Зялёны дзйннiк

Анатоль Кудласевич
ЗЯЛЁНЫ ДЗЁННІК
9.
Божыя законы — гэта ўмовы развіцця, духоўнага росту, або маральнай  дэградацыі і знішчэння чалавека. Сутнасць у тым, выкарыстоўвае чалавек гэтыя ўмовы свядома, ці аслеплы душэўнай нікчэмнасцю, не зважае на іх? Пры апошнім, Божыя законы, якія раўназначны Запаведзям Гасподнім, замест таго, каб узняць чалавека ў неба, становяцца для яго зброяй пакарання.
14. 01.98г.
Словам нельга забіць, забіваюць толькі думкі аб слове, якія спараджае сам чалавек.
***.
14.01. 98 г.
Што ёсць грэх? Адсутупленне ад закону. Дзіця не можа быць грэшным, пакуль не ўсвядомлівае сябе.  У гэтым праўда Праваслаўя (у Каталікоў тое ж самае), на першую споведзь дзіця прыводзяць пасля сямі гадоў.
****
Руская “совесть” — гэта нябесная вестка побач з чалавечым бачаннем, тое ж і з беларускім “сумленнем” — вестка, якая прыносіць сум, журбу, (зусім не разборліва, нейкая “седестета”), калі чалавек зрабіў не справядліва.
***.
Сознание = Свядомасць? Не. СвяДОМасць больш магутнае па гучанню слова, у ім ёсць дом.
***.
Ісціна — гэта рухомасць дзеяння і спасціжэння, а Праўда — гэта трывалы эталон. Ісціна плывучая, як вада, яна няўлоўная кожнае імгненне новая, а праўда адна! Мае рацыю Даль, калі гаворыць “ісціна ўсё, што ёсць: ёсціна. Ісціна ад зямлі, а праўда з нябёсаў. Аб ісціну нельга абаперціся ў сваіх пошуках, яна жывая, а на праўдзе можна стаяць упэўнена — яна вечная. Праўда спарадзіла словы “правіць”, у сэнсе кіраваць (валадарыць), словы “папраўляць”, таму што праўда — залаты эталон, ідэал, да якога трэба дацягвацца і расці.
Зноў жа, шмат светлых слоў маці якіх з’яўляецца Праўда: справядлівасць, справа, нават слова праца — усе яны, магчыма, вытворныя ад слова Праўда. Таму вельмі праўдзівае выказванне, што “за праўду трэба стаяць, або вісець на крыжы, а да ісціны чалавек рухаецца”.
***.
Яшчэ расці да шчырасці нам трэба,
Да ісціны ідуць усё жыццё, каб ведаць Праўду:
Ёсць у сэрцы неба, а ў розуме ёсць толькі небыццё.
14.01.98 г.
Начныя трывогі — дарогі душы,
Выбліскваюць думкі, нібыта маланкі,
А потым грымоты пачуццяў да ранку
Разбуджваюць рэха духоўных вяршынь.