Наша дзяцiнства. Якое яно было?..

Мария Мучинская
 
      На дварэ 21 першае стагоддзе. На вулiцы гуляе дзетвара. Iх вясёлы настрой навявае ўспамiны аб маiм дзяцiнстве. За гэты адрэзак часу тут вельмi многае змянiлася: зачынена школа, няма мурагоў, якiя цягнулiся ад калгаснага двара ўздоўж усёй вёскi, адрадзiлася ў наш час асушанае балота…
      Дзяцiнства пакалення 50-ых, 60- ых гадоў 20-га стагоддзя вельмi адрознiвалася ад цяперашняга.
      Памятаю першае верасня! Дзетвара хвалюецца, сягоння лiнейка, у школе першы званок для пешаклашак. Дзяўчынкi -  у белых накрахмаляных фартухах, у валасах пышныя белыя банты, хлопчыкi –  у белых кашульках,  фрэнчыках, усе з прыгожымi духмянымi букетамi. Iм у след глядзяць з зайздрасцю малодшыя, каму яшчэ не споўнiлася сем гадоў. Навучальны год заўсёды пачынаўся першай лiнейкай, а заканчваўся пiянерскiм кастром. Дзевятнадцатага траўня дружнай калонай з песнямi школьнiкi iшлi ў бор, дзе быў падрыхтаваны вельмi высокi пiянерскi касцёр. Лепшым вучням даручалася запалiць яго, потым пачыналася ўрачыстасць, падводзiлi вынiкi вучобы, уручалi ўзнагароды, пелi песнi, чыталi вершы, танчылi, праводзiлi спаборнiцтвы. Iскры i трэск вогнiшча, пах хвоi, баровых траў i кветак, лагодны вецярок, а таксама прадчуванне летнiх забаў кружылi ўсiм галовы.
     Разам з школьнай парой пачыналася i пара ўборкi ўраджаю, без нашай дзiцячай дапамогi справiцца было немагчыма. Таму нам прыходзiлася спалучаць вучобу i працу на калгасных палях. Гэта цяпер бульбу капаюць камбайны, ды i для ўборкi буракоў, морквы ёсць прыстасаваннi, а ў той час такой тэхнiкi ў калгасе не было. Бульбу разорвалi канём, а мы сваiмы маленькiмi ручкамi разгрэбвалi зямлю i спрытна сабiралi ўраджай, вельмi баялiся каб не адстаць ад дарослых. Калi вярталiся з калгасных палёў нас чакаў свой агарод. Конi ў асноўным былi занятыя на калгасных работах, таму дома часцей за ўсё прыходзiлася капаць бульбу капачом цi лапатай. Праўда з кожным годам на калгасных палях пачынала паяўляцца тэхнiка i пакрыху аблягчала ручную працу.
     Пачынала садзiцца сонца, мы змораныя ледзве перастаўляючы ногi вярталiся ў хаты, але, выпiўшы кружку сырадою, у нас адчынялася другое дыханне, i вось мы ўжо на вулiцы. Гучыць смех, песнi, распачынаюцца гульнi: «Жмуркi», «Цыбулька», «Фанцiкi», «Вайна», «Чыжык», «Пiкар», «Хаванкi»…  Дзяўчынкi любiлi гуляць у «Класiкi», мы называлi гэту гульню ў шкельца. Калi ты меў прыгожае шкельца, дык табе так усе зайздросцiлi, бо яго можна было абмяняць нават на цукерку. Ёсць такая прымета: калi разбiваецца пасуда, дык гэта на шчасце,  вось для нас  было сапраўды так, асаблiва калi талерка была з прыгожым малюнкам.
     Заканчвалася ўборка бульбы, пачыналася ўборка агароднiны i лёну, таму ўсю восень да самых маразоў у нас днём не было вольнай хвiлiнкi, а нашы вячэрнiя гульнi дапамагалi акамуляваць энэргiю.
     З наступленнем зiмы – наступаў час адпачынку: матулi пралi воўну, плялi паясы, ткалi палавiкi, посцялкi, бацькi рамантавалi плугi, сталярнiчалi, прыводзiлi ў парадак конскую збрую.
    Першы снег быў для нас вялiкiм святам, мы заўсёды яго вельмi чакалi. Ён выпадаў часцей за ўсё ў снежнi, але бывалi выпадкi што i ў канцы лiстапада. Вёска ператваралася ў прыгажуню, снежную каралеву. Снег сваёй пуховай коўдрай укрываў усе палi, лугi, лясы, нашы вулiцы. Нельга было абыякава прайсцi i не пагуляць у сняжкi, не нацерцi пухлявым сняжком шчокi сваiм сябрам, не зляпiць у час адлiгi снежную бабу. З кожным днём снегу навявала ўсё больш i больш, таўшчыня дасягала ўзроўню платоў. Ад сваiх дамоў i па вулiцах людзi хадзiлi як па тунэлях. Аж да сакавiка нельга было ўбачыць кавалачка зямлi.
