тук-тук

Анатоль Кудласевич
Тук-тук…
Восем дзён запар адпрацаваў па дванаццаць гадзін. Пасля двухтыднёвага шпіталя арганізм набыў патрэбны тонус. Работа, — можна сказаць, не бі ляжачага, катайся сабе па горадзе, назірай за людзьмі, за сітуацыямі, вывучай рэчаіснасць, спазнавай свет і сябе. Адным словам прапанавалі мне “на падхваце” дапамагчы развозіць “ежу”… Можа бачылі такую паслугу “Яндэкс еда”, калі шустрыя чалавечкі ў жоўтых цішотках з квадратнымі заплечнікамі за плячыма займаюцца дастаўкай? Дык вось сярод іх вы маглі заўважыць і мяне. Працую, так сказаць, не на стаўку, а на чвэрць. Адзін шафёр-цыган, які займаецца “Яндакс-дастаўкай” пакутуе на клаўстрафобію. Не можа зайсці ў ліфт самастойна, бо ў трохгадовым узросце застараў у ліфце і дагэтуль не перабороў страх замкнутай прасторы. Завуць яго Міхаіл. Ён атрымлівае заказ, забірае яго, давозіць да адрасата, а мая задача — зайсці ўліфт,  падняцца на надцаты паверх і ўручыць заказчыку. Катаюся па горадзе разам з ім, назіраю людзей, манітору сацыяльную сітуацыю… І так восем дзён па дванаццаць гадзін. Заўтра першы выходны. Акрамя сімвалічнай сутачнай аплаты за дзень, у мой даход уваходзяць яшчэ і “чаявыя”. І чаявыя іншы раз могуць перасягнуць намінальны заробак, які мне плацяць за такую, здавалася б не складаную працу, падняцца, паздароўкацца, і аддаць заказ. Вось літаральна пазаўчора на чай далі цэлых пяць рублёў, менавіта за беларускую мову, заказчык так і пазначыў: “Гэта за беларускую мову!” — і працягнуў пяцёрку.  Яшчэ двойчы давалі па пяць рублёў за гэтыя восем дзён, не ўдакладняючы… А так звычайна, хто рубель, два, тры, хто паўтара…  Іншы раз выбачаюцца, маўляў, няма наяўных, з картачкі аплочваў — тады я пакідаю свой тэлефон: “Без праблем! — кажу я, — можаце скінуць на тэлефон”. Рублёў сем на тэлефон усё ж такі скінулі, але большасць пакінутых тэлефонаў, як думаецца мне, ідзе адразу ў сметніцу. Вось такая ў мяне цяпер работа, дакладней падпрацоўка і магчымасць вывучаць людзей і сітуацыю ў беларускім грамадстве.
Я не лічу сябе вялікім фруктам. Не палітык, не ўваходжу ні ў якія партыі, дапамагаю таму, каму лічу патрэбным, але за апошнія колькі гадоў, зыходзячы з таго, што з дзесятак разоў быў на допыце, у тым ліку і ў КДБ, Следчым Камітэце, быў сведкам на судах, сам быў асуджаным, вобшук у мяне праводзілі кантоскія цэлыя пяць гадзін, думаю ўсё ж такі, што мой мабільны знаходзіцца пад наглядам адпаведных органаў. Яны як бы адсочваюць маю навігацыю. Уявіце, гадамі мой тэлефон быў прывязаны да адной лакацыі, нікуды надоўга не адлучаўся, а тут раптам — як шалёны пачаў лётаць па ўсяму Менску. “Ну, — падумалі ў органах, — пэўна гаспадар тэлефона нешта замышляе, ці не рэвалюцыю якую?”. Чаму ён раптам пачаў насіцца, як шалёны па ўсяму Мінску носіцца, а можа яго тэлефон скралі, ці ён забыўся яго ў таксі? Бо праз колькі дзён маёй актыўнасці было некалькі званкоў на мабільнік, на якія ніхто так і не адазваўся. І гэтыя званкі пазначаны як “закрыты номер”, а са свайго досведу ведаю, што з такіх “закрытых нумароў” звычайна звоняць “канторскія”. Уявіў ход думак таго, хто званіў, і — рассмяяўся, бо сітуацыя падалася вельмі пацешнай…
А цяпер да чалавека, які ўвапрог мяне ў гэтую справу. Чалавек гэты — вельмі арыгінальны, у свой час некалькі гадоў я працаваў на яго, шукаў мяса па ўсёй Беларусі. Бізнесовыя справы яго ішлі добра, добра да таго часу, пакуль не заўважылі зверху на дзяржаўным узроўні, што чалавек круціць вялікімі грашыма, бо ён працаваў легальна і плаціў падаткі, — вырашылі падаіць. Падставілі, падвялі пад хабар і наклалі наручнікі… Так у нас бывае. Патрабавалі мільён даляраў. Хлопец, назавём яго Пятровічам, замкнуўся… Грошай не даў. Праз колькі месяцаў з КПЗ адпусцілі, але не забылі. Праз паўгода зноў злавілі на хабары, у Беларусі гэта робіцца на “раз-два”: ствараецца безвыходная сітуацыя, калі ад чалавека чакаюць хабар, чалавек дае, а той хто патрабуе хабар і стварае такую сітуацыю, — агент, чалавек падасланы. Чалавек дае хабар, і тут жа яму на рукі зашчоўкваюць бранзалеткі. Вось так і наш Пятровіч апынуўся ў КПЗ. З яго на дзяржаўным узроўні “канторскія” (ці хто там быў?), патрабавалі мільён даляраў. “Дай! І адпусцім. У цябе ёсць, мы бачым па абаротах, павінен быць мільён!”