4. Зялёны дзённir

Анатоль Кудласевич
4. ЗЯЛЁНЫ ДЗЁННІК
1-га кастрычніка (97г. Серада)
Увесь дзень прыбіўраўся ў кабінеце. Чайка не пусціла ў камандзіроўку. Усё гаварыла, што мне трэба паказацца ўрачу. Я кажу, што вы самі хворыя.
2-га кастрычніка, 97 год, чацвер.
На работу ўзяў з сабой гітару. Жонка дала ЦУ, каб з’ездзіў да ўрача, таму і вярнуўся амаль з самай астаноўкі, забыўся ключы.
Учора, ідучы з работы, зайшоў у “Крыніцу”. Разанаў адразу заўважыў перамену.
— Што імідж змяніў?
— Так.
— Раней усё гаварыў, усё сеяў, а зараз больш маўчыш, меньш гаворыш, а больш думаеш. Сказаў, што глядзеў нядаўна ад чаго паходзіць маё прозвішча, аказалася, “чараваць”, “чараўнік”… Так што не ад “кудлаў” — шукай у сваіх каранях.
(Што тут шукаць, я і так ведаю, што прадзед Іван быў вялікім знахарам на Палессі, быў ад’ютантам “его превосходітельства”, вось толькі прозвішча ніхто не запомніў, а ў Смольным у час рэвалюцыі Леніна ахоўваў. Я пачаў пісаць раман, які так і называецца “Знахар”, можа і скончыў бы ўжо, але ж паездка ў Амерыку зблытала ўсе планы, і музы зляцелі ў далёкі вырай).
Сёння вычытаў перадачу “Хом сум” (“Я — чалавек”) і аддаў на машынку. Атрымаў грошы, з’ездзіў у Музыку і купіў ажно чатыры камплекты струн. Спяваў песні каля Акадэміі навук (зарабіў 30 тыс.), потым каля Камароўкі стаяў, каля манашкі.
— Можа вы і царкоўныя можаце спяваць?
— Не ўсякія.
Праспяваў на верш Рыкоўскага “Лісце клёнаў”.
А зараз я праспяваю песню, можа крыху грубаватую, ну не зусім, — гэта “Гімн амерыканскіх салдат, якія ваявалі ва В’етнаме”.
— Тады я пайду далей.
— Чаму?
— Мне няёмка будзе тут стаяць.
— А чаму гэта? Калі раптам пачнецца вайна, царква ж блаславіць салдат на вайну, каб баранілі радзіму? Ратны подзьвіг — адзін з самых вялікіх.
Яна пайшла. Потым, калі зноў падыйшоў да яе, распытваў “як яна моліцца?” — падыйшла Ларыса Пятроўна і вельмі хваліла Атаманава. А потым падыйшоў хлопец Андрэй. Забраў яго дахаты. Паклаў спаць. Памяняў струны на гітары.
(Хлопец той быў звычайным бамжом. Морда бурачковая, твар абветнанны. Я добра помню яго аблічча. Ён падыйшоў і сказаў, гледзячы ў вочы і ўсміхаючыся: “Навучы мяне іграць на гітары”. “Як тваё імя?” — “Андрэй”.
— А як прозвішча?
— Слыхоўскі. Андрэй Слыхоўскі.
— Адкуль родам?
— Ігумен…
У маёй распаленай свядомасці складвалася даволі відавочная карціна, Анрэй, ды яшчэ Слыхоўскі, ды яшчэ з Ігуменя… Усё зразумела.
— Пайшлі са мною навучу цябе граць на струнах чалавечай душы. Будзеш маім першым апосталам, як апостал Андрэй, які потым Русь хрысціў.
І ён ні слова не сказаўшы паплёўся за мною, як авечка за пастухом. Усё парываўся дапамагчы нясці гітару, або пакет. Гітару яму не даверыў, ці дыпламат, не помню ўжо з чым тады хадзіў, аддаў яму. Дома пакарміў яго, паклаў спаць, а сам заняўся сваімі справамі).
3 кастрычніка 97 г.
Пакарміў і адпусціў Андрэя Слыхоўскага, хаця спачатку хацеў яму даць работу (нарабіць і пазабіваць калочкі ў балконе, ён, маўляў, будаўнік), але потым раніцай пакармілі яго і даў грошай, якія зарабіў учора каля Камароўкі. Сказаў, каб ён з’ездзіў у Ігумен (Чрэвень), забраў дакументы і ўладкоўваўся на працу. Потым, калі ўсё гэта зробіць і купіць гітару, няхай пазвоніць па службоваму телефону (я запісаў яго на “Плакун-Траве”) і я навучу яго іграць на гітары.
З’ездзіў на работу. Пагаварыў з Ленай пра рознае. Пазваніў Саша і я прапанаваў яму іграць у пераходах метро, ён выдатна іграе на саломцы.
Збіраўся ехаць да ўрача, але аказалася, ён працаваў да абеду, дамовіўся з жанчынай (напэўна, памошніца яго), што прыеду ў панядзелак пасля абеду.
З’ездзіў на пераход метро “Якуба Коласа” каля Камароўкі. Фат (п’сеўданім вулічнага мастака, які сядзеў у пераходзе і маляваў партрэты. намаляваў і мой партрэт. Як высветлілася пазней, быў зяцем Міхася Пазнякова, намаляваны ім партрэт быў надрукаваны ў нейкай публікацыі, мне партрэт дабаўся, там я выйшаў у яго вельмі строгім чалавекам. Да такога і падыходзіць страшна). Убачыў Лену Казанцаву і Ларысу Пятроўну. Падыйшоў “Іван-кранаўшчык” (працавалі з ім на “Маналіце”).
Спяваў розныя песні. Дзве дзяўчыны падыйшлі, стаялі і доўга слухалі (Люда і Наташа), потым вельмі дзякавалі. Затым прыйшоў міліцыянер (Валодзя), сказаў, што тут нельга іграць.
— Есть постановленіе Горісполкома.
— Пакажыце.
— Давайте спустімся.
Доўга гаварыў яму, што гэта несправядліва: забараняць спяваць. Аказваецца, існуе “постановленіе”…  Спусціўся, запісаў нумар і дату “постановленія”.
Зарабіў 29 тыс. 900 рублёў.
4 кастрычніка 97 год (субота).
Ездзілі з Тадзікам да мамусі.