Сталiчнае зачараванне - Мiнск i Самара

Николай Бойко
Сябры, а вы заўважалі, што гарады, як людзі: у кожнага з іх ёсць свой твар, свая гісторыя і свой лёс, але ў той жа час, здараецца і такое - раптам бачыш, што розныя гарады, размешчаныя далёка адзін ад аднаго, але маюць нейкія агульныя рысы, якія звязваюць разам нават іх жыхароў...

Чаму так атрымліваецца? Можа такія гарады зачароўваюць сваіх гасцей, а нябачныя чароўныя ніткі гасціннасці не адпускаюць іх з сваіх абдымкаў і, калі з'язджаюць, яны зноў думаюць аб новай сустрэчы...

Мінск, сталіца Рэспублікі Беларусь і Самара, да 1991 года - Куйбышаў, запасная сталіца СССР: 1 тысяча 777 кіламетраў аддзяляе гэтыя гарады адзін ад аднаго, але не можа, нават такая адлегласць падзяліць сэрцы і любоў людзей - жыхароў дзвюх сталіц да гэтых гарадоў.

Ці то выпадкова, а можа быць і не зусім, але Дзень горада, гэтыя дзве сталіцы, адзначаюць, практычна, у адзін час: Мінск - у другую суботу верасня, а Самара - у другую нядзелю першага месяца восені.

Цесныя сувязі з Мінскам устанавіла Самарская абласная грамадская арганізацыя беларусаў і выхадцаў з Беларусі «Руска-Беларускае Братэрства 2000». У год 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, самарскія беларусы 2 ліпеня 2014 года падпісалі пагадненне аб развіцці партнёрскіх адносін з адміністрацыяй Заводскага раёна беларускай сталіцы.

- Мінск заўсёды вельмі гасцінна сустракае нас. Стараемся часцей бываць у гэтым цудоўным горадзе. Былі тут напярэдадні і ў год, калі Беларусь адзначала 70-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Наш вакальны ансамбль «Каданс» выступаў на сцэне Рэспубліканскага  Палаца ветэранаў, прымаў удзел у канцэртнай праграме ў Парку Перамогі… Калектыў вельмі цёпла і гасцінна прымалі мінскія гледачы, а для нас, вельмі важна адчуваць непарыўную сувязь з нашай гістарычнай Радзімай! Прыемна, што шчырая любоў да Беларусі ўласцівая і юным самарцам. Пра гэта сведчыць і іх выбар: у юбілейны для Беларусі  год, педагогі і вучні самарскай 82-й школы, якая шмат гадоў супрацоўнічае з нашай суполкай, на вясновых канікулах наведалі Беларусь. Відаць, наша любоў да Бацькаўшчыны ім перадалася, – дзеліцца сваімі ўражаннямі Ірына Міхайлаўна Глуская, прэзідэнт САГА «Руска-Беларускае Братэрства 2000».

У самарскіх школьнікаў была аглядная экскурсія па сталіцы Беларусі. Верхні горад, плошча Свабоды, дзе побач шмат архітэктурных помнікаў… На плошчы Незалежнасці агледзелі касцёл святых Сымона і Алены, пабачылі Дом Урада, пахадзілі па гандлёвым цэнтры «Сталіца». Многа эмоцый выклікаў шматфункцыянальны комплекс «Мінск-Арэна» і Нацыянальная бібліятэка Беларусі…

Запомніцца, аднак, Беларусь самарскім школьнікам не толькі экскурсіямі. Дарослыя паклапаціліся, каб яны наладзілі кантакты з мінскімі аднагодкамі. І для гэтага выбралі ў творчыя партнёры мінскую 77-ю школу з музычна-харавым і харэаграфічным ухілам…

Мінск і Самара... Што яшчэ аб'ядноўвае гэтыя два горада? Іх звязваюць даўнія добрыя адносіны. З 1933 года па 1992 гг. вядучы эканамічны ВНУ краіны - Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі насіў імя Валяр'яна Уладзіміравіча Куйбышава.
 
З скрыжавання з вуліцай Янкі Купалы пачынаецца вуліца Куйбышава ў Мiнску, а ў Самары ёсць вуліца Мінская, якая ідзе паралельна з праспектам Кірава - адной з галоўных магістраляў горада.

А яшчэ, cамарскi футбольны клуб «Крылы Саветаў» займае асаблівае месца ў беларускім футболе. Практычна ў кожным сезоне ў гэтай камандзе гуляюць футбалісты з Беларусі. Футбольныя «жартаўнікі», гэтую каманду называюць нават базавым футбольным клубам зборнай Беларусі. І гэта не выпадкова, праз гэтую каманду, прайшлі многія футбалісты беларускай нацыянальнай зборнай.

Сапраўды невычэрпнай творчай крыніцай стала самарская зямля для вядомай савецкай тэатральнай актрысы, народнай артысткі РСФСР Чэкмасавай Зоі Канстанцінаўны, якая нарадзілася 8 мая 1900 года ў Мінску. У 1935- 1964 гадах - акторка Куйбышаўскага тэатра драмы ім. Горкага.

Трэба адзначыць, што самарская зямля, яшчэ і зямля Герояў. Сярод 263 Герояў Савецкага Саюза, якіх яна ўзгадавала, значыцца і беларус Мікалай Піліпавіч Шарко, капітан, камандзір стралковай роты 244-га гвардзейскага стралковага палка, які нарадзіўся 2 студзеня 1924 года на Міншчыне.

Прыемна, што і Самара дзеліцца сваімі талентамі з Мінскам. З беларускай сталіцай звязана жыццё легендарнага опернага пастаноўшчыка, народнага артыста Беларусі Сямёна Аляксандравіча Штэйна, які нарадзіўся 7 студзеня 1928 года ў Самары. У 1970-1993 гадах ён быў рэжысёрам Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі.
Аматарам оперы некалькіх пакаленняў знаёма імя народнай артысткі Беларусі Наталлі Аляксандраўны Рудневай. У Мінск яна прыехала пасля заканчэння Куйбышаўскага музычнага вучылішча і многія гады, пачынаючы з 1981 года была вядучай салісткай беларускага Вялікага тэатра…

Гарады, як і людзі - бываюць рознымі, у кожнага з іх свая зусім непаўторная гісторыя. І тут Мінск і Самара - не выключэнне, але яны абавязкова раскрываюць свае абдымкі і пускаюць у свой гарадскі свет ўсіх, хто пакахае іх і стане сапраўдным сябрам.

Давайце сябраваць... Бо вельмі добра, калі ведаеш, што і ў Мінску, і ў Самары ў цябе ёсць той, хто раскажа, пакажа, працягне руку дапамогі і проста ўсміхнецца, як добры знаёмы…