Пастух

Раиса Дейкун
   Лес акружаў вёску-пасёлак пры станцыi з усiх бакоў.
   Кожнага ранку статкi кароў рознай масцi разыходзiлiся ва ўсе бакi ад вёскi ў лес. Iх было пяць – па лiку вулiц. Пасвiлi па чарзе – «па вочарадзi», як тут казалi мясцовыя людзi. Кожны двор меў карову, або дзве. Па колькасцi галоў адпасвалася чарга: за дзве двор павiнен быў i пасвiць два днi. Спачатку свае «вочарадзi» адбываў адзiн бок вулiцы, потым – другi. Кожны гнаў чараду ў свой бок леса – у той, куды кiравалася-выходзiла вулiца.
   Звычайна, статкi пасвiлi самi гаспадары кароў. Але, быў у пасёлку i «прафесiянальны» пастух – Цiмох. Яго наймалi тыя, хто не хацеў сам дзень або два «хадзiць за хвастамi», або хварэў, або з работы не хацеў адпрашвацца.
   Старэйшыя жыхары пасёлка ведалi Цiмоха з дзяцiнства як гарэзлiвага хлапчука Цiмошыка. Ён быў родам з суседняй вёскi, якую нямецкiя карнiкi спалiлi разам з жыхарамi, сагнаўшы iх у калгасную стайню. У той стайнi загiнула мацi з бабуляй маленькага Цiмошыка, а разам з iмi старэйшыя яго брацiкi, сястрычка i ўсе яго сябры-аднагодкi, з якiмi ён гуляў «у вайну».
   Вайна зрабiла яго круглым сiратою, бо бацька, якога ён так чакаў з той праклятай вайны, так з яе i не павярнуўся: загiнуў напрыканцы яе дзесьцi пад Варшавай.
   Сам хлопчык цудам застаўся ў жывых – яго ўратавала адна са схованак з той гульнi. Яна знаходзiлася на ўскрайку леса пад вялiзным вываратнем i нагадвала даволi глыбокую нару. Яе малому Цiмоху некалi паказаў старэйшы брат Пiлiп, якi i сам, калi быў такi як меншы брацiк, гуляў тут. У той страшэнны дзень Цiмошык хацеў першым захавацца пакуль да яго далучацца закадычныя сябрукi Пецька Самохiн i Сымонка Пiлiпкаў i не згледзеўся як заснуў на саламянай падсцiлцы. Хлопчык спаў даволi доўга, а калi прачнуўся, то сябрукоў каля сябе не пабачыў а толькi добра адчуў як згаладнеў. З думкай пра сябе, што, мусiць, бацькi сяброў iх не пусцiлi гуляць, а прыдумалi iм нейкую работу, Цiмошык вылез са схованкi i кiнуўся ў бок сваёй хаты. Але, калi ногi самi прынеслi хлапчука да таго месца, дзе яна павiнна была быць, ён яе не пабачыў.
   Спачатку яму здалося, што ён заблукаў – нi сваёй хаты, нi хаты суседзяў не было на сваiх месцах. Там, дзе яны некалi стаялi, тырчэлi пачарнелыя комiны ды датлявалi чорныя ж галавешкi падмуркаў, вiдаць дубовых. Нiчога не разумеючы, хлопчык, пачаў азiрацца, а потым  пабрыў па вулiцы, спадзяючыся, што вось-вось з усiх бакоў да яго кiнуцца яго сябры-дружбакi Пецька i Сымонка i яны разам панясуцца па вулiцы, падымаючы босымi нагамi пясчаны куродым…      
   Пасля таго страшэннага гора, якое спаткала малога хлопчыка, ён некалькi дзён блукаў па тых галавешках i ўсё спадзяваўся знайсцi штосьцi цi кагосьцi ад былога  шчаслiвага жыцця. Але дарэмна – вакол была толькi выпаленая дашчэнту вёска. У адзiн з такiх чорных i галодных дзён яго, амаль нежывога, падабраў жыхар суседняй вёскi, якая знаходзiлася за лесам праз тры кiламетры ад спаленай i праз якую хадзiлi цягнiкi. Максiм, так звалi таго дзядзьку, быў у гадах i жыў пры самым лесе разам з жонкай Сцепанiдай непадалёк ад самога будынку станцыi. Перад суседзямi старыя выдалi хлопчыка за ўнука сваёй раднi з суседняга раёна. Ён рос вельмi маўклiвым i амаль зусiм не размаўляў. З суседскiмi дзецьмi не сябраваў, а ўвесь вольны час праводзiў у лесе.
   Так i застаўся Цiмох у тым прыстанцыйным пасёлку жыць назаўсёды. Ён як мог дапамагаў дзядзьку Максiму i цётцы Сцепанiдзе па iх гаспадарцы, пасвiў i хаваў у лесе ад немцаў i палiцаяў малое цялятка, якое згодам вырасла ў карову. Навучыўся яе даiць… Калi вёску вызвалiлi ад немцаў, Цiмох з горам папалам адолеў восем класаў мясцовай школы i стаў працаваць у суседнiм калгасе падпасiчам калгаснага статка, а пазней пастухом, бо нiякая iншая работа яго не вабiла.
