Сказ пра тое, як Гнядаш цмокау падмануу

Дарья Значёнок
(Заўвага: выкарыстоўваць курсіў на «Прозе» немагчыма, таму адпаведныя фрагменты тэксту вылучаюцца з абодвух бакоў касымі рыскамі.)


//Жылі-былі на свеце месяцы... Ты, канешне, добра іх ведаеш – усе дванаццаць. Ці зможаш назваць ад першага да апошняга? Сядалі яны ў залатыя калясніцы, запрэжаныя крылатымі коньмі, і абляталі свае ўладанні – разносілі па лугах насенне, каб распусціліся ўвесну кветкі, фарбавалі лістоту, замарожвалі і вызвалялі з-пад лёду рэкі...

Аднак месяцаў не заўсёды было дванаццаць. І спачатку не ва ўсіх атрымлівалася ўпраўляцца з наравістымі скакунамі. Але, на шчасце, выдатна валодалі гэтым уменнем тры старшыя месяцы: патрабавальны Снежань, сінявокі весялун Красавік ды грунтоўны Жнівень, галоўны сярод іх. Усё яны паспявалі: і несці сваю неацэнную службу, і вучыць маладых.//


***

Мапа чэрціцца на пяску спрытна, выверанымі да аўтаматызму рухамі. Мусіць, таму, што ў дваццаць трэці раз за дзень. Палявы аэрадром, раскіданыя сям-там плямкі вёсак, лясны масіў, разрэзаны дарогамі... А вось і стужка чыгункі – тая самая, над якою ён мог бы цяпер ляцець на сваім І-16 разам з эскадрылляй. Можа, яго нават узяў бы вядзёным старшы лейтэнант Караткоў, які тыдзень таму заваліў «юнкерс», а пазаўчора – «месер». Невыносны Лёўка Касценчык, якому вечна да ўсяго ёсць справа, гатовы пабіцца аб заклад, што праз год намесніку камандзіра эскадрыллі не будзе куды чапляць ордэны.

А ён, Саша Гнядых, паставіў бы на паўгода.

– Ты, Сань, не перажывай, фрыцы так адразу не перавядуцца, – самавіта выцягваў куранячую шыю Лёўка, пакуль тэхнік перад вылетам зашчоўкваў на ім замкі парашута. – Абяцаю не біць усіх дачыста, пакіну колькі і на тваю долю. Па-таварыску. А наогул – ты ў нас хлопец вачасты, дык і на зямлі занятак будзе. А вы як лічыце, таварыш старшы лейтэнант?

– Слушна кажаш, малеча! Вачасцікі таму і на вагу золата, што заўсёды знойдуць сабе справу. Ну а пры патрэбе і языкатых ёсць да чаго прыстасаваць! – Караткоў бадзёра пляснуў Лёўку па вузкім плечуку. У прымружаных вачах (сінейшых за фарбу ніжняй паверхні крылаў) так і бліскацелі смяшынкі.

Пакуль Лёўка з вохканнем паціраў плячо, Караткоў дабрадушна навіс над Сашам, які моўчкі сядзеў у траве.

– Не дрэйф, сябрук, паляціш наступным разам. Калі ўсё так выйшла, што ж цяпер? Ты, галоўнае, час не губляй, вазьміся за штось карыснае – што ў палёце прыдасца. Лётаць, брат Сашка, трэба з розумам! Бывае, і для таго, каб упасці, даводзіцца мазгі паднапружыць...

Хлапечая галава толькі прыгнулася ніжэй, і Караткоў ускудлаціў схілены каштанавы чуб.

– Не насупліваемся, глядзім весялей! Колькі яшчэ будзе тых вылетаў! Ну давай, думай, гэта ты ўмееш. Вярнуся – праверу, згода?..

Пруток замірае над скончанай мапай – яшчэ больш дакладнай і падрабязнай, чым дваццаць дзве ранейшыя, бязлітасна сцёртыя ў пакаранне за недасканаласць. Лёўка пакуль блага ведае раён, сам абмовіўся, але Караткоў усё роўна вылецеў у пары з ім. А Сашаў «ішачок» расчаравана высіцца між пустых стаянак трэцяй эскадрыллі, па самую кабіну завалены маскіровачнымі дрэўцамі.

Аднак самалёт крыўдуе хаця б моўчкі. Тэхнікі ды механікі маўчаць не ўмеюць – да таго разышліся, што Сашу ў адной гімнасцёрцы гарачыня прабірае, дарма што дрэвавыя кроны шчодра расквеціў верасень.

– Разумею, каб машыны ўсе паразбітыя, – чуецца ад групкі тэхнароў нягучнае, але выразнае бурчанне, якое амаль не перакрываецца бразгатам інструментаў. – Разумею, каб не ўзлётка, а дрыгва – ботаў не выцягнеш. Не па-мужчынску...

– І то праўда! Небушка бы шчоткай адшураванае, ані хмаркі, а спраўны «ішак» – у стойле. Лётчык-знішчальнік, ага. Вось мой Глеб Андрэіч бы на яго месцы...

