Каханьне жыве 33 гады

Славамир Адамович
КАЛЯДНЫЯ ГІСТОРЫІ

Каханьне жыве 33 гады

Паслья поўначы 24-га сьнежня 2019-га закончыў і апрылюдніў у ФБ верш,штуршком да якога стаў фотаздымак маёй былой каханай жанчыны.Здымак даўні,яшчэ ў фармаце ч-б,і дзяўчына на ім - маладая і прыгожая...
А трэба заўважыць,што да моманту напісаньня верша Каляднай ноччу 2019-га я яшчэ захоўваў рэшткі тых бурхлівых пачуцьцяў,якія ўзьніклі былі восеньню 1986-га,калі яна,17-гадовая пякнюльля з Буды Грэскай,і я,24-гадовы чарнявы вісус,пазнаёміліся,гуляючы ў нейкіх шляхецкіх прысадах,лакалізацыю якіх ужо і не ўзгадаю.
І вось па адбыцьці нашых зь ёю 33-х гадкоў яна піша мне ў загадным ладзе:"..,здымі мой здымак,які над тваім вершам ў сенняшнім посце. Гэта не смеласць, як табе падаецца,а правакацыйнасць,гэта недалікатна з твайго боку. Свае пачуцці не выстаўляюць напаказ. А верш добры. малайчына".
Ясная рэч,мне непрыемна ёкнула дзесьці ў сьвядомасьці,і я выдаліў здымак,адчуваючы,як ува мне нараджаецца нейкае іншае - контраверсійнае -пачуцьцё.Праз некалькі гадзін мая былая Муза дакінула:
"Дзякуй,што прыслухаўся і выдаліў мой здымак. А яшчэ знайшла твой тэкст на ФБ за 22 снежня пра твой будучы раман "Плутонія". Ты пра які гэта любоўны трохкутнік пішаш? Ты выдатна ведаеш,што ніякай тваей каханкай я не была. Дык што ж ты маніш? Я ўжо не кажу пра маральны бок тваіх опусаў...Ты вельмі ўзрадаваўся,што я засталася адна? Помсліва,жорстка, ды лепш застацца адной,чым з абы кім. За любую няпраўду мы дамо адказ і перад гісторыяй і перад Богам. Не ганіся за таннай славай. Гэта марнасць".
Пасьля апошняга ейнага допісу я не без палёгкі выдыхнуў,успомніў эпіграф "Е un pensier del mio capo" Джаваньні("яна - выдумка маёй галавы"),які М.Багдановіч паставіў да свайго вершаванага апавяданьня "Вероніка",зьмешчанага ў зборніку "Вянок",- і выдаліў электронны вобраз майго былога каханьня з сваёй ФБ-старонкі,захаваўшы для навукі наступных пакаленьняў яе
апошні вердыкт.

Дылема слабых

ВОСЬ ТУТ ЧАРГОВЫ ФРЭНД У МОРДАКНІЖЦЫ(ФБ) НАКІДВАЕ НА ВЕНТЫЛЯТАР:
"Калі мы сёлета не адстаім незалежнасць краіны, я з'еду... не магу больш тут працаваць... брыдка...".Прычым ніжэй у каментах выясьняецца,што ў яго ёсць дзеці,за якіх ён "баіцца" і ня хоча,каб яны тут вырасьлі "манкуртамі".
Тут адно з двух:альбо чалавек унутрана даўна падрыхтаваўся зваліць і хоча пачуць сігналы падтрымкі сваёй "ідэі" з тутэйшага навакольля,альбо,наадварот,ня хоча звальваць і правакуе нас на барацьбу ... за ягоны псіхасаматычны/псіхалагічны камфорт,ставячы сваім займеньнікам "МЫ" усім нам ультыматум.
А цяпер уявім сабе салдата,які сядзіць у акопе,праз хвіліну ягоная рота пойдзе ў штыкавую,а ён сабе разважае:ну ўсё,****зьнахбогадушу,калі выжыву - перайду лінію фронту і здамся,а як ІХНЫЯ НАШЫХ пагоняць - вярнуся і сям'ю забяру...".І як думаеце,пераможа армія з ТАКІМІ салдатамі?

Калядоўшчыкі-2019

А палове на другую начы,акурат у пачатку Багатай Куцьці,пазванілі на мабільны:калядоўшчыкі ў форме" з Марынагорскага РАУСу спраўджвалі,як я выконваю ўмовы зьняволеньня паводле сёлетняга сакавіцкага прыгавору Пухавіцкага райсуда.Гэтым разам яны не перапытвалі,ці маю я хатні тэлефон,аўто і дзе працую - проста далі расьпісацца і паставіць дату.
Яны не пыталіся,а я і не плявузгаў лішняга,выдыхаючы ўбок водары толькі што адсьвяткаванай Поснай Куцьці.

28.12.2019,
МАРЫЛІНА ГОРКА