Яшчэ пры жыццi дзядзькi Максiма i цёткi Сцепанiды ён прыгледзеў сабе мясцовую дзяўчыну Ядзю i прывёў яе дахаты. Разам са сваёй Ядзяй вырасцiў двух сыноў, разам з ёй дагледзеў i пахаваў сваiх прыёмных бацькоў, застаўшыся гаспадаром на iх селiшчы.
   Потым Цiмоха адправiлi на заслужаны адпачынак, але ён не стаў сядзець у хаце, а стаў наймацца пасвiць людскiя статкi – ён не мог абысцiся без лесу.  А яшчэ без сваёй нязменнай памочнiцы – раменнай пугi  з арэхавым пугаўём.
    З кожным годам статкаў станавiлася ўсё меней i меней. Старэйшыя жыхары старэлi i пацiхеньку адмiралi, iх сыны iшлi служыць да войска i пасля адданага Радзiме абавязка мала хто з iх вяртаўся назад. Дзяўчаты, гледзячы на iх, таксама з’язджалi з дому: хто вербаваўся, хто выскакваў замуж за першага заезжага – стрэчнага-папярэчнага, як тут гаварылi. Адзiн час маладыя настаўнiцы адна за адной павыходзiлi замуж за сваiх былых вучняў. Хлопцы былi рослыя i ўжо ў дзесятыя класы хадзiлi на выгляд сапраўдныя маладыя мужчыны, а ўжо пасля iх вяртання з армii i гаварыць было няма чаго…
   А тут грымнуў Чарнобыль. Вёска папала ў зону адсялення. Большая частка вяскоўцаў, паздаваўшы кароў i хаты дзяржаве, з’ехала хто куды. Настаў час, калi статкаў стала ўсяго два: па аднаму на адзiн край вёскi i на другi. А потым прыйшоў дзень калi i iх не стала.
   Так вясковы пастух Цiмох застаўся без работы, але ён нiяк не мог прывыкнуць да такога свайго стану i доўга яшчэ не даваў спакою сваёй жонцы Ядзi. Па даўняй, укаранiўшайся звычцы рана ўставаць, ён падхоплiваўся з ложка i па той жа прывычцы гукаў жонку, якая поралася на кухнi:
   – Ядзя, ты прыгатавала мне торбу з ядою? Я сёння паганю статак далёка – у бок Будзiшча. Як ты думаеш, там i сёлета жалуды будуць лоскам ляжаць? Мне патрэбна праведаць цi багата iх на дубах. Па восенi пачнем збiранне.
Цiмох пад час гаворкi пачынаў апранацца i не звяртаў увагi на тое, што яго жонка пераставала бразкаць чыгункамi ля печы, падыходзiла да дзвярэй у «чыстую» палавiну хаты, дзе ён спаў, i стаяла ў праёме, склаўшы рукi пад грудзямi. На яе твары застывала шкадавальная ўсмешка …
   – Што, зноў забыўся? – звярталася яна да мужа, якi разганяўся бегчы да ўмывальнiка на двары.
   – Пра што забыўся? – спыняўся, як укопаны, на паўдарозе Цiмох. – Адыдзi ўбок, дай прайсцi, я i так бачу, што праспаў. Дзе мая торба, няма калi ўжо снедаць дык у лесе перакушу.
   – Цiмох ачнiся i супынiся, куда цябе нячыстая сiла гонiць. Якiх ты кароў сабраўся гнаць?  Кароў няма, каго ты пагонiш? Хiба што мяне, – спыняла мужа Ядзя.
   Цiмох услых сам сабе дзiваваўся:
   – А i праўда, куды гэта я натапырыўся? Столькi часу прайшло, а я ўсё ўскакваю чараду гнаць.
   Надыходзiў новы дзень i зноў Цiмох ускакваў, як ашпараны, пачынаў апранацца, гукаць жонку. Тая ўжо прывыкла да такога ранiшняга рытуалу i не звяртала асаблiвай ўвагi на прычуды свайго чалавека.
   … I ў той дзень яна застаўляла чыгункi рознай велiчыны ў печ, а сама мiжволi чакала калi яе пачне гукаць Цiмох. Але, штосьцi сягоння той маўчаў i яе не гукаў. Адчуўшы нешта нязвыклае i, нават, нядобрае, Ядзя кiнулася ў пакой. Тое, што яна пабачыла ў iм прымусiла жанчыну немым голасам закрычаць i кiнуцца з хаты вон – крычаць-зваць людзей: яе Цiмох ляжаў мёртвы, сцiскаючы ў правай руцэ сваю пугу, з якой не разлучаўся апошнiя гады нiводнага дня.