Кецаль

Има Иро
   Няхай гэта будзе перад-рэцэнзіей на новую песню Бутусава "Поэт і правітель", каторую я яшчэ не чула.)))
   На фотаздымку рэдкая птушка кецаль, якая памірае ў няволі амаль адразу.



  Нават у лыжніка ёсць палкі! І рыхлы мяккі сняжок на ўсялякі выпадак. У сучаснага веллера-раварыста ўвогуле ёсць ажно два плаўныя рычагі тармажэння на стырне і красоўкі саскокам. У хакеіста гэта ворагі, сябры і борт.

  У роллера ёсць толькі ногі і галава. Яшчэ надзея. Самае смешнае ў хуткасных роліках тое, што калі пачатковец ежджае дрэнна, ён толькі пачынае марыць навучыцца тармазіць, а калі ўжо ён нарэшце навучыцца, ён раптам дасягае ўзроўню, калі ўсе гэтыя мудрагелістыя спосабы спрэс непатрэбныя, бо манеўранасць дасягае некаторай дзівачнай мяжы, праз якую саслізгваюцца ў сапраўднае майстэрства. Гэта захапляе.

  Восеньскі лес жартуе, дасылае прывідаў і нечаканых колераў. Нешта шапаціць ля вуха і бяжыць за мною. Я азіраюся і бачу віхуры лістоты, якія магнетычна ўзнімаюцца за маімі калёсамі ажно да плячэй. У астатнім лесе такая цішыня, што кожны самотны ліст ападае падзеяй, з гонарам, нібыта артыст робіць рэверанс на сцэне тэатра, агаломшанага нечаканым бліскучым бенефісам. Апладысментамі павінен быў быць шчодры дождж, але момант паміж мастацкім шокам і першымі кроплямі пляскачу зацягнуўся ў прасторы, злучыўся ў ленту Мёбіуса, па якой я з гары пралятаю праз восень – у ядвабнай сукенцы з рудаватай стракатай лістоты, якая паспявае і адначасова не паспявае бегчы за мною, распускаючыся ў паветры мудрагелістым узорам.

  У роллера ёсць толькі ногі і галава. Калі хуткасць робіцца смяротна небяспечнай, роллеру патрэбна браць сябе ў ногі. Ногі ў ногі, каб не трэсліся жахліваю дробнаю ліхаманкай, каб не здрадзілі. Гэткі цяжкі адрэналін самы буйны ў маім жыцці, гэта захапляе.

  Іншым разам я думаю, што добры чалавек ніколі не будзе экстрэмалам. А потым спрачаюся з сабою. Нарэшце, нават Ісус хадзіў па вадзе, а ён, без сумніву, быў добрым чалавекам. Што адзначаюць гэтыя вандроўкі па вадзе? Можа ён таксама цвічыў. Ці магчыма, каб раней людзі ўвогуле не ўмелі плаваць? Нават рыбакі? Што за дзівачныя думкі віруюць у маёй галаве паміж шарыкамі і ролікамі! Манахаў заахвочваюць кленчыць зямныя паклоны, каб яны захавалі фізічную форму! Сучаснае эфектыўнае фітнэс-практыкаванне “бурпі” – гэта зямны паклон з падскокам. Хоп!
 
  Дзіўна, але людзі ўсміхаюцца мне, падтрымліваюць мяне, калі я раблю балюча сабе на трэніроўках. Гутарка нават не пра шалёных заўзятараў воркаўту, каторыя ў сутнасці не лепшыя за мяне, гутарка пра састарэлых, закасцянелых і хворых, і снобаў. Нават дзядок у інвалідскім вазку мяне падтрымлівае добрым словам, нават кампанія бабуль, якія збіраюцца абмеркаваць сваё паляванне на гэтага дзядка. Нават дасведчаны дохтар у лядовым палацы, які бачыў досыць траўмавання. Яны шчыра кажуць мне “малайчына”.

  Відавочна, ствараючы вершы, я раблю балюча не сабе, але іншым добрым людзям. Бо мяне ніхто ніколі за іх не пахваліў, дык анічога добрага я з іх не маю, нават добрага слова. Не кажучы ўжо пра добрыя такія праклёны.

  З гэтага ўсяго я раблю выснову, што паэт народжаны, каб рабіць балюча чалавечаму сумленню. Змагаючыся за душу чытача, паэт падае міластыню, спрычыняючыся да траўмавання душы блізкага, каб праз гэты надрыў сумленне нарэшце глынула свежага халоднага паветра. Гэта захапляе.

  Кожны хоча быць лепшым чалавекам, безумоўна. Іншым разам я думаю, што гасподзь падарыў мне талент раўнавагі на хуткасных роліках і на хакейных каньках за тое, што я трымаюся свайго вершавання; бо катаю я раптоўна надзвычай таленавіта, сапраўды.

  Мне распавядалі, што мая вясковая прабабуля некалі даўнавата ўпершыню ўбачыла па першым чорна-белым тэлевізары менавіта фігурнае слізганне на каньках. Тады яна сказала, што чалавеку гэтак рабіць немагчыма, што гэта нейкія штучныя лялькі скачуць на лёдзе, калі іх торгаюць за вяровачкі.  Я раз-пораз вяртаюся з усмешкаю да гэтых успамінаў і здзіўляюся, якія іншым разам у жыцці бываюць супадзенні! Гэта захапляе.

  Што датычыцца ўладара, я думаю, ягонае сумленне да такой ступені чуллівае да ўсялякай раптоўнай праўды і справядлівасці, што ўладар адчувае боль невыносны, несумяшчальны з жыццём, сустракаючы паэта-крыўдзіцеля на сваім шляху. Уладар пакутуе на сумнёвы і вінаватасці, якія раздзіраюць штодзённа ягоную душу. Таму ўладар заўсёды спрабуе неяк паэта ўтаймаваць ці раздрабіць на нейкія дробныя кавалачкі, ці пазаляпляць ў бясконцыя слаі пап’е-машэ, як мумію.

  Іншым разам я думаю, што гэтыя слаі закончыкаў і законішак усё роўна не дапамагаюць. Тады я шкадую ўладара, але яшчэ больш шкадую яго, калі яму даводзіцца катаваць паэта ці жорстка абыходзіцца з ім. Напэўна, у гэты момант у чалавека-уладара гіне душа, а што горшае магчыма сабе ўявіць, горшае за смерць чалавечага ў чалавеке? Нават д’ябал спыняе свой зласлівы смех, калі гэткае адбываецца ў сусвеце.

  Але, спыняюся і я. Прырода патрабуе добрага дажджу, а ролікі добрага шмаравідла і адпачынку.