Матыватар

Има Иро
“Расправьте крылья, страусы! Полетели! Полет — естественное состояние баскетболиста.”

Адзіныя спелыя дзьмухаўцы стаялі выпрастаўшыся, раўнюткія і бадзёрыя, нягледзячы на спякотную навакольную суш. Ніхто іх не касіў, безумоўна, бо астатні газон цалкам ператварыўся ў пыл на млявай жаўтаватай коўдры, якая нагадвала перасохлую карыстаную мачалку для посуду.
Раніцай нізкае сонейка пранізвала лёккія пухнатыя шарыкі наскрозь, і здавалася, што яны адарвуцца ад зямлі і палятуць угору, нібыта празрыстыя мыльныя бурбалкі. Таксама чамусці здавалася, што яны з’явіліся проста з-пад зямлі, знянацку, адразу ўжо такімі бездакорна круглымі і ёмістымі, што сама глеба стварае іх подыхам дзеля ўласнай пяшчоты і радасці. Слініцца, як дзіця.
Ілона таксама пачувалася радасна: дзьмухаўцы нагадалі ёй беларускія слоўцы, якія выскокваюць раптоўна і ўпрыгожваюць сусвет, а нават і саміх беларускамоўных, якія ўздымаюць свае пераможныя яскравыя галоўкі над маркотнай і бляклаю травою. Каб паляцець проста да сонейка ўгару! Гэта несправядліва адносна астатняй травічкі, але ці параўнаецца гумка ейных цянюткіх карэньчыкаў з моцным, доўгім і храшчаватым каранём дзьмухаўца?
“Некалі пасля смерці, - думала Ілона, - я пацісну дзьмухаўцу з-пад зямлі ягоны распальцаваны прудкі корань, як сяброўскую далонь.”
– Дзевачка, гэй, дзевачка! Твая хуткасць перавышае трыццаць кіламетраў на гадзіну! – ззаду пачуўся клапатлівы задышлівы голас і шоргат веласіпедных покрывак. Панавешваюць гаджэтаў на ровары, небаракі, дык нават у лесе не схаваешся!
– І што? Я толькі пачала размінацца. – не азіраючыся, Ілона ўзняла ножку, адпіхнулася і пакацілася за паварот, а там, разагнаўшыся, паляцела з гары, спачатку вольна распрастаўшы крыламі рукі, а потым засяроджана пераходзячы ў слалам, каб трошкі прытармазіць ля чарговага павароту. Праз сасновыя стаўбуры нешта мільгацела, таму Ілоначка зрабіла некалькі “лімонак” і пачала тармазіць “плугам”, адначасова шукаючы позіркам праезду. На веласцежцы абы-як стаялі два расхлістаныя дзіцячыя вазкі, а дзве маладзенькія разгубленыя кабеткі спрабавалі супакоіць сваех мальцоў, якія раўлі раз’юшана і патрабавальна, як буйныя зязюляняты ў дупле дробных птушачак. Што яны тут рабілі а сёмай раніцы? Загадка.
Ілона пайшла юзам па пяску абочыны, перакруцілася вакол сябе і павалілася з усёй сваёй хуткасці і з усяго свайго росту, надзейна бразнуўшыся аб зямлю усімі пяццю кропкамі і дадаткова тварам. Асаблівых пашкоджанняў не было, аднак надта крыўдна і сорамна – так. Абедзве мамашкі з жахам назіралі, як Ілона спрабавала паўзняцца і пачысціцца, а скругленыя іхнія вочы набліжаліся па памерах да злашчасных дзьмухаўцоў.
Мальцы спешна павыдзіраліся ім з рук і падбеглі да Ілоны. Адзін быў бялявы і сінявокі, рэдкія доўгія валосікі смешна стаялі дыбком над мясістым ілбом, паморшчаным праз узнятыя рудаватыя броўкі. На выгляд яму было каля дзевяці месяцаў. Ножкі другога былі падобныя на кола, але рахітыкам ён не падаваўся: бліскучыя чорныя вочкі ззялі па-над тоўстымі барвянымі пуцкамі, абгорнутымі вакол чорнымі завітушкамі валасоў, а з чырвонага разяўленага роціка сцякала слінка, роўна на сланяня дзівачнага ружовага колеру, якое ўпрыгожвала зялёны камбінезон. Гэны быў мо на месяц старэйшы. Хістаючыся і ўпароўшы кулачкі ў бокі ён заенчыў на Ілону:
