Леся. Аповесць у трох эцюдах

Дарья Значёнок
Эцюд першы
НА ТЫМ ЖА МЕСЦЫ, У ТОЙ ЖА ЧАС
(палатно, алей)


Яны зусім не ведалі адно аднаго і сустракаліся толькі выпадкова. Умоўна выпадкова. Часцей за ўсё – у парку, дзе абапал дарогі летуценна шапацелі каштаны, а ў паветры пяшчотна пахла вясной. Глеб Федарэнка ішоў хутка і трохі нядбайна – сутулаваты малады мужчына ў інструктарскай лётнай форме. А насустрач тупалі дзяўчаты-школьніцы, адна светленькая, другая цёмненькая, і абедзве з коскамі, падвязанымі «кошыкам». Школьніцы заўважалі лётчыка здалёк і па-змоўніцку шапталіся; светлавалосая паглядвала крадком, а яе сяброўка тарашчыла вочы ў адкрытую і ўсё нешта імпэтна тлумачыла.

Калі адлегласць між імі і лётчыкам скарачалася, яны змаўкалі, як па камандзе, і прымалі абыякава-сціплы выгляд. Тое, як незалежна яны памахвалі партфелямі, пераконвала: «А мы вас і не бачым, нам дык усё роўна...»

– Прывіт, – ківаў Глеб, крывавата ўсміхаючыся.

Светлавалосая міжволі распраўляла плечы:

– Добры дзень!

Ён абмінаў іх і крочыў далей з усё той жа стрыманай усмешкай. Нават не азіраючыся, ведаў, што дзяўчаты глядзяць і шэпчуцца зноў. Ён і не азіраўся. Ніколі. Гэта было адным з тых няпісаных правіл, якія прыдумляюцца выпадкова, але з цягам часу ператвараюцца ў закон. Законам было і тое, што Лесю пры сустрэчы трэба прывітаць першым, і яна абавязкова адгукнецца: «Добры дзень».


***

Усё пачалося пару месяцаў таму, у сакавіку сорак першага. Дзень выдаўся хмурны і золкі, пад ботамі хрупалі падмерзлыя лужыны – сляды ўчарашняй адлігі. Глеб павінен быў зайсці па сябра, але крыху паблукаў, перш чым знайшоў патрэбны дом. Толькі выдатная зрокавая памяць – прафесійная рыса лётчыка – змагла падказаць яму напрамак: вока чаплялася то за адзін арыенцір, то за другі, і ў рэшце рэшт Глеб апынуўся ля пад’езда. Звыкла задраўшы галаву, адзначыў у акне Мішкі святло, і ў грудзях засвярбела прыкрасць. Мог бы шпарчэй!

І тут нехта як наляціць на яго – Глеб хіснуўся, але раўнавагу ўтрымаў. А шапка – не! Зляцела ды пляснулася ў самую сярэдзіну глыбокай лужыны, не зацягнутай лёдам.

– Ой-ёй, прабачце! Калі ласка! – тонкі дзявочы голас падрыгваў. – Слізка тут...

Глеб памкнуўся ўратаваць шапку, але марна: яна паспела набрыняць вадой. Ён гнеўна ўскінуў позірк на вінаватую: белы берэцік, цёмна-сіняе старэнькае паліто і вялікія напалоханыя вочы.

– Я н-не хацела, праўда! Яна вельмі прамокла?

Ён не стрываў:

– Вельмі, не вельмі! А ці не пайшлі б вы... па сваіх справах!

Дзеўчаня разгублена адступіла і, гледзячы не ў вочы – у шынель, сумна ўсміхнулася:

– Ну чаму вы грубіце? А яшчэ ў форме!

Яна бокам прасачылася між Глебам і лаўкай і заспяшалася прэч. А ён, чартыхнуўшыся, нырнуў у пад’езд.

Канешне, Мішка яшчэ не сабраўся.

– Ты давай праходзь, а я зараз. Адзяваюся! – паведаміў ён і знік у пакоі. – Два дні як прыехаў і распакаваўся, але верыш – нічагуткі знайсці не магу! Што за насланнё!

Глеб злавіў у люстэрку вітальні свой нездаволены худы твар і, адвярнуўшыся, пачаў лічыць да дваццаці. А каб не губляць час, уладкаваў шапку на батарэі.

З пакоя ажыўлена дапытвалі:

– Ты не маўчы, расказвай! Лісты лістамі, а ўжывую перамовіцца – справа міравая. Што чуваць у лётнай школе?

– А што чуваць... Пра той снежаньскі загад кожны сабака ведае. Курсантаў больш не выпускаюць малодшымі лейтэнантамі, – неахвотна сказаў Глеб, прабягаючы позіркам па некалькіх парах ботаў і чаравікаў, выстраеных уздоўж шафы. Нешта і жаночыя прытуліліся, а Мішка нібы з бацькам жыў, не? Але ў малазразумелых, чужародных нюансах сямейнага быту Глеб разбіраўся не болей, чым у выхаванні дзяцей: сабе даражэй ублытвацца.

– І як, лютуюць твае хлопцы?

– А ты на іх месцы паштоўку з падзякай адаслаў бы? Ганьба якая: маглі скончыць лётную школу як людзі, а іх у сяржанты! І ім знявага, і мне, інструктару, асадачак. А толку скаланаць паветра, калі такое – па ўсёй краіне?

Мішка з’явіўся ў дзвярным праёме, таропка нацягваючы швэдар і распраўляючы на плячах. Крэпкі, дзейны, хутчэй прысадзісты, чым сярэдняга росту. Расчаравана цокнуў:

– Справы дрэнь, цяпер і паступаць некарысна. Эх, шкада, не прынялі ў той раз! Прэтэнзіі ў іх! – ён карцінна ўскінуў левую руку, варухнуў пальцамі. У вочы адразу кідаўся мезенец, ад якога засталася адна фаланга. – На аэраклубаўскай «этажэрачцы» лётаў сабе спакойна, а тут – на' табе, прыкалупаліся...

– Узяў бы і разжаваў камісіі, што мезенец табе ў кабіне толькі замінае, – фыркнуў Глеб.

– Ага, чорта з два! – Мішка спешна абуваўся. – Косціка адфутболілі з-за нейкіх непаладак з ціскам, а я, разумееш, сунуся без пальца! Не, брат, дохлы нумар. Шчыра кажучы, я ўжо і плюнуў, усё роўна лётаць не дадуць. А на заводзе таксама няблага. Калі разабрацца. Усё-ткі самалёты, не аўто якія-небудзь! Вось, накіравалі сюды, а баця і рады: працаваць разам, ды яшчэ наконт павышэннечка можна расстарацца...

«Ну і параўнаў ты, дружа», – у думках крытычна адзначыў Глеб, але змаўчаў, каб не вярэдзіць старую рану.

Знянацку ў замку акуратна заскробся ключ. Паспрабаваў зрабіць абарот, адмыкаючы адамкнутыя і без таго дзверы, стукнуў збянтэжана і выслізнуў.

– Лёгкі на ўспамін, – Глебу захацелася бліснуць здагадлівасцю.

– Ты што, ён жа ў другую змену! Гэта Леська ад Маі вярнулася.

Глеб узняў брыво, а ў кватэру пырхнула тая самая дзяўчынка ў цёмна-сінім паліто. Натрапіўшы позіркам на постаць у шынялі, адступіла да дзвярэй і машынальна апусціла руку з зацёртым томам Гюго. За колькі секунд на яе твары выявілася поўная гама пачуццяў – ад першага здзіўлення да спалоху, што сярдзіты вайсковец заявіўся скардзіцца. Далібог, як з помніка Шаўчэнку сышла! Толькі прыадзелася з прычыны халадоў ды адрасціла коскі.

– Ну прывіт, – краем рота ўсміхнуўся Глеб.

Яна няўпэўнена заміргала:

– Добры... дзень...

– Ну як, пазналі адно аднаго? Не пазналі? – Мішка засмяяўся з замінкі таварыша, звычайна такога пільнага. – Ай-я-яй, Глеб, сорамна не памятаць!

Той нахмурыўся, перабіраючы падзеі чатырохгадовай даўнасці, калі абодва яны лічыліся вучлётамі аэраклуба. У глыбіні памяці замаячыў цьмяны вобраз нейкай драбязы – сястры, ці што? – якая ў вітальню і носа не высоўвала, калі прыходзілі малазнаёмыя людзі. Хіба сіні банцік мільгне ў дзвярной шчылінцы – не больш.

– Здаецца... Алеся?

– Леся, – паправіла дзяўчынка з пацешнай сур’ёзнасцю. – Аляксандра, калі дакладней.

– Які афіцыёз! – хмыкнуў ён. – Мяне па званні, у такім выпадку...

Леся стрымана абняла кнігу, гледзячы ўбок.

– Навошта вось так? – нягучна спытала яна. – Я ж незнарок, не спецыяльна...

Ад пякучай няёмкасці Глеб скрыгатнуў зубамі.

– Прашу прабачэння, – з намаганнем выціснуў ён, апусціўшы павекі. Адчуваць сябе поўным дурнем – перад дзяўчынкай! Яшчэ і ў шынялі, што ёсць, тое ёсць...

Мішка не слухаў – улазіў у паліто:

– Хопіць вам сабачыцца, мы спазняемся. Глеб, білеты!

– У мяне. Дзе ж яшчэ? – агрызнуўся ён.

– Тады рушылі! – Мішка насунуў яму на галаву вільготную шапку і дзелавіта выпхнуў за дзверы. – Калі што, Лесік, бацьку папярэдзь: мы ў кіно на «Валерыя Чкалава». Ну а далей – балбатня-ўспаміны!..

Яны збягалі па вышчарбленых прыступках, сутыкаючыся плячыма на вузкай лесвіцы, калі Мішка запаволіўся і, кашлянуўшы ў кулак, мармытнуў:

– Так, на ўсякі выпадак... Ты глядзі, не дуры ёй галавы.

– Чаго?

– Кажу, не асабліва заляцайся. Усё-ткі яна школу заканчвае, хутка экзамены...

Глеб ледзь не зрабіў крок міма прыступкі:

– Ёй што, аж шаснаццаць?!

– Пакуль не, летам зраўняецца... – Мішка з перабольшанай руплівасцю зашпільваў гузікі паліто, крыху адставіўшы ўкарочаны мезенец. – Сам разумееш, трэба вучыцца, а не лунаць у аблоках. Засталіся апошнія месяцы, фінішная прамая... Нават так: узлётная паласа. А Леся яшчэ і па гаспадарцы многае. Не ў пару зараз разводзіць гэтыя... як іх...

– Шуры-муры? – падказаў Глеб.

– Во-во! Добра, што ты ўхапіў сутнасць! Я ж не тое каб супраць цябе, чэснае слова. Калі б не экзамены...

Глеб саркастычна звузіў вочы:

– Экзамены, гаспадарка! Хітрыш! А дзесяць гадоў розніцы?.. Усё-ўсё, не напіраю. нішто не станецца з тваёй Афеліяй! У думках не было заляцацца. Вырашыў – васьмікласніца...

Ён не маніў: невысокая худзенькая Леся сапраўды не рабіла ўражання дарослай дзяўчыны. Ёй было далёка і да фігурыстых зорак экрана, і да дужых плакатных метрабудаўніц з арматурай наперавес (ну, хіба што з кніжкай). Зрэшты, у адных і другіх меліся відавочныя для Глеба эстэтычныя мінусы. Гэтая размова заінтрыгавала яго: здавалася б, драбяза драбязой! Няўжо ў ёй можна штосьці выглядзець?


***

У пачатку вясны Глеб бачыўся з Мішкам мала. Абодва былі занятыя: адзін ганяў курсантаў у няветлівым сакавіцкім небе, другі шчыраваў на заводзе і ўсім сваім выглядам дэманстраваў здатнасць як да цяперашняй, так і да больш здавальняючай пасады – хоць і са скалечаным пальцам. Неяк сталася, што куды часцей Глеб сустракаў Лесю. Яны пазнавалі адно аднаго і віталіся – ён абыякава, яна насцярожана, быццам адчувала віну і няёмкасць з-за фінальнага выпаду. Сумленна кажучы, заслужанага. Спачатку Глеб не звяртаў на гэта асаблівай увагі, але пасля трэцяй ці чацвёртай сустрэчы яго не адпускала выразнае дэжавю. Ізноў парк, ізноў дзве дзяўчыны, ізноў перашэптванні... Цёмнавалосая сяброўка Лесі трашчала не змаўкаючы, круціла галавой, жэстыкулявала – Глеб з ходу ахрысціў яе Страказой (скарыстаемся і мы гэтай мянушкай). Аб чым або кім ішла гаворка, ён не чуў, але сама сцэна не магла не выклікаць у яго паблажлівую ўсмешку. Варта дзяўчатам засячы хлопца ў вайсковай форме – усё, прапалі! Надзеў бы грамадзянскае, міма прайшлі б. Але што ні кажы, а зацікаўленыя жаночыя погляды – рэч даволі прыемная, хай нават маеш справу з наіўнымі школьніцамі.

Прадметам гутарак быў, канешне, ён.

– Вунь ідзе, бачыш? – выпаліла Страказа, заўважыўшы далёка наперадзе знаёмы шынель. Зверылася з гадзіннічкам, захапілася: – Ух, дакладна, як у аптэцы! Вось што значыць вайсковец: перш-наперш – пунктуальнасць. Хіба я не мела рацыі?

