Iдыёт

Има Иро
Яна крочыла зласліва, з імпэтам маланкі, вусны яе трэсліся, бровы хадзілі хвалямі. Мілька збялеў і амаль не плакаў, апусціўшы бялявую галоўку; салодка-чарнявы Мамучык-сямігодка сціпла ўсміхаўся, хаваючыся за мамчыны джынсы.
– Упершыню ў жыцці бачу такога грубіяна! Ён тройчы сказаў на майго сына ідыёт! Што гэта такое!
Ілона ўхапілася за шчокі, зрабіла вялікія вочы і тэатральна, трагічна прамовіла:
– Гэта ўсё Дастаеўскі!
– Што?! – зараўла Мамучыкава мамашка, – чагооо?
– Песня ў маёй машыне, “Ідыёт”. Бутусаў спявае, вы не чулі? Мілька проста паўтарыў, відавочна. Прабачэння!
– Зусім з глузду паз’яжджалі, абы адмазацца. Вось дык выхаванне! Пайдзем, дзіця!
Мамучык хітравата паглядаў на Мільку з-за пляча, аддаляючыся. Ілона пераможна ззяла зялёнымі вачыма, выпрастаўшыся. Дзеці прыціхлі і ўглядаліся ў яе пільна. Адбывалася нешта важнае і тонкае, роўна секунду. А потым усе пайшлі далей займацца сваімі справамі.

Доказ:

https://www.youtube.com/watch?v=mvK7EcuptiY&feature=emb_logo