Знахар урывак з рамана

Анатоль Кудласевич
Анатоль КУДЛАСЕВІЧ
 ЗНАХАР
Урывак з рамана

«Заўтра ж паеду!» — цвёрда вырашыла Тэкля, калі Даніла, як толькі сцямнела, зноў пасунуўся ў той бок вёскі, буркнуўшы пад нос, быццам і не да яе звяртаўся: «Цюцюн добры ў Яўхіма, схаджу папэхкаю».
Ведала яна, што за «цюцюн» выцягвае яго з хаты і гоніць на край сяла. Перад Тройцай пераканалася, назіркам пусціўшыся ўслед за мужам, хаваючыся за гумнамі, пабачыла і пачула, як пастукаў у шыбіну прысадзістай Хадорчынай хаты: «Лексо! Гэто я, Даніло…». А тая, прысуха-разлучніца, ні табе — «што трэба?», ці «чаго прыцягся?» — дзверы адчыніла, голасу не падаўшы, пэўна, была дамоўленасць? Загадзя згаварыліся. Злюбіліся-злізаліся, — каўтуны павыдзіраць бы гэтакай сучцы. А Даніла шмыг у сені: шабуршаць, шаптацца пачалі…
Доўга варочалася на мулкім ложку. Чула, як прыйшоў ён, распрануўся, не запальваючы газнічкі, прыткнуўся потым з краю полацяў, быццам баяўся да яе даткнуцца. Патыхнула ў нос: пах незнаёмы, чужы — ёю пахне, сцярвозаю гэтаю, Лексаю. І такім гідкім зрабіўся на момант Даніла: «Як можа?! Пад вянцом стаялі…» На момант сцялася збалелае сэрца, але так і не змружыла вачэй.
Вось і віднець пачало. Кукарэкнуў сіплым голасам суседскі певень. Асцярожна пералезла праз мужа, — моцна спіць, стаміўся… Спадніцу нацягнула, кабат на гаплікі зашпіліла, хустку на галаву, а кухайку пад пахі — і пашлёпала босымі нагамі па глінабітнай падлозе, выйшла з хаты. Нат на дзяцей не зірнула, трое іх: два хлопцы і дзеўка: «Хоць дзяцей пастыдаўся б».
Стрыгунок фыркнуў, пачуўшы гаспадыню, нагою затупаў, нібы прадчуваючы дарогу. Каня запрагала навобмацак, пры зачыненых дзвярах стайні, каб менш вачэй бачыла. Кухайку накінула паверх кабата, дзверы — насцеж, праезд расчыніла, на падводу ўсцерабілася, выцягнула гарапнікам па крупе каня, лейцы пазанула. Дзвярэй наўмысна не зачыніла, ні ў стайні, ні ў прыгуменку. Няхай панервуецца, можа, хоць гэта хоць пройме яго.
Чырвань неба на ўсходзе далася ў знакі, калі ўжо да Турава пад’язджала. Стрыгунок бег бадзёра, шпарка, быццам ведаў дарогу і тое, куды кіруецца гаспадыня.
А ехала Тэкля да Толмачаўскага знахара, везла пад сэрцам сваё гора-злыбяду. Як толькі адкрылася мяжа — пацягнуліся «васточнікі» на захад, у глухую палескую вёску. Абляцела чутка ўсю Тураўшчыну, і далей паляцела за Мазыр, ажно да Кіева: «Е чоловек. Помогае людзям, не толькі хворобы лечыць, — сем’і ладуе, мужа з жонкой паруе, до згоды-ладу прыводзіць».
З Марынкаю сена варочалі на поцерабі — яна і надавуміла: «Ведаю, Тэкле, тваю бяду. Ведаю, як помогчы тобе» — і распавяла пра толмачаўскага дзеда. Маўляў, сама ездзіла: памагло… І дарогу расказала: «Доберэшса до Турова. А там на Запесоч’е, проедзеш Верасніцу і Малы Малешаў. І вот потым, дзе була стражніца, не спіў ў шапку — дзве дорогі, одна на Ольшаны, а другая — на Вялікі Малешаў, у лево получаецца?...  Дай подумаю. Так,  после Вілікага Малешава тобе ўсе врэмя трэба ўлево брацца — на Ольгомель. Усе ўрэме ўлево бярыся. За Ольгомлем будзе мост, после моста не спешайса. Зноў улево. І простуй. Там леваруч маленькая дорога на Генькоў хутор, ты не зворочавай, едзь по шляху прамо, і будзь унімацельна, тобе трэба ў Толмачоў. Село не веліке, хат сорок. Ек только ў село ўедзеш, то з левого боку і будзе его хата. Веліка така хата на дзве половіны, ганок посерэдзіне…
— А вон бородаты? — пацікавілася чамусьці Тэкля.