Леся нават прыпынілася:

– Толькі не кажы... Не кажы, што вышмаргнула мяне з Кніжнай лагчыны, каб...

Страказа схапіла яе за локаць і пацягнула наперад:

– Само сабой, для гэтага, дурнічка! Як жа яшчэ праверыць? Паабівацца ля прылаўкаў дзеля вучобы і так паспееш, у цябе вунь – жыццё кіпіць!

– Не выдумляй, – Леся зябка схавала рукі ў кішэні паліто. Партфель, замінаючы, ціснуў на запясце і пры кожным кроку пастукваў па назе. – Учора яго не было. І пазаўчора...

– Чаго ты хочаш, ён заняты чалавек! Кажаш, лётчык-інструктар? Значыцца, у яго процьма навучэнцаў, а часу вольнага – кот наплакаў. І акурат у гэты вольны час нам пашчасціла! Толькі ўяві: калі б мы тады вярталіся хоць крышачку раней ці пазней... Калі б я не заўважыла заканамернасць...

– Далося ж табе! Сутыкнуліся пару разоў – і хай сабе, а ты ледзь не тэарэму фармулюеш. Глупства нейкае, не разумею такога.

– Ле-еська-а, няўжо табе ні кропелькі не ціка-а-ава? – зацерабіла яе рукаў Страказа. – Гэта ж так загадкава, так рамантычна! Сапраўдная  п р ы г о д а, ну! Ты проста ідзеш дамоў і сустракаеш аднаго і таго ж чалавека. Ды якога – вайскоўца! І не спецыяльна (амаль), а таму, што супадае... Ты кніжку хоць якасна чытала?

– Ды ну, пры чым тут... Ён жа не Марыюс, я – не Казета, – Леся задумліва памацала край дзірачкі ў кішэні. – І тут не Люксембургскі сад.

– Гэй, з табой хіба здаралася штосьці такое? Думаеш, яшчэ здарыцца? А вось фігушкі! Яно толькі цяпер і зараз – і больш ніколі! Не смей адмахвацца ад такіх шыкоўных супадзенняў, а то гарантую: да канца жыцця будзеш локці кусаць!

– Цішэй ты...

– Не хачу цішэй! І не буду! З такім настроем, як у цябе, можна ўсё самае-самае праспаць. Флегматык няшчасны!

– Сціхні, кажу! Ён жа пачуе!

Глеб шпарка ішоў насустрач: плечы трохі сутуляцца, вочы насмешлівыя, куток рота іранічна прыўзняты. Леся ўхапіла гэта адным хуткім позіркам і тут жа палахліва ўтаропілася сабе пад ногі. Яе ўпэўненасць непрыкметна саступіла месца хваляванню, у грудзях зацеплілася невытлумачальная сарамлівасць. З якой ласкі спіна выпрасталася, а рукі самі па сабе выслізнулі з кішэняў? У якіх глыбінях свядомасці нарадзілася жаданне спадабацца? Легкадумнае і непаслядоўнае, яно здзівіла Лесю. У той раз яна перамовілася з Глебам літаральна некалькімі фразамі і нават толкам яго не запомніла... Ды што там, яны амаль пасварыліся! І ўсё роўна ёй хочацца быць прыгожай. Тыя словы пра рамантыку былі дакладна лішнія!

Спрабуючы разабрацца ў пачуццях, Леся на пару секунд выпала з рэчаіснасці, а калі вярнулася – уцяміла раптам, што доўгачаканыя кірзавыя боты апынуліся зусім блізка.

– Прывіт! – звыкла кінуў Глеб, і Леся, ускінуўшы вочы, злавіла яго мімалётны позірк.

– Добры дзень, – заспяшалася адказаць яна.

– Дзень добры! – улезла Страказа, але Глеб ужо прайшоў.

Дзяўчаты азірнуліся і некаторы час глядзелі яму ўслед. На душы ў Лесі зрабілася светла і радасна, хаця нічога асаблівага не адбылося. «І чаму скончылася так хутка? Раз – і ўсё», – таемна пашкадавала яна і з ціхенькім уздыхам засунула рукі назад у кішэні.

– Выдатна правярнулі, так? – ажыўлена абвясціла Страказа. – Ну што, разгледзела пятліцы?

– А павінна была?

– Не, вы бачылі? Яна пытаецца! Добра, што я паклапацілася! Толькі выведаць бы, што гэта за званне...

– Лейтэнант. Я з першага дня ведала.

– Ведала, а мне не сказала! – надзьмулася тая. – Я, разумееце, праводжу з ёй выхаваўчыя размовы, цягну ў парк, падганяю – а ёй без патрэбы! Сапраўды дурнічка. Ён жа не са мной вітаецца! Я тут увогуле чалавек старонні. Так, для фону...

– Май, ты чаго?

– А таго! Нашто раскідвацца? Ці ты сустракаеш лётчыкаў кожны дзень?

– Нават больш: я з лётчыкам жыву. У мяне ж брат скончыў аэраклуб. А тата...

– Ды ну цябе! Ты цудоўненька разумееш, пра што я, – Страказа абурана падхапіла Лесю пад руку і са змрочнай рашучасцю затупала наперад. – Дарэчы, а чаму вы так дзіўна вітаецеся? – з падазрэннем пацікавілася яна. – Заўжды аднолькава. Змовіліся, ці што? Я зноў чагось не ведаю?

Леся паціснула плячыма:

– Я з усімі так вітаюся...



Эцюд другі
ДУША Ў ЗРЭНКАХ
(папера, хімічны аловак)


Рэгулярныя сустрэчы ў парку пакрысе зрабіліся для Глеба такой жа натуральнай з’явай, як неабходнасць аддаваць чэсць старшым па званні. Праўда, з яго пункту гледжання, вось так расшарквацца было смешна, аднак чым больш праходзіла часу, тым спакайней ён да гэтага ставіўся. Сустрэчы ўпляліся ў яго жыццё і сталі чымсьці пастаянным, надзейным, грунтоўным. Сталі традыцыяй. Цяпер Леся была неад’емнай часткай парку – такой жа, як дарога, лавачкі, каштаны, як перастук вагонных колаў з боку дзіцячай чыгункі, якая даўжэла месяц ад месяца намаганнямі энтузіястаў. Уваходзячы ў парк, будзь упэўнены: хутка ўдалечыні з’явяцца дзве дзявочыя постаці, адной з якіх будзе Леся. На тваё дзяжурнае вітанне яна нязменна адкажа: «Добры дзень», – хоць бы дзень быў гідкі, сцюдзёны, з пранізлівым ветрам і дробнай непрыемнай імжой. У Глеба мільгала непакорлівая думка шпурнуць якую мацнейшую фразачку (ён не быў бы Глебам, калі б не аспрэчваў існаванне хмар, сонца і самога сябе!), але надыходзіў знамянальны момант – і ён з незразумелым пастаянствам вымаўляў тое ж.

Следам за золкім сакавіком прыйшоў шкадлівы красавік, які гуляў слупком тэрмометра ўверх і ўніз і, здавалася, дурэў, ветрана адцягваючы сапраўднае цяпло. Каштаны стаялі змрочныя, злавесныя; іх чорныя перакручаныя галіны, што навісалі над дарогай, сварліва парыпвалі, быццам клялі і парк, і непагадзь, і нават вясну, якая так няветліва запазнілася. Але бліжэй да мая з зямлі ўрэшце вызірнулі цікаўныя маладыя парасткі – яны замілавана цягнуліся ў абдымкі да нябёсаў, ясных-ясных і сініх-сініх. Сонечна ўсміхаліся дзяўчаты і лужыны, залівіста ціўкалі птушкі і дзеці, бадзёра цурчэлі ручаі і галасы ў рэпрадуктарах. Дрэвы святочна апраналіся ў лістоту, а людзі, наадварот, распраналіся, пазбаўляючыся ад надакучлівых паліто і шапак.

З цяжкім шынялём расстаўся і Глеб. Разам са свабодай рухаў ён адчуў і разняволенне душэўнае, і ім авалодала тое ж яскравае імкненне жыць, якое перапаўняла зараз усіх і ўсё. З Лесяй ён вітаўся зусім памяркоўна, а Страказе нават міралюбіва ківаў. Яго звычайная крываватая ўсмешка зрабілася мякчэйшай і натуральнейшай, нібы летуценны веснавы вецер выдзьмуў з яго іронію.

А як хораша было ў парку! Тыя самыя непрыветныя каштаны, якія нядаўна скардзіліся на лёс, цяпер быццам рыхтаваліся да вяселля, прымяраючы ўбор з бела-ружовых свечак. Незлічоныя пялёсткі высцілалі дарогу, а паветра было прасякнута хвалюючым водарам надзеі, волі, жыцця...

Вось толькі чым далей каціўся май, тым радзей выпадала сустрэцца: набліжаліся выпускныя экзамены. Лесю, якая самааддана засела за падручнікі, застаць на вуліцы было магчыма толькі пры дужа ўдалым збегу абставін, і незвычайная традыцыя, што ледзь-ледзь беражліва выстраілася цягам двух месяцаў, стала рассыпацца. Глеб з некаторым здзіўленнем усвядоміў, што і ў парку, і ў яго душы стала пуставата. Здаралася, ён міжволі правяраў сябе па гадзінніку: можа, паспяшаўся ці спазніўся, раз Лесі не відаць? А потым, паціснуўшы плячыма, абыякава праходзіў парк з канца ў канец. У большасці выпадкаў гэтым усё і завяршалася, але часам ён ужо ля брамы натрапляў позіркам на худзенькую постаць, якая мільгала за частымі прутамі агароджы (напрыклад, са стосам кніг, здабытых для падрыхтоўкі). І тады куток яго рота прыўзнімаўся, а ў задаволена прымружаных вачах успыхвалі гарэзныя іскрынкі.


***

У пачатку чэрвеня ў Глеба выдаўся дзень, абсалютна свабодны ад інструктарскай працы. І такі нечаканы пасля месяцаў пастаяннай загрузкі, што было дарэчы разгубіцца, як яго скарыстаць, не вельмі ўяўляючы, што такое дзень чалавека невайсковага. Наогул не думаў Глеб зазіраць да Мішкі, яшчэ і без папярэджання. Але, пабадзяўшыся па горадзе, папаўдні апынуўся недалёка, і ногі, як некалі, збочылі ў гэты ўтульны дворык, які дыхаў густой спякотай. А там заставалася ў прахалодзе пад’езда ўзбегчы на другі паверх.

Не паспеў ён крануцца званка, як дзверы расчыніліся самі.

– Вось дык візіт! Няўжо вы, Глеб? – здзівіўся плячысты мужчына ў гадах, у якім аказалася лёгка пазнаць Васіля Яўгенавіча, бацьку Мішкі і Лесі. – Гэта колькі мы з вамі не перасякаліся?

Глеб прайшоў у кватэру і ахвотна паціснуў яго шырокую руку з выразна абазначанымі венамі – руку простага працоўнага чалавека. Заводскія змены ў яго з Мішкай не супадалі, і Глеб не бачыў яго даўно, з самага аэраклуба. Васіль Яўгенавіч яму падабаўся, пры размове з ім не хацелася выпраменьваць з’едлівасць. Ці то шчырасць ды грунтоўнасць таму прычынай, ці то стары, больш чым дваццацігадовы някідкі шнар на скуле блізу левай скроні, зароблены ці не ва ўзросце Глеба. Сляды такога кшталту не могуць не карэктаваць стасункі, асабліва калі сам маеш прамое дачыненне да войска.

З кухні высунулася Мішкава галава, якая вельмі нагадвала бацькоўскую, асабліва лініяй валасоў над ілбом і цвёрдым абрысам падбародка. І кожны прамінулы год, адзначыў Глеб намётаным вокам, толькі павялічваў падабенства.

– Ого, якія людзі! Нешта ты не заходзіш да нас, зусім закінуў, – Мішка шамацеў газетай – гартаў да першай паласы і складваў напалам, а пасля яшчэ і яшчэ.

– Ды я хвілін на пяць – так, міма ішоў...

Васіль Яўгенавіч са шкадаваннем уздыхнуў:

– Вось і я не магу застацца: нарада. Значыць, не пагаворым як след... Лесі таксама няма. Пасля экзамену заскочыла дамоў і тут жа кудысь уцякла. Да сяброўкі, ці што. Птушыныя справы! – ён пасмейваўся, цярэбячы ношаную кепку. – Няхай, няхай пабудзе на паветры, і так бледная круглы год. Не ўсё ж над падручнікамі сляпіцца. Між іншым, і сёння на «выдатна» здала!

– Хто б сумняваўся, – улез Мішка, які ў свой час меў поспехі куды болей сціплыя.

– Я так мяркую, дзяўчынка не падвядзе. У маму-разумніцу! Адзнакі заўжды на ўзроўні, толькі пратрымацца б да канца. Ну а вы, Глеб? Знішчальнік з вас будзе? Вы ж, падаецца, прайшлі-такі ў лётную школу...

– Восенню скончыў, цяпер у інструктарах. Муштрую! Выбіралі, у каго галасавыя звязкі мацнейшыя, – пажартаваў Глеб.

– І праўда, Міхаіл прыгадваў... Малайцом! Тады – ваша асабістае меркаванне: хлопцы цяперака годныя? Ці здужаюць у выпадку чаго? Міжнародная абстаноўка, скажам адкрыта, неспакойная...

