Трайное свята

Анатоль Кудласевич
Трайное свята
На Дзень усіх святых Вераніка з сынамі і нявесткамі на радзіму пад Гальшаны ездзіла. Мне месца не хапіла, дома застаўся. Хлопцы прывезлі два дубочкі (Тадэуш забяспечыў), на днях пасадзіў перад лоджыяй. Там ужо хутка пяць гадоў як клёнік наш расце, перад адыходам Андрэя ў войска высадзіў, прынёс з Вараксам з Мядзьвежына, думалі, што дубочак, аказаўся клёнік. Я не венаваты, дзеду 85 гадоў і дзед памыліўся. А яшчэ там наш бэзавы куст расце, ружа і шыпшына.
Калі акультурваў агарожу з калочкаў, арудуючы шрубавёртам, прыкручваў самарэзамі жалежную стужку, ажно два ментавозы прыехала.
Калі ўжо дахаты ішоў з малатком, сусед Міша Голубеў падыйшоў, расказваў пра Індыю і Тайланд, нашы дзеці разам у садзік хадзілі і Насця ў яго была закаханая ў Міколу, расказвае і расказвае Голубеў, што там бачыў і як там жывуць, і што ядуць. Мне ўжо і паднадакучыла, выпраўляюся дахаты, а ён усё расказвае, - глядзь, а ў маім двары Гецьман Гена стаіць з нейкімі хлопцамі. Я адразу яго пазнаў, чатырнаццаць гадоў таму разам з ім на Аталанце чысцільшчыкамі працавалі па начах, а колькі фур мы разгрузілі, не злічыць. Той самы Гецьман, які паклаў на мяне на плячо і разам са мною ад міліцыі ўцякаў... Была справа. Вось такія ў мяне надзейныя сябры. Настаяшчыя, як любіць гаварыць мая Вераніка.
Гена кажа, што зусім я не змяніўся, толькі вусы пабялелі. А сам ён крышку ў шыркі раздаўся і, у прынцыпе, таксама не вельмі-та і памяняўся.
Аказалася, што яго, Гену, узяў на працу мой сусед ,Андрэй з дзевятага пад'езда. Так зямля круглая. Абмяняліся с Генам тэлефонамі, адрасамі... Хутка сустрэнемся. Не жыццё - суцэльнае свята нейкае.
А сёння дык увогуле трайное свята. Трыццаць адзін год таму мы з Веранікай распісаліся ў гэты дзень і вяселле згулялі, сёння яшчэ і дзень нараджэння Якуба Коласа, і маёй пляменніцы Валерыі Кухарчук (Гарошка).
Абазайздросцеся!!! Дзякуй Табе, Божа, за ўсё, што ты мне даеш.
Жыве Беларусь!!! І будзе жыць ВЕЧНА.