Ну немагчыма зноў чарціць! Саша адшпурвае пруток у траву і скурчваецца, апускае падбародак на складзеныя рукі. Па звычцы прыкідвае адлегласць да прутка: недзе паўтара метра. Не, верны метр семдзесят, вакамер не падмане. Тэхнары – метрах у дзесяці. А колькі да «ішака»? Здаецца, сорак – сорак пяць, не менш. Да стракатых жа бярозак, якія працягнуліся ладным шэрагам па той бок узлётнай паласы, – усе дзвесце.

А паласа, дарэчы, караткаватая. Не, узляцець-сесці – без праблем, ён пакуль ні на адной трэніроўцы не схібіў. Але ж тое ў лётнае надвор’е. І без спешкі. А калі таго ж Лёўку ўзяць... Хаця Лёўка сядзе, ён дзе хочаш сядзе – проста каб уесці. А вось Слаўку трэ папярэдзіць, хай не забывае планаваць заход. У вучылішчы вечна адна песня была: то недалёт, то пералёт...

– Бачце, маўчыць. Дальбог – маўчыць! – змоўніцкі шэпт.

– Маўчыць... Ну-ну, з гэтым у яго на выдатна! От каб справай заняцца, механізмы лішні раз даследаваць...

– Хто як, а я лічу: правільна яго Канстанціныч, надалей не будзе соплі жаваць!

– За што хоць пацана?

– Яшчэ б за што талковае. Бязглуздае жарабя... Цікаваць трэба, калі кампалка не ў гуморы, ды выдаваць вітанні ў час! Калі і ў паветры гэткі ж маруда...

– Э-э, ды што казаць! Камандзіры цяперака не тыя, пасля гэнай вучобы. Сяржанты адны. Ім і ўзляцець – навука, а то на штурмоўку...

//Юнакоў-месяцаў таксама было тры: Лістапад, Верасень і Май. Разам прывыкалі яны да калясніц, заваёўвалі давер коней, пераймалі вопыт настаўнікаў...

Пашчасціла восеньскім месяцам, хутка атрымалі яны дазвол падняцца ў паветра. А вось веснавому, Маю, давялося рахмана чакаць, пакуль зоры здзейсняць падарожжа па небе і падораць яму шанц праявіць сябе.//

Над аэрадромам раскочваецца густое гудзенне – гэта заходзіць на круг пара пузатых, як чмялі, «ішакоў». Хто вярнуўся? Паперадзе зніжаецца «васьмідзясятка» Глеба... ой, старшага лейтэнанта Федарэнкі, значыцца вядзёны ў яго Слаўка Новік. Хаця апошні і без таго пазнавальны: самалёт бедака зноў грузна плюхаецца коламі вобземлю – каб не прывязныя рамяні, гаспадар узараў бы носам узлётку. Калі і вядучы прыкмеціў пасадачку – ох-ох-ох...

Схамянуўшыся, Саша ўсхопліваецца з падасланай скураной курткі і таропка адступае, даючы «васьмідзясятцы» заруліць на стаянку. Не дакруціўся яшчэ вінт, а раз’ятраны Глеб паспявае і адшпіліцца, і скінуць парашутныя лямкі, і пераскочыць цераз борт з папяросай у зубах.

– Цыркавая трупа, а не эскадрылля знішчальнікаў! Адзін касавокі, другі разява, трэці... – ён драпае Сашу калючым позіркам і пстрыкае запальнічкай, прыгорбіўшы хударлявыя плечы. Лапаткі тапырацца, як паўскладзеныя крылы ў каршуна. – Дзе камэск?

– На разведку вылецеў, разам з камандзірам палка, – апярэджваючы Сашу, дакладвае маленькі жвавы тэхнік, што на чале наземнай каманды самалёта Глеба. – Рабят, варушыцеся! Кулямётныя стужкі сюды! І дзе захрас бензазапраўшчык?

Змардаваны Слаўка ўсё ніяк не выкараскаецца з кабіны, заблытаўшыся ў парашуце. Саша пытальна ўзнімае бровы, і той з-за спіны Глеба крадком чыркае рукой па горле: няма жыцця, дружа, усе сілы высмактаў!

А Глеб рэзка азіраецца на ўзлётку, дзе заканчвае прабег яшчэ адзін «ішак», цяжка аддыхваючыся дымнымі клубамі.

Адзін?

– А вось і сокал наш ясны-прыўкрасны! У паветры мы, значыць, блукаем, а вяртаемся рыхтык пад абед?

Праз купку заклапочаных тэхнароў, якія абкружылі патрапаны самалёт, прабіваецца Лёўка і, спатыкаючыся, брыдзе да эскадрыллі. Нядаўняй паблажлівай упэўненасці як не было: вочы бегаюць, пальцы папраўляюць перакручаны рамень планшэта.

– Касценчык, халера! Ты дзе павінен быць? Ты з кім абавязаны быў вярнуцца? – пагрозліва насоўваецца на яго Глеб.