Глеб улавіў мнагазначны націск на апошняе слова і з разуменнем усміхнуўся.

– Доўбней не бяруць. Іншая справа, што ёсць нядбайныя, а нядбайны лётчык – мёртвы лётчык! Дапусцім, даў маху хтосьці ў вучэбным вылеце: або самалёт уходаў, або сам у лазарэт загрымеў. Дык даследуй інцыдэнт разам з групай, дакапайся да сутнасці! Сёння выскаляешся, а заўтра ўтворыш тое самае!

Мішка, рагатнуўшы, прыстукнуў скруткам газеты па далоні:

– Ага, нехта ўжо вылучыўся! Што, з тымі птушанятамі зусім гамон? Я і гляджу, што сёння ты без формы.

– Часам хочацца пабыць і звычайным чалавекам! – Глеб з выклікам скрыжаваў рукі на грудзях. Ён бы хутчэй згадзіўся падвоіць колькасць курсантаў, чым прызнаў, што напружаныя заняткі адбіраюць усе яго сілы. Падапечныя асвойвалі самастойныя вылеты, часцяком прамахваючыся міма пасадачнага «Т» або чапляючы плоскасцямі зямлю, а час на паветраныя адпрацоўкі трэ было ўварваць яшчэ і сабе.

– Вы ж не думаеце праз нагрузку кінуць маляванне? – Васіль Яўгенавіч занепакоена прыжмурыўся, надламаўшы шнар на скуле. – Кідаць вам нельга, ніяк нельга!

Мішка, не цямячы, утаропіўся ў бацьку, потым у Глеба. Той апусціў павекі і тытанічным намаганнем волі ўтрымаўся ад стогну.

– Адкласці – не кінуць, – з гонарам заявіў ён. – Быў бы рады ўціснуць у суткі дадатковую гадзіну-другую, ды не ўкладваюцца!

– Упіраецеся. Гэта вы дарэмна! – Васіль Яўгенавіч усміхаўся вачыма і голасам, сочачы за яго рэакцыяй. – Вам лепей за маё вядома: каб быць, дапусцім, лётчыкам, недастаткова ўласна вывучыцца лётаць. Сёе-тое са старонніх навыкаў таксама трэба. Мне вось, інжынеру, цікавіцца б чарцяжамі, а я ўслед за дачкой адольваю і мастацкую літаратуру. Па меры сіл і ўзросту. Хаця, здавалася б, дзе тут сувязь? Але мысліць аналітычна я ўмець абавязаны, ды і пісьменнікі – майстры прадказваць. Калі мы разглядаем прагрэс. Слушна я выводжу? А маляванне плюс авіяцыя... Адно другому не замінае, наадварот дапамагае. А чым – гэта раскажыце вы.

Мішка, які дасюль экспрэсіўна адыгрываў тварам пантаміму нявер’я, урэшце не сцярпеў:

– Глеб?  М а л я в а н н е?  А ну без жартаў, вы абодва! Я на такія фіглі-міглі не даюся – крэмень!

– Ну-ну, трымай абарону. Але са мной сварыцца небяспечна, – прабурчаў Глеб, зачэплены за жывое. – Рызыкуеш знайсці не самы ўдалы свой партрэт на заводскіх дзвярах.

– А калі ўсё праўда – чаму агаломшылі адно зараз? Колькі гадоў знаёмыя! Што за справы такія: баця дазнаўся раней, чым я!

Васіль Яўгенавіч адабраў у яго газету і з дакорам папляскаў ёю па сынавым ілбе:

– Таму што трэба і іншых крыху заўважаць, а не клапаціцца пра аднаго сябе. Павышэнне, поспех! Пагубляеш сяброў – згадаеш тады, што табе бацька ў галаву ўбіваў... Так, хлопцы, а што вы маўчыце пра час? Ведаеце ж: загаваруся – лічыце, спазніўся! Усяго вам добрага, Глеб... і ўсё-ткі абмазгуйце пры выпадку тое, што я сказаў. Мо прыдасца. Шчасліва!

Ледзьве грукнулі ўваходныя дзверы, Мішка прыпёр Глеба да сценкі:

– Насамрэч малюеш? І ніколі... ні словам! Не, не магу ўявіць. Каб ты – і раптам... А што малюеш? Хоць не гэтыя... не пейзажыкі-нацюрморты?

– Партрэты ў асноўным. Так, час ад часу забаўляюся...

– І зусім любога можаш? Каго заўгодна? – дапытваўся Мішка.

Трэба ж – учапіўся бы клешч! Глеб закаціў вочы:

– І цябе ў тым ліку. На чым на чым, а на тваёй фізіяноміі я парадкам папрактыкаваўся. У старыя добрыя аэраклубаўскія часы...

Мішка, яўна штосьці задумваючы, азартна ўскудлаціў валасы левай пяцярнёй (калі пяцярня магла такой лічыцца пасля страты дзвюх фаланг мезенца).

– Што, і Валянціну Сярову пацягнуў бы? – пад’юдзіў ён Глеба.

Той змерыў яго іранічным позіркам:

– Та на раз-два!

– І паспрачацца гатовы?

– А давай. На што?

– На пяцёрку! Новая паперчына акурат з лётчыкам – да месца.

– Нешта мізэрна. Ну ды згода! Рыхтуй грошыкі, адтэрміноўкі не дам.

А Мішка пераможна дадаў:

– Але цур маляваць па памяці!

Ён лічыў, што гэтай умовай Глеба даб’е, аднак той самаздаволена фыркнуў:

– І вось гэтым ты пужаеш чалавека з памяццю фатаграфічнай? Я толькі так і малюю! А ну цягні паперу ды аловак. І не абы-якія, а найлепшыя, што ёсць!


***

Леся праслізнула ў кватэру ў цудоўным настроі, прыціскаючы да грудзей духмяны букет апошняга бэзу – яны з сяброўкай з радасці абмяняліся такімі, адзначаючы поспех. Пасля здачы кожнага экзамену Леся ўвесь дзень не хадзіла, а лётала, з асалодай адчуваючы сябе вольным чалавекам. Хай гэта толькі да вечара, хай заўтра зноў падручнікі і зубрэнне! Сёння яна святкуе вызваленне ад яшчэ аднаго прадмета – і нікому не адняць у яе гэты шчаслівы дзень!

Нейкім жаночым чуццём Леся зразумела, што акрамя брата дома ёсць і чужы. Скінуўшы туфлі, яна ў шкарпэтках падкралася да адчыненых дзвярэй у залу, гатовая адсунуцца і схавацца. Па пакоі, залатым ад сонечнага святла, з кута ў кут блукаў Мішка, а ў фатэлі, павернутым спінкай да дзвярэй, уладкаваўся нейкі малады чалавек у клятчастай кашулі. Леся была амаль упэўнена, што не ведае яго. Закінуўшы нагу на нагу, ён штосьці маляваў, для зручнасці паклаўшы аркуш на папку. Мяркуючы па тым, як соп і нудзіўся Мішка, глядзець яму было забаронена, а Леся выдатна бачыла эскіз жаночага твару, які рабіўся ўсё выразнейшым з кожным новым штрыхом. У здзіўленні і захапленні яна пазнала... так, пазнала актрысу з «Дзяўчыны з характарам». На гэты фільм яны з Маяй бегалі мільён разоў, яшчэ ў восьмым класе, і аднадушна вырашылі падвязваць коскі як у кіно. Даўжыні валасоў хапала, нават вельмі. Праўда, лавіць дыверсантаў у цяністым парку з прычыны адсутнасці глухога лесу пакуль не даводзілася, роўна як і ліха наймацца на цягнік афіцыянткамі (ці хоць кім-небудзь – на праславутай дзіцячай чыгунцы). Затое, бадай, шанцавала на раптоўныя сустрэчы...

Мішка паспрабаваў падабрацца да фатэля ўздоўж сцяны, але госць своечасова заўважыў гэты манеўр.

– Без фокусаў, будзь ласкавы! – не ўзнімаючы галавы, адсек ён нейкім знаёмым насмешлівым голасам. – А то глядзі, накіну рублік штрафу.

– Аніякіх штрафаў, такога ва ўмовах не было! – заспрачаўся Мішка. – Лепш заканчвай хутчэй, а не языком чашы...

– Ты хіба некуды намыліўся? Э, заплаціць – справа хвіліны!

Леся ўражана ўтаропілася ў патыліцу «незнаёмцу». Не, проста немагчыма, каб гэты малады чалавек – сапраўдны мастак! – быў тым самым лётчыкам-інструктарам, з якім яна прызвычаілася вітацца ў парку. Той жа насіў форму – заўжды. А гэты...

Мішка згледзеў Лесю і адкрыў быў рот, але яна просьбітна ўскінула палец да вуснаў. Ён неўразумела паціснуў плячыма і з уздыхам працягнуў блуканне. Сям-там гаспадарліва разгладжваў краі адліплых шпалерын: эх, рукі ніяк не дойдуць...

Леся ж неадрыўна сачыла за рукой, якая з прафесійнай лёгкасцю дзейнічала алоўкам. Пальцы абхоплівалі яго так нязмушана, расслаблена – а ён беспярэчна слухаўся, быццам угадваў волю мастака. І ў гэтых спрытных дакладных рухах было штосьці прывабнае, зачаравальнае, гіпнатычнае, ад чаго шчокам зрабілася горача, а сэрцу – шчымліва-трывожна...

На падсвядомым узроўні Глеб адчуў, што за спінай у яго нехта ёсць. Міжволі напружыўся, сціснуў аловак, змагаючыся з жаданнем перавярнуць аркуш. Калі ён маляваў, а за ім назіралі, яго раз’ядала знутры нервознасць, нібы хтосьці нахабна калупаўся ў яго душы, а ён, бяззбройны, не ў стане быў сябе абараніць. Аднак цяпер Глеб упарта сцяў сківіцы і працягнуў эскіз – назло гэтаму позірку і самому сабе. А можа, не назло. Можа, таму, што ззаду магла быць адна Леся, а яму не хацелася зрывацца на школьніцы. Але ўсё роўна – чаго яе прынесла? Стаіць за фатэлем і глядзіць, глядзіць! А гэта яму  н е в ы н о с н а,  у яго ад гэтага дранцвее рука і набухаюць вужлакі. Ну калі яна зразумее? Няўжо не бачна, што пільны позірк яму непрыемны?!

Раздражненне кіпела ў грудзях, падступала да горла, дрыжала на кончыку языка... Не стрываўшы, Глеб павярнуўся – і сумеўся, у секунду згубіўшы ўсе рэзкія словы. Леся ля дзвярнога вушака сарамліва хавала нос у пышным букеце бэзу, а сонечныя прамяні ахіналі яе постаць мяккім ласкавым святлом. На твары, які адзіны застаўся ў цені, усхвалявана паблісквалі вочы.

Глеб змарудзіў, дзівячыся і гэтай маляўнічай карціне, і сваёй раптоўнай сентыментальнасці, і Лесіным шкарпэткам, якія бялелі на падлозе. Урэшце стрымана сказаў:

– Не стойце за спінай. Не люблю.

Паружавелая Леся няёмка апусціла букет.

– П-прабачце, калі ласка...

І шкарпэткі на дыбачках шмыгнулі ў паўзмрок вітальні.

Глеб у роздуме пацёр алоўкам пераноссе і неахвотна вярнуўся да эскіза, які нешта перастаў яго цікавіць.

– Ну і годзе паперу пэцкаць, – нечакана для сябе заявіў ён. – Нябось і так пазнавальна!

І дакладным рухам адправіў малюнак цераз стол – з такім разлікам, каб ён слізгануў да супрацьлеглага краю і быў перахоплены Мішкам. А сам адкінуўся на спінку фатэля, з задавальненнем расправіў плечы і залажыў рукі за галаву, прыплюшчыўшы вочы. Слухаць меркаванне сябра не тое каб мела сэнс: наўрад ці ён прыдумае штосьці арыгінальнае. Усе, каму выпадала рэдкая магчымасць зірнуць на яго малюнкі, безнадзейна паўтараліся – гэта акрамя таго, што не здольны былі ацаніць аб’ектыўна. Ніхто з іх не маляваў... наогул не меў уяўлення аб творчасці. Хіба прычакаеш ад непрафесіяналаў узважанай крытыкі? Тым больш адносна работ самавука. А эмацыйныя пагладжванні як прызнанне свайго майстэрства Глеб палічыў бы за лепшае атрымліваць у іншай галіне.

– ...Эгей, таварыш мастак! Ці не вымеце вату з вушэй? Я тут распінаюся як умею... Адзначаю той бясспрэчны факт, што вас паветраная разведка з рукамі адарве... Хоць бы зрабіў выгляд, што прыемна!

– Прыемна-прыемна, – пацвердзіў Глеб, не расплюшчыўшы вачэй.

– А самалюбства колькі, матухна мая! Ад сціпласці ты не памрэш. Можа, ад з’едлівасці, і то не факт. Але калі не пачнеш заўважаць элементаршчыну, я цябе прыстукну ўласнымі рукамі, так і ведай.

Глеб з прыкрасцю ўзняў павекі:

– Навошта рукамі – бяры вінтоўку, чаго драбязніцца. Прапусціў міма вушэй цэлую адну фразу!