– Абавязкова забівацца? Што ты сабе дазваляеш, дурніца! Куды паскараешся, калайдэрка растакая-сякая!
– А, здарова, хлопцы. Ну і выгляд у вас, брыда. Адчапіцеся. Пакуль!
– Вось нахрана? Га?
– Кожная страта, – сур’ёзна прамовіла Ілона, – павінна быць нечым кампенсаваная. Новым набыткам, навыкам ці справаю. Гэта закон для мяне, заўсёды так.
Бруд катэгачычна не абтрасаўся ані з веек, ані з валасоў. Карычневыя пісакі ўпрыгожвалі белыя нагавіцы, на перадплеччы красавалася чорная пляма. Далоні выглядалі ўвогуле паскудна. Ілона злавалася, уяўляючы, ува што ператварыўся твар. У гутарку ўступіў бялявы-шапялявы, ён спрабаваў зладзіць з непаслухмяных пальчыкаў пагрозлівы жэст, яле ў яго смяхотна не атрымлівалася:
– Ты павінна (чорт!) звярнуць увагу. Карына…
– Па-першае, я папярэджвала Каро. Па-другое Ксенафобія. Я не буду працаваць з іншаземцам. Тым больш з гэткім знакамітым. Недалёт, выбачайце.
– Небяспека.
– Абутак у яе дзіўны, хлопцы, яе абулі. Абулі ў бабуліныя пантофлі. І яміна пад нагамі, лужына, смалістае чорнае люстра з рабаціннем. Яна ходзіць па ім, адлюстроўваецца ў прорву і не заўважае. Таму й хада такая неўпэўненая. А я балансую па зямлі і ў паветры, а звалілася ўпершыню ўвогуле, затое правільна, але выключна з-за вас.
Ілона скінула вагу, крыху падскочыўшы і лёгка слізганулася наперад, але раптам нешта ўспомніла і развярнулася элеганцкім чынам на сто восемдзесят.
Мальцоў паразбіралі на ручкі ашалелыя жанчыны. Чарнявага трэслі, заглядаючы патрабавальна ў вочы і літалі:
– Скажы! Ну, паўтары! Давай! Мамка! Татка! Давай!
Бялявага шпарка захутвалі ў нейкі вязаны цёплы пледзік, утрымліваючы ў вазку; ён выдзіраўся і роў. Ілона прамовіла самым просьбітным і жаласлівым галаском, на які была здольная:
– Хлопцы! У мяне сябар памёр. Я абяцала, што сыду раней і сустрэну, але не адбылося. Трэба правадніка і заступніка. Вы падыходзіце. Дзякую загадзя.
Вазок з бялявым штухнулі з усяе моцы і пабеглі, не азіраючыся. Чарнявага прыціснулі да грудзей і закрылі ад Ілоны спіной. Ілона моўчкі з’ехала на шырокі пляц, дзе ўжо пачыналі бавіцца дарослыя і дзеці. Дзьмухаўцы чамусці зніклі, пакрыццё дарогі было вільготнае, а лістота пацямнела. Каштаны павялічыліся ў памерах і віселі тузінамі тугіх бомбачак, падрыхтаваных да выбуху. Насустрач фанабэрыста шкандыбалі два разнаполыя таўстуны, нягеглая бялявая дзяўчынка з вішнёвымі вачамі і ўпартым роцікам катавала падрапаны самакат. Ілона зграбненька аб’ехала сямейства.
– Гэта што, нармальныя людзі? Ну тата ну! – заенчыла дзяўчо.
– Не, ненармальныя. Нармальныя на роліках не лётаюць. Нармальныя ўвогуле не лятаюць.
“Ён казаў ніколі не зачыняць сваёй старонкі, – разважала Ілона ў думках, не звяртаючы ўвагі на наваколле, – маўляў, вось я(!) прыйшоў, а ў цябе наўмысна зачынена. Гэта абраза, знявага. Дуля ў нос. У беларусаў традыцыйна дзверы адчыняюцца вольна з вітаннем “добры дзень у хату!” а адказваць трэба “заходзьце, калі ласка!”
Калі ласка.

Матыватар, мой улюбёны:
http://www.youtube.com/watch?v=OqVs1x5kXco