– Таварыш ста...

– Дзе вядучы твой, пытаюся?!

– Не ведаю я! – твар у Лёўкі мурзаты, толькі вакол вачэй святлеюць абрысы знятых ахоўных акуляраў (але Саша гатовы прысягнуць, што пад слоем сажы густа разліваецца чырвань). – Ляцелі разам, штурмавалі разам, а потым...

– Калі разам, дык і вярталіся б не паасобку! Дзе адарваўся? Што заўважыў? Падрабязна!

– Дзе... Паспрабуй тут згадаць... – Лёўка збянтэжана трэ лоб, і той таксама ўпрыгожваецца бруднымі разводамі. – Над станцыяй і адарваўся, мусіць. А, дакладна: якраз пажар там шугануў! Ваша пара і ўрэзала, я бачыў. А тут зеніткі іхнія як лупануць!..

– Далей! Андрэя якога д’ябла кінуў?

– Я ж кажу: зеніткі! Знарок я б не стаў. Учапіліся – і давай! Я – ухіляцца... Адвярнуў кудысь... Азірнуўся – вакол нікога, ну як праваліліся ўсе! Я сюды, туды... Урэшце думаю: не, дадому. З дымком яшчэ іду, ці мала што... Ды прыляціць ён, праўда!

– Каб самога цябе гэтак прыкрывалі! – гыркае праз папяросу Глеб і ўпіваецца позіркам спачатку ў неба, потым – у наручны гадзіннік. – Ну няхай, часу досыць... Чакаем.

Ён змрочна аглядвае перапэцканага Лёўку, за ім Сашу, так і застылага з курткай у руцэ, пасля – уласнага вядзёнага, які пакорлівым суслікам тырчыць наводдаль... Задумваецца. Для нечага перапытвае ў тэхніка:

– Дык, кажаш... Камэск – на разведку? З кампалка?

– Так точна, хвілін дзесяць як узляцелі!

На скулах Глеба ўздрыгваюць вужлакі. Ён утаропліваецца ў мапу на пяску, перакрэсленую следам ад самалётнага кола.

– Вось вам і ўся трэцяя эскадрылля, – павольна, выразна, страшна ціха прамаўляе ён.

У задымлены Лёўкаў «ішак» хвошча вада з пажарных шлангаў, і ў трывожным маўчанні гэты плёскат падаецца залішне гучным.

Глеб зацягваецца глыбей і адрывіста кідае тэхніку:

– Рыхтуй машыну. Не вернецца – вылятаю шукаць... дзе сеў. Толькі далажыцца трэба – хто там за галоўнага?.. «Васьмідзясятку» – каб першай, ясна? Заправіць, узброіць...

Хай падрыхтавалі б і Сашаву машыну, ён таксама хоча ляцець! Гэта ўсё з-за яго, ён жа мог ісці з Каратковым замест доўбня Лёўкі, і вядзёны з яго атрымаўся б куды лепшы. Трэба ляцець хаця б зараз... Зараз – абавязкова!

Гэта крычыць сэрца, бязмоўнае сэрца – гулка-балюча адстуквае кожнае слова ў грудзях. А Саша маўчыць. Маўчыць і глядзіць у спіну Глебу, які крочыць да каманднага пункта, сутулячыся больш звычайнага.

– А я што? Лячу я ці не? От зразумей ты яго... – ускалмачаны Слаўка рукавом выцірае спацелы лоб. – Не чалавек – звер! Гэтыя былыя інструктары нейкія... стукнутыя, дакладна! Саш, як думаеш: ці быў бы ён дабрэйшы, калі б яму не я трапіўся? Ну, у сэнсе – у вядзёныя?

Калі б мог ён думаць... «Вярнуся – праверу», – паабяцаў Караткоў, перш чым вылецець на гэтую клятую штурмоўку. І цяпер у Сашы ад гэтай простай фразы прабягаюць па шыі прымхлівыя мурашкі.

Вярнуся. Праверу.

– Вось і я пра тое: чорт разбярэ гэтых крыкуноў! – падагульняе Слаўка і без сіл валіцца ў траву.

//Аднаго разу прыляцелі месяцы дадому пасля доўгай цяжкай вандроўкі... Але затрымаўся дзесьці Красавік, не было яго сярод астатніх – Май усе вочы прагледзеў. А лётаць па адным у тыя часіны было небяспечна: асталяваліся непадалёк агнядышныя цмокі, якія без літасці губілі любога, хто завітае ў іх уладанні.

Ці доўга, ці коратка чакалі месяцы – аж пачуўся нарэшце блізкі посвіст крылаў...//

– Ды вунь ён, вунь Караткоў! Бачыце? Казаў жа: прыляціць! – прыкметна пераводзіць дух Лёўка. Да таго прыкметна, што неяк і назіраць няёмка.

«Ішак» з нумарам трынаццаць на крутым баку вітальна ківае крыламі. Не робячы звычайнага круга, нацэльваецца наўпрост на паласу і...

