Стрыжань

Мария Руслановна Шебанец
Злосць пульсуе ў скронях і круціць галаву. Час ад часу, калі пульсацыя мацнее, пакой пачынае рухацца навокал. Не кранаюся і не размаўляю, каб нікога не зрабіць ахвярай белага выбуху, што засцілае вочы.
Трэба пе-ра-ча-каць.
Гэта адбываецца не ўпершыню. Жыццё ўпарта вяртае мяне на месца. Што адзіным стрыжнем праходзіць праз гады існавання? Для кагосьці – каханне, сяброўства, веды. Шчаслівыя людзі, падобныя да пчол, што шукаюць і заўважаюць толькі мёд. Нажаль, я – муха. На кожным кроку сустракаю лайно. Здраду.
Твар у люстэрку такі спакойны. Крыва ўсміхаюся правым кутком вуснаў.

***

Дзяўчынка перасоўвала суседцы запіску, калі заўважыла, што ў класе неспакойна. Настаўніца музыкі лаялася на звычайна ўважлівага і сур'ёзнага хлопца.
– І каб заўтра ж з бацькам у школу! – скончыла яна.
Раптам клас змоўк. У вадкай цішыні прагучаў зменены  голас старшакласніка:
– Магчыма, вам яшчэ не сказалі, што ў мяне больш няма бацькі!
Бразнулі дзверы, і хлопец выбег на калідор. Сяброўка заўважыла непаразуменне ў вачах дзяўчынкі і перасунула новую запіску: «Бацька быў міліцыянерам. Яго забіў злачынца падчас затрымання».
Цёмна і жудасна было вяртацца са школы. Казалі, па горадзе ходзіць маньяк. Але дзяўчынку хвалявала не гэта.
Дома, як звычайна, маці піла «чарніла» з паўзнаёмым дзядзькам. Дзяўчынка заўжды маўчала і ніколі не плакала. Але сёння яна зайшла на кухню і крыкнула, не саромеючыся чужога:
– Там у хлопчыка – бацьку забілі! І хлопец па ім – плача! А ты! Па табе я! Плакаць! Не буду!
Пырснулі слёзы. Чорная маланка схапіла за швэдар, працягнула па хаце і кінула на ложак.
– Яшчэ раз асмелішся – заб'ю.
  З малодшай сястрой дзяўчынка ізноў гуляць адмовілася, уцякла ў свой сусвет сноў і кніжак. Дзіця здраднікаў – здрадзіла. Нічога незвычайнага.

***

Здраднікам можа быць кожны. Бацька ці маці. Брат. Другая палова, каб яе.  І, безумоўна, сябры – сёння якраз была чарга сябра. Чужых людзей нават у разлік няма чаго браць, на тое яны і чужыя, ад іх зусім не балюча. Дзеці, дзякуй Богу, яшчэ малыя для гэтай брыдоты, ёсць шанец, што не дажыву. Але ўсё гэта было б вельмі лёгка пераадолець, калі б здрада не працінала і мяне.
Прэч ад люстэрка!
Я – здрада. Сярод маіх ахвяр хапае і родных, і сяброў. Мой паганы язык балбатаў, мае рукі дзейнічалі, і толькі потым галава з адчаем разумела, што адбылося. І таму няма на што скардзіцца. Здрада – стрыжань гэтага свету, а таму нікому нельга верыць. Асабліва сабе.

***

Жанчына заўжды маўчала. Сябры глядзелі са здзіўленнем, але маўчалі таксама. Сама ўсунулася ў гэты кляты шлюб, ніхто за руку не цягнуў. Ніхто не палезе не ў сваю справу. Цярпі, іншым яшчэ горш.
Восем год, трое дзяцей, уцёкі і вяртанні, жах і сорам. Брыдкая і такая звычайная гісторыя. З гэтай багны не было паратунку. Яна не магла есці, мыцца, дыхаць. Хавала ад сябе нажы, калі дзеці заходзілі на кухню. Так, яна даўно жыла на кухні, далей ад яго. Не гуляла з дзецьмі, не спрабавала выратаваць іх ад бясконцай лаянкі, ад бутэлек у сметніку. Здрадзіла.
Выклік у Скайпе адарваў ад думак. Муж сяброўкі.
– Што ў вас там робіцца? Жонка кажа, ты ўжо цень чалавека!
Асцярожна, каб не надта жаліцца (ганьба!), яна абмалявала сітуацыю.
– Слухай, гэта ж трындзец! Бяры дзяцей і пераязджай да нас! Мы абаронім.
Нейкім цудам гэты «трындзец» скінуў покрыва сну, і дзеянне падалося магчымым. Жанчына збегла з чарговай пасткі – у новую. Першай справай пасля збаўлення – здрадзіла сабе. Але ізноў паднялася і пацягнула свой камень на гару.

***

Прыціскаюся да халоднай сцяны патыліцай.
Ужо другі раз сябар ледзьве не абрушыў жыццё жменяй слоў. Гэты боль здаецца непараўнальным з даўнімі прыгодамі той дзяўчынкі ці той жанчыны. Але так і пачынаецца снежны ком, які раструшчыць мае косці, калі не ўцячы з дарогі. Што ж, ва ўцёках я майстра.
Трымаюся за скроні, каб спыніць галавакружэнне.
Ёсць план дзеянняў на гэты выпадак. Па-першае, не крыўдзіцца на здрадніка. У ім сядзіць тая ж халера. Па-другое, асцярожна памяншаць зносіны, наколькі гэта магчыма. Ні сварак, ні думак аб помсце, толькі клапаціцца, каб іншы раз не было такой магчымасці.

***

Як жа невыносна цяжка губляць чалавека! З віскам адрываць ад сэрца кавалак мяса, глядзець, як з яго сцякае кроў, як ён скаланаецца ў руцэ апошнія разы. Скуголіць ад таго, што паветра дакранаецца да аголенай раны. Божухна, як балюча!

***

Заплюшчваю вочы. Вырашана. Адбылося.
Прабач мяне, сябра, за спакусу. Мы цяпер будзем бачыцца вельмі рэдка. Зробімся амаль чужымі, і мне зноў будзе лёгка смяяцца над тваімі жартамі. Толькі я больш не падыду да нябачнай сцяны між намі, пра якую ты нават не ведаеш. Гэта спрацуе. Ты ж не першы, сябра.
Самае балючае – што не апошні.
Але я яшчэ пажыву.

29.05.2018-04.06.2018