Сардэчныя пiсьмы. расказ пра вайну для дзяцей

Татьяна Домаренок
Бабуля Зіна атрымала ад унука Сашы віншаванне да дня нараджэння. Не, гэта не была паштоўка з прыгожай фатаграфіяй букета кветак. Такіх віншавальных паштовак ужо даўно ніхто бабулі не дасылаў. А як ёй падабалася ў ранейшыя гады даставаць з паштовай скрыні папяровы канверт з віншавальнай паштоўкай, у якой сябры ці родныя пісалі ёй добрыя і вельмі душэўныя словы. Нават цяпер бабуля Зіна яшчэ захоўвала некаторыя старыя паштоўкі і пісьмы ад дарагіх яе сэрцу людзей у маленькай скрыначцы. Апрача таго ў яе захавалася некалькі бацькоўскіх пісьмаў. Гэта франтавыя пісьмы-трохвугольнікі.
Шкада, што Саша не здагадаўся паслаць сваёй бабулі папяровую паштоўку па пошце, аднак ён усё-такі не забыўся павіншаваць яе і адправіў электроннае пісьмо з вясёлымі смайлікамі.
"Малайчына, не забыўся пра мой дзень нараджэння!" – узрадавалася бабуля Зіна, прачытаўшы віншавальныя словы ад унука на сваім мабільным тэлефоне, і тут жа адправіла яму электронны адказ: "Дзякуй, Сашанька! Прыходзь да мяне! Твой любімы пірог я ўжо спякла. Толькі спачатку зрабі ўрокі".
Хлопчык не замарудзіў з візітам да любай бабулі. Як жа не прыйсці і не паспытаць смачны пачастунак? Бабуля па-святочнаму прыгатавала вячэру, а яшчэ дастала са скрыні тыя самыя старыя пісьмы і паштоўкі. Яна вырашыла паказаць іх дзесяцігадоваму ўнуку. Што ён ведае пра яе мінулае жыццё і пра жыццё сваіх продкаў? Вельмі мала. А паштоўкі і лісты можна памацаць, разгледзець і пра штосьці добрае задумацца…
– Глядзі, Сашанька! – казала бабуля, паказваючы ўнуку пісьмы з даўніх гадоў. – Вось гэта, – бабуля дастала тры старэнькіх пісьма, – пісьмы тваіх прадзядоў, а маіх бацькоў, мамы Олі і таты Івана. Да вайны яны яшчэ не паспелі пажаніцца. Твая прабабуля была ў тыле, а прадзед ваяваў на фронце. Яны перапісваліся ўсю вайну. Палявая пошта прыносіла да Олі, у той час маладой шаснаццацігадовай дзяўчыны, пісьмы з фронта ад яе жаніха Івана. Усю вайну яны падтрымлівалі адзін аднаго, саграваючы цёплымі і душэўнымі словамі.
Бабуля Зіна разгарнула пажаўцелы лісток паперы, складзены трохвугольнікам. На ім стаяў адрас і штэмпель нумара аддзялення палявой пошты. Бабуля прачытала цёплыя словы, якія адрасаваліся яе матулі ў тыя далёкія вельмі цяжкія ваенныя гады: "Дарагая мая, каханая Олечка! З днём нараджэння! Як мне хочацца быць побач з табой, абняць цябе і сагрэць! Але зараз гэта немагчыма. Вось прагонім нямецкіх акупантаў, вызвалім нашу краіну і тады абавязкова сустрэнемся. Беражы сябе! Цалую. Твой Іван.  20.11.1942 г."
– Ведаеш, Сашанька, – бабуля задуменна паглядзела на ўнука, – колькі такіх добрых пісьмаў падчас вайны сагравалі сэрцы байцоў, а таксама людзей, якія працавалі ў тыле. Гэтыя пісьмы-трохвугольнікі, быццам белыя галубкі, лёталі і лёталі па свеце, прыносячы людзям радасць і каханне.
– І цяпер пісьмы саграваюць сэрцы, – запярэчыў Саша. – Толькі яны не папяровыя, а электронныя.
– Гэта так, але не ўсе ж пісьмы электронныя. Глядзі, колькі ў крамах прадаецца розных прагожых паштовак, – усміхнулася бабуля Зіна і з пяшчотай прыціснула ўнука да сябе.
– А зараз мы паспытаем твой самы смачны пірог у свеце! – сказаў хлопчык, затым узяў ножык, акуратна адрэзаў ад пірага прыгожы кавалачак і паклаў на бабулін сподачак.
Унук з пяшчотай глядзеў на сваю бабулю, бачыў яе вочы, напоўненыя добрымі пачуццямі, і думаў пра тое, як важна ў жыцці быць уважлівым да блізкіх людзей...
Вечарэла. Трохі пагасціўшы ў бабулі, Саша вяртаўся дадому. Шмат розных думак круцілася ў яго галаве, бо ён пачуў словы і пазнаў некаторыя думкі сваіх продкаў. “Якія ж яны былі? – разважаў хлопчык. –  Мабыць, такія ж ласкавыя і добрыя, як  бабуля Зіна. Перад новагоднімі святамі я абавязкова куплю вельмі прыгожую паштоўку і напішу ў ёй шмат добрых і ласкавых слоў маёй дарагой і самай лепшай у свеце бабулі!" – вырашыў Саша.
2018 г.