Саша не паспявае выдыхнуць з палёгкай, не паспявае прагнаць з рук і ног пужлівае зняменне.

– Паветра! – узвіваецца над стаянкамі папераджальны крык, і адразу хлопае на старце ракетніца.

Імгненна зарыентаваўшыся, Караткоў спрытна сыходзіць угору, а над самай паласой стрыжамі праносяцца два варожыя самалёты, успароўшы траву чэргамі.

//Тое не адзін Красавік вярнуўся – тое ўвязаліся за ім крыважэрныя цмокі, падпільнаваўшы, калі зморацца яго коні шпаркія, калі стомяцца аглядаць неба вочы сінія. Хітрыя былі цмокі: закружылі яго ў вышыні, не дазволілі спусціцца да сяброў. А каб тыя не ўзляцелі на дапамогу – злаўчыліся і апалілі вогненным сваім дыханнем падрыхтаваныя калясніцы...//

– Пападзіся ты мне ў паветры, свалата нямецкая! Крыльцы на раз-два адчыкрыжу! – лютуе лётчык дзяжурнай першай эскадрыллі, самалёт якога падчас разбегу вільнуў, трапіў ва ўхабіну і ўстаў на нос. – Борка, прэч з кабіны! Зараз як ірвануць поўныя бакі гаручкі – то-та зведаеш хараство палёту!

Другі дзяжурны, захінаючыся ад агнявых языкоў, з мацюкамі вывальваецца на плоскасць свайго «ішака» і прыпускае да акопа, які чарвяком працягнуўся ўздоўж лётнага поля.

– А вам тэлеграмай запрашэнне даслаць?! – гэта імчыць да стаянак Глеб, раз’юшаны не менш за драпежную птушку, на гняздо якой паквапіліся кіпцюраста-дзюбатыя канкурэнты. – Гэць адсюль! Па шчылінах, смаркачы, і не высоўвацца!

Ён штурхае Сашу ў спіну, і той нязграбна куляецца ў акоп следам за Слаўкам. Своечасова: уздрыгваюць ад выбуху сценкі, крышацца на дно сухія камячкі зямлі. Пакуль Саша хістае галавой, праганяючы вісклівы звон у вушах, Глеб з шыпеннем страсае апалены кавалак «ішаковай» абшыўкі і пругка падхопліваецца на ногі – якраз каб злавіць за каршэнь свайго тэхніка:

– Куды лыжы навастрыў? Самалёт запраўлены?

– Не паспець нам, Глеб Андр...

– Звар’яцеў, паскуднік?! Дазапр-равіць зараз жа! Ногі ў рукі, пакуль я не паадкусваў і тое, і другое!

– Ёсць дазаправіць! – тэхнік кідаецца да ацалелай, па шчасці, аўтацыстэрны і хапаецца за шланг.

Саша трывожна задзірае галаву і жмурыцца, загарадзіўшыся рукой. Мільгаюць вастраносыя Ме-109, стракочуць пушкамі і кулямётамі, наскокваючы на І-16 удваіх. Акруглы, як рыбка, маленькі і выкрутлівы, ён натхнёна віражыць, навязваючы хуткасным знішчальнікам нявыгадны бой на гарызанталях. Як жа яму ўдаецца вылузнуцца кожны раз, як на хвасце павісае праціўнік?

– Ды што такое – чаго ён не стрэліць? Ну вось жа, вось, зараз бы!.. – гарачыцца Лёўка. Ясная справа, ён лепш за ўсіх ведае, што рабіць! – Тут хоць па адным гваздануць трэба, а то ж дакуль круціцца?

Глеб кусае губы, не адрываючы ад «ішака» ўчэпістага позірку. Твар яго перасмыкваецца, рукі сціскаюцца ў кулакі, варта самалёту нырнуць у чарговую фігуру пілатажу з чарговай перагрузкай. Няма тут Глеба – ён у кабіне, разам з ім, Каратковым, і нязрушная, здавалася б, зямля з лёгкасцю пераплывае на месца неба, а сонца зіхоткім мячыкам пралятае над галавой і закочвацца пад плоскасці.

– Дакуль... Бензіну ў яго – хвілін на пяць. Калі пашэнціць.

//Пакутавалі месяцы: як уратаваць сябра, калі шчыруюць уверсе пільныя цмокі? Папрасіць бы мудрай парады ў Жніўня, але за сямю морамі служыць старшы месяц, за трыма акіянамі – не вярнуцца яму ў тэрмін, нават калі адправіць вестачку з самым шпаркім паштовым голубам.

Лавіраваў, ды ўхіляўся, ды выкручваўся ў небе Красавік, а на зямлі тым часам спяшаліся, ізноў запрагалі прытомленых коней Снежня, хоць і не ведалі пакуль, як перахітрыць ворагаў.

А Май – ведаў.//

– Ты куды? – Слаўка кляшчом учэпліваецца ў Сашу. Вочы круглыя, на шчацэ свежая драпіна.

