Смерць ведзьмака бел

Филмор Плэйс
Калі ведзьмак адчуў набліжэнне смерці, ён стаў шукаць, каму перадаць словы. І нікога не мог знайсці. Бачучы гэта, сын ведзьмака прапанаваў, каб ведзьмак перадаў замовы яму. Пакруціў галавой ведзьмак і сказаў:
- Ты не ведаеш, аб чым просіш. Цяжкія беды чакаюць ведзьмака, які не змог перадаць словы. Лепей ужо мне, чым табе...
І колькі сын ні ўгаворваў, ведзьмак ні ў якую. Толькі дастаў з куфра стары плашч і зняў з пальца срэбны пярсцёнак.
- Глядзі, - прамовіў ведзьмак, аддаючы сыну плашч і пярсцёнак, - як заўважыш, што мяне трасе, залазь на печ і накрыйся плашчом. Ён зробіць цябе нябачным для нячыстай сілы. Прыадчыні шчылінку і глядзі праз пярсцёнак. Але памятай: што б са мной ні здарылася, сядзі ціха і не ўмешвайся. Кожны сам павінен пранесці свой крыж.
Прайшло крыху часу, і сын заўважыў, як ведзьмака пачала біць дрыготка. Залез на печ і накрыўся з галавой плашчом. Пасля узяў у рукі пярсцёнак і пачаў глядзець праз адтуліну.
Ён убачыў мноства чарцей, ад вялікіх да самых маленькіх. Былі чэрці, падобныя на казлоў з сабачымі мордамі, былі як зарослыя чорнай поўсцю парасяты на доўгіх нагах, былі іншыя, падобныя да вялікіх ракаў, і яшчэ, памерам з кулак, і шмат якiх, аж да самых маленькіх, падобных на рой чорных восаў. І ўсе яны вішчалі, шыпелі, пішчалі, тузалі, білі, шчыпалі, цягалі ва ўсе бакі ведзьмака, пакуль той не ўпаў і не перастаў дыхаць. Але і пасля гэтага чэрці не пакінулі цела ведзьмака ў спакоі: распаролі жывот і сталі выцягваць вантробы, косці і мышцы. Скуру ведзьмака вывярнулі, нібы мяшок, і вычысцілі знутры. Пасля чэрці забралі ўсё, што дасталі з цела, і з віскам зніклі.
Кінутую на падлогу скуру падняў адзін з чарцей і накінуў на сябе, як адзенне. Раз - і ён усярэдзіне. Лёг на падлогу і замёр. Толькі вачыма сюды-туды водзіць і стрымліваецца, каб не ўхмыляцца.
Прыйшла суседка. Хлопец скінуў плашч і выйшаў. Убачыўшы сына ведзьмака, жанчына паставіла на месца каганец, які ўжо паспела прыхапіць, і крыва ўсміхнулася.
- Ах, гора якое, - фальшыва залямантавала суседка.
Не адказваючы, хлопец наліў у вялікі чыгун вады і паставіў грэцца.
Прыйшлі яшчэ людзі. Паклалі чорта ў скуры ведзьмака на лаўку, сталі рыхтавацца абмываць цела. Тут якраз вада закіпела. Сын ведзьмака ўзяў чыгун і перакуліў на прытворшчыка!
Завішчаў апараны чорт, ускочыў, перакульваючы лаўку, скінуў чужую скуру і выскачыў у акно. Кінуліся, было, лавіць, ды куды там: бег, што ад тых Пярунавых маланак!
З таго часу чэрці ў хату ведзьмака забылі дарогу.