. А ён упёрся, “няма мільёна пад ложкам, не магу даць і не буду. Раскруцілі на гады чатыры турмы. Адседзеў, выйшаў… Нікога не здаў, “не залажыў”… Яны думалі, на крайні выпадак, адсунем яго ад “мясной тэмы” і самі займёмся гэтым і наварымся самі. Але тэма стала колам. Не атрымалася ў іх. Бо мазгавым цэнтрам быў Пятровіч. І без яго тэма проста не пайшла. Я чаго раптам пра Пятровіча? Бо чалавек ён вельмі арыгінальны. Яго не толькі грошы цікавяць, а і адносіны чалавека з Усявышнім. Я калісьці вазіў яго ў Жыровіцы, з Бембелем пазнаёміў… З Гурыем, з іншымі манахамі… Паказаў праваслаўе з сярэдзіны. І ён пачаў разбірацца… І за чатыры гады турмы прыйшоў да нейкага “тэста сапраўднасці” (так ён лічыць), гаворыць чалавеку: “Люблю цябе, як сябе!” — і ў залежнасці ад таго, як чалавек рэагуе на гэтыя словы, Пятровіч вызначае, сапраўдны чалавек перад ім, ці “біяробат”, “фальшывы”… Калі чалавек рэагуе адпаведна і адказвае, што таксама любіць яго, як сябе, то размова працягваецца далей. Цікавы ён чалавек і вельмі арыгінальны, напрыклад, цяпер ён заняты тым, што хоча, па-першае, аднавіць старажытную славянскую азбуку, і знайсці для “літар” не толькі лічбавы эквівалент, але і колеравы, і гукавы, гэта значыць, вызначыць, як гучыць кожная літара і які колер мае. І пасля ўсяго гэтага, так лічыць Пятровіч, калі да гэтага датумкаць, то свет зменіцца і ўсё стане на сваё месца. Ідэя мяне таксама захапіла. Бо, уявіце, насамрэч, кожная літара мае не толькі лічбавы эквівалент, але мае колер, мае яшчэ і ноту гучання…
 Быў па Літаратурнаму інстытуту ў мяне знаёмы, зацыклены на “цветапісе” — ён лічыў, што друкаваная літара, графічная, якая прынята ў розных мовах народаў, гэта так сабе, а вось калі для літары знайсці адпавядаючы ёй колер, то тады літара стане як бы інтэрнацыянальнай, абрушацца моўныя бар’еры, і кітаец будзе разумець тое, што напісана па-беларуску. Проста глянуўшы на тэкст, які набраны не літарамі, а колерам… А Пятровіч пайшоў яшчэ далей, “лічбавы эквівалент кожнай літары”, колер, нота гучання… І ўсё трэба прывесці да адзінага знамянальніка. Тут штосьці ёсць… Думаць да зламання мазгоў, і нешта выйдзе патрэбнае.
Вось гэты ўмоўны Пятровіч і пазнаёміў мяне з шафёрам-цыганам, якому цяпер дапамагаю. І вось сёння раніцай, калі клаў (лажыў) грошы на тэлефон, на якім мы працуем, таму што не фурычыў інтэрнэт, у мінус уехалі, і Пятровіч пераблытаў нумар, сказаўшы, што гэта велком, (мне аўтамат выдаў: “такога нумара не існуе!”), аказалася, што нумар належыць МТС, і праз колькі перазвонаў я выясніў, што ўсё ж такі МТС, і нарэшце паклаў грошы, сядаючы ў “таксі-Яндэкс”, у нашу машыну на якой працуем з Міхаілам, кажу яму ўслых: “ Вось Пятровіч, лічыць, што Бог яго за ручку вядзе… Але  ж гэта не так! Бо калі б сапраўды Гасподзь яго за руку вёў, то не было б такіх касякоў…”. Як толькі сказаў гэта, а мы сядзелі ў аўто Яндэкса, я — на пярэднім сядзенні, а цыган на заднім, — я пачуў гук “тук-тук”, у шкло нехта быццам бы пагрукаў пальцам, — аглядваюся, думаючы, што нейкі пасажыр, убачыўшы “таксі” хоча праехацца, — бачу, і мой “цаган” аглядваецца па баках, галавою круціць, — але нікога каля машыны няма. Хто стукаў? Не зразумела. Але стук пачуў і я, і Міхаіл. І акурат стук у шкло прагучаў адказам на мае словы: “Калі б Гасподзь вёў яго за ручку, то не было б такіх касякоў і блытаніны з тэлефонамі”…
— Ты стукаў? — спытаўся я ў цыгана.
— Ды не. Я думаў, нехта праехаць хоча…
Хто ж стукаў? Для мяне загадка. І для Міхаіла загадка. Але мы абодва выразна чулі гэты стук на маіх словах.  Дадумвайце самі спадарства, хто стукаў у шыбіну, я нават імя яго прамаўляць не буду. Але стук быў. І мы абодва яго выразна чулі. Дарэчы, такіх дзівосных выпадкаў па жыцці ў мяне назбіраецца з пяток. І не толькі звычайныя стукі, быў такі досвет, што і спінкі крэслаў ламаліся колькі гадоў таму… Хочаце верце, а хочаце — не… І што гэта ўсё значыць і абазначае? Толькі тое, што паводле евангельскага: “Стою і стукаю…”
А вы што самі пра гэтае думаеце?