У ноч на сямнаццатага лiпеня

Дарья Значёнок
Палонным, якія сто год таму
спусціліся ў Іпацьеўскі падвал


– Дзе ты быў?

«Сёння! Ноччу! Гэта здарыцца ноччу!» – скавытаў ускалмачаны спаніэль, дрыжучы на парозе пакоя.

– Дзе ты бадзяўся, дурненькі? Мы з ног збіліся! – прашчабятала Настасся, узяўшыся абіраць з густой каштанавай поўсці травінкі. – Гэй, дзяўчаты, глядзіце! Знай-шоў-ся!

Рукі, рукі і рукі – мяккія, цёплыя, ласкальныя. Гэта абкружылі яго старэйшыя Настассіны сёстры.

– А хто гэта ў нас так любіць уцякаць? – Маша лагодна пачухвала яго за вухам. – Ну й храбрэц: ранкам хоць бы што, а сцямнее – вунь, трасецца як асінавы ліст!

Побач зацяўкаў чорна-рудзенькі Джымі, піхнуў носам у кудлаты бок, захоплена віляючы хвастом. «Ну што, ну як там, на двары? Нюхнуў волі – дык хоць бы расказаў! Але што ж ты такі дзіўны, братка?»

Спаніэль толькі ціхенька скуголіў, жаласна зазіраючы дзяўчатам у вочы. «Гэта ўжо ноччу, сёння ноччу, разумееце?»

Ён бачыў. Бачыў, як па-змоўніцку перамігваюцца ахоўнікі, як, спяшаючыся, пераходзіць ад паста да паста камендант. Чуў бразганне зброі, якую крадком перадавалі адзін аднаму. «Ноччу!» – шапацела з кожнага кута...

– А яны ж і не ведаюць! – пляснула рукамі Настасся і памчалася да дзвярнога праёма ў сумежны пакой. – Мама' //на французскі манер – заўв. аўтара//, Алёша! Джой вярнуўся!

– Цішэй ты, гарэза, твой брат толькі-толькі заснуў...

– Не сплю я зусім! Джой, да мяне!

Спаніэль страпянуўся, павёў вушамі – і кінуўся на голас, ухіліўшыся ад Машынай рукі. Вось ён дакладна сцяміць! Так, ён проста павінен здагадацца!

– Ідзі сюды, – Алёша нецярпліва прыўзняўся на сенніку, які замяняў яму ложак. Ложкаў увогуле не меў у гэтым доме ніхто, акрамя аховы. – Давай жа, сюды!

Джой з віскатам тыцнуўся носам у яго далоні. «Тут небяспечна, пойдзем... Нельга заставацца, чуеш?»

– Што, напужаўся, старэча? А ну кладзіся блізенька, вось тут. Разам і паспім, ага?

Мама' падняла галаву ад вязання:

– Аляксей! Джой усё-такі не пакаёвы сабачка. І не выключаю, што ён ізноў рыўся ў той агіднай памыйнай яме.

– Няхай сабе рыецца! Яму ж дазволена бегаць дзе заўгодна, не тое што нам.

Апошнюю фразу Мама' прапусціла міма вушэй.

– Не думаю, што доктару гэта спадабаецца. І што скажа бацька?

– Скажа, што свайго сабаку трэба даглядаць. Ды паглядзі, як яго калоціць! Спакойна, Джой. Ну – ляжаць!

«Не, хадзем, хадзем адсюль!» – сабака ўхапіў яго за рукаў, пацягнуў...

– Джой, нельга! – рэзка прыкрыкнула Мама'.

Ён адскочыў, падняўшы поўсць на загрыўку, – больш ад нечаканасці, чым ад страху.

– Яшчэ адна падобная выхадка – і пойдзеш вон з пакоя, ясна табе?!

Ух, якія злосныя вочы, так бы і цапнулі! Але ён жа не бязглузды барбос, ён за самы кончык тканіны ўзяўся...

– Джой больш не будзе, праўда! Хай застанецца... Кладзіся зараз жа!

Усхвалявана пераступіўшы з лапы на лапу, сабака неахвотна скруціўся ў клубок ля самага сенніка. Алёша ашчаперыў яго за шыю і зашаптаў у калматае вуха:

– Не рабі так больш, добра? Мне ж ніяк нельга... І дарма ты швэндаешся сярод гэтых, так і прыстрэляць аднойчы. Яны ж на ўсіх нас глядзяць як на мярзоту!