— Ды не, только вусы. Чоловек як чоловек, годоў пяцьдзесят мо, мо крыху больш.
— Такі молоды, а ўжэ знахор? — здзівілася Тэкля, — я думала, што колдуны ўсе сівые і бородатые. 
Марынка засямялася: «Ён яшчэ, будзь здароў мужчына! — неяк загадкава пасміхнулася. — Харошы такі. Але ты его не бойса, Іваном зовуць. Прэдставіцельны такі, грамотны чоловек, акуратны і долікатны…А вот жонка его — жудзь бярэ, рыхцік баба Яга: горбаценька, увесь від у бородоўках, і вочы колючые, як осот. Васілісою зовуць. Пэўно, яна его й навучыла...
— А нам-то шчо, до гэтого, абы помогло…
Тэкля панукала свайго Стрыгунчыка, час ад час патузвала лейцы і намагалася ўявіць: «Які ж ён, пінчукоўскі знахар? Хто ён такі, што людзі пацягнуліся і з Расеі, і з Украіны, шукаючы Богам забытае сярод непралазных тваняў палескае сяло. Едуць з Кіева, з Мінска, Смаленска… Што за сіла раптам адкрываецца ў чалавеку, што быццам магнітам пацягвае да сябе людзей?..»
 
Чаму рапатам у чалавека праяўляюцца схаваныя да часу здольнасці? Усё, што мае чалавек добрага ў сабе — ад Бога, толькі грахі і заганы ад самасці, толькі недахопы ад сябе. Але чаму ж тады так крычаў у нядзелю на знахароў Буразенскі поп? Гасподзь лепіць, кожнага на асобны манер жыццёвымі перыпетыямі лёсу, лёс чалавечы — як ганчарны круг, на якім вырабляюць посуд, кожная пасудзіна для свайго ўжывання: і амфара для пахношчаў, і посуд для дарагога віна, і для нізкага ўжывання начны гаршчок — усё на адным і тым жа ганчарным крузе і з аднае гліны.
Неяк жа так выкруцілася доля Пінчукоўскага Івана, што выявіў у сабе здольнасць чытаць у людскіх душах праблемы, як у разгорнутай кнізе. А пачалося з таго, што Іван пасварыўся з Богам. Не так пасварыўся, як сварацца з суседзямі за межавую баразну — па-іншаму... Моцна пакрыўдзіўся ён на свайго Творцу, мяркуючы, што Той падмануў яго, калі дапусціў такое ва ўласным Храме.
А адбылося вось што. Івану тады ішоў дзевятнаццаты год. Пінчукоўскі род, да якога належаў, — быў родам знатным і паважаным, хоць і не надта заможным. Моцны сярэдні род, у бацькі Мікалая тры сыны: Даніла, Ляксандар, і малодшы ён. Першымі пажаніліся два старэйшыя браты, праз гадоў пяць кожны захацеў жыць сваёй гаспадаркай. Мікалай падзяліў зямлю не на роўныя тры часткі, як гэта было б па-справядлівасці, а па едаках. А якія ж едакі ў халасцяка? Вось Івану і дастаўся самы меншы надзел. І мусіў Іван шукаць жонку, не на твар гледзячы, а на зямлю, якую давалі за дзеўкай у пасаг. Бо раней было як? Замуж выходзілі і жаніліся не за таго, з кім любіліся, а за каго бацькі выберуць. Мікалай так і сказаў малодшаму ў Аздаміцкай царкве: «…Вунь з Мальцэвічавых і выбірай себе жонку. Дзве ў іх — Васіліса і Арына. Зямлі добра за імі дадуць». Глянуў Іван на дзевак, ды неяк адразу на Арыне і запарушылася вока. Арына — гнуткая, стройная, чарнявая, бровы дугой, і каса да пояса. Злавіла яго позірк, усміхнулася, быццам засаромелася і, Божа мой — на шчоках ямачкі. Дахаты ехалі, Іван і сказаў бацьку: «Я згодны ўзяць Арыну, па сэрцу яна мне будзе». 
— Вось і малайчына. Добрая дзеўка. Чаго кешкацца, як
Махамелы, у суботу і паедзем у запоіны.
Тры дні цягнуліся ўжо занадта марудна. І вось — нарэшце расселіся на лаве ў Аздамічах. І пацякла гаворака, паліліся словы… Завязвалася чыясьці доля моцным вузлом.