    Зiма была часам забаў для дзетвары. Асноўнае – гэта былi лыжы, праўда яны былi без лыжных чаравiк, мы такiя нават не бачылi, яны проста чаплялiся на валянкi - гэта быў наш асноўны абутак. У Дубiне было многа майстроў, таму валянкi былi заўсёды вельмi мягкiя, цёплыя, лагодныя, дапасаваныя да нагi. Каля лесу насупраць школьнага будынку знаходзiлася «Азалiна» гара, вельмi, вельмi высокая, з`язжалi з яе самыя смелыя, i не толькi таму што з`езд быў надта iмклiвым, але i таму што лыжня выходзiла роўна ў лес, i патрэбна было быць надта вёрткiм каб не пацалаваць сасну альбо ёлку.  Самыя гарэзлiвыя ўскладнялi спуск, умудралiся  дапоўнiць  трамплiнам.
     На мурагах было невялiкае азярцо, калi яно замярзала, можна было катацца на каньках. Не, не! Вы напэўна падумалi пра металiчныя? Яны, напэўна ў горадзе у краме былi, але дорага каштавалi, таму у нас  мелi зусiм iншы выгляд, iх майстравалi нашы бацькi. Гэта былi трохвугольныя драўляныя брусочкi, па востраму канту якiх прымацоўвалi дрот, вось ён i слiзгаўся па лёдзе, а так званыя канькi прымацоўвалi вяроўкамi да абутку. Яшчэ мы любiлi катацца на санках i прэнце, якi таксама майстравалi вясковыя ўмельцы з тоўстага металiчнага прута сагнутага ў трох мейсцах. Да нiжнiх палазоў, якiя слiзгалiся па снезе, прыварвалi пласцiны для ступней ног, а за сярэднi згiб мы трымалiся рукамi. Забаў было вельмi шмат, таму бацькам было цяжка ўсадзiць нас за падручнiкi.
     У сакавiку паяўлялiся першыя праталiнкi, нельга перадаць тыя пачуццi, калi ты бачыў зямлю пасля доўгай зiмовай сцюжы. Паступова вясна адбiрала ў зiмы яе правы. Вядома, зiма свавольнiчала, але пад нацiскам сонейка дзень за днём слабела i слабела. Вярталiся шпакi – першыя вяшчальнiкi вясны, вёска напаўнялася птушыным спевам, звiнелi ручайкi. Бурныя патокi вады, асаблiва па палогiм мейсцам ( на прагоне  - гэта дарога якая раздзяляе Арлоўцы i Баяры, каля Юзука…) перасякалi вёску,  змываючы ўсё на сваёй дарозе. Без рыбацкiх ботаў нельга было перайсцi гэтыя патокi, таму ў школе ў гэты час былi заўсёды канiкулы.
    I вось вясна на дварэ, цяплыня, а разам з ёй i пасадка агародаў, бульбы, праполка, нарыхтоўка сена, торфу, жнiво, уборка лёну… Заканчвалася адна праца, пачыналася другая i так гужам адна за другой аж да зiмы. Цяпер усё механiзавана: i касьба, i жнiво, i пасадка, i копка бульбы, а ў маё дзяцiнства асноўнай прыладай былi конь i рукi нашых бацькоў, таму без нашай дапамогi iм справiцца было вельмi цяжка. Хлопчыкi побач з бацькамi касiлi, вучылiся кляпаць касу, а дзяўчынкi жалi сярпом. У кожнай з нас на левай руцэ, у асноўным на мязiнцы, ёсць пацалунак сярпа. Чамусцi ён нiяк не мог змiрыцца з левай рукой, так i наравiў яе зачапiць.
    Як бачыце, нас выхоўвала праца, але гэта зусiм не азначае, што ў нас было бязрадаснае, шэрае, пакутлiвае дзяцiнства, а наадварот -  яно было вельмi яскравым. У вёсцы было мiрна i цiха, таму нашы бацькi дазвалялi нам аж да заходу сонца бавiцца на вулiцы. Не, не, яны вядома турбавалiся за нас, але разумелi што праца працай, а дзiцячыя забавы павiнны прысутнiчаць.
   Не было тэлебачання, iнтэрнэту, толькi радыё, якое з ранiцы да вечара апавядала пра «стаханаўцаў», вялiкi ўраджай i высокiя надоi… Я ўжо хадзiла ў сёмы класс калi ў вёсцы з`явiўся першы тэлевiзар. Усе суседзi збiралiся каб паглядзець на цуд i здзiўлялiся як гэта там размаўляюць, перамяшчаюцца. Экран быў чорна-белы i вельмi маленькi, таму большая частка нiчога не бачыла, але каб не выдзяляцца не прызнавалася ў гэтым. Потым пыталiся зрабiць тэлевiзар каляровым, для гэтага мацавалi каляровую пласцiну, якая была зверху блакiтнай, а знiзу – зялёнай.
