07. 10. 21. чацвер. восень

Анатоль Кудласевич
07. 10.21. (чацвер). ВОСЕНЬ
Прагуляўся з Пацешкай па раёне новым маршрутам. Цудоўная залатая восень, лісьце зграбаюць у гурбачкі, камунальнікі ўжо пазасыпалі разрытыя летам па ўсім раёне траншэі (трубы мянялі), чарназёмам прысыпалі зверху, новым асфальтам залапілі пешаходныя пераходы. Праходзіў міма дзіцячага садзіка, деткі, убачыўшы Пацешку, папрыліпалі да сеткі рабіцы, якой агарожана тэрыторыя, і пачалі цешыцца Пацешкай і сыпаць пытанні: "А як завуць? А якая гэта парода? І ў нас дома ёсць сабачка і кошачка ёсць... А ў нас чарапашка Нідзя жыве.А можна яе пагладзіць?". І мне падумалася, калі ў гарадскога насельніка каменных будынін у кватэры няма ніякай жыўнасці, кошкі, сабачкі, пацучка, рыбкі ці чарапашкі, або хоць бы якіх тараканаў ці кветак, то ў такога чалавека душа зусім амярцвела.
Мама з дочкай збіраюць каштаны. Я мімаходзь сказаў, што каштаны дапамагаюць бароцца з моллю: "Параскладвайце ў кішэні старога адзення, на палічкі ў шафах... Моль звядзецца".
У траўні, калі прыходзілі канторскія і рабілі цывілізаваны вобшук, пацікавіліся: "А чаму ў вас усюды столькі каштанаў раскладзена?".
- Спасібо. Будем знать.