Саша паспешліва ўскідвае палец да вуснаў: нельга, нельга, каб пачуў засяроджаны Глеб, які высіцца акурат над шчылінай! Ага, паварочваецца – сочыць за перасоўваннем бою... Саша рыўком падцягваецца, перабягае ў цень «ішака» першай эскадрыллі, тарчма кінутага дзяжурным убаку ад другога, які дагарае пасля выбуху, і распластваецца на траве за масіўнай, як у бульдога, самалётнай пысай. Перад вачыма пагойдваецца прымятая сцяблінка, сэрца ашалела калоціцца за кратамі рэбраў.

Не клічуць, не лаюцца ўслед. Парадак.

Вакол «васьмідзясяткі» снуюць тэхнары, таропка заканчваючы падрыхтоўку. Блізка – хоць латкі на фюзеляжы падлічвай. Калі не змарудзіць... Калі адразу скочыць на бліжэйшую плоскасць...

Непакорлівы рокат раздаецца з шэрагу самалётаў, прыхаваных на ўзлеску, і на поле адважна выязджае нечы «ішак». Бярэ разгон, нясецца па паласе... Але трэ было не цяпер, ніяк не цяпер! Трэ было перачакаць, пакуль аддаліцца вунь той «месершміт», – каб не паспеў немец азірнуцца, заўважыць, з паляўнічым азартам сарвацца ў пікіраванне...

Абстраляны «ішак» заходзіцца кашлем, прабягае трохі пад няроўны стук матора і прыніжана спыняецца з нерухомым вінтом. «Месер» жа зноў набірае вышыню. Зенітныя гарматы суправаджаюць яго зацятай пальбой, абкружаючы воблачкамі разрываў, але прыкра змаўкаюць: не пацэліць бы ў свайго!

Напружаны Сашаў позірк вокамгненна пералятае з «месера» на пацярпелы «ішак», на «васьмідзясятку», на «трынаццатку» ў небе – і нанова, нанова... Немагчыма вытрываць тахканне сэрца – частае, рэзкае, пякучае. Кажаце, трэба з розумам, Андрэй Ільіч?

Спярша колькі секунд, каб выруліць на ўзлётку... Потым разбег... Толькі б вылічыць правільна!..

– Гатова, камандзір!

//Імклівай майскай маланкай кінуўся ён да калясніцы Снежня – хутчэй за грозную зімовую віхуру, хутчэй за вялы восеньскі лівень.//

Слізгае пад ботам плоскасць, калена ўспыхвае секундным болем... Сарваўшыся, Саша перахопліваецца, узбягае да кабіны і адным адпрацаваным рухам пераскоквае цераз борт.

– Э, хто тут сваволіць? Вон з машыны, ты! – сярдзіта прыкрыквае тэхнік Глеба. – Сваю і коцай, калі адкінуць капыты карціць! Ану, каму сказана?

//...Тузануў рашуча за лейцы – і азваліся коні залівістым іржаннем, распраўляючы крылы...//

Самалёт падазрона рыкае, быццам учуўшы чужынца, але зрушваюцца паслухмяна лопасці, раскручваецца вінт, зліваючыся ў празрысты паўкруг.

Шлем? Абыдземся. Парашут? Ды ліха з ім! Рамяні? Потым, потым...

– Стаяць! Не пушчу! – тэхнік забягае ўперад і выстаўляе рукі перад носам «васьмідзясяткі».

– Гнядых, назад! Падпаляць, ёлуп, і пікнуць не паспееш! – бушуе гаспадар самалёта.

А высока ў небе «ішак» Караткова глыбока, размашыста ківае крыламі, перш чым ізноў кульнуцца ў віраж.

– Не пушчу я! – палахліва ўзвывае тэхнік. Але адступае і адступае пад націскам лопасцей, якія стрыгуць паветра...

– Ад вінта!!

//Рынуліся коні з месца ў кар’ер – толькі запаласкаліся беласнежныя грывы ды зайграла сонца на залацістых спіцах.//

Тэхнік шарахаецца ўбок і кулём валіцца на зямлю, вецер змахвае з яго пілотку і ўцягвае за сабой.

– Ёсць... ад вінта... – машынальна выдае ён, праводзячы самалёт няўцямным позіркам.

Хутчэй і хутчэй нясецца трава пад крыламі, зліваючыся ў бляклую зеленаватую коўдру. «Ішак» увесь скаланаецца на няроўнасцях – аж зубы клацаюць, нібы наважыўся вытрасці нежаданага седака. А паспрабуй цяпер прывяжыся адной рукой!

Штурмоўка, Глеб, «месеры», Караткоў, Лёўка – усе думкі выдзьмуў са свядомасці парывісты вецер. Толькі стрэлка паказальніка хуткасці завалодала ўвагай. Яна паўзе, паўзе, мінаючы дзяленні, і вось травяная коўдра павольна, плаўна, асцярожна адсоўваецца ўніз...

Саша чуйна азіраецца – і ўраз скурчваецца за браняспінкай, хаваючы галаву. Гарохам удараюць па фюзеляжы кулі, цвыркаюць над самай кабінай, дзіравячы казырок.