Джой заскуголіў, драпаючы кіпцюрамі падлогу.

– Цс-с-с! Станеш шумець – праўда прагоніць! Спі давай. І будзь паасцярожней...

...Гулкія імклівыя крокі каменданта – і Джой імгненна падхапіўся, пацягнуў носам паветра. Няўжо небяспека, тая самая? Але ж не, тое за сценкай, тое ў пакоі доктара, а тут, у змроку, толькі чуваць спакойнае дыханне спячых.

– Чаму раптам пасярод ночы? Здарылася што? – прыглушаны неўразумелы голас.

– У горадзе трывожна. Белыя наступаюць, асабняк можа аказацца пад абстрэлам. Вам небяспечна заставацца на другім паверсе. Будзіце ўсіх зараз жа, і няхай збіраюцца!

– Толькі сям’ю будзіць? Але слугам...

– Я сказаў – усіх! І самі спускайцеся. Так, яшчэ: браць з сабой нічога не трэба, гэта лішняе. Галоўнае – паспяшайцеся!

Вось чуецца ў калідоры знаёмая цяжкаватая хада доктара. Крокі ўсё бліжэй, бліжэй... Паніка нарастае і ўсё больш прыгінае Джоя да падлогі. І – аглушальней за грукат грому – пачцівы стук у дзверы:

– Прашу прабачэння...

Падчас збораў Джой так мітусіўся пад нагамі, што прымудрыўся скінуць адзін з абразкоў Мама' і быў выдвараны ў пакой дзяўчат. Але і тут яго трывозе не надалі аніякага значэння, хіба што бледная ад недасыпання Вольга, старэйшая з сясцёр, лёгенька патрапала яго па спіне, пераходзячы да акна. (Зрэшты, разгледзець за ім магчыма было толькі вузенькую палоску цёмнага неба: увесь агляд закрываў высачэзны, ледзь не па самы дах, штыкетнік, узведзены ў два шэрагі.)

– Між іншым, дзесьці непадалёк ракоча матор, – напаўголасу сказала Вольга. – Нібыта грузавік... Вось бы нас урэшце вывезлі адсюль!

– На ўсё Божая воля, – уздыхнула Таццяна, гладзячы цёмную паласатую бульдожку Арціпу, якая мірна сапла на краёчку яе пасцелі.

– Хто як хоча, а я апранаю дарожную сукенку! І сякія-такія рэчы не зашкодзіць прыхапіць... – Настасся рашуча корпалася ў сумачцы. – Чаго, уласна кажучы, і вам раю.

З сумежнага пакоя даляцеў бацькоўскі голас:

– Дзяўчаты, не бярыце шмат, добра? Нас прасілі быць улегцы.

Настасся хіхікнула ў кулак:

– Б’юся аб заклад, татачку толькі ў радасць, што нашы валасы год як зачыненыя ў чамаданах. Ну й марока з доўгімі, а? Да ранку можна валэндацца.

Таццяна дакорліва пахістала галавой:

– Ты, значыць, і на адзёр не супраць захварэць нанова? А ну збірайся! Так і насамрэч выйдзем не раней за світанне.

– Я дык збяруся, а вось калі ты забудзеш Арціпу, сама ж за ёю і пабяжыш. Я адхрышчваюся адразу, у мяне Джымі!

– Нашто яе браць? Хай сабе адпачывае, усё роўна не дужа верыцца, што мы з’язджаем. Цішэй, Джой! Каго-каго, а цябе Алёша дакладна не пакіне...

...Рассохлая драўляная лесвіца, што вяла на першы паверх, суправаджала працэсію маркотным парыпваннем.

– Воля, падай руку, будзь ласкавая... – Мама' асцярожна спускалася, падабраўшы спадніцы. – Нікі, толькі акуратней з ім, добра?

Джой, які ні на крок не адставаў ад Папа', задраў галаву і заклапочана намацаў позіркам Алёшу, якога той нёс на руках. Што за напасць: варта хлопчыку зусім крышачку ўдарыцца – і ён ізноў на доўгія месяцы апынаецца ў ложку, а затым і ў крэсле-каталцы. Бездапаможны, як сляпы шчанюк, далібог. У лядашчага Джымі доля і то зайздросней – вунь, радасна вылуплівае вочы, заціснуты пад пахай у Настассі, якая спускаецца адной з апошніх, разам з пакаёўкай, камердынерам і кухарам.