— Ёсць у нас собаль-купец, удалы маладзец. Купец — харошы хлапец, ды няма кажуха… Не тэ кажу, ёсцека кажух, ды няма каўняра. А ў вас дзяўчыца-куніца. Наш кавалер — ваш каўнер.
— У нас дзве дзявіцы-куніцы? Якая кавалеру на каўнер згадзіцца — гэта дзявіца, ці тая дзявіца? На дваіх не надзівіцца, адна Васіліса, другая — Арына. 
— А колькі ж дадуць за куніцай зямліцы? 
— Баярын — хіцёр-макацёр, яшчэ не разгледзеў дзявіцу, а думкамі ўжо пра зямліцу. Бярэць Васілісу, яна і старэйша, спраўнейша, і болей зямліцы дадзім Васілісе. 
— Купец-маладзец казаў, шчо хочэ Арыну, добру дзяўчыну, іначай побачыце нас за дзвярыма, — бадзёра прамовіў задаволены сабою Яўхімец і паглядзеў на Мікалая, каб зразумець, ці правільна адказаў, — ён быў галоўным перамоўшчыкам і на ім ляжала адказнасць, але ж канчатковае рашэнне прымаў Мікалай. 
— По-перш, аддамо Васілісу, а потым Арыну. Старэй Васіліса, Арына дзіця шчэ… Ек будзе Арыну ждаць — няхай почакае. А нам трэба по-перш Васілісу прыстроіць. А так шчэ скажу, Арыну возьмуць у чом стоіць, бо така хороша, шчо возмуць без грошэй. А за Васілісою богато зямлі аддадзім... 
Мікалай апусціў галаву ў падлогу і маўчаў. Такога паварота ў запоінах ён не чакаў. «Эй, Іване! — звярнуўся раптам да сына, — вуйдзець з Арыною на двор, погуляйце які часок».
Арына накінула зграбны расшыты каляровым горынам мотальскі кажушок, ускочыла ў белыя святочныя валёнкі і зірнула весела на Івана. Той падняўся, нацягнуў на вочы шапку-вушанку і рушыў за ёю ў сені.
На вуліцы ішоў снег, ярка свяціла поўня.
 
За сталом у хаце стаяў  гоман, пілі і закусвалі, жартавалі.
— Зямлі маю добра, — хваліўся Мальцэвіч Ахрэм, — от Аздаміч до Гуцова, лічы ўся моя. Под Цераблічамі дзесяць дзесяцін. Ворыва. Сенакосы да ракі мае, чатыры а то і пяць стагоў ставім. Яшчэ е поцераб вялікі ў Ворэхоўне на чатыры стогі сена. Усю землю да Гуцова атдам за Васілісою. 
— А ек хлопец упрэцца? Коб не раскідалоса  вяселле. Ён вашу Арыну нешчотне ўподабаў. Шчо готовы хоць голую ўзяць.
— Ну то нехай тоды подожджэ год, два, а мо і цэлых тры… Одному Богу ведомо колькі. Будзе ждаць? Ждаць покуль Васілісу не аддамо, — Арыну не будзем замуж выдаваць. І я сказаў не дзеля красного слоўца, Арына пойдзе ў чом стоіць, така моя бацькоўская воля. За Васілісою зямля. Арына і так красою возьме. А гэту горбаценьку куды без землі дзець? Бог ее обдзеліў, то і родны бацько хіба будзе крыўдзіць. Не… Вона ж тоже мое дзіця. Ек будто не знаеш, Мікалай, шчо красота до венца, а з віду воды не піць. А ноччу ўсе бабы ў посцелі однольковые і твару не відно.
— Вонэ так… Два-тры годы… — задумаўся Мікалай, — але боюса шчо хлопец разгуляецца. Ды і ў свеце неспокойно. З немцом война можэ буці… Не ведаю, шчо і робіць, Ахрэм! Як тут разсудзіць, разважыць… А мо ўсё ж такі нейк сторгуемса?
Доўга яшчэ гаманілі за сталом. Хмялелі ад выпітай гарэлкі, але кожны гнуў сваю лінію. Выходзіў Мікалай з Ахрэмам і на вуліцу, быццам пакурыць…Там з вока на вока аб нечым ціха шапталіся. Хвілін дзесяць стаялі, адыйшоўшы да гумна, на марозе, а калі вярнуліся, то кінулася ў знакі, што нарэшце прыйшлі да згоды. Бо далей ужо гаворка пайшла больш канкрэтная: пра само вяселле.
