4. во! сем прытча агрэхi

Анатоль Кудласевич
4. Во!Сем прытчаў
АГРЭХІ
Зямлю, якую абмінуў араты,  якю не зачапіў плугам — называюць агрэхам. Паэты сярод астатняга чалавецтва таксама агрэхі: не сеюць, не жнуць — спяваюць.
А сказана было — хлеб свой здабываць потам!
Ім дадзена слова для песні — для нечага ж і яны патрэбны? У песнях баліць душа, у песнях радуецца сэрца. Паэтам дадзены боль за астатніх, якія не маюць слова, безгалосыя, але ж усім хочацца спяваць. Паэты араюць словам ніву душы сваёй, каб выказаць іншых і сябе. З іх спытаецца. Так трэба. Мы сыходзім, а песні застаюцца.
Слова — першааснова ўсяго існага — з яго ўсё пачалося. Слова — не цацка і цяпер: ім, магчыма, усё скончыцца. Камень, што адрынулі будаўнікі — кладзецца ў аснову вугла.
Мы не можам ведаць, для чаго патрэбны песні, куды завуць і клічуць яны душы чалавечыя, але мы верым паэту і вітаем разам з ім Любоў, якая рухае зоры.
Боль абуджае пачуцці, пачуцці спраджаюць думкі — усё гэта ў душы паэта знахозіць адпаведнае празрыстае слова — так нараджаюцца вершы: таямніца нашага быцця.
Вершы — агрэхі жыцця зямнога. Верш — маленькая ніўка, дзе паэт засявае Хлеб вечнасці. Вершы — агрэхі зямнога жыцця, але і кліночак жыцця нябеснага. Што ў іх? Што расце на слоўнае ніве: быльнёг? Прыгожыя квет, ці лекавыя расліны? Часта гэта невядома і самім аўтарам. Вершы прыходзяць аднекуль з глыбіняў сусвету, куды мы адпраўляемя ў далёкае вандроўе пасля жыцця. Сапраўдныя вершы здараюцца выпадкова, вось толькі што яго не было, і ён з’явіўся з крыкам, як дзіця прыйшоў у гэты свет і будзе жыць.
Чытач павінен сам, па патрэбе душы сваёй, аддзяліць зерне ад паловы. Вельмі сумна выглядала б зямля, засеяная толькі збажыною, хлебам надзённым, жытнім… Хочацца жыць і прыгажосцю. Хочацца бачыць валошку ў жыце, хочацца слухаць і жаўранка ў небе…