на кіроўцаў звяртаю ўвагу. І раптам заўважаю, што ўсе на мяне глядзяць і чамусьці амаль ўсе ўсміхаюцца. Гляне на мяне, на бусліка і трыццаць два зубы высвечвае ўсмешкай. “Што не так? — думаю сам сабе”.
Няўжо многія пазнаюць і ведаюць, што пагром Губазік рабіў быццам бы за тое, што я падпісаны на тэлеграм канал “Буслы ляцяць”? І цяпер выходзяць, сапраўды “ляцьць”. Дарэчы, вельмі бойка ўчора цікавіліся ў Аляксандра пра “буслоў”, я свайго за 13 рублёў набыў, сярэдні такі. Жонка гаварыла: “Украдуць, украдуць у вёсцы!”
— Ніхто нічога не ўкрадзе. Тадэуш да рэйкі прыварыць, а рэйку ў зямлю закапае.
— І з рэйкаю выцягнуць. Рэйку на металалом здадуць.
Перад носам спынілася аўто. Гляджу, шафёр смяіцца, — не, не Тадэуш. Вылазіць з аўто прыгожая жанчынка, паздаровалася са мною, усміхаецца: “Вы ўжо з буслом?”.
— Так. Швагра чакаю.
Жанчынка прайшла ў суседні дом, пэўна, што яна сабачку мае, бо сабачнікі ўсе паміж сабою здароўкаюцца. А без сабачкі і не ўспомніць, як яе завуць. Я пісаў неяк, сабачнікі — асобая каста жывых людзей у каменным мегаполісе.
Нарэшце пад’ехаў Тадэуш. А то стаю з гэтым буслом, як вош на лобі. Аддаў перфаратар, мой лобзік вярнуў, здзіўлены быў маім прыкідам: “Ты цяпер так ходзіш?”.
— Цэлы месяц ужо. Некаторыя ўжо чэсць аддаюць. На поўным сур’ёзе. У цябе ячмень? Можа табе фігаў насуваць?
— Да насовалі ўжо на рабоці.
— З цябе два дубочкі, шаснаццаць калочкаў і бінокль. Пракантралюй, каб хоць адзін лісцік быў. А то зноў клёнік атрымаецца. Усё. З Богам!
Яшчэ мінулым разам на Ярмарцы купіў шэршня, 13 рублёў аддаў. Прыгожы такі шэршань, майстар з Кобрына робіць такія падзелкі са шкла, — Гусакоў Андрэй. Згіне гэты горад, як Махенджадар, дзесяць тысяч гадоў праляціць, — нічога, нават касцей не застанецца, а шкляны шэршань у зямлі ляжаць будзе, у маёй магіле, — аткапаюць і будуць вывучаць нашу эпоху новыя людзі, можа і непадобныя зусім на нас.
Паехаў мой Тадэуш. Прывязлі хлопцы два дубочкі, але замалыя былі калочкі, абгарадзіў… Два дні пастаялі, нехта на ровары ўехаў, амаль што на маіх вачах тое было, і зламаліся калочкі. Аляксандр Варакса, які ў 2017 годзе мне заместа дубочка клёніка падсунуў, забяспечыў новымі калочкамі. Двойчы прыйшлося ў суседа Гены шрубавёрт браць. Перарабілі агарожу, Вераніка дапамагала.
Выбраўліся ў суботу зноў на Ярмарак,  купіў маленькага бусліка сабе, расчоску драўляную Вераніцы, лапатку дубовую, анёлка шклянога за 13 рублёў і папугайчыка за 15, вельмі прыгожы, хаця жонка прапаноўвала залатую рыбку за 13, але я перадумаў, бо папугайчык больш прыгожы атрымаўся. Я ў нядзелю зноў выбраўся туды ж, наўмысна, каб кніжку майстру з Кобрына падпісаць. Думаў прадам што-небудзь са сваіх кніжак, толькі адну “Пераход” за 7 рублёў і купілі, бо “Трынаццаць дзён” – 13 рублёў, а “ТрыТворы” – 26 рублёў, апошняй, куды і раман “Тараканы” уваходзіць, засталося толькі некалькі штук. Заказвайце, пакуль ёсць. Убачыце, які арыгінальны ў мяне аўтограф, бо такога аўтографа ні ў аднаго паэта няма.
Усё трэба дапісаць эсэ “Пацешка і правакатары”.
08. 11. 21 г. 17.00