Сэрца пад абцасам

Дарья Значёнок
– Вы, людзі, падзяляецеся на дзве кагорты. Адны пакорлівыя, як авечкі: слепа тыкаюцца па жыцці, разбрыдаюцца, і без правадыра лёс у іх – патануць у багне. А другія ўсё бунтуюць, змагаюцца, каламуцяць для нечага ваду... Цешаць сябе думкай, быццам здабудуць іншы канец. Ты якой пароды?

Я нязгодліва сціскаю сківіцы, але маўчу.

Прыгорбленая постаць, захутаная ў чорны плашч, задаволена варушыцца ў крэсле, і цішыню зноў перарывае хрумсткі размераны голас:

– Ведала я аднаго малойчыка... З тых, бунтароў. Ахвоці які: з небам у вачах, з агнём у сэрцы, з песняй на вуснах. І туды ж – уратаваць усіх, выцягнуць з бездані... А што зробіш ты для людзей? Вырві з грудзей палаючае сэрца, асвяці бязглуздаму статку дарогу скрозь ноч – ён ламанецца наперад, плюне ў душу і растопча сэрца абцасам.

– Людзі не такія, – упершыню растульваю вусны я.

– Людзі розныя, – выскаляецца яна ва ўсмешцы. – Знай толькі прыглядайся: хто з удзячных уратаваных тыркне нож у спіну? Чакаць, што менавіта табе трапяцца сумленныя, – дурасць... Але гэтаму – гэтаму пашчасціла, так. Ніколі мне не сцяміць, як здолеў ён абудзіць у таварышах па няшчасці чалавечае. Кожны гатовы аддаць. Падзяліцца кавалкам жыцця. Падарыць сваё – іншаму...

– Правільна: самой жа не даводзілася, – суха кідаю я.

– Самой! – у пустых цёмных вачніцах згушчаюцца пагрозлівыя цені. – Разумнічаць усе здатныя. Але ж ніводны з іх, ніводны з гэтых бязвольных казюлек не здагадаўся падлічыць! Трыццаць тры гады, ды дзесяць сюды ж, ды сорак... Колькі будзе, а? Не, ніхто не заўважыў... Дзесяць лішніх год як упала з неба. Двойчы! Спярша для яго, затым для той кволай птахі...

Чорная постаць абмякае, кашчавыя пальцы задумліва пастукваюць па стале.

– І толькі ён ведаў, ён адзін. Ён усё пра старую ведаў, шальмец...

– Хто ведаў? – заблытваюся я. – Той бунтар?

– Хе-хе... Не, гэткая задачка і бунтару не па зубах. Здагадваўся толькі вышэйшы за яго – той, хто трымаў у руках усе ніці. Хто сплятаў гэтым марыянеткам жыццёвы шлях...

– Для ўсіх сакрэт, значыць? І ты так проста выдаеш яго мне?

– Справа даўняя. Каму цяпер якая розніца, што смертачка з розуму выжыла ды надумала дармовымі гадамі налева-направа раскідвацца?

– Каму як, а мне цяпер не ўсё роўна. Што яшчэ за гісторыя з падораным жыццём?

Ад хрыплага дробнага смеху пужліва гайдаецца агеньчык свечкі:

– А ці не запозна для адукацыі, малеча? Калі хто апынаецца тут, не ўзяцца яму больш за кнігу. Ну і аматары ж вы, людзі, схамянуцца перад апошняй мяжой! Пакуль па зямлі ходзіце – не жывяце, адно прымяраецеся: перачакаю, прыгляджуся, прыкіну тое ды гэтае... А вунь ён, канец, – у спіну дыхае!

Я рэзка азіраюся – дастаткова хутка, каб улавіць кашлаты цень, які адпаўзае ў змрок.

– Напалохаць мяне задумала? Яшчэ чаго! Я ж ведаю: не будзе ніякага канца! Проста не будзе, ясна?

– Усім вам вечнасць падавай, забыццё не задавольвае... Але не трэба быць сынам арла, каб спасцігнуць ярмо бяссмерця. Гэта пакаранне, а не ўзнагарода! За здраду, жорсткасць. За жаданне быць першым на ўсёй зямлі. Якая ганарлівасць – быць першым! То і адказваць будзь гатовы паперадзе ўсіх! Бадзяйся, высушаны сонцам, без мэты, без будучыні, без магчымасці памерці – затое з поўным мехам успамінаў за плячыма. Не знаходзь спакою ні на зямлі, ні ў апраметнай...

– Што ж – толькі злачынствы аплачваюцца? – перарываю я не без насмешкі. – А як наконт добрых учынкаў? Подзвігаў і гэтак далей?

– Досыць з вас таго, што пакінуць аб сабе добрую памяць – ужо ўзнагарода.

– Тады навошта? Навошта ісці на гэта, ведаючы, што пасля смерці правалішся ў нябыт разам са статкам, які хочаш уратаваць?

– А жыць навошта? – раўнадушна, стомлена сіпіць яна і колькі секунд марна чакае адказу. – Сапраўдныя мудрацы – яны не задумваюцца. Яны жывуць сабе ды спяваюць. Спяваюць ды шукаюць кахання. І лёс іх цячэ вірлівай ракой, якая верыць, што не ператворыцца ў балота.

Сэрца без жаданняў, вачніцы без агню – даўно мёртвы цень, які яшчэ намагаецца раздзьмуць у сабе іскрынку жыцця... А наперадзе – тысячагоддзі.

Постаць зябка захінае шчыльней плашч, чорны, як крыло кажана. З выпрабавальнай усмешкай схіляе галаву набок.

– А мо згуляеш у шахматы з найвялікшай уладаркай сусвету? Стаўка – жыццё!

Прыцягвае позірк дошка з лабірынтам чорна-белых клетак. Пралічыўся той, хто прыдумаў пафарбаваць чалавечы лёс у такія простыя палосы зебры...

Дык бунтар ці авечка?

– А згуляю, – стрымана звужаю вочы я.

І першы мой латнік рушыць наперад.


Заўвага: у творы зашыфраваныя апавяданне Максіма Горкага ў трох частках і алегарычная аповесць Уладзіміра Караткевіча.


02.11.2018–20.08.2019

Значонак, Д. Сэрца пад абцасам / Д. Значонак // Маладосць. – 2019. – № 11. – С. 68–69.