//Не гублялі пільнасці цмокі: прамчаўся адзін над калясніцаю, пыхнуў полымем – і панеслі напалоханыя коні, не слухаючы возніка!//

Немінуча бліжэе трава, мільгаюць і застаюцца ззаду пасадачныя палотнішчы, выкладзеныя літарай «Т». Замалая ўсё ж паласа...

Штуршок!

//Грукнулася калясніца, і падвяло яе левае кола, а Май і схапіцца ні за што не паспеў – вылецеў.//

Згублена ручка кіравання, знікла прыборная дошка, у хаосе гваздае нешта па лапатках, і зноў трава, трава, трава – чаму ж ніяк не ўзняцца над ёю, чаму яна сёння не пускае ў паветра?..

...Б’е ў вочы неба, раскінутае ва ўсю неабсяжную шыр. Здаецца, ярчэйшае за сонца – мружышся, не маеш сілы глядзець – і чысцютка-свежае, як прахалода, якою патыхае ад зямлі пад спінай. Толькі слізгаюць па гэтай сляпучай сіні дзве вуглаватыя казюлькі – збіць бы пстрычкай гэтых назол... Стойце, як дзве?

Нейкі дзіўны, непазнавальны скрыгат даносіцца да вушэй Сашы, і ён, у добрым такім ачмурэнні, прыўзнімаецца на локці. Імчыць ад старту палутарка, поўная механікаў, а побач з пасадачным знакам ляжыць на пузе «ішак» нумар трынаццаць з пагнутым вінтом.

//Цмок беспакарана вільнуў хвастом – ды ў вышыню. Але ці быў бы Красавік Красавіком, калі б не скарыстаўся такім шанцам уцячы?//

З палутаркі на хаду саскоквае Глеб, і вось ён на плоскасці «трынаццаткі».

– Андрэй!

– Жывы я, жывы-здаровы, мне б аддыхацца... – гудзіць такі знаёмы голас, і старшы лейтэнант Караткоў, ухапіўшыся за працягнутую руку, знясілена пераступае цераз борт. – Заганялі зусім, нячысцікі, ледзь адвязаўся. Каб не ўдвух, дык яшчэ б, можа...

– Я сам мусіў узляцець, замест гэтага ідыёта! Халера, кінулі ж цябе без падтрымкі...

– Э, цур не спісваць дачасна! Не стаў яшчэ на крыло той умелец, якому наканавана зваліць мой стары добры «чортаў тузін», – неадкладна пярэчыць Караткоў, і яго ўсмешка вяртаецца, трохі нацягнутая з-за стомленасці. – Толькі што – крыўдна, ой як крыўдна! Кручуся без патронаў, і ўсяго думак: хоць аднаго, аднаго адцягніце, тады з другім ужо неяк...

Высока над галавой баявіта тарахцяць кулямёты – гэта выскачыў аднекуль «ішак» камандзіра палка і з ходу прайшоўся чэргамі па няпрошаных гасцях. А вунь пікіруе яшчэ адзін савецкі самалёт, ён пад кіраваннем камэска... «Месершміты», неспадзявана абстраляныя зверху, мітусліва разварочваюцца, не жадаючы звязвацца з новымі праціўнікамі.

– Ага, вудачкі змотваем! А супроць аднаго – з ахвоткай? – трыумфальна патрасае кулаком Караткоў, надзіва хутка ажыўляючыся. – Але слухай, Глеб, хто ж у нас такі рызыкант? Я зусім быў вырашыў – ты рвануў.

– А, з папаўнення...

– Каторы? Новік твой?

– Цьфу, ды не! Разумнічка гэты. Які старшым сяржантам выпусціўся...

– Хто – Сашка? Сашка Гнядых, сур’ёзна? – Караткоў ад душы рагоча і тыцкае Глеба ў грудзі – той ажно адхістваецца на крок. – Ат малайца, як ён табе нос падцёр! Не будзеш наперад мух лавіць, а?

– Ідзі ты! Не хапала распускаць гэтых паршыўцаў. Бач, упоперак старшага лезе! Ды хай толькі...

Глеб азіраецца, шукаючы нешта позіркам, і нямее секунд на пяць.

– Гэта... гэта што? Тваю ж маць, гэта шо такое?!

//Так і атрымалася, што Май, нават не ўзняўшыся ў паветра, усё-ткі дапамог Красавіку ўратавацца. Праўда, для калясніцы Снежня гэтая добрая справа скончылася не вельмі ўдала...//

У рэдкіх хмызах, што за ўзлётнай паласой, чародка механікаў шнырыць вакол нейкага самалёта, які па-старэчы скасабочыўся, прыпаўшы на складзеную левую стойку шасі. «Васьмідзясятка» – ці ўсё ж?.. Не, правільна: і нумар той, і на баку шэсць зорак, намаляваных чырвонай фарбай па навамодным звычаі. Хіба што прабоін раней не мелася ды плоскасць не ляжала, адбітая, уздоўж фюзеляжа...

Памятага Сашу рыўком ускідваюць на ногі, і Глебавы жаўтаватыя каршуновыя вочы ў шаленстве звужаюцца ля самага яго твару.

– За такое... за такое ў морду даюць, усек?! Калі самалёт не вернуць у строй... На зямлі будзеш кукаваць, у паветра да веснавой адлігі не ўзнімешся!

Слабасць накочвае неадольнай хваляй, падсякае калені... але тут Сашу па-мядзведжы аблаплівае Караткоў. Па імпэце і не скажаш, што ў небе столькі кружляў!

– Дзякуй табе, братка, дзякуй, дарагі, – тармосіць захоплена, – думаў – усё, зжаруць ды косткі выплюнуць...

– Ён мне машыну разбіў!

– Ціх-ціх-ціх, Глебушка, зменшы націск. Небараку ледзьве ногі трымаюць. Э, а што з плячом?

І праўда: скуру пашчыпвае, рукаў гімнасцёркі памалу макрэе. Ён і не адчуў, калі чырканулі...

– Таму што мазгі курыныя! Не ўмееш – не сунься, вось табе і ўвесь сказ! – лютуе Глеб.

– А вокам – сокал! Выверыў ювелірна. Яму б трошкі раней газануць – глядзіш, і зусім бы прарваўся! Слабо паўтарыць, а, курсанцкі начны кашмар?

Сашу хочацца сказаць, што ў яго толькі драпіна, і што самалёт, можа, не так і пацярпеў, і што насамрэч ён спецыяльна так падгадаў – знарок падставіўся... Шмат яму хочацца сказаць. Але калоціцца са спазненнем ніжняя сківіца, дробна стукаюць зубы. Магчыма, таму, што куртка засталася на стаянцы, а вераснёўскі вецер, як ні круці, усё ж прадзімае.

– Т-таварыш ст-таршы лейтэнант... – язык не слухаецца, гукі адмаўляюцца сплятацца ў словы.

– Што такое, таварыш старшы сяржант? – Караткоў жартаўліва абмахвае яго гімнасцёрку ад сухіх травінак.

Актыўны, жыццелюбівы, як заўжды, – ані прыкметы стомы. І толькі ў глыбіні вачэй, на самым донцы зрэнак, яшчэ быццам мільгаюць драпежныя цені – яны столькі разоў былі блізка і ўсё ж не накрылі, хаця стагнаў матор, кроў адхлынала ад галавы і павекі падалі з-за перагрузкі...

– Дарэчы, я прыкінуў тут – ці не хочаш пайсці да мяне вядзёным? Давай разам фрыцаў калашмаціць!

«А Лёўка як жа?..» – не ўслых – позіркам, рухам броваў пытаецца Саша.

Караткоў падміргвае сінім вокам:

– А сяржанта Касценчыка – на перавыхаванне! Каб ведаў, як кідаць вядучага ў баявым вылеце. Палінка даўно жаліцца, што мала ахвотнікаў дровы для кухні сячы... Ну, ну, Гнядашык, ты што?

Саша адчайна зажмурваецца: мокрыя вейкі, мокрыя...

– Ну й камандзіры, зноўку перагінаюць, – нездаволена мармыча хтосьці з механікаў. – Прычапіліся во да хлопца, а яму яшчэ за самалёт атрымліваць... Гэй, падхапі там!

– Ага... І я кажу: наляцелі як пчолы на мёд – не прадыхнуць! Асы-каўбасы. Нябось каб самім выкінуць гэткі фінт – прызадумаюцца, затое з пацана патрабуй...

– Ат, расшумеліся! Сваю працу рабіце! – прыкрыквае на іх тэхнік Глеба, але няўпэўнена, больш для парадку. Абышоўшы вакол скалечанага самалёта, ніякавата чухае патыліцу: – Н-да, задачка... А ўвогуле – матчастку б нам навейшую, мо і стрываў бы «ішачок». Бачце, левая «нага» ад удару злажылася...

– Што маем, тое і ламаем! – Глеб сярдзіта сплёўвае і размашыстым крокам скіроўваецца да стаянак. Не павяртаючыся, камандуе: – Новік, за мной! Будзем успамінаць, як сядаюць на тры кропкі. Не хапала яшчэ і твой самалёт пры пасадцы ўходаць!

– Што ж гэта... такое... – задыханы Слаўка, які толькі-толькі прымчаўся, знясілена ўпіраецца рукамі ў калені. – Заўважыў-такі... як я ляпнуўся... чарцяка вачасты...

– Адстанеш – з заўтрашняга дня твой «ішак» пяройдзе ў маё карыстанне! Шпарчэй, каму сказана!

Слаўка знаходзіць Сашу безнадзейным позіркам, з уздыхам разгінаецца і, ледзь перастаўляючы ногі, валачэцца за вядучым.

//З той пары не любіць Снежань Мая: так і не дараваў яму зламаную калясніцу. Калі раптам стрэнеш яго, папрасі: «Снежань, а Снежань! Не злуй больш на Мая. Не хацеў ён, каб так атрымалася!» Дзяўчынку ён, канешне, паслухае.//

Дрыжыкі пакрысе адпускаюць, вызваляючы ад напругі плечы і сцякаючы ў кончыкі пальцаў. Саша задзірае галаву і праз падступную вільготную смугу бяссільна ўзіраецца ў неба, дзе пара «ішакоў» заходзіць на пераможны круг.

– Як, хораша ідуць? А то! – Караткоў з мнагазначнай усмешкай піхае Сашу ў бок – не балюча, але адчувальна. – І ты крыляць будзеш не горш за камэска. Будзеш-будзеш, я табе кажу! Але тое ў свой час. Яблынькам увосень квітнець не належыць, згодны?

//А вось галоўны месяц – Жнівень – зусім не раззлаваўся і нават дазволіў Маю лётаць з Красавіком. Было месяцаў шасцёра, усяго шасцёра, а колькіх яшчэ неабходна было навучыць...//


***

– Гнядаш!

Саша ад нечаканасці выпусціў аловак, і той згубіўся ў траве, пярэстай ад плям сонечнага святла.

– А, вось ты дзе! – Слаўка Новік дзелавіта пратупаў на самалётную стаянку, адводзячы ніцыя бярозавыя галіны.

Саша спешна загарнуў нататнік, накрыў планшэтам і пасунуўся на бервяне, нагрэтым майскім сонейкам. Сябар з гатоўнасцю ўладкаваўся побач і, нагнуўшыся, выцягнуў з-пад бота аловак.

– Тваё? На! Але кідай ты свае тэксты, лепей глянь, каго я прывёў. Ву-унь, за самалётам хаваецца! Гэй, Арцём!

І насамрэч: нехта цішком высоўваў з-за агромністага хваста светлавалосую галаву. Сцяміў, што заўважаны, і выскачыў на адкрытае месца, як бы і не меў намеру таіцца. Насунуў пілотку, паправіў рамень, сарамліва адмахнуўся ад мухі, якая закружылася перад тварам. Загаварыць не спяшаўся, але і патрэбы не было: Слаўка паспяхова балбатаў за трох.

– Як перакуліў учора самалёт, ледзь не перабягае з ценю ў цень, толькі б не чапіліся. Нелады ў хлопца з пасадкамі, такія справы. Глеб кажа, ён бы сам узяўся, але – вылет, разумееш жа! Мо пазаймаешся з чалавекам? Сядаеш чысценька, і ўвогуле... Не мне ж, цюхцяю, навучаць!

Саша з разуменнем усміхнуўся: не даспадобы Глебу асабіста падыходзіць з даручэннямі, дык хаця б Слаўка заўжды гатовы ўратаваць.

А той натхнёна працягваў:

– Я б застаўся паслухаць, але ніяк: аэрафотаздымка! Глеб ляціць з апаратурай, я – прыкрываць... Нічога новага, карацей. Яно, канешне, важна, але з маладняком важней папоркацца, так? Ну, вы тут пачынайце, а я пабягу – вылет жа! Поспехаў і ўсяго такога!

І, пачырванелы, даў лататы, зайцам нырнуўшы за смарагдава-зялёны полаг бярозавых галін.

Застаўшыся сам-насам з настаўнікам, Арцём спярша адмоўчваўся, але па вачах відаць было: так і цягне параспытваць.

– Таварыш лейтэнант, тут нашы рабяты паспрачаліся... Ці праўда, што вашым вядучым быў Андрэй Караткоў? Той самы, якому пасмяротна Героя далі?

Стрыманы ківок: праўда.

– А праўда, што ён усім лётчыкам эскадрыллі пазыўныя прыдумаў?

Ізноў ківок: таксама не хлусня.

– А што Лідзе... ох, лейтэнанту Жук дастаўся самалёт акурат таго Лявонція Касценчыка, які аднойчы...

Вочы ў Арцёма не светлыя і не цёмныя – шэраватыя. Як падталы лёд. Быццам зіма не вызначылася: змяняцца ёй вясною ці прытрымаць запрэжку?

«Сакавік», – вырашыў Саша, неўпрыкмет кранаючы абрэз нататніка з беражлівай цеплынёй.

– Пасадка? – нягучна спытаў ён, і Арцём коратка выбліснуў вінаватым позіркам. – Першае, што трэба, – прыкінуць падчас заходу вышыню і адлегласць. Як у цябе з вакамерам?


07.01–22.02.2019
(рэд. 15.04.2024)

Значонак, Д. Сказ пра тое, як Гнядаш цмокаў падмануў / Д. Значонак // Маладосць. – 2020. – № 3. – С. 16–26.
Значонак, Д. Сказ пра тое, як Гнядаш цмокаў падмануў / Д. Значонак // Першацвет : проза і паэзія маладых. – Мінск : Звязда, 2021. – Вып. 5. – С. 32–43.