Пяць разоў пасля запоін дабіраўся Іван да Аздаміч, два разы пешкі, два разы на фурманцы і адзін раз прыскакаў вярхом на кані. Усё хацеў сустрэцца з Арынай, распалены зыркім пачуццём, але дзяўчына быццам пазбягала яго. Аднойчы, калі пастукаў у вакно і доўга чакаў у двары,  да яго выйшаў Ахрэм і суцяшальна сказаў: «Хлопец, усяму свой час. Арына не выйдзе. Пачакай до Роздва, там і нацешышся своёю новаю жонкою. Так што, Іванко, не крыўдуй… Подожджы ўжэ…». У той вечар, калі прывязаў каня да плоту, і зайшоў хату, ў якой моладзь зладзіла танцы, толькі патанцаваў з Арынай, не асмеліўся нават нічога сказаць, хаця столькі ляжала на сэрцы. Яна таксама маўчала. Усё намагаўся заглянуць ёй у вочы, але яна чамусьці адводзіла позірк. А калі танцы скончылася і моладзь пачала разыходзіцца па хатах, на вуліцы перастрэў яе і моцна сціснуў за руку: «Арыно, давай постоімо!». Глядзеў на асветлены поўняю твар, і не мог наглядзецца. Яна не асмельвалася паглядзець у вочы, адводзіла позірк кудысьці ў бок, быццам саромелася. А потым высмыкнула руку і пабегла і, здалося тады Івану, слёзы навярнуліся перад тым на яе вочы і яна ледзь не заплакала.
 
…Рэдкія бухматыя сняжынкі павольна падалі з неба. Свяціла сонейка. І было дзіўным, адкуль бяруцца сняжынкі? Здаецца, яны нараджаліся з вохкага паветра. Выблісквалі як дыяменты ў сонечных промнях, кружыліся, і слаліся на зямлю.
Грывы коней заплеценыя ў косы, у хамуты і іншую вупраж былі павязаны рознакаляровыя стужкі, папяровыя кветкі і бліскучы ёлачны дожджык, прывезены з пінскага рынка. Коні фыркалі, выдыхаючы з наздрэй слупы пары. Вакол запрэжаных саней — мітуслівы клопат. Мікалаева жонка Алена з Гаўрылавай Ганнаю засцілалі сена ў санях дзяругамі і рагожкамі, цягнулі з хаты коўдры  Чуліся смех і жарты.
— Іванко, коўдраю прыкрывайса, хе-хе! Отморозіш хозяйство, які з цябе тоды будзе жаніх?
Пінучукоўскі караван з сямі запрэжаных саней выпраўляўся да Аздамічскай царквы.Пабеглі насустрач краявіды, наязджаючы  шапкамі заснежанага хмызняку і нізкарослым алешнікам. Акурат пасярэдзіне дарогі за Кострыцкам шлях нечакана перарэзала зграя ваўкоў, — дзіка заржала і стала дыбкі пярэдняя пара коней, другая ледзь не наскочыла і не ўблыталася ў сані. Нахабна, не зважаючы на вясельны караван, мацёры важак перавёў каля тузіна драпежнікаў праз дарогу  і скіраваўся ў бок Альгомля. Наўздагон ваўкам з сярэдзіны каравана прагучаў выстрал з дубальтоўкі. Шэрыя нават вухам не павялі на гучны стрэл: «Ето недобры знак, — пахітаў галавой заядлы паляўнічы Нупрэй, — а мо то і не ваўкі зусім, а якія пярэваратні, ваўкалакі…».
Гаманлівай грамадой пад’ехалі да царквы, дзверы былі расченыны насцеж. Нізкарослы дзячок выбег з царквы:
— Ранішняя кончаецца… «Крестоцелованіе» ідзе, — з важным відам паведаміў ён.
Толькі пасля малазразумелага Івану царкоўнага абраду, калі абмяняліся шлюбнымі пярсцёнкамі, і маладая скінула з твару вэлюм для пацалунка,  ён заўважыў, што абвянчалі яго не з Арынай, а з яе сястрою — гарбаценькай Васілісай. Ён нахіліўся ўжо тварам, каб прыпасці вуснамі да сваёй нарачонай жонкі і раптам адхіснуўся, быццам убачыў перад сабою раздвоеннае джала гадзюкі: «Як жа так! – узарвалася яго душа, — мяне падманулі!!!». Перад ім сапраўды стаяла Васіліса, старэйшая сястра Арыны. «У Божым храме, перад абразамі…» – толькі і паспеў падумаць ён.