Во! сем прытча. 5. чалаве-злодзей

Анатоль Кудласевич
Во!Сем прытчаў.
5. “ЧАЛАВЕ-ЗЛОДЗЕЙ”
Я не ведаю, што ёсць Ісціна? Калі гэты чалавек гаворыць — ён выказвае Тое, што жыве ў маім сэрцы. Не. Ён абуджае тое, што ў маім сэрцы спіць. Ён гаворыць, кліча нешта з мяне і яно вырываецца яму насустрач. Я адчуваю: нешта жывое заварушылася ў маёй сярэдзіне. Цяплее ў грудзях — нешта прачнулася і, напэўна, робіць зарадку.
Я не ведаю, што такое ісціна. Але верагодна, гэты чалавек злодзей. Ён заўсёды гаворыць маімі словамі. Ён выказвае маю сутнасць, выкрадае з майго сэрца мае ж словы. Калі ён пачынае гаварыць, мне здаецца, я спазняюся, не паспяваю за ім усяго толькі на дробачку, на імгненне. Стой, памаўчы — хочацца сказаць мне, — і я дагавару тое, што хацеў сказаць ты.
Калі я задаю яму адразу сем пытанняў — ён пачынае адказваць на першае — і на астатнія шэсць адказы знаходзяцца самі, мне ўяўляецца побач з ім, што я ўсё ведаю, але толькі тады, калі ён адказвае. Бо ў наступны момант ён адразу задае мне — і да мяне прыходзіць адзіны адказ-разуменне: я нічога не ведаю.
І таму я не ведаю, што ёсць Ісціна. Няхай жа заўсёды жыве на зямлі чалавек-злодзей, што крадзе словы майго сэрца: мне так радасна каля яго атагравацца. Каля яго мне мроіцца, што нешта ведаю і я.