– Я не пра тое, дурань няшчасны, – Мішка беражліва адклаў эскіз і, прысеўшы на падлакотнік фатэля насупраць, ціха ўпікнуў: – Нічога-та галоўнага ты не бачыш, хоць і пільнуеш дзень і ноч. Ёй таксама хочацца, адразу відаць...

– Чаго хочацца? Каму?

– Лесьцы, каму яшчэ! Яна так сачыла – сляпы прачухае!

– Растлумачыш ці не? – узлаваўся Глеб.

– Малюнак бы ёй, вось што! Дзяўчаты такія, ім гэта цікава... Асабліва калі малююць іх саміх. А сястру сваю я ведаю як аблупленую...

– Ну, ясна, – Глеб зморшчыўся. – А без гэтага ніяк? Яшчэ пытаеш, чаму скрытнічаю.

– Табе што, цяжка? Няўжо над ёй гарбець даўжэй, чым над Сяровай?

– Давай ты не будзеш разважаць аб тым, чаго не разумееш! Я сто гадоў не маляваў з натуры.

– Даруй мне маё выключна дылетанцкае мысленне, але куды прасцей, калі «аб’ект» сядзіць перад табой.

Глеб хмурна маўчаў, і Мішка не вытрымаў:

– Ну хочаш – і за другі малюнак заплачу?

– А вось гэтых штучак не трэба! – Глеба аж перасмыкнула. – Паспрачацца – гэта адно, а вярзці такое на поўным сур’ёзе...

Мішка хітравата схіліў галаву набок:

– Дык клікаць?

– Ну, кліч, прахвост!

Страсянуўшы Глеба за плечы ад паўнаты пачуццяў, сябар выскачыў з залы і праз паўхвіліны вярнуўся, штурхаючы перад сабой Лесю. Яна разгублена папраўляла валасы, заплеценыя ў звычайны «кошык» з цёмна-сінімі стужкамі, і спрабавала прытармазіць, шоргаючы хатнімі пантофлямі па дыване.

– А можа, не трэба? – як увайшла, так і спынілася ля парога, быццам унутры чакаў сённяшні настаўнік разам з білетамі. – Навошта, насамрэч? Я і прычасацца не паспела, і наогул...

– Уперад-уперад! Без лішніх слоў! – Мішка энергічна, але і спагадліва падапхнуў яе ў спіну. – Глеб у нас чалавек непрадказальны, імпульсіўны... Заўпарціцца – да вечара будзем пераконваць!

Леся, якая ледзь-ледзь апусцілася ў другі фатэль, тут жа ўскочыла, як напароўшыся на кнопку:

– Не, праўда – пустое! Надакучваць і гэтак далей... Я так не магу, пайду я...

– А нічога, ён патрывае! – брат сілком усадзіў яе зноў. – Глебушка, ты ж патрываеш?

– Глеб Андрэіч, калі дакладней! – укруціў той, дражнячы абаіх сакавіцкай спрэчкай. Ён з цікаўнасцю назіраў за Лесяй, якая прымасцілася на самым краёчку фатэля: спіна ненатуральна прамая, плечы напружаныя, рукі нязручна складзены на каленях.

«І што перапалохалася? Яшчэ збяжыць, ледзь адвярнуся, – хмыкнуў ён. Яму зрабілася смешна, нядобры настрой знік без следу. – А аднекваецца як! На той эскіз косіцца-косіцца, а туды ж. Адзін чорт ведае, што дзеецца ў галовах тых дзяўчат!»

Ён неадкладна ўзяўся накідваць твар Лесі на чыстым аркушы, і яна схамянулася:

– Стойце, не малюйце! Я ж не цямлю, як сесці, куды глядзець...

– Так у самы раз.

– А варушыцца зусім нельга?

Глеб удавана сур’ёзна ўскінуў бровы:

– А то як жа! Дыхаць і міргаць таксама за-ба-ро-не-на!

Яму было дзіўна пакепліваць з Лесі: папярэднія месяцы тры яны абменьваліся выключна завучанымі фразамі вітання. Быццам не чужая, але як з ёй гаварыць – таямніца!

– Не бяры да галавы, Лесік, – адмахнуўся Мішка, – ён створаны, каб насміхацца. Скажыце, будзь ласка, які гусак! Памяць фатаграфічная, а сядзець без руху. Вось і на заводзе ў нас гэткі ж – адзін у адзін! І прытым пасаду ў мяне гатовы перахапіць, ну я расказваў...

Леся не чула, не магла – застыла, скаваная няёмкасцю, і сутаргава сціснула адной рукой другую. Яна змушана была напружыць усе сілы, каб пад позіркам Глеба, узнятым ад аркуша на секунду, застацца на месцы і ўцягнуць паветра. Глядзець у вочы было для яе складана: сэрца чагосьці панічна калацілася, грудзі сціскаліся, хацелася адвярнуцца і схаваць позірк за вейкамі. А Глеб у дадатак быў супрацьлеглага полу. Калі б не фантастычная магчымасць атрымаць свой партрэт, яна не спрабавала б вытрымаць і за выгоды на ўсіх экзаменах разам... Напэўна.

«Ты што, не хочаш, каб цябе намалявалі?  Ё н  намаляваў. Шмат ты ведаеш лётчыкаў-мастакоў? Калі не адной тэхнікай галава занятая, а і чым зразумелым... пра што можна хоць сяк-так гаварыць... Мамачкі, як гэта я ўліпла? І дзе шукаць маю хвалёную ўседлівасць? – думкі ў Лесі скакалі, паўтараючы сардэчны рытм, быццам ад чахарды слоў мог вярнуцца спакой. – Падручнік вызубрыць – гайда, хоць навыперадкі, а тут – душа ў пяткі, бяжы без аглядкі. “Дзяўчына з характарам”... Дзяўчына ёсць, характару няма. А мне ж амаль шаснаццаць!»

Час цягнуўся павольна-павольна, як на самым гнятлівым уроку на свеце – калі параграф ты вывучыла, але, не гатовая маральна, сядзіш і баішся выкліку да дошкі. Лесю нібы паланіла адно ўчэпістае імгненне, якое заганарылася і ўявіла сябе вечнасцю. З акна чуліся пругкія ўдары мяча ды азартныя воклічы са спартыўнай пляцоўкі, на ветрыку лёгка трапяталі фіранкі, а сонца струменілася на падлогу, залатое-лагоднае перад вечарам. На каленях Лесі таксама ўладкаваўся прамень, і яна, несвядома шукаючы падтрымкі, сунула рукі пад гэтую плынь цеплыні. Каб, сустрэўшы позірк Глеба, адважна трымаць вочы шырока расплюшчанымі, пакуль у грудзях мітусіцца збянтэжанасць, а замест думак расцякаецца пустэча. У гэтыя кароткія моманты Леся станавілася бездапаможнай, нічым не абароненай: яна быццам адкрывала шлях у душу праз зрэнкі (і, сама таго не ведаючы, адчувала роўна тое ж, што мучыла Глеба чвэрць гадзіны таму). Аднак вось ён апускаў позірк на малюнак, а яна непрыкметна пераводзіла дух і зміргвала напружанне...

Скаванасць працягвала ўтрымліваць Лесю стрункай, але ўнутраныя дрыжыкі пакрысе прыціхалі, дазваляючы дыхаць вальней і нават паглядаць на аловак, што слізгаў па паперы. Як зручна ляжаў ён у гэтай руцэ! Хударлявай, ды крэпкай – куды як болей крэпкай, чым ейная і, здаецца, чым рука яе брата, саступаючы бацькоўскай. Дзіўна было ўяўляць, што рука гэтая аднолькава ўмела ўпраўляецца з алоўкам і баявым самалётам. Дзіўна было спярша асцярожна затрымліваць позірк на руцэ, потым ускідваць часцей і вышэй, але не пускаць далей за верхні гузік кашулі. І ўрэшце, паміраючы ад дзёрзкасці, крадком назіраць за рухам цёмных броваў, вывучаць і запамінаць, як яны задумліва ўздрыгваюць і сустракаюцца ля пераносся, як разгладжваецца затым загарэлы лоб – лоб чалавека, які процьму часу праводзіць пад адкрытым небам. А міміка таго, хто пагружаны ў справу, мае агульнае з мімікай таго, хто спіць: напускное сыходзіць, пакінуўшы сапраўдныя рысы, якія не кантралюе розум.

«А Сярова ж была замужам за лётчыкам, так? Пакуль не разбіўся... Глупства, глупства!..»

Глеб жа працаваў. Хутка, але рупліва. Перад тым, першым эскізам у аддаленым кутку яго свядомасці маячылі падазрэнні, што выстаўляўся ён дарма, што рукі забылі, але мышачная памяць аказалася надзейней за ўпэўненасць. Належала пачаць і не надта задумвацца над тым, як гэта працуе. Значыць, пакуль ён адточваў да аўтаматызму тонкасці кіравання знішчальнікам («Каб кожны мог запусціць матор спрасонку, не расплюшчыўшы вачэй!», яго не пакінуў і навык зямны, куды болей ранні.

Паралельна Глеб рассеяна слухаў, як Мішка разважае, да чаго не цэняцца цяперака ўвішныя работнікі, і прымудраўся мармытаць нешта ў адказ. Але няпроста было выконваць дзве справы з аднолькавым поспехам, таму агульны сэнс размовы праслізгваў міма. Услухоўвацца і не хацелася: ну такі слаўны быў дзень! Сонца на паўзалы, ціхі пяшчотны шолах лістоты, а паветра... Падобнае бывае толькі ўлетку, калі на дварэ плавіцца ад спёкі асфальт, а ў расчыненае акно ўліваецца нечакана свежы вецер. І пакуль вецер гэты крыху варушыць валасы, чамусьці лёгка забыць, хто ты, які, забыць пра высокае неба над аэрадромам і прыцягальную мітусню з падапечнымі. А замест гэтага ўхапіць за кончык крыла адчуванне чагосьці сямейнага – няўлоўнага, незнаёмага, сумна-чужога, што здаецца, аднак, асабістым і блізкім. Яно так рэдка лунае вакол яго і яшчэ радзей дазваляе сябе крануцца. Ды вось яно, тут – у паветры і сонцы, у эскізе дзявочага твару, у жвавым алоўку...

Гэты залацісты дзень закалыхваў Глеба, дазваляў яму расслабіцца і быць не сабой, а кімсьці больш мяккім, сардэчным, адчувальным. А Леся сядзела прамая, сур’ёзная, без намёку на ўсмешку – хіба з рахманым бляскам у вачах, не даступным для расшыфроўкі. Ён нават па-добраму пашкадаваў яе. Ну не любіў ён маляваць з натуры: ахвяры пад яго позіркам пачуваліся як пад мікраскопам, твары ў іх напружана камянелі. Іншая справа – фотакарткі! З іх малюй хоць сапраўдныя партрэты, і мадэль не палічыць цябе бессаромным катам.

Не прайшло і паўгадзіны, як партрэт быў скончаны. Ахапіўшы яго крытычным позіркам, Глеб зацямніў абрыс вачэй, падправіў пасму валасоў ля шчакі, яшчэ раз акрэсліў вусны... Маляванне вабіла яго менавіта скрупулёзнасцю, з якой трэ было даследаваць твар, углядаючыся ў малапрыкметныя рысы. Васіль Яўгенавіч аказаўся блізкі да праўды: навучанне палётам строілася на падобных прынцыпах. Прыдзірліва разбірай вылеты, выключай промах за промахам, пакуль тэхніка пілатавання не стане дасканалай. Аднак што ні кажы, а памылкі ў мастака і лётчыка дужа нераўназначныя...

Глеб з прыкрасцю заўважыў, што крыху не ўлічыў прапорцыі твару, але гэтая хіба, хутчэй за ўсё, была відавочнай для яго аднаго. Махнуўшы на ўсё рукой, ён амаль са спакойным сумленнем чыркануў унізе дату і подпіс – не ўтрымаўся. Праўда, роўным почыркам Глеб, уедлівы ў астатнім, пахваліцца не мог.

– Ну-с, прымайце работу, – абвясціў быццам абыякава, і ўсё ж у голасе чулася стрыманая задаволенасць аўтара, які ўвасобіў мімалётную ідэю ў твор мастацтва.

Пераклаўшы аркуш на стол, Глеб трапна закінуў аловак у агульную падстаўку і размяў апруцянелыя пальцы. Краем вока ён назіраў за Лесяй, якая нясмела пацягнула малюнак да сябе – за куточак, каб не сапсаваць.

– Ой, як цудоўна... А як падобна! – ледзь чутна прамовіла яна. І (не паверыце!) рассмяялася, быццам апошняе, што яна чакала ўбачыць, – уласны твар.

– Дай зірнуць! – загарэўся Мішка і перавесіўся цераз спінку яе фатэля, які азваўся кароткім здушаным скрыпам. – Ух ты, як ёсць Леся – лепей за фота! Малюнак – гэта неяк болей пачуццёва, ці што. І... з душой? Ну ды я, тэхнар, птушка невысокага палёту. Вы ў творчасці кеміце больш! – удакладніў з гатоўнасцю. Задаволены быў як слон: узяў у абарот настаўленні баці, зрабіў сястры прыемнае... Без усялякай карысці для сябе!

Аднак, мабыць, займала Мішку і нейкая новая неспакойная думка. Ён безуважна, незразумела зірнуў на Глеба, выпрастаўся і ўтаропіўся за акно, у спякотны чэрвеньскі блакіт.