   Адсутнiчалi ў той час i спартыўныя  пляцоўкi, патрэбна было ўсё ствараць сваiмi рукамi. Але гэта толькi плюс, наша школа жыцця. Магчыма вось неабходнасць увесь час быць у пошуках многiм з нас дапамагла атрымаць прэстыжныя прафесii, стаць талковымi кiраўнiкамi на розных узроўнях.
    Самую гучную спартыўную пляцоўку хлопчыкi з дапамогай бацькоў усталявалi на мурагах, дзе праводзiлi спаборнiцтвы па футболу памiж арлоўцамi i канчаннямi, часта далучалiся дзецi з Баяр i Вяршыццаў.  Меньшая дзетвара побач гуляла ў два капiтаны,  валейбол. На нашым двары падлеткi наладзiлi пляцоўку для скачкоў у даўжыню, з шастом i без яго  ў вышыню, турнiк…  У час калi былi перапынкi ў футбольных баталiях яны практыкавалiся ў скачках, напампоўвалi мышцы.
     Вельмi гучнае, вясёлае было наша дзяцiнства i, я бы сказала, шчаслiвае. Раслi мы – мянялiся нашы iнтарэсы. Наступiў перыяд (гэта дзесьцi з чатырнадцацi гадоў i амаль да дваццацi) калi прырода ўступае ў спрэчку з дарослымi. У дарослых узрастае адказнасць, непакой, а падлеткаў перапаўняе энэргiя. Бацькам цяжка ўтрымаць iх дома, ды што казаць – гэта iх момант,  яны ўжо не дзецi, але яшчэ i не дарослыя. Так было i з намi, а клуб, як на жаль, знаходзiўся далёка, аж у Вузбалацi. I вось вялiкi падарунак зрабiлi тры хлопчыкi: Мучынскi Генадзь, Вашкевiч Уладзiмiр i мой брат, Мучынскi Аляксандр. Яны на заробляныя ў калгасе грошы купiлi сабе гармонiкi, навучылiся граць. Генадзь прапанаваў на нашым двары адкрыць танцавальную пляцоўку. Мы з iм падрыхтавалi аб`явы i на ровары паехалi на Юрздыку, у Рачаняты, Чабаi, Ганчыцы i расклеiлi iх. Калi па дарозе бачылi сабе ўровень падлеткаў, то вельмi маляўнiча абрысоўвалi як гэта ў нас цiкава. Вечарам двое сяброў гралi, а я з трэцiм, цi з сяброўкай танчылi танга. Так было толькi першы тыдзень, а потым да нас далучалiся i далучалiся, аб`явы ўжо былi не патрэбны. Уся ваколiца ведала, што ў сераду, пятнiцу i выхадныя на двары ў Барысавiча танцы. Самае цiкавае, што да нас далучылася дарослая моладзь. Нават калi ў вёсцы ладзiлi вяселле, то  наша пляцоўка выклiкала найбольшую зацiкаўленнасць як  у падлеткаў так i ў дарослых. Дапамагалi ладзiць вечары Косiк Уладзiмiр, Багуцкi Анатоль, яны вельмi таленавiта гралi на баяне. Часы адпачынку праходзiлi вельмi цiкава, было забаронена прыходзiць у нецвярозым стане, вымаўляць брыдкiя словы, арганiзоўвалi гульнi, спаборнiцтвы хто каго ператанчыць. Панавала атмасфера дружалюбства i павагi.
     Мы выраслi, раз`ехалiся хто куды, а вось памяць аб нашай танцавальнай пляцоўцы доўгiм шлейфам перацякала ад  пакалення да пакалення i яны па добраму зайздросцiлi нам, нашай няўрымлiвасцi, уменню ад усюль знайсцi выхад.
     А цяпер вёска адмянiлася, змянiлася ўсё наваколле: зноў адрадзiлася балота, няма мурагоў, iнакшы лес. У маё дзяцiнства ў лесе было вельмi шмат чарнiц i грыбоў. У выхадныя лес быў мейсцам для спатканняў, бацькi не баялiся адпускаць у лес нават адных дзяцей, бо ведалi, што за першым дрэвам абавязкова  сустрэнуць суседку цi суседа.
     На нашы палi прыйшла тэхнiка. Гэта, напэўна, вельмi добра, прагрэс патрэбен, але шкада, што яна нас аддалiла ад зямлi. Калi ты сваiмi рукамi перабiраў трасцiнкi лёну, то на тканiну з яго ты глядзеў па-другому. Не, не, я не працiўнiк прагрэсу, але нам у гэтых умовах патрэбна навучыцца быць блiжэй да зямлi, любiць яе i шанаваць.