За вызваленне роднай Беларусi

Николай Бойко
Каму прысвечана кніга Сэндзі Конрада «Загінулыя цывілізацыі»?

Знаёмячыся з творчасцю Эдуарда Міхайлавіча Кандратава, журналіста, які чвэрць стагоддзя працаваў уласным карэспандэнтам «Известий», аўтара папулярных кніг савецкага перыяду: «Па чырвонай сцежцы Эльдарада», «Трывожныя ночы ў Самары», эпапеі «Жорсткі год», я даведаўся, што ён нарадзіўся ў Магілёве. Гэты факт мяне зацікавіў. І я вырашыў звярнуцца да Ларысы Эдуардаўны, дачкі нашага земляка, якая жыве ў Самары. Яна распавяла шмат цікавага пра свайго бацьку і пра дзядзьку Аляксандра Міхайлавіча, вядомага лінгвіста, біёлага, журналіста і паэта, якога называлі бацькам савецкага андэграўнду — легендарнага Сэндзі Конрада.

Разглядваючы фотаздымкі хатняга архіва, я звярнуў увагу на партрэт бравага ваеннага лётчыка з ордэнам Чырвонай Зоркі на грудзях.

— Гэта мой дзядуля, Міхаіл Аўдзеевіч Кандратаў, які загінуў у 1943 годзе, але калі дакладна і дзе пахаваны, невядома, — расказала Ларыса Эдуардаўна. Яго малодшы сын Аляксандр прысвяціў бацьку кнігу «Загінулыя цывілізацыі»...

Хто ж ён такі, беларус Міхаіл Аўдзеевіч Кандратаў? Нарадзіўся ў 1906 годзе ў вёсцы Прыбярэжжа Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Дваццацігадовым юнаком быў прызваны ў Чырвоную Армію. У 1939 годзе скончыў авіяцыйнае аддзяленне акадэміі імя М.В. Фрунзе, удзельнічаў у савецка-фінскай вайне. Вялікую Айчынную маёр Кандратаў сустрэў на пасадзе начальніка штаба 92-га знішчальнага авіяцыйнага палка. Баявыя дзеянні полк пачаў 22 чэрвеня 1941 года, а ў верасні 1941 года ў раёне Кіева трапіў у акружэнне.

З яго тэхнічны склад прарываўся ў напрамку Харкава і праявіў адвагу і адданасць Радзіме. Вось як пра гэта пісаў камандзір палка маёр Ячмянёў у прадстаўленні на ўзнагароджанне маёра Кандратава ордэнам Чырвонай Зоркі: «Начальнік штаба Кандратаў разам з групай асабістага складу палка змог прабіцца да сваіх. Пасля чаго прыклаў максімум сіл у навучанні палка. У выніку праведзенай работы полк як баявая адзінка атрымаў новую матэрыяльную частку і з новымі сіламі прыступіў да знішчэння ворага...».

А вось яшчэ адно прадстаўленне на ўзнагароджанне, ужо падпалкоўніка Кандратава ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, падпісанае 13 жніўня 1943 года камандзірам 279-й знішчальнай авіяцыйнай дывізіі палкоўнікам Дзяменцьевым: «З чэрвеня па кастрычнік 1942 года на Волхаўскім і Ленінградскім франтах таварыш Кандратаў паспяхова кіраваў як штабам авіяпалка, так і штабам авіягрупы трох авіяпалкоў. За гэты перыяд 92-гі знішчальны авіяцыйны полк, дзе начальнікам штаба быў падпалкоўнік Кандратаў, зрабіў 929 баявых вылетаў, правёў 343 паветраныя баі, у якіх было збіта 40 самалётаў праціўніка...».

Апошні год службы Міхаіла Аўдзеевіча быў звязаны з Цэнтральным фронтам, які ў кастрычніку 1943 года быў перайменаваны ў Беларускі. Менавіта гэты фронт з 10 па 30 лістапада правёў Гомельска-Рэчыцкую наступальную аперацыю, у выніку якой 26 лістапада 1943 года быў вызвалены Гомель. У паветраных баях за вызваленне Беларусі ўдзельнічаў і 92-і знішчальны авіяцыйны полк.

Калі пачытаць аператыўныя зводкі за снежань 1943 года, то можна заўважыць, што ў гэты перыяд на паўднёва-заходнім кірунку ад Жлобіна ішлі жорсткія бітвы, у якіх удзельнічала і авіяцыя... У гэтых баях, за вызваленне сваёй роднай Беларусі 23 снежня 1943 года загінуў начальнік штаба 92-га знішчальнага авіяцыйнага палка падпалкоўнік Міхаіл Аўдзеевіч Кандратаў.

Архіў аб'яднанай базы даных «Мемарыял» сведчыць, што наш зямляк пахаваны ў брацкай магіле ў вёсцы Майская Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці. Усяго тут пахавана 1 тыс. 385 воінаў, якія загінулі ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў снежні 1943-га — студзені 1944-га.


Ілюстрацыя: Фота - Міхаіл Аўдзеевіч Кандратаў з жонкай Тамарай Дзмітрыеўнай і сынамі Эдуардам і Аляксандрам (фота з сямейнага архіва Ларысы Эдуардаўны Кандратавай)