Павел Севярыынец...

Анатоль Кудласевич
Павел Севярынец і яго ружанковая Беларусь.
Як палітык, Павел Севярынец даўно на слыху, пазней пачаў выяўляцца і яго пісьменніцкі талент. Ушчыльную я пазнаёміўся з Паўлам чатыры гады таму на “Курапатскай Варце” – 2017 года. Па вызначэнні маёй Веранікі, Павел — “настаяшчы”, сапраўдны жывы шчыры чалавек. Ён кожны дзень забягаў у стан Зміцера Дашкевіча, там упершыню і абмяніліся з ім сваімі кнігамі, ён прэзентаваў мне два томікі даследавання “Пра гісторыю хрысціянскай дэмакратыі”, а я падпісаў “Трынаццаць дзён”. “Беларусалім. Золак” апынуўся ў мяне, калі Ігар Дабратвор прывёз з выдавецтва мае “ТрыТворы”, — падпісаў яму завочна, бо пасля мяне Дабратвор паехаў да Севярынца з яго кнігай. “Беларусалім. Сэрца Святла” — я атрымаў, калі Павел ужо сядзеў, такое было жаданне Паўла і яго жонкі Волі.
Учора Паўлу абвясцілі на судзілішчы сем гадоў строгага рэжыму. А сяння ноччу ён мне раптам прысніўся. Рукі быццам бы ў яго звязаныя былі, але ён кідаецца на мяне з правага боку з кулакамі, здаецца, нават ударыў са словамі: “Што цябе ўсё штурхаць трэба! І прыспешваць!” — дзіўныя для мяне яго поводзіны, чаго ён патрабуе? Не настолькі мы былі блізкімі, каб  нечым быў абавязаны, каб ён так сябе паводзіў. А Павел тады з левага боку зноў на мяне з кулакамі, тады я не сцярпеў і пальцамі, як каратыст, храснуў яго па кадыку, — ён упаў, захрыпеў, аддыхваецца… Потым сон перакінуўся на іншае. Быццам бы мяне нехта хоча забіць. Я гэта ведаю, іх учатырох. Хаваюся пазаду фуры за нейкімі дошкамі. Быццам ведаю іх планы і шукаю розумам ратунку. Потым ад галавы фуры з’яўляюцца двое, адзін з іх целаскладам нагадвае Ціханоўскага, не зразумеў, ці ўваходзілі двое ў склад тых чатырох, што мяне забіць хочуць, ці зхяяўляюцца маімі сябрамі, але  кідаюся ўрэшце на дваіх, размахваючы малатком, прываранам на доўгай арматурыне, пацэліць хачу, ці забіць, ці растлумачыць ім нарэшце, што мяне збіраюцца забіць. На гэтым сон абарваўся.
Паўла арыштаваалі на пасля Камароўкі, на якой я быў побач. Ён тады пасля маёй першай песні “Бітва Любові”, калі перадаваў мікрафон у другі раз сказаў на вуха: “Анатоль, калі ласка, толькі не паганскую, бо сёння Дзень Святога Духа” — вечарам яго і ўзялі каля сваёй кватэры, а я адседзеў за той дзень свае дзесяць сутак.
Нядаўна Някляеў выкінуў фейсбук свой водгук па “Беларусаліму”, а ў мяне ж на канфіскаваным ноўтбуку таксама было колькі гатовых старонак, занатоўваў свае думкі ў час чытання і рэцэнзія, ці рэакцыя на прачытанне ўжо амаль была склалася ў свядомасці, засталося толькі прайсціся па-новаму і ўсё давесці да ладу. Страшэнна не люблю, калі губляецца тое, што некалі пачыналася, але мусіць прыйдзецца пачынаць зноў, бо ноўтбук абяцалі аддаць праз месяц. Так што буду асэнсоўваць “Ружанцовую Беларусь Севярынца”, бо яму там гэта будзе добрай маральнай падтрымкай. Па ўласным вопыце ведаю, калі дзесяць гадоў клаўся на аперацыю і гатовы быў ужо не вяртацца на зямлю, прыняць так, як ёсць, сын раптам сказаў: “Бацька, абяцаю, што прачытаю ўсё, што ты напісаў!” — гэта прыдало дадатковых сіл і пасля аперацыі вышла раптам некалькі кніжак. Цяпер ужо і паміраць не так прыкра, як было б дзесяць гадоў таму, бо нешта ўсё ж такі застанецца.
Так што наперадзе, шаноўныя суайчыннікі, работы нас чакае непачаты край, — Беларусь у страшэннай небяспецы, нельга спаць у шапку, нельга займацца шапказакідальнымі пражэктамі. Будзе цяжка, нас чакая катаржная работа, работа, работа… Або выстаім, або нас высякуць пад корань, а можа і ў натуральным сэнсе зрунуюць нашы абшары бомбамі ці з таго, ці з іншага боку. Жарты скончыліся. Гульні скончылся. Быць або не быць. Як па мне, дык вось ён лозунг часу: СВАБОДА АБО СМЕРЦЬ!
ВЕРЫМ, МОЖАМ, ПЕРАМЖАМ…
АБАВЯЗКОВА ПЕРАМОЖАМ!
ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!