– Эх, вось бы мне вочы як твае. А да іх – памяць, – ён з уздыхам пабарабаніў па абіўцы. – Тады б, мусіць, да пальцаў ніхто не чапляўся...

Дзе таілася Лесіна ўсмешка ўвесь гэты час? Няўжо не было здагадкі, што не хапае якраз яе? Каб спаборнічаць хоць і з вытанчанай бландзінкай савецкага кінематографа, чый схематычны партрэт дасюль ляжаў на стале, як для параўнання. На густ Глеба, не хапала Лесі і фарбаў: валасы светлыя, бледная скура, занадта цёмныя стужкі ў валасах, няхай адмысловага сіняга адцення. Меркавана, таму і збілі яго з тропу тыя суквецці бэзу і ружовыя плямы сораму на шчоках. Калі ж прыплюсаваць усмешку...

А ўсмешка вызірнула і чуйна схавалася, нібы ўлавіўшы напрамак думак. Адны вочы выдавалі – ажыўленыя, зіхоткія.

– Агромністы дзякуй, мне вельмі, вельмі падабаецца! Сяджу і ўсё прыдумляю, як сказаць... Дзякуй, праўда. І нават можна пакінуць?.. Тады трэба штосьці... узамен? Што ж узамен...

Неасцярожная фармулёўка! Але перш чым абудзілася цынічная (большая) частка асобы Глеба, ён нязмушана вымавіў:

– Будзем лічыць, за сённяшні экзамен.

Не паспелі яе бровы здзіўлена ўскінуцца, як ён падхапіўся з фатэля і штурхнуў кулаком у бок Мішку, які не ў час расслабіўся:

– Цябе не тычыцца! Гані пяцёрку за Сярову, я не забыў.

– Чорт, праўда! – спахапіўся той. Памацаў па кішэнях, але вывудзіў толькі дробную манетку. – А, я ж акурат выняў! Чакай!..

Ён кінуўся на кухню, а Глеб з няпэўнай паўусмешачкай выйшаў за ім у вітальню. Бывае ж: думаў, на некалькі хвілін, а сам... Позірк машынальна спыніўся на палічках, якія былі тут прыбіты заўсёды, колькі ён памятаў. Кнігі мастацкія і кнігі тэхнічныя, ажурныя сурвэткі ў спалучэнні з бляшанкай цвікоў, балтоў і гаек. Фотакартка ў зашклёнай рамцы: гожая маладзенькая жанчына з касой, уложанай вакол галавы, абапіраецца на руку крэпкага плячыстага салдата, не пагрузнелага яшчэ з гадамі, – франтаватыя вусы і Георгіеўскі крыж. Толькі позірк у жанчыны сумны.

Амаль усё па-ранейшаму, але на ніжняй палічцы рассыпаны фотакарткі, прыкметныя ў змроку дзякуючы белай акантоўцы з хвалістым краем. Іх, відаць, праявілі нядаўна і не паспелі прыклеіць у альбом. На адной Глеб угледзеў Лесю: падвязаныя коскі, камсамольскі значок, у вачах крыху ўрачыстая перакананасць – вось і ўсё, што ён разабраў. Кожная дзяўчынка мае такое фота.

Мішка яшчэ недзе корпаўся, у вітальні панавала цішыня. Пад уважлівым позіркам, які скіроўвала на яго маладая пара з-за шкла, Глеб змахнуў з палічкі Лесіну фотакартку і знарочыста павольна сунуў у нагрудную кішэню.

Нашто? А ён і сам не надта разумеў. Так, раптоўнае памкненне.


***

Асабліва выразна Глеб памятаў, што ў гэты дзень ён зусім не сутуліўся.

З самай раніцы імжыў дождж, такі дробны, што не пакідаў на форме вільготных плямак, толькі ледзь адчувальна паколваў твар. Ветру не было, на зямлю апусціўся рэдкі туман, і каштаны драмалі ў вязкай цішыні, якую не прарэзвалі больш паравозным гудком рабяты-чыгуначнікі. Жыццё нібы замерла – прынамсі тут, у парку, – і цяжка было паверыць, што яно можа віраваць наўпрост за каванай агароджай.

Хмурны, рашучы Глеб крочыў звыклай алеяй, і плечы яго былі па-страявому распраўлены, а глядзеў ён строга наперад. Гімнасцёрку зашпіліў на ўсе гузікі, паясны рамень зацягнуў туга-натуга. І быццам гэтым жа рамянём зацягнуў пачуцці.

Шукаць позіркам Лесю не мела ніякага сэнсу: іх традыцыйныя «выпадковыя» сустрэчы адбываліся ў іншыя дні і іншы час. Па шчырасці, Глеб усе гэтыя месяцы лёгка мог не хадзіць паркам, а мог і не выпраўляцца на шпацыр. Бо, каб дабрацца ад аэрадрома да казармаў, зусім не трэ было завітваць у горад – як маглі думаць Леся і яе сяброўка-лапатуха. Глеб выбіраў гэты шлях свядома. Бадай, сёння парк упершыню за доўгі час аказаўся яму па дарозе, аказаўся пабочнай, а не ключавой кропкай выстраенага маршруту. І тым неверагодней, што лёс успрыняў яго выбар як згоду – падарыў замест падтасаванай сустрэчы сапраўдную.

– Прывіт, – кінуў Глеб, калі параўняўся з Лесяй.

Ён нават не зірнуў у яе бок. Не цяпер. Цяпер ён сабраны, як спружына, яму не да легкадумных пераглядак. Праўда, яны не бачыліся каля тыдня і маглі наогул больш не ўбачыцца, але, па вялікім рахунку, ці мае гэта якое-небудзь значэнне?..

– П-прывіт... – прашапацеў адказ.

Ад нечаканасці Глеб так і спыніўся, нібы на сценку наляцеў. Гэтае просценькае слова разанула слых і ўміг пераблытала пачуцці, хаця ён і сам толькі што яго вымавіў. Здаецца, не ўразіўся б настолькі, калі б Леся не адказала зусім.

І ён азірнуўся.

Леся ішла прэч, прыапусціўшы галаву. Коскі перавіты стужкамі, нарэшце белымі, па сімпатычнай сукенцы рассыпаны сінія кветкі. Сукенка таксама белая, але задужа тоненькая для такога надвор’я. У руцэ заціснута і забыта хустка, якая ледзь не цягнецца махрамі па зямлі, а разумней бы накінуць на плечы. Стракатая нейкая, напэўна сяброўчына...

– Леся? Вы мяне не пазналі?

Глеб шпарка нагнаў яе і заступіў дарогу. Яна ўзняла шэры стомлены твар з напружана зведзенымі бровамі, і ў позірку паступова, па меры ўсведамлення і пазнавання выявілася палёгка – так на мокрай паперы праступае сінь хімічнага алоўка.

– Як хораша, што гэта вы, Глеб, – выціснула яна дрыготкім голасам. – Вы ведаеце? Чулі? Я не магу асэнсаваць... Я нічога, нічога не разумею...

Ён маўчаў. Зябка паводзячы плячыма, яна камячыла хустку і блытана мармытала:

– У нас быў выпускны, світанне... З-за абцасаў Мая ледзь у рэчку не звалілася – увесь клас бачыў... А што кажуць – то няпраўда, памылка! Або жарт такі. Ці падман...

Ён не мовіў ні слова – закрыты, адчужаны, плечы па-ранейшаму бездакорна выпрастаны. Рамень сцягваў яго і фізічна, і маральна, стрымліваючы душэўныя парывы.

– Не маўчыце, скажыце што-небудзь... Калі ласка, хоць што! Што заўгодна спакайней, чым маўчанне!

– Я – на фронт. Ужо быў у ваенкамаце.

Яе рукі бязвольна павіслі ўздоўж цела, канец хусткі лёг на вільготную дарожную плітку.

– Значыць, і вы?

– Эскадрылля знішчальнікаў ад лётнай школы. Сфарміравалі з інструктараў. Я паспеў, а пазнейшых заварочваюць: камусьці трэба рыхтаваць лётчыкаў. Маю групу выпускаць будуць іншыя... Пагана. А ўсё-ткі мой налёт прыстойней, чым курсанцкі. Трэба, каб я, а не яны.

Леся, наўрад ці разумеючы, у глухім беспрасветным адчаі церабіла падол сукенкі свабоднай рукой. Прыкметна было, як не хапае ёй кішэняў, як хочацца схаваць здрадніцкія, слабыя далоні.

– А што ж рабіць мне? – ледзь вымавіла яна. – Чым дапамагу я сама? Геройстваваць не ўмею. Не ўмею нічога... Ні на знішчальнік, ні нават на цягнік, ні... Ды як жа гэта – за лічаныя гадзіны ўсё абрынулася! Я не ведаю, не ўяўляю... Як далей?

Дзіўна: Глеб, па сутнасці, чужы чалавек, але яна даверліва просіць парады. Што іх звязвае? Вітанні ў парку ды малюнак?

А вочы ў яе шэрыя, раней не заўважаў. Таксама няяркія. Чамусьці падумалася: мабыць, патаемна яна летуценіла аб рамантычных блакітных, каб пасавалі ўлюбёныя стужкі.

– Ідзіце дамоў, Леся. Я толькі адтуль. Там і бацька ваш, і брат... Завод не адпускае: бронь. Ідзіце да іх.

Яна з гарачай удзячнасцю заківала, ухапіўшыся за гэтыя словы як за апошнюю надзею, цудам знойдзеную сярод абломкаў звыклага свету.

– Канешне, пайду...

– Ідзіце.

Яна адступіла на крок і нерашуча прыкусіла губу.

– А вы... лётайце... як-небудзь акуратна. Ладна? Не трэба разбівацца.

– Можна і акуратна, – крыва ўсміхнуўся Глеб. – Але абяцаць не магу.

Леся марудзіла: ёй не хацелася завяршаць размову вось так. Набраўшыся адвагі, яна няёмка працягнула руку, і Глеб злёгку паціснуў яе тонкія пальцы, дзівячыся, якія яны халодныя.

– Ну ўсё, Леся, вам трэба ісці. І я пайду. Бывайце.

– Бывайце, – слухмяна паўтарыла яна, але са слабай усмешкай паправілася: – Да сустрэчы!

На гэты раз Глеб, не кранаючыся з месца, доўга задумліва глядзеў Лесі ўслед. Глядзеў, пакуль яе белая сукенка не ператварылася ў невыразную плямку і не знікла ў імжы і тумане.



Эцюд трэці
ПЯТНАЦЦАЦЬ ХВІЛІН НА СПАТКАННЕ
(эскіз на станцыйным пяску)


А потым быў фронт. Былі шматлікія палявыя аэрадромы, якія з-за адступлення змяняліся хутчэй, чым знішчальны авіяполк паспяваў грунтоўна разбіць лагер на новым месцы. Былі страты, калі з дванаццаці лётчыкаў эскадрыллі заставалася чатыры, ды і на тых прыходзіўся адзін цэлы самалёт. Былі кароткія летнія ночы, калі ў свядомасці наслойваліся трывожныя дзённыя вобразы, змушаючы круціцца на сенніку амаль да світання, каб затым, падняўшы непад’ёмную галаву, якая не адхапіла і трох гадзін сну, ізноў нырнуць у шалёны колазварот паветраных баёў. Вось мільгаюць самалёты ў крыжах і зорках, вось кулі ўспорваюць фюзеляж і б’юць міма пляча ў прыборную дошку, вось напірае перагрузка, сціскаючы ўсё ў жываце... У самыя гарачыя дні па прызямленні хапае сіл толькі на тое, каб выцерці з твару пот і, абмякнуўшы ў кабіне на ветрыку, дыхаць і дыхаць на поўныя грудзі, пакуль збройнік запраўляе снарадныя стужкі, а тэхнік лаецца на маруднага кіроўцу бензавоза. Чакаеш не спакою – чакаеш стрэлу ракетніцы, які абвесціць вылет. І ты, праверыўшы рамяні, зноў зачыніш ліхтар стамлёнай рукой і сіпла папярэдзіш наземную каманду: «Ад вінта!»

Аднак штодзённая нагрузка – не найскладанейшае выпрабаванне для лётчыка. Куды горш вымушаная бяздзейнасць. І няма розніцы, ці з-за непагоды, ці з-за паломкі самалёта, ці з-за ранення... Сядзець склаўшы рукі, пакуль дзесьці ідуць баі, – вось сапраўдная нявыкрутка! Тут хутчэй пагодзішся рабіць пяць вылетаў запар, як бывала ў адным памятным жніўні. Але ў цябе ніхто не спытае...

У чэрвені сорак трэцяга Глеб загрымеў у шпіталь з прастрэленай нагой. Як жа бэсціў ён праз зубы, гайдаючыся ў насілках, нямецкага лётчыка, які ўсадзіў у яго кулю! Да таго Глеб не атрымліваў ніводнага сур’ёзнага ранення, з-за якога мусіў бы пакінуць полк. Ясная справа, ён лічыў, што паваляецца крыху на шпітальным ложку і гэтым усё скончыцца, аднак пасля выпіскі яго накіравалі ў санаторый для ваенных лётчыкаў. «Адпачывайце, шаноўны, заслужылі! Два гадкі, бадай, без водпуску! Акрыяць бы вам, сіл набрацца, а подзвігі ратныя пачакаюць...» Глеб з задавальненнем начхаў бы на маралізатарства мясцовых эскулапаў і махнуў назад у полк, вось толькі чортава нага яшчэ ныла, а схаваць кульганне аказалася яшчэ той задачкай.

Так Глеб і апынуўся ў невялікім санаторыі, які быў абкружаны светлым бярозавым гаем. Тут было надта ж ціха, залішне спакойна, праз меру чыста – усё гэта дзіка раздражняла Глеба, які прывык да паўсядзённых аэрадромных клопатаў (ён, уласна, ніколі не вылучаўся крэпкімі нервамі, а два франтавыя гады разбоўталі іх зусім). А таму, грэбуючы ідылічнымі алеямі санаторыя, ён часта адпраўляўся на маленькую чыгуначную станцыю, дзе само паветра абяцала яму хуткае вяртанне на фронт.

У той ліпеньскі вечар Глеб таксама вырашыў прайсціся. Праўда, кульганне згладжвацца не збіралася, але яго адолела такая безвыходнасць, што сядзець у сценах абрыдлага санаторыя здалося яму страшнейшай перспектывай, чым трохі патрываць.

А на станцыі, як назло, прыпыніўся ваенна-санітарны цягнік, пазначаны чырвонымі крыжамі на вагонных дахах. Мала было Глебу напамінаў пра хворую нагу! Абапіраючыся на парэнчы агароджы непадалёк ад лесвіцы, што спускалася на платформу, ён выдатна бачыў, як з падножкі бліжэйшага вагона, агледзеўшыся, саскочыў дзяцюк з перабінтаванай галавой. Следам высунулася пільная медсястра сярэдняга веку, невысокая, але бясстрашная, і ўхапіла яго за каршэнь:

– Што гэта вы надумалі, таварыш? У кальсонах на станцыю! Людзей бы пасаромеліся!

– Сястрычка, міленькая, я ж вярнуся – туды і назад! Мне б набыць...

– Ведаць нічога не жадаю, прашу прайсці ў вагон! Ахвота ў адной бялізне цягнік даганяць?

«Вось і ў мяне гэтак учапіліся, – Глеб хмурна палез у кішэню па папяросы. – Але не збіраюся я тут адлежвацца-адкормлівацца! Нага паджыве – адразу ў полк, і хай камісія толькі паспрабуе нешта мяўкнуць!»

Закурыць не выйшла: пальцы здрыгануліся, патрывожаныя апошняй думкай, і запальніца, вылецеўшы за агароджу неймаверна бязглузда, бразнула па плітах платформы.

Глеб раз’ятрана гваздануў кулаком па парэнчах. Д’ябал, усё адно да аднаго! Параненая нага была катэгарычна супраць усялякіх пад’ёмаў і спускаў, таму кожную лесвіцу даводзілася літаральна браць штурмам. Тым не меней здавацца ён не прывык. Сашчапіўшы сківіцы, пачаў сыходзіць – пакрысе, па адной прыступцы. Ганьба, сорам! Глядзіце ўсе: лётчык-знішчальнік змагаецца з лесвіцай, толькі адно прадстаўленне!

– Чакайце, дайце я... Таварыш старшы лейтэнант! Так, гэта я вам!

Глеб непрыязна зморшчыўся: анягож, нейкая шчуплая вышкаленая санітарачка, якая гублялася на фоне вялізных вагонаў, падхапіла запальніцу і спрытна ўзбегла да яго на вузкую пляцоўку між маршамі лесвіцы. А ў шпіталі ён і без таго нацярпеўся, шкандыбаючы на мыліцах пад наглядам неадвязных медсясцёр. Што, усе так і будуць танцаваць вакол, нібы шлях яго ў дамавіну?

– Вось, трымайце. Толькі вы б з нагой паасцярожней...

– І вам не хварэць, – ён адабраў запальніцу больш рэзка, чым належала. Зрэшты, у самы раз: яшчэ б сунулася весці пад руку!

А санітарачка раптам уражана ўсклікнула:

– Ой, Глеб Андрэіч, няўжо гэта вы? Няўжо... па праўдзе?..

Ён працяў яе неласкавым позіркам – і неўразумела замёр, прыкмеціўшы нейкія вельмі знаёмыя рысы. Свядомасць намагалася знайсці гэтаму тлумачэнне, скласці з часцінак правільны адказ. Сфармуляваць відавочнае, паўзабытае і пацьмянелае ў доўгім суіснаванні з франтавой рэчаіснасцю...

– Леся?!

– Аляксандра Васілеўна, калі дакладней! – жартоўна паправіла яна мяккім, але настойлівым тонам, якім абсякаюць нахабных пацыентаў.

Не-не, быць не можа, каб гэтая дзяўчына з цягніка сапраўды была Лесяй! Белая тугая хустачка, белы халат, завязаны на спіне, чорныя няўклюдныя кірзачы са свежым налётам пылу... Усё не тое, не так! Ва ўяўленні Глеба Леся была непарыўна звязана з паркам, з даваенным мінулым, і яе з’яўленне ў сучаснасці пазбаўляла апоры пад нагамі.

– Неверагодна, так не бывае! – Леся ў захапленні склала разам далоні. Шэрыя вочы ззялі, вусны расцягваліся ў радаснай усмешцы. – Думаць не думала, што сустрэну вас! І дзе?

– Адкуль жа вы... зваліліся? – толькі і змог вымавіць Глеб.

– Я курсы скончыла, вось і ўзялі на санітарны цягнік! Іду першым рэйсам... Даўно я прасілася – і ў тым годзе, і раней... Ні ў якую не бралі: дзяўчынка, і ўсё тут!

Колькі ёй цяпер гадоў? Сямнаццаць, васямнаццаць? Выцягнулася дрэўцам да яго носа, развіталася з дзіцячай акругласцю шчок. Голас нібыта стаў мацнейшы... Ці тое звінела ў ім шчаслівая сустрэча, натхняючы гаварыць-гаварыць?

– А вы як, Глеб, як жа вы? Расказвайце хутчэй! – прыспешыла яна, узнімаючыся на дыбачкі ад нецярпення. – Як вы самі тут апынуліся?

– Ды ўсё гэтая нага, каб яе... – у яго яшчэ не надта атрымлівалася асэнсаваць, што паркавай алеі тут няма, а Леся ёсць. Але варта было закрануць балючую тэму, як збянтэжанасць ператварылася ў прыкрасць. – Месяц праваляўся ў шпіталі, а ледзь вырваўся – справадзілі ў санаторый! Яны цямяць, што ўтварылі?! Пад тым жа Курскам дзеецца чорт ведае што, мне курсанты мае пісалі! Такая карусель – няма калі ўліць у сябе шклянку кампоту!

– І якраз таму трэба выпісвацца, не далячыўшыся? – Леся спачувальна ўсміхнулася. – І чаму вы без палачкі, раз кульгаеце?

Глеб сярдзіта натапырыўся:

– Сыты мыліцамі, шчыра ўдзячны! Што я, інвалід? Ганьбіцца толькі!

– Дарма вы так. Вам жа хочацца ў полк, правільна? А як вы туды трапіце, калі нага не загоіцца?

Эх, мацней яна ўвайшла ў ролю медработніцы, чым гаварыла!

– Гэта мы яшчэ паглядзім, – змрочна паабяцаў Глеб. – Галоўурача ўламаў – і камісію пераспрачаю!

Яго не адпускала пачуццё, быццам усё гэта адбываецца па-за свядомасцю. Ля платформы дрэмле санітарны цягнік, афарбаваны ў цёмна-зялёны колер, бы яго знішчальнік, на захадзе залацяцца апошнія сонечныя прамяні, у паветры разліваецца вечаровая прахалода... А на лесвіцы побач – Леся, якую так нязвыкла бачыць у медыцынскай хустачцы. Яе твар ад гэтага здаецца маленькім, а вочы свецяцца ярчэй, чым ва ўсё той жа экраннай Сяровай. І якая дзіўная гутарка! Па-добраму, яны ўпершыню гутараць як мае быць за ўвесь нядоўгі час знаёмства...

Ну трэба ж – цягнік. Нанялася! А казала – не ўмее геройстваваць!

Ім давялося пасунуцца, саступаючы дарогу некалькім маладым байцам. Яны казырнулі Глебу, і ён таксама коратка ўскінуў руку да фуражкі. А Леся апусціла позірк на купку травы між прыступкамі, якая прашчамілася да святла.

– Вы так спяшаецеся... туды.

– Людзей не хапае, – скупа сказаў Глеб. – З маёй курсанцкай групы ў жывых – палова. А эскадрылля... Я тут, а рабяты цягнуць усё на сабе – ушасцёх! Там мяне чакаюць, і толькі там. Вядзёнага паставілі ў пару з іншым лётчыкам, а мы ж дзесяць месяцаў – разам. Ён цяпер не лопух, не, але прыглядаць за ім варта... А тут я не магу. Задыхаюся! У нас вунь вакол санаторыя бярозавы гай. Я іду ім сюды, на станцыю, і ўсё здаецца, што выйду на аэрадром. Наш палявы аэрадром. Там таксама гай, таксама бярозавы. Іду і прыкідваю: вось зараз пачуецца рокат матораў... Дурная такая думка, недарэчная. І чуваць, канешне, толькі стук цягнікоў. Але я чамусьці кожны раз прыслухоўваюся і чакаю... Што пачую аэрадром.

Ён прагаварыў усё гэта, сціскаючы парэнчы і абмацваючы вялікім пальцам пялёсткі-лушпінкі фарбы. Прагаварыў і здзівіўся: такія рэчы ён не расказаў бы нават таварышам-знішчальнікам, з якімі лётаў з таго часу, калі склад эскадрыллі, некалі інструктарскай, зрабіўся больш-менш пастаянным, перастаўшы абнаўляцца пасля кожнай сур’ёзнай аперацыі. А расказваць Лесі было лягчэй. Можа, таму, што яны адно аднаго не ведалі.

Глеб не здагадваўся, якім яна яго бачыць. Разглядвае крадком штораз, калі ён адварочваецца, і выхоплівае завастрэлыя сухія рысы, насцярожаны зрэнкавы бляск, хуткія трывожныя погляды крыху спадылба і мітуслівы рух пальцаў, нібы і тут патрабуецца пільнасць. Напрацаваная асцярога драпежнай птушкі, якая чакае нападу і гатовая адбіць яго зараз жа. Леся з падобным сутыкалася. Міша ўсю зіму прыходзіў са сваіх бясконцых заводскіх змен хмурны, негаваркі, з вось такім жа шчаціннем, запалымі вачыма і глухой зацяжной нязгодай са сваёй тылавой доляй, якую сам жа сабе і выгрыз. «Неважнецкія мае справы, Лесік! За што біўся, з тым і ажаніўся... А іх бамбіць трэ, бамбіць зараз і за ўсё, разумееш?» А многія цяжкапараненыя ў шпіталі, дзе Леся падпрацоўвала санітаркай да цягніка (вельмі нязграбна па першасці, але самааддана), маўкліва глядзелі ў столь, пакуль яна чытала ім кніжкі і пераказвала навіны павесялей з іншых палат. Яснасць жа вярталася ў позіркі тых, каго ўсё болей бадзёра вітаў урач на абходах, абяцаючы хуткую выпіску. Цяжка, цяжка вам, хлопчыкі...

Глеб быў не аматар сантыментаў, таму рэзка змяніў тон і загаварыў грубавата:

– Прынята лічыць, што кожны вылет у нас – подзвіг. Але гэта праца! Кожны пагодны дзень. Круглы год. Загад за загадам. Разведка, штурмоўка, суправаджэнне, перахват... Калі вучобу ўсю праспаў, тут табе подзвігі. А калі ўмеючы, то выціскаеш з машыны максімум ды робіш – вось і ўвесь гераізм. Я і брату вашаму пісаў, каб не вельмі тужыў над бравымі артыкуламі пра савецкіх сокалаў... Дарэчы! Нешта рэдка ён мне строчыць апошнім часам. Зусім скіс, ці што, у такой далечы ад фронту?

Леся, якая слухала з шырока расплюшчанымі вачыма, хуценька адвяла позірк, але ў яе зрабіўся такі таямнічы выраз твару, блізкі да бацькоўскага, што Глеб пераможна заявіў:

– Ага, мабыць, тыл – справа даўняя? А то з чаго б наш балакун усе словы разгубіў?

Секунд дзесяць яна памулялася, няўлоўна ўсміхаючыся аднымі куточкамі вуснаў пад яго заахвочвальнае «Ану, ану, та-а-ак!..», але ўрэшце дала волю сарамліваму смеху:

– Узялі! У лётнае ўзялі!

– Саспелі, геніі. Неяк нават рана, усяго сорак трэці год на дварэ! І які апарат асвойвае?

– «Пешку» – быццам так? Бамбардзіроўшчык. Пікіруючы, – старанна выгаварыла яна. – Нас жа восенню сорак першага эвакуіравалі, ну вы ведаеце... Пашчасціла, што хутка, з заводам... А дзесьці паўгода таму Міша сарваўся ў вучылішча – яшчэ далей. Піша, узяў на змор...

– О, гэта ён умее! Так і бачу: стаяў над душой, пакуль паліроўка стальніцы не задымілася пад позіркам.

– Прычым ён не верыць дасюль, не хоча нікому прызнавацца, каб напэўна. У гэтым стаў прынцыповы. Наогул ён і з мяне слова ўзяў, але... не магу я такое хаваць. Ад вас. Ён і сам абавязкова напіша... Як прыедзе ў часць, так і напіша. Вось дзіўна, га? Маўчыць, трымаецца, падручнікамі абклаўся. Як і не Міша зусім!

Тое самае Глеб мог сказаць пра Лесю. Ён ні разу не бачыў яе такой мнагаслоўнай і ўсмешлівай: у парку яна віталася ціха і выгляд мела такі напружаны, быццам для гэтай працэдуры патрабавалася ўся яе мужнасць. А зараз расказвала як добраму знаёмаму, хіба па-ранейшаму апускала позірк, як у той знамянальны вечар.

– Прадчуваю, ён не дацерпіць! Куды яму змаўчаць? – Глеб дзеля эксперыменту падліў алею ў агонь, зорка назіраючы за Лесінай мімікай.

– А праверым! Ну не можаце вы яго ведаць лепш за мяне. Ці не ўпартасцю ён дабіўся ўсяго, чаго дабіваўся?

У яе вачах бліснула захопленасць, якая, уявіў Глеб, магла нараджацца ў дыскусіях на ўроку літаратуры, калі меркаванні аб тэксце разыходзіліся. Зрэшты, з літаратурай Глеб сябраваў выключна ў той ступені, у якой абысціся без яе было ніяк немагчыма: патрэба ў творчасці цалкам задавольвалася ў яго крэмзаннем эскізаў. Але яму лёгка было ўявіць і тое, як Леся, звёўшы бровы, акуратна і адказна распісвае ў школьным сшытку трыганаметрычнае ўраўненне або вычэрчвае прызму з мудрагелістым сячэннем, бегла прастаўляючы кропкі. Яго нядаўняга знаёмства з прыдзірлівасцю медыкаў (часам празмернай, але ў цэлым прыемна падобнай да яго ўласнай) для гэтага з верхам хапала.

– Але пошта зараз ідзе страшна доўга, – дадала Леся. – На цягніку я не атрымала ад Мішы ні слоўца, хаця ад таты перадалі ўчора – я вось толькі што закінула ў скрыню адказ...

– Бывае, лісты месяцамі ідуць, – цокнуў Глеб. – Адпраўляеш як у мінулае. Паршыва гэта...

А ў думках дадаў: «Калі адрасат даўно перабраўся ў спіс незваротных страт».

Леся не здагадалася пра падтэкст.

– Канешне, – кіўнула яна, – збіраеш у ліст апошнія навіны, а іх праз цэлае жыццё чытаюць. Цяпер жа месяц – за жыццё. Ладна яшчэ з тылу чакаць: лішні тыдзень-другі – гэта нічога, няхай... А вы сваякам часта пішаце? Ну і яны вам.

Крыва ўсміхнуўшыся, Глеб пераступіў з нагі на нагу, аслабляючы ціск на прытомленую хворую. Пытанне было нявіннае, але цягнула за сабой серыю новых, няёмкіх.

– Я дзетдомаўскі, Леся. Адкуль у мяне сваякі?

Яна ад нечаканасці зрабіла крок назад і ледзь не саслізнула на ніжэйшую прыступку.

– Ох, я не... Міша неяк не сказаў...

Ну, развядзе зараз валакіту! Глебу смяротна абрыдзела тлумачыць усё людзям дамашнім, з-пад бацькоўскага крыльца, якія чамусьці лічылі сваім абавязкам «выказаць спачуванне». Самі канфузіліся і ўганялі ў гэта яго, штораз як пад капірку! Звесці сустрэчу з Лесяй да гэтых змушаных рэверансаў было як мінімум нецікава.

А яна бездапаможна правяла рукой па лбе, спрабуючы знайсці правільныя, незацяганыя словы, і знянацку прызналася:

– Калі шчыра, ніяк не прыдумаю, што сказаць. Можна я нічога не буду гаварыць? Вы ж, пэўна, самі ўсё ведаеце. Як я ведаю пра маму.

– У кропку! – выдыхнуў Глеб, удзячны за праніклівасць. Ён мог бы яе супакоіць: лісты з дзіцячага дома сапраўды, бывала, прыходзілі. Але заглыбляцца ў гэтую тэму... І без таго колькі шчырасцей выдаў! Душу ўсю раскрыць, ці што?

Леся, засмучаная абмоўкай, перабірала нешта ў кішэнях халата, па звычцы хаваючы рукі, і больш нічога не адважвалася спытаць. Як назло, разляцеліся і думкі Глеба, не даючы намацаць ніводнай годнай тэмы, і паўза рабілася ўсё болей працяглай, болей напружанай... Нават для яго, хаця быў ён зазвычай непрабіўны. Маўчанне ўміг раз’яднала іх, абрынула нетрывалы мосцік паразумення, які перакінуўся быў цераз прорву мінулых гадоў. І Глеб раптам востра адчуў, што яны з Лесяй абсалютна чужыя людзі, не здольныя весці звязны дыялог...

З вокнаў цягніка, што адблісквалі ружаватым ззяннем захаду, нёсся гоман пацыентаў, ля апошніх вагонаў рагаталі дзяўчаты, а Глеб і Леся стаялі ў невыносным бязмоўі і не ведалі, пра што ім гаварыць. Яна глядзела куды заўгодна, толькі не на яго, быццам ён апякаў вочы, і позірк яе ўсё часцей пераскокваў на вагоны, адкуль сям-там высоўваліся галовы зацікаўленых. Няўжо ўсе гэтыя людзі за імі сочаць? І, нібы мала, мільгае ў тамбурах белы халат строгай начальніцы...

А Глебам авалодала шчымлівае хваляванне, якое з жахлівай лёгкасцю пазбавіла яго заўсёднай паблажлівасці і сціснула горла – ён аслабіў каўнер нявернымі пальцамі. З тварам яшчэ ўдавалася зладзіць, у грудзях жа білася неспакойна і прагна: хутчэй развеяць атрутную атмасферу, прагнаць напружанасць гукам голасу! Ён не мог сцяміць, чаму так чапляецца за гэтую размову, сам не чакаў ад сябе ўражлівасці, але самым важным на свеце было сказаць хоць слова – каб усё стала так, як хвіліну таму.

– Чуваць што-небудзь ад Страказы? – хрыплавата спытаў ён. Выхапіў з памяці наўздагад вобраз адзінага чалавека, якога ведаў з асяроддзя Лесі.

– Ад... каго? – страпянулася яна.

– Ну такая, з цёмнымі коскамі... Я бачыў вас у парку, вы хадзілі разам. Сяброўка ці хто?

– А, Мая, – Леся ціхенька, але прыкметна перавяла дух. – Яна медсястра, толькі не на цягніку – у палявым шпіталі... Яе ўзялі хутчэй за мяне, хаця мы аднагодкі. Проста яна бойкая, каго хочаш пераканае... Між іншым, спачатку ў яе і думкі не было ісці ў медсёстры. Ёй, ведаеце, хацелася ў снайперы.

– Ажно так? – Глеб змусіў сябе здзівіцца.

– Праўда-праўда. Але па зроку атрымала ад варот паварот, прыйшлося ў медыкі...

– Вось і вы за ёй.

– Вось і я. Толькі гэта наўрад ці пакліканне... Што за гучнае слова! Не маю паняцця, на каго б я вучылася, калі б не вайна. Думкі былі, але праз два гады яны здаюцца такімі недарэчнымі, далёкімі... А медыцына – гэта таму, што патрэбна. Не ведаю, зараз па-іншаму нельга, я не змагу. Ды і цягнік – гэта ўсяго цягнік... Не палявы шпіталь і не самалёт. Зусім.

– Няблізка да цягніка самалёту, – натужліва ўсміхнуўся Глеб. Неяк па-дзівацку выходзіла, што ён гаварыў цяпер мала, а яна адказвала разгорнута. Варта было дадаць хоць што-небудзь, і ён паспрабаваў: – Вунь, цэлы састаў народу!

– На мне вагон цяжкіх. Гэта прасцей, чым з лёгкапараненымі... Нечаканак меней, – Леся коратка азірнулася на цягнік, быццам баялася, што нехта з падапечных таксама ўцячэ на станцыю. – А Мая... Яна служыць даўно, больш за год. Хацелі разам, а вось яно як. І лісты ў яе сталі кароткія: вечна прыёмкі, перавязкі, аперацыі, бегаеш ад хворага да хворага... Цэнзура сёе-тое замазвае, але ясна і так. Не да лістоў.

Яна змоўкла, і рукі зноў скавана варухнуліся ў кішэнях. Яе твар, які больш не асвятляўся радасцю сустрэчы, страціў нават тыя нямногія фарбы, якія меў, а пад вачыма праступілі сіняватыя кругі. Глеб адзначыў, што яна, здаецца, схуднела, хаця худнець ёй проста не было куды. Што там, ён з цяжкасцю ўяўляў, як яна, шчуплая, варочае пацыентаў, перасцілае бялізну, дэзінфіцыруе, бінтуе, як пры ўсёй сваёй стрыманасці ўпрошвае буянаў быць смірнымі і не грубіць персаналу... На гэтым месцы яго куснула сумленне: ці не ты, малойчык, задзіраўся, ледзь прыкмеціў абрыдлы белы халат?

– А я вось часам... – пачала была Леся, але запнулася, няёмка матыльнулася апушчаным позіркам. Адвяла залацістую ад сонца пасму, занесеную ветрам у куточак вуснаў. – Я... спрабую часам уявіць: як там цяпер? Дома. Вуліцы, і парк, і лагчына, і ўсё астатняе... Бо не гэтак жа! Тым летам я бачыла. Пасля налётаў. І слухала потым зводкі аб акупацыі. І вось, магло зрабіцца горш нашмат – горш заўсёды ёсць куды, – а магло застацца хоць трошачкі як... тое, што было да ўсяго. Каб калі-небудзь ісці, разглядваць, успамінаць. І самой пабыць як тады?.. Глупства, пэўна...

Глеб не мог выціснуць ні слова, не мог зрушыцца, працяты нечым, што вырвалі знутры вонкі і што больш нельга было ўставіць назад. Не злучаны ні з кім сямейнымі сувязямі, ён, аказваецца, здорава прывязаўся да месца, дзе жыў. Усё змяшалася ў ім, яму стала складана дыхаць: ён глядзеў на Лесю, а бачыў алею каштанаў, з якіх сыпаліся і сыпаліся пялёсткі. Як даўно гэта было! Цяпер усё здавалася проста сном, які ахінуў яго мяккімі ласкавымі крыламі, абараняючы ад хуткай будучыні, а потым ціха адляцеў, адкрыўшы погляду абгарэлыя дрэвавыя ствалы, успоратую бомбамі дарожную плітку і раскурочаныя рэйкі чыгункі. Можа, ніколі не было ні таго парку, ні вясны з яе прамяністымі абяцаннямі, ні ўтульнасці сонечнага пакоя...

А можа, толькі яно і было сапраўдным?

– У мяне засталася ваша фотакартка, – глуха прагаварыў Глеб, не пазнаючы свой голас.

– Адкуль жа? Я не давала...

– Я ўзяў сам. Я прашу прабачэння. Яны ляжалі на палічцы, і я забраў адну. Проста так.

Непрыкметна для сябе ён паспеў абцягнуць гімнасцёрку пад рамянём, паспеў выпрастацца, адольваючы звычку, што ўелася ў плечы. Зняў чагосьці фуражку, нібы ўспаміны не ўжываліся з ім цяперашнім. А крануўшы машынальна падбародак, апрытомнеў: згадаў, што з раніцы не пагаліўся. Маўляў, санаторныя ўмоўкі – не пляц і не фронт, было б дзеля чаго надрывацца... Вось жа ёлуп!

– І праўда, адной не ставала, а я яшчэ думала... Ды не страшна, там усё роўна было па некалькі аднолькавых, – Леся з разгубленай усмешкай краналася каўняра ўласнай гімнасцёркі, што выступаў над халатам. Пазногці ў яе былі абрэзаны коратка, для працы рукамі, а вось пальцы былі тадышнія-кніжныя. Пакуль?

– Я да чаго вяду: я намаляваў другі партрэт, з той фотакарткі. Ён атрымаўся куды лепшы. У мяне наогул з фота выходзіць лепш.

– Гэта яшчэ перад вайной?

– Так, менавіта. Мог бы паказаць, але папка там, у санаторыі. Калі б ведаў... Можа, як-небудзь іншым разам. Ну, проста памятайце, што малюнак ёсць.

– Дзякуй... – яе вусны варухнуліся зусім крыху. На яго доўгі ўважлівы позірк яна адказвала сваім, шэра-асцярожна-бліскучым – не меней доўгім, не меней уважлівым, быццам намагалася зразумець нешта глыбейшае за прамоўленыя словы.

І быццам зразумела. І, заміргаўшы, апусціла галаву, не ведаючы, што з гэтым разуменнем рабіць.

– Цяпер... не малюеце ж? – на яе шчоках паціху праступаў румянец, усё роўна што фарбы захаду перацякалі з неба. – Я хацела сказаць – у палку, не цяпер. Бо загрузка, ды і...

– Не, малюю. Смешна: ажно больш, няхай часу менш. Яно неяк... пераключае. І вочы-рукі-памяць лішні раз трэніруе.

Ён сказаў гэта і зразумеў, што яго адпусціла. Колькі часу мінула ў размове з Лесяй? Хвілін дзесяць? Пятнаццаць? А трывога, якая дзень за днём агідна свярбела ў ім фонам, як электрычнасць, адсунулася і змянілася нечым стабільным, роўным... што таксама мела пульсацыю, але нейкую мудрагелістую: яна не выпальвала сілы, а дарыла. Яму спатрэбілася паўхвіліны, не меней, каб пазнаць сэрцабіццё. Яно не перакрывалася больш нервовымі дрыжыкамі і гучала без іх малазнаёма, але яго хацелася слухаць і адчуваць.

– А фота вярну! Калі-небудзь – дакладна, – запэўніў ён без асаблівай на тое прычыны. Нават не пазбягаючы цішыні, а спрабуючы голас у гэтым новым і дзіўным стане.

– Не трэба, нашто? Ужо склалася як склалася. Значыць, усё правільна?

– І сапраўды. Так проста...

– Будзем лічыць, што я падарыла. Дару зараз, каб сумленна.

– Злачынцу стала лягчэй! – ён усміхнуўся, скурай адчуваючы свабоду вось гэтага дыялогу без мэты, без напрамку, які больш не пагражаў рассыпацца.

– Злачынствуйце на здароўе. Калі гэта неяк дапаможа захаваць цэлымі рукі-ногі, я толькі за.

– А што, калі не? Лётаем жа высока, лезем пад стрэлы. Неслухі, адным словам!

– Што ж, давядзецца мне лячыць асабіста. Не дарма ж медыцыне вучуся! – Леся нязмушана прыхілілася спінай да парэнчаў, задаволеная тым, як у яе атрымліваецца. Схамянуўшыся, падставіла рукі, каб не запэцкаць халат, але Глеб паспеў запомніць. Каб адлюстраваць паставу, належала толькі дабрацца да сякой-такой паперы.

– Тады я пастараюся падаць бліжэй да санітарнага цягніка?

– Не трэба падаць, – уздыхнула яна ціха. – Падаць не трэба зусім.

І ў той міг, калі паўза здалася працягам размовы, працягам бязмоўным, але больш не пакутлівым (нават, бадай, неабходным), – тады з падножкі вагона і даляцела бязлітаснае медсястрынскае:

– Аляксандра! Што гэта вы, на станцыі сысці сабраліся? А ну адставіць шуры-муры, адпраўленне вось-вось!

– Ёсць адставіць, – чамусьці шэптам азвалася Леся. Ад вокрыку яна ўздрыгнула і адразу зноўку зрабілася школьніцай, ад якой можна было патрабаваць узорных паводзін. – Зараз, бягу!

«Шуры-муры, – успомніў Глеб, і ў яго вырваўся напружаны дурнаваты смяшок. – Даруй, Мішань, выйшла трохі не па-твойму...»

Адсунуўшыся ад парэнчаў, Леся абмацвала хустачку, мітусліва запраўляла пасмы.

– Мяне клічуць, стаянка заканчваецца... Відаць, усё? – яна вінавата павяла плячыма, як бы просячы прабачэння за паспешнасць. – Але я была вельмі, вельмі радая ўбачыцца! І пагаварыць, і ўспомніць, і наогул. Як хораша, што я павярнулася тады на гук, а то б размінуліся – у двух кроках... Не, усё-ткі не ўмею я развітвацца... Ну, да наступнага разу? Да сустрэчы?

Нацягнута ўсміхнуўшыся, Леся ступіла ўніз... Глеб хутка падаўся следам, і іх пальцы судакрануліся, перш чым рука слізганула з рукі. Леся збегла па прыступках, а ён агаломшана застыў, назіраючы, як белы халат аддаляецца па платформе, і з кожным метрам яго хваляванне ўзмацнялася, дрыжыкі вярталіся. Калі б яму далі хоць крышачку болей часу! Размова скончылася так неспадзявана, што ён не паспеў разабрацца ў пачуццях, і цяпер яны ўскалыхнуліся разам – блытаныя, супярэчлівыя...

– Леся!

Яна азірнулася, няўпэўнена кіўнула яму, але не спынілася. Глеб праводзіў яе позіркам, сціснуўшы фуражку, і здабытае сэрца апантана калацілася аб рэбры – падахвочвала, прыспешвала, кідала ў атаку, – а ён, здранцвелы, крануцца з месца быў не здольны. Унутры па чарзе разліваліся нясцерпная гарачыня і мёртвы холад, якія цягнулі ў розныя бакі і заміналі зразумець. Ён разрываўся між надзеяй і адчаем, не мог разабраць, што мацнейшае...

І тут з віру свядомасці вынырнула адзіная ясная думка. Няўжо ён так яе і адпусціць? А калі назаўсёды?

Прыступкі Глеб адолеў адным махам – не бачыў нічога, акрамя мэты, і начыста забыўся пра хворую нагу. Пырхнула з парэнчаў чародка вераб’ёў, пара дзяўчат-санітарак палахліва адцягнула з дарогі яшчэ аднаго паланёнага ў бялізне, на гэты раз з загіпсаванай рукой. Здаецца, яны штосьці крыкнулі, але Глеб не вельмі расчуў. Зараз, зараз халат дойдзе да вагона, знікне! Аднак вагоны, падобна, усё чужыя, а ісці ўздоўж цягніка ўсяляк зручней, чым між шэрагаў ложкаў...

Гэта быў шанц, востры і зыбкі шанц, і Глеб, абганяючы паніку, рвануў хутчэй.

Вось адрозныя тасьмы халата, вось замятасць спадніцы, вось яна павярнулася і адно здолела ахнуць – а ён з налёту прыціснуўся вуснамі да вуснаў, схапіўшы ў ахапак гэтую былінку, у якой і праз слаі тканіны прамацвалася кожная костачка. Яна так і абмерла пад націскам, уражана ўперлася ў грудзі, спрабуючы адсунуць, ды ён цалаваў і цалаваў – таропка, настойліва, палка... Ён не ведаў, ці саму Лесю хацеў нагнаць, ці ледзь дасяжнае светлае мінулае ў яе асобе, ці тое і другое разам. Але нагнаў. І якая розніца, што на іх тарашчыцца цягніковая каманда і што нейкі паранены ўхвальна свішча Глебу з акна? Усё гэта стала пустым, неістотным, а на першы план выступіла Леся, толькі Леся! Як уважліва замалёўваў ён калісь гэтыя вочы, гэтыя скулы, гэтыя пяшчотныя вусны, і не думалася яму, што ён будзе з такой жарсцю сцалоўваць з іх пах чыгункі, сонца ліпеня і даваенную вясну, запамінаючы навобмацак рысы, завучаныя позіркам. Тады Леся была чужой, а цяпер зрабілася сваёй, да ачмурэння роднай, і прасцей было вылечыць увесь цынізм Глеба, чым змусіць яго расціснуць рукі...

Калі ён адхіліўся, пераводзячы дух, вочы Лесі былі моцна зажмураны. Пунсовая, збянтэжаная, яна доўга не адважвалася на яго зірнуць, і ён цярпліва ўглядаўся ў пужлівае трымценне веек і бязважкую пасму, што крыху трапятала ад дыхання. Хустачка ў нейкі момант саслізнула, застаўшыся ў яго руцэ, і аказалася, што каса згорнута ў ахайны вузел, нязвыклы пасля школьнага «кошыку». Больш не дзяўчынка-старшакласніца – маленькая жанчына, далікатная і такая дарослая... А пад другой яго рукой, пад тонкай тканінай халата, выпінаецца зацягнуты на таліі грубы скураны рамень.

Леся-медык, Леся-вайсковец – свет звар’яцеў, раз такое магчыма!

Вейкі разамкнуліся і выпусцілі зачараваны позірк, ці то мякка-дакорлівы, ці то ўмольны:

– Сочаць...

– І зайздросцяць. Я таксама не ўмею развітвацца.

Машыніст даў свісток, сварліва ляснулі счэпы, нібы жадаючы вылаяць абаіх праз затрымку. Леся ў неспакоі напружылася, глянула на цягнік, які папоўз уздоўж платформы... Зашпіліла Глебу гузікі на каўняры спрытнымі пальцамі санітаркі, разгладзіла форму, а ў вачах – засяроджанасць, значнасць, рыхтык як на фота. Ён, застагнаўшы, ізноў прыцягнуў яе да сябе, імкліва і прагна прыпаў да вуснаў, намагаючыся ўварваць секунды пасля ўсіх іх свабодных хвілін, змарнаваных так бесталкова, але ў рэшце рэшт – ён сам не ўлавіў як – яна вылузнулася з яго рук, пацалавала хутка ў нос і ўзляцела на падножку бліжэйшага вагона. Ён здзічэла агледзеў пустую платформу, а потым, апрытомнеўшы, кінуўся даганяць. Параўняўся з праёмам, пайшоў побач; Леся, проставалосая, з няпэўнай усмешкай і зіхатлівымі вачыма, саромна абдымала сябе ў тамбуры, як тую кнігу тады, даўно.

– Пішы мне, чорт падзяры, пішы аб усім! – зрывіста выпаліў ён, ігнаруючы санітарак, якія весяліліся за шыбамі.

– Закругляемся, таварышы, гэта ўшчэнт непрыстойна! – адчаканіла медсястра, урываючыся ў тамбур. Вагонную створку яна тузанула ўнутр так імпэтна, што і якому пацыенту магло перапасці.

– Земляка я сустрэла, чаму ж нельга...

– Развітацца дазвольце, будзьце ласкавыя! – патрабавальна і жорстка заявіў Глеб, падтрымліваючы Лесіна лепятанне сваім беспярэчным тонам.

– Развіталіся ўжо, на пацеху ўсяму саставу. У, ціхоня!

За медсястрой непрыязна грукнулі супрацьлеглыя дзверы – сведчанне, што яна рушыла шкуматаць персанал у наступных вагонах.

– Аб  у с і х  пішы! – сказаў Глеб з націскам. Яму даводзілася ісці ўсё шпарчэй, каб не адставаць ад цягніка, а нага разбалелася з новай сілай, караючы за наплявацельскае стаўленне да раны.

– А пісаць-та куды? Я ж не ведаю! Ведае Міша ў вучылішчы, а я... – Леся ўмомант страшна перапалохалася. – Аловак, зараз жа... Пуста! – Яна спешна штурхнула дзверы да санітарак: – Хто-небудзь – аловак!

– Запамінай так!

Ён трывожнай скорагаворкай назваў адрас санаторыя і, акрамя таго, нумар палявой пошты авіяпалка, а Леся заварушыла вуснамі, раз за разам паўтараючы лічбы. Твар у яе застыў, напружыўся...

– Каму аловак?

На гэтым пытанні платформа скончылася і Глеб ледзь не зваліўся на насып. Сяк-так утрымаўшы раўнавагу, прыкра ўскінуў галаву: вагоны, бы насміхаючыся, з грукатам праносіліся міма.

– Я напішу! – даляцеў да яго тоненькі голас Лесі, і само паўстала перад вачыма, як грыфель таропка шамаціць па цнатліва-белай манжэце халата...

Цягнік пракаціўся ўвесь, і на станцыю абрынулася гулкая цішыня, толькі ледзь чутна дзінькалі рэйкі ды вечаровы вецер адносіў перастук колаў, хілячы ля шпал палявыя кветкі.

Глеб узбуджана ўскалмаціў валасы, падставіўшы гэтаму ветру разгарачаны твар. Яго перапаўняла неадольнае жаданне кудысьці бегчы і штосьці рабіць, ён пакуль не вельмі ўсвядоміў, што Леся паехала і яе няма побач. Гэта прыйдзе потым, ну а зараз яму яшчэ мрояцца яе бліскучыя вочы і мяккія вусны, зараз ён сціскае яе ў абдымках. Проста не асэнсаваць, як павярнулася яго жыццё за якую-небудзь чвэрць гадзіны! Так, адсечанае з размаху мінулае было дасяжным толькі адно ў адным, а будучыня – схаванай туманам няпэўнасці. Але ці не ўсё роўна, калі цяпер у яго ёсць Леся, калі ён можа цягнуцца да некага праз незлічоныя кіламетры, каб сустракацца думкамі на паўшляху? Вось толькі чым ён будзе дыхаць без яе, як сёння засне? І чаму ж сам не спытаў, куды ёй пісаць, хаця запомніў бы ў секунду?..

Глеб вылаяў сябе ад душы і паспрабаваў быў надзець фуражку, але высветліў, што фуражкі з ім няма, што ён дзесьці згубіў яе, а ў руцэ замест таго сціснуў Лесіну хустачку. Здзівіўся, азірнуўся: хвост цягніка ўпаўзаў у лясны гушчар.

«Я зноў злачынец, аднак! – усміхнуўся ён, распускаючы туга завязаны вузел. – І зноў разявака, які правароніў свой галаўны ўбор».

Усміхнуўся як заўжды: стрымана, крывавата, са старанна затоенай асцярогай, што зловяць на праяўленні добрых пачуццяў. Не ўмеў ён радавацца шчыра, прывык катэгарычна адмяжоўвацца ад свету. Але на гэты раз усмешка выйшла амаль сапраўднай, натуральнай, якою не была ледзь не з самага дзяцінства.

– Да сустрэчы, Леся, – нягучна мовіў ён і прыбраў хустачку ў кішэню. – Да сустрэчы.


25.09–11.12.2016
(рэд. 13.02.2024)

Значонак, Д. Леся / Дар’я Значонак // Першацвет : проза і паэзія маладых. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2017. – Вып. 1. – С. 15–41.