Нямецкае усё добрае

Ёхан Леверда
Ёхан Леверда.


Нямецкае - усё добрае.


Юзік жыў за грэбляй, на прыканцы вёскі, за вялікай дзічкай, у дзедавай хаце.
Нямецкай, як казалі на вёсцы. Дзед Кірыло, як з вайны прыйшоў, дык усё ў гаспадарцы на нямецкі лад строіў.
Пчолы, сад, гарод, адрына - па-прусску, с цэглы склаў, грунтоўна. Гарэлку з яблук і груш ціснуў. Смаката! Суседзі сваю гналі, хлебную, быка з ног зваліць. Але калі Кірыла частаваў пахучай, на зёлках настояную, казалі - го! Лепш за куплёную...
І чысьціня навокал хаты і гаспадаркі.
Адное шкадаваў дзед, нельга коніка завесьці. Саветы, курва, зямля сялянам, цьфу. Коніка мець нельга! Як бы конік дапамог!
Дзед быў доўгі і лысы, заўсёды паголены, апрануты строга і чыста.
Файны картуз на галаве, бо чалавек без картузу - басяк.
Чобаты - наваксаваныя. Ходзіў хутка, але не бегаў, казаў - на той сьвет заўсёды пасьпеем.
І ровар быў у яго нямецкі, гума на колах - ружовая.
На гразючым палескім балоце - цуд, сапраўдны цуд.
Даўно нема дзеда. І вёсачкі - гаротніцы амаль нема.
Балота з аднога боку, лес з другога.
Прырода паціху забірае свае назад. Быў час, паасушвалі, а лес вадою затапілі - 300 гадовыя дубы счэзлі, стаяць зараз, як прывіды, такі здзек над вёскай. Зараз усе назад павяртаецца. Але ж людцы не вяртаюцца. Старые на пагост пераехалі, маладых горад забраў у свае каменные нетры.
Сядзіць Юзік у хаце, дзеда ўспамінае.
- Юзік, як наважуся паміраць, заране скажу, прыедзеш , дамавіну з гары дапаможаш скінуць.
І пагамонім.
Надыйшоў час, заве Юзіка дзед, ліста прыслаў да Жодзіна. Час надыходзіць: Юзік, едзь, бо німа моцы, апошнія разы каша; паставіў, уюноў табе насушыў на блясі, цылы мех, больш не пойду, бо ногі ніякавыя.

Сядзяць у хатцы, дзед ды ўнук. Стол накрыты, гуркі солодные, мэд у сотах. Пляшка. У пячы - бульба каляхуе. Пад покуццю - труна блішчыць бэзавай фарбай і лакам.
Дзед паціху апавядае:
- Було;, цяжко було; , Юзік, за саветамі. Сьвету божага не бачылі, і надзеі аніякай ужо і не було;. Перад вайной, за пару год, людцы з Украіны сталі прыходзіць, жахлівыя гісторыі апавядалі. А потым і на нашай вёсцы камуністы ўсе прыпасы павыгрэбвалі, каб не лес ды балота, усе б памерлі.
Думалі, край вжэ.
А тут вайна, немец пайшоў, мы нашых войскаў і ня бачылі, хто ў нашую дрыгву пацягнецца?
Удзень- немцы, а ўначы - чырвоныя партызаны.
Спаліў немец вёску к чорту-матру. Багата тагды людцаў пагарэла. І з нашага роду багата. Хто ўцёк, у лес пайшлі жыць, далёка, за ўмежак, да Чорнага лесу.
Як у лесе жылі - бэндэраўцы прыходзілі, з сабою звалі, не пайшлі нашыя, адзіны Лыген Марцінаў пагадзіўся, не пакрыўдзілі яны нас і сышлі.
Узімку, 43-га, нашыя партызаны завіталі. Морды чырвоныя, аж трашчаць, палову гаспадаркі забралі, палову мужыкоў у атрад пагналі. Амаль адныя бабы ды дзеці малыя засталіся. Як жыць? Слёзаў німашака.
Палітрук іхні казаў, таварыш Сталін, давярае партызанам, хутка вайне капец, і зажыв'ём!
Ладны такі ахвіцер,у кажушку, па руску шпарыў. Нашыя, хто пасля вайны вазвярнуліся, казалі палітрук зух быў, па частцы дзевак, аж з дзьвюма ў зямлянцы жыў. Ніводнай спадніцы не прапускаў. Пакуль не прычапіўся да Хасі, 15-ці гадовай дачкі аптэкара Вайнблата, у якога ўсіх сваякоў немцы у валах за Туравам, пастралялі...
Пайшоў неяк палітрук уначы пацурболіць і знік.
Ранкам толькі кажуха на краю багны і знайшлі.
Але ж , вось, і нашыя прыйшлі , неўзабаве.
Я , хоць і стары , трапіў пад ружжо. Да Кёнігсбергу дайшоў.
Юзік, як яны там жылі, прусакі гэныя, нам і не снілася і не марылася! Якія гаспадаркі!
Кабаны па 300кг.
Коні!!!!! Коні, Юзік, я такіх ніколі не бачыў. Нашыя калгасныя, тры складзі - іхні будзе адзін.
І парадак. І чысьціня.
Кожны сам сабе - гаспадар... Сам сабе!!!!
Юзічак, унучок мой.
Камуністы доўга шчэ сядзець тут будуць.
Чакай. А калі ўжэ зусім цяжка будзе, я табе тут трохі цацак пакінуў, пад страхой знойдзеш.
На могліцы да мяне не езьдзі. Крыжа драўлянага паставіш. І ніякай агароджы. Палешукам не трэба гэтага. Дзе паляшук у балота ўпаў там спакон і ляжаць яму. Крыж потым спарахнее і я з ім,-месца каму шчэ будзе, - вышчарыў жоўтыя зубы дзед. І ня ездзі, кажу. Не трэба мае косткі турбаваць.

Сорак год прайшло.
Ляжыць дзед Кірыло на могліцах, крыж дубовы, трымаецца.
Німа каму да дзеда прыходзіць. Памерлі ўсе.

Сядзіць Юзік у хаці дзедавай, нямецкай.
"Нямецкі вугал". Сто год шчэ прастаіць.

На шырачэзным, шурпатым, дубовым стале - дзедавы "цацкі":
Два ППШ, МР 40, ТТ, Mauser 98k. Ля шафы паўнюткі цэбер бліскучых патронаў.
Стос папераў з інтэрнэту, як ўжываць і выкарыстоўваць зброю.
Каністра з алеем.
Сядзіць Юзік на зэдліку, чысціць "мосінку". Зьверху, з пад рушнікоў, на яго Маці Божая глядзіць.
Дурны Юзік. Хоць і сам даўно дзед. Далёка за семдзесяць.

Ехаць трэба. Пакуль Green Card існуе. А можа і да Хайфы. Гіюр ніхто не адмяняў. ;