Анфілада паўпадвальных пакояў ніжняга паверха прывяла ў апошні – з забітымі дошкамі дзвярыма проці ўвахода і цьмянай лямпачкай пад столлю.

– Дык, значыць, мы зусім і не з’язджаем? – расчаравана працягнула Настасся.

Мама', якая ўсё яшчэ абапіралася на руку старэйшай дачкі, абвяла дзіўнаватым позіркам выцвілыя паласатыя шпалеры і закратаванае акно.

– Але ж... тут зусім пуста, – прамармытала яна. – Раз нам прыйдзецца правесці тут некаторы час, ці нельга хаця б унесці крэслы? Алёша не можа стаяць.

Адзін з ахоўнікаў крыва ўхмыльнуўся, але не паспеў і рот адкрыць, як другі злосна штурхануў яго да дзвярэй:

– Што выскаляешся? Марш па крэслы для Аляксея Мікалаіча і Аляксандры Фёдараўны! – І паабяцаў пахмурна: – Шчас усё будзе...

Уладкавалася на сядзенні Мама', падклаўшы для зручнасці падушачку, ззаду сталі дзяўчаты і слугі. Джой скурчыўся ля крэсла Алёшы і падазрона гырчаў на ахову, якая тоўпілася ў дзвярах.

Камендант памарудзіў, чакаючы, пакуль змоўкне дзявочае шушуканне. Урэшце дастаў з нагруднай кішэні паперчыну, складзеную ў чатыры столкі, акуратна разгарнуў – і загаварыў, чаканячы словы, быццам забіваў цвікі.

– Выконваючы волю рэвалюцыі, прэзідыум Уральскага абласнога Савета рабочых, сялянскіх і армейскіх дэпутатаў пастанавіў: Мікалай Аляксандравіч Раманаў, жонка яго Аляксандра Фёдараўна, дочкі Вольга, Таццяна, Марыя і Анастасія, сын Аляксей, а таксама чацвёра слуг прыгаворваюцца да смяротнага пакарання праз расстрэл. Прыгавор прывесці ў выкананне неадкладна.

Ахнула і заціснула рот Маша, хутка перахрысціліся Мама' і Таццяна.

– Рыхтуйся! Цэлься!

Ахоўнікі ўскінулі разнастайную зброю.

– Жыццё ваша скончана, – сказаў камендант і ўзняў маўзер.

Збялелы Папа' зрабіў крок наперад:

– Але што...

– Агонь!

У падвале грымнула, і аглушаны Джой толькі і здолеў, што зашыцца пад крэсла Алёшы. Звалены першымі стрэламі, упаў дагары Папа'; нязграбна асела Вольга, чапляючыся за спінку матчынага крэсла; Джымі апынуўся на падлозе і з пранізлівым цяўканнем забегаў кругамі, прыпадаючы на пярэднюю лапу. З пакоя над імі адказала яму надрыўным выццём бульдожка Арціпа, якая прачнулася ад страляніны.

У парахавым дыме нечая стройная фігура кінулася, прыгінаючыся, убок. Новы залп – фігура нібы наляцела на перашкоду і рухнула сярод цел, раскінуўшы рукі. Куля выбіла вапну са скляпеністай столі, жыкнула ля галавы каменданта і працяла дзвярную створку.

– Стоп! Спыніць агонь! – гаркнуў ён. – Сцены каменныя, мы так адзін аднаго пастраляем!

А ў падвал, цяжка дыхаючы, уваліўся вартавы:

– Заткніце сабак! У Горным інстытуце ва ўсіх вокнах запалілася святло, і стрэлы добра чуваць звонку, і...

Застагнала на падлозе Таццяна, пакаёўка сутаргава закашлялася і прыўзнялася на локці. Настасся, якая паўсядзела ў куце, з намаганнем адняла галаву ад сцяны:

– Ну і хай чуваць, хай... Сюды прыйдуць, арыштуюць... Так вам, падлюгі! – І знянацку паспрабавала ўстаць, няцвёрда абапёршыся на калена.

Выпушчаная кімсьці куля дзінькнула, адляцела рыкашэтам і наглуха засела ў вушаку акна. Настасся хіснулася, але не ўпала.

– Так вам... – хрыпла паўтарыла яна.

– Ды з чаго ў дзевак карсажы, чорт падзяры?!

У ход пайшоў штык, прымкнуты да вінтоўкі, і Настасся з прыдушаным выдыхам спаўзла па сцяне. Ахоўнік выспяткам адшпурнуў Джымі, які ўчапіўся быў у калашыну, схіліўся над целам і прысвіснуў:

– У ёй жа брыльянтаў у апратку ўшыта – ніводная куля не возьме! Відаць, і ў астатніх гэтак...

– Хто будзе марадзёрстваваць – самога да сценкі пастаўлю, – адрэзаў камендант. – Праверыць усіх, жывых – прыстрэліць. У галаву!

Варухнуўся на крэсле Алёша; Джой, апрытомнеўшы ад здранцвення, паціху выпаўз вонкі і крануў носам павіслую руку. Кроў... ой, колькі крыві! Мусіць, цяпер гаспадару і зусім не ўстаць з пасцелі!

– Бягі, старэча. Бягі... – прашамацеў бясколерны голас.

Над самым вухам бахнула – раз, другі! – і Алёша цяжка саслізнуў з крэсла. Джой адскочыў, ступіў у лужынку ля цела доктара, шарахнуўся ў іншы бок... Над ім ускінуўся штык, і ён, ашалелы ад паху крыві і пораху, агаліў іклы, прыпаў да падлогі. Рыканне захрыпела ў ягоным горле, але сарвалася на жаласнае скавытанне і ўрэшце перарвалася. Падціснуўшы хвост, ён падаўся назад, да сцяны.

Змоўкла наверсе Арціпа, і ў жудаснай цішыні стала чуваць дзелавітае тарахценне грузавіка за акном.

Камендант схаваў у кабуру маўзер і змерыў сабаку дапытлівым позіркам.

– Не чапай яго. Бач, маўчыць, разумее. Не чапай.

Прымружыўшыся, ён агледзеў нерухомыя целы на падлозе, запырсканыя шпалеры скрозь у дзірках ад куль, маўклівую расстрэльную каманду... І нечакана раз’ятрыўся:

– Што ўсталі?! Трупы вынесці, падлогу і сцены адшураваць, і каб да бляску! Хоць кроплю крыві заўважу, хоць адзіную кулю знайду – прышыю асабіста!

...На пяты дзень Джой саслабеў настолькі, што не ўзняў з ганку і галавы, калі на парозе апусцелага дома, зладзеявата азіраючыся, з’явіўся нейкі плячысты барадач. За сабою ён з бразгатам цягнуў агромністы клунак.

– Усё пільнуеш? Ну й дарма: не дачакаешся гаспадароў-та. А ходзь са мной, жывёлка. Ф’ю-ф’ю, да мяне! Як цябе – Джэк?

Сабака заміргаў слязістымі вачамі і недаверліва павёў носам. Пахла ад новапрыбылага зусім як ад ахоўнікаў, але з яго клунка даносіўся найлепшы ў свеце водар, які сплятаўся з пахаў тых, хто так нядаўна быў побач.

Джой вільнуў хвастом, узняўся на дрыжачыя лапы і пакрысе, крок за крокам пабрыў услед за незнаёмцам. Пакінуты дом раставаў у пагусцелым прыцемку.


АД АЎТАРА

Расстрэл царскай сям’і ў ноч з 16 на 17 ліпеня 1918 года ўзноўлены па дробных дэталях, але можа адрознівацца ад рэчаіснасці.

Джой, спаніэль цэсарэвіча Аляксея, – адзіны палонны Дома асаблівага прызначэння (дома Іпацьева), які застаўся жывы. Праз тыдзень пасля расстрэлу белыя ўзялі Екацярынбург. Палкоўнік Павел Радзянка, які ведаў царскую сям’ю, заўважыў сабаку ў ахоўніка Міхала Ляцеміна, у кватэры якога падчас расследавання былі знойдзеныя і многія асабістыя рэчы забітых. Радзянка адвёз Джоя ў Англію і перадаў сям’і караля Георга V, стрыечнага брата Мікалая II (па іншай версіі – даў прытулак ва ўласным маёнтку). Рэшту сваіх дзён Джой правёў у новага гаспадара і быў пахаваны ў Віндзарскім парку.


05–18.11.2018

Значонак, Д. У ноч на сямнаццатага ліпеня / Д. Значонак // Дзеяслоў. – 2019. – № 5 